Аслабленне партыйнай апазіцыі і дэпалітызацыя грамадзянскай супольнасці стварыла ў уладаў ілюзію поўнага кантролю палітычнага працэсу. Аднак у выніку перагляду дзяржавай сацыяльнага кантракта і непапулярных рашэнняў інтарэсы ўсё большай колькасці сацыяльных груп уваходзяць у канфлікт з бачаннем прэзідэнта А. Лукашэнкі. Абмежаванні магчымасцяў для апазіцыі артыкуляваць гэтыя інтарэсы на фоне нізкіх рэйтынгаў дзяржаўных інстытутаў ствараюць вакуум прадстаўніцтва, які імкнуцца запоўніць новыя лідары ад раней апалітычных аўдыторый.

Прэвентыўны аўтарытарызм дае збоі

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года беларускае кіраўніцтва не сустракалася з сур’ёзнымі выклікамі для захавання сваёй улады падчас электаральных кампаній. Непапулярныя рашэнні прымаліся часцей за ўсё паміж выбарамі, а наступствы памылковых захадаў беларускага кіраўніцтва выклікалі пратэсты ўжо пасля палітычных кампаній. Напярэдадні або падчас выбараў улады часцей за ўсё ішлі насустрач рэзанансным патрабаванням грамадства.

Так, валютна-фінансавы крызіс 2011 года вывеў на плошчы гарадоў па ўсёй краіне тысячы маўклівых маніфестантаў ужо задоўга пасля сканчэння прэзідэнцкіх выбараў. Дэкрэт аб дармаедах закрануў інтарэсы апалітычных беларусаў у пачатку 2017 года, сотнямі і тысячамі пратэставалі на вуліцах гарадоў беларускай правінцыі.

У гэты перыяд на постсавецкай прасторы падобныя памылковыя рашэнні прыводзілі да змены кіраўніцтва дзяржаваў, якое згубіла зваротную сувязь з грамадствам. Транзіт улады адбываўся у выніку масавых пратэстаў, не звязаных з выбарамі і не падчас «электаральных рэвалюцый» (у адрозненне ад папярэдняга дзесяцігоддзя), як, напрыклад, у Кыргызстане (2010), Украіне (2014), Арменіі (2018).

У сваю чаргу ў беларускай сталіцы сілавікі ўжо даўно не разганялі сур’ёзных натоўпаў маніфестантаў, за выключэннем соцень альбо некалькіх тысяч ліберальнай публікі. Прэзідэнт давёў рэпрэсіўны механізм супраць сваіх традыцыйных апанентаў да дасканаласці ўжо даўно. Апафеозам сілавога складніка рэжыму сталі прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года, калі сілавікі за 7 хвілін разагналі чарговую Плошчу, што выклікала эўфарыю ў вышэйшага кіраўніцтва.

Паводле Віталя Сіліцкага адрознай рысай беларускага аўтарытарызму з’яўляецца яго апераджальны характар [1]. Прэзідэнт А. Лукашэнка імкнецца загадзя аслабіць сваіх супернікаў з палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з дапамогай прэвентыўных захадаў. І ў яго гэта вельмі добра атрымлівалася на працягу ўсяго часу кіравання краінай.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя палітарганізацыі перажывалі не лепшыя часы. У дадатак да наступстваў разгрому Плошчы-2010 грамадства было напалохана падзеямі ва Украіне ў 2014 годзе. Грамадзянская супольнасць імкнулася да дэпалітызацыі сваёй дзейнасці і пазбягала канфліктаў з дзяржавай, як, напрыклад, арганізатары БНР-100.

У выніку змяншэння пагрозы з боку сваіх традыцыйных апанентаў беларускае кіраўніцтва пачало замяняць або чаргаваць жорсткі пераслед актывістаў на фінансавыя санкцыі. Гэты падыход не менш эфектыўна дазваляе прэзідэнту А. Лукашэнка скоўваць дзеянні сваіх апанентаў, а таксама накіроўваць у неканфліктнае рэчышча ўзаемадзеянне апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з уладамі. Джон Кампфнэр у сваёй кнізе «Свабода на продаж: як мы разбагацелі і пазбавіліся незалежнасці”[2] даводзіць, што адным з асноўных механізмаў знішчэння пратэснага руху ў Сінгапуры аўтакратам Лі Куан Ю было фінансавае абяскроўліванне апазіцыйных лідараў і актывістаў.

Чорныя лебедзі прэзідэнцкай гонкі

За апошнія 10 год у беларускім грамадстве назапасілася стомленасць і расчараванне дзеючым прэзідэнтам, яго бездапаможнасцю ў вырашэнні эканамічных праблем. Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно адчуў змену ў настроях грамадства ў адносінах да сваёй персоны. [3] Аднак да моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп усё складвалася ў рамках планаў беларускага кіраўніцтва. На фоне народнай нелюбові да кіраўніка дзяржавы, якая аднак да выбараў 2020 года не пераходзіла ў палітычнае дзеянне, асноўны сцэнар прэзідэнцкіх выбараў прадугледжваў дэпалітызацыю грамадства падчас збору подпісаў і агітацыі, мінімальны кантакт альтэрнатыўных кандыдатаў з электаратам і мабілізацыю бюджэтнікаў на датэрміновае галасаванне. Летні час адпачынкаў прыходзіўся на актыўны перыяд кампаніі і галасаванне. Пандэмія COVID-19 таксама павінна была перашкодзіць кампаніям альтэрнатыўных кандыдатаў, па меншай меры, падчас этапу збору подпісаў.

Нягледзячы на пастаянныя спробы выйсці на больш шырокую аўдыторыю і скарыстацца пратэсным патэнцыялам грамадства, вынікі праймерыз толькі зафіксавалі працяг крызісу сярод партыйнай апазіцыі. Анансаваны экс-палітвязнем Міколам Статкевічам план па вылучэнню некалькіх дзясяткаў кандыдатаў пратэсту з мэтай рэанімацыі вулічных пратэстаў таксама лёгка карэктаваўся з дапамогай сілавікоў і ЦВК. Дастаткова было проста не рэгістраваць ініцыятыўныя групы большасці прэтэндэнтаў, а вулічныя акцыі спыняць штрафамі і арыштамі.

Аднак галоўны сцэнар пачаў даваць збоі яшчэ ў сакавіку, хаця гэтага не заўважылі ў прэзідэнцкай адміністрацыі. Даўняе расчараванне Аляксандрам Лукашэнка наклалася вясной 2020 года на раздражненне, калі рыторыка і бачанне прэзідэнта на пандэмію COVID-19 істотна разышліся з грамадскім меркаваннем.

Выхад з праймерыз лідара снежаньскіх пратэстаў супраць паглыбленай інтэграцыі Паўла Севярынца пакінуў пустой нішу знакавага кандыдата пратэсту. Астатнія ўдзельнікі «першаснага галасавання» не валодалі такой харызмай і аўтарытэтам як Павел Севярынец, каб узначаліць гэты пратэсны рух.

Але знаходзіцца іншы лідар з аўдыторыі, якая да гэтага пазбягала ўдзелу ў палітычных кампаніях — сярэдні і малы бізнэс. Далейшаму развіццю прадпрымальнікаў перашкаджае закасцянеласць эканамічнай мадэлі. Страту ўсіх надзей на перамены з прэзідэнтам А. Лукашэнка ўзмацняе дэманстратыўная адмова дзяржавы ў падтрымцы прыватнага бізнэсу падчас COVID-19.

Сяргей Ціханоўскі актыўна выходзіць у палітычную прастору яшчэ падчас парламенцкіх выбараў 2019 года, хаця Youtube канал пачаў развіваць раней — з пачатку 2019 г. Інтэрв’ю з кандыдатамі ў дэпутаты парламента прыцягнулі апазіцыйны электарат да праекта «Страна для жизни». Гэты канал з палітычнай павесткай працягвае пашыраць аўдыторыю сярод прыхільнікаў незалежнасці падчас снежаньскіх акцый 2019 года супраць паглыбленай інтэграцыі. Дзякуючы каардынацыі з лідарам пратэстаў Паўлам Севярынцам «Страна для жизни» набывае прывабнасць сярод пратэснай аўдыторыі апазіцыі. Блогер С. Ціханоўскі пасля парламенцкіх выбараў спрабуе канвертаваць рост анлайн папулярнасці ў палітычнае дзеянне, але без істотнага посьпеху. Палітычны патэнцыял праекта «Страна для жизни» заставаўся доўга незаўважным не толькі для апазіцыі, але ж і для беларускіх уладаў.

Арышт сілавікамі і перашкоды ў падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ствараюць яшчэ болей прывабны вобраз С. Ціханоўскага сярод жорсткіх апанентаў А. Лукашэнкі. Выхад на яшчэ больш шырокую аўдыторыю дае рэгістрацыя ініцыятыўнай групы жонкі блогера С. Ціханоўскай і да пікетаў выстройваюцца чэргі прыхільнікаў перамен.

У сваю чаргу ў памяркоўных крытыкаў беларускага кіраўніцтва таксама з’яўляюцца новыя лідары, не звязаныя з палітычнай апазіцыяй. Гэтыя асобы блізкія да беларускага істэблішмэнту фактычна з’яўляюцца выразнікамі інтарэсаў электаральнай большасці, якая чакае перамен і не падтрымлівае палітыку прэзідэнта. Яны не гатовыя пайсці за партыйнай апазіцыяй і пазбягаюць прамога канфлікту з дзяржавай.

Прадстаўнікі буйнога бізнэсу альбо выхадцы з вертыкалі ўжо даўно не кідалі выклік кіраўніку дзяржавы. Лёс кандыдата ў прэзідэнты 2006 года экс-рэктара Аляксандра Казуліна быў яскравым прыкладам сумных наступстваў для такой фронды.

Аднак лідар прэзідэнцкай кампаніі паводле апытанняў незалежных анлайн выданняў Віктар Бабарыка пачаў загадзя напрацоўваць сваю медыйную пазнавальнасць. Ён стартаваў з мяккай крытыкі дзяржаўнай палітыкі ў незалежных медыя, якая паступова ўзмацнялася, яшчэ на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка[4]. Верагодна, гэтая пасада на фоне хранічнага напружання паміж Мінскам і Крамлём давала пэўныя гарантыі ад адмоўных наступстваў з боку беларускіх сілавікоў. Крытыка з боку кіраўніка банка расейскай газавай манаполіі ў Беларусі магла ўспрымацца беларускім кіраўніцтвам як яшчэ адзін сігнал незадаволенасці Крамля пазіцыяй Мінска па паглыбленай інтэграцыі, але не палітычных амбіцый банкіра.

У дадатак былы паплечнік прэзідэнта і экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валер Цапкала выказаў расчараванне палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, які працягваў трымацца за захаванне высокай долі дзяржсектару.

Прэзідэнт А. Лукашэнка даўно заключыў нефармальны пакт з ІТ сектарам краіны аб неўмяшанні ў палітыку наўзамен на прэферэнцыі ў развіцці галіны. Дадаткова гэтая дамова была замацавана падчас арышту і вызвалення паспяховага бізнэсоўца Віктара Пракапені. Верагодна, Валер Цапкала спадзяваўся на паўтор Беларуссю сінгапурскай мадэлі, якая прадугледжвае маштабныя рэформы без дэмакратычных пераўтварэнняў. Аднак дыпламат і экс-памочнік прэзідэнта фактычна апынуўся па-за бортам аднаго з самых паспяховых праектаў у незалежнай Беларусі, стваральнікам якога ён быў. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка вызваліў Валерыя Цапкалу з пасады кіраўніка ПВТ. Акрамя таго, прэзідэнт працягваў стрымліваць рэфармаванне эканомікі, нягледзячы на спрыяльныя для гэтага настроі ў грамадстве. У выніку Валер Цапкала вырашыў артыкуляваць інтарэсы сярэдняга класа, які незадаволены пераразмеркаваннем дабротаў на карысць стратнага дзяржаўнага сектара.

Такім чынам, правесці выбары без выбарцаў ва ўладаў ужо не атрымліваецца. Прэзідэнт А. Лукашэнка вымушаны карэктаваць асноўны сцэнар і ўзмацняць яго сілавы складнік, каб папярэдзіць нарастанне пратэснага руху. Рыторыка ўдзельнікаў выбарчай кампаніі становіцца больш жорсткай. Гэта павялічвае раскол і напружанне ў грамадзтве, яшчэ больш палітызуе насельніцтва, што стварае ўмовы для мабілізацыі ўсімі кандыдатамі сваіх сімпатызантаў.

Сілавыя дзеянні ўладаў падштурхоўваюць альтэрнатыўных кандыдатаў да каардынацыі дзейнасці. Жорсткасць сілавікоў і канфліктная рыторыка прэзідэнта таксама ўплывае на ўзмацненне крытыкі дзеючага кіраўніцтва нават сярод тых кандыдатаў, якія спярша выступалі с памяркоўных пазіцый, як Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. У сваю чаргу, грамадства ўжо вызначылася з фаварытамі гэтай прэзідэнцкай кампаніі. У адрозненне ад папярэдніх кампаній прэзідэнт А. Лукашэнка можа прэтэндаваць толькі на ролю аднаго з іх, прычым нават не асноўнага.


[1] Віталь Сіліцкі. Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі. Мн: Бібліятека «Беларускі калеѓіюм», 2012.

[2] Джон Кампфнер. Свобода на продажу. Как мы разбогатели— и лишились независимости. М.: Corpus, 2012.

[3] «Не умирает народ от любви к нам». Лукашенко наказал чиновникам «идти к людям».» TUT.by, https://news.tut.by/society/641181.html.

[4] «В нынешнем виде айтишники не сильно помогут Беларуси»: Интервью с главой банка Виктором Бабарико.»The Village, https://www.the-village.me/village/business/businessmen/273451-intervyu-s-babariko.