Як вядома ўсім, галоўная праблема Беларусі — гэта яе людзі. Таксама ўсім вядомая іх савецкая мэнтальнасьць «чырвоных людзей», «несьвядомых» у сваёй ідэнтычнасьці. Адкуль гэта вядома? А з таго, што беларусы ня йдуць за пэўнымі палітычнымі сіламі, якія лічаць сябе правадырамі ўсяго сьветлага і лепшага. Таму, з аднаго боку, гэтыя ўладары думак каторае дзесяцігоддзе патрабуюць «беларусізацыі», з другога — «перакадаваньня» беларусаў. Сапраўды, што можа быць прасьцей сьпісаньня незьлічоных праблем краіны на няправільныя «думкі», няправільны сьветапогляд суайчыньнікаў?
І тут узьнікаюць тры пытаньні. Першае: ці варта зьдзіўляцца, што суайчыньнікі ня слухаюцца, калі чуюць наскрозь патэрналісцкія прапановы адкінуць увесь свой жыцьцёвы досьвед і рахмана слухаць наскрозь ідэалягізаваныя пропаведзі? Пры гэтым прапановы рэгулярна суправаджаюцца больш ці менш яўнымі пагрозамі. Другое: а навошта ўвогуле «перакадоўваць» жывых людзей? І нарэшце, трэцяе — ці гэта магчыма?
Ёсьць падставы меркаваць, што адказы на ўсе тры пытаньні адмоўныя. І ўвогуле, ўся дыскусія пра мэнтальнасьць — у інтэлектуальным сэнсе пустапарожні працэс, які ніяк не дапамагае ані будаўніцтву жыцьцяздольнай беларускай дзяржаўнасьці, ані высьвятленьню прычынаў сяньняшніх нягодаў. Праўда, яго пустапарожнасьць ня значыць, што ён ня можа мець і ня мае важкіх палітычных наступстваў.
1. Дэсаветызацыя як усходнеэўрапейскі джыгад
На тле нашых пасьлямайданных дыскусіяў пра «ватнікаў» і «калярадаў» надзіва знаёмым чынам прагучала 27 траўня 2015 г. інтэрвію кіраўніка сырыйскай апазыцыйнай групоўкі «Джабгат ан Нусра» Абу Мухамада аль-Джулані тэлеканалу «аль-Джазіра». Гэты змагар супраць сырыйскай дыктатуры абяцаў чальцом алявіцкай рэлігійнай грамады, на якіх трымаецца тамтэйшы рэжым, паклапаціцца пра іх бясьпеку, калі тыя здадуцца, адракуцца ад існуючага рэжыма і пяройдуць у правільны іслам.
Для большасьці алявітаў іх рэлігія — гэта культура, а ня нейкая строгая дактрына ці ідэалёгія, паводле якой яны будуюць сваё жыцьцё. Здавалася б, хай сабе і жывуць як хочуць. Але ж не, іх «несьвядомасьць», то бок ня сьледаваньне «правільнаму» ісламу абурае апанэнтаў. Ці гэта замінае будаваньню супольнай Сырыі безь ненавіднага тырана? На думку верхавода «Джабгат ан-Нусры» дый ня толькі яго, і сапраўды, ну як жа можна жыць разам зь людзьмі, якія не чытаць намаз пяць разоў на дзень або ўшаноўваюць сваіх сьвятых?
Паралелі з паводзінамі некаторых палітычных сілаў у нашай краіне і рэгіёне відавочныя. Мноства тых, каго ўважаюць «ватнікамі» і «чырвонымі людзьмі», маюць сапраўды пэўныя культурныя ўяўленьні і звычкі, меркаваньні пра мінулае, якія могуць здавацца падазронымі ідэалягізаваным нацыяналістычным і лібэральным групоўкам. Ці замінае гэты савецкі бэкграўнд будаваньню новае супольнае, лепшае Беларусі, Украіны і г. д., калі толькі гэтае будаваньне не грунтуецца на жорсткай палітычнай плятформе?
Постсавецкая інтэлігенцыя і яе спадкаемцы ў большасьці сваёй упэўненая, што так. То бок якая-кольвечы савецкасьць мусіць быць выдаленая. Інакш наперад дарогі ня будзе.
Антысавецкасьць і антыкамунізм ёсьць для лібэральна-нацыяналістычных апанэнтаў цяперашняга беларускага рэжыма абсалютнымі каштоўнасьцямі. У адрозьненьне ад існуючай нацыянальнай дзяржавы. Часткова адсюль і гэты дзіўны альянс лібэралаў і нацыяналістаў на ўсёй постсавецкай прасторы і паўзучае адбельваньне нацысцкіх паслугачоў. Па кантрасьце, крокі беларускай дзяржавы, нават нягледзячы на яе эвалюцыю, успрымаюцца варожа.
Прычым ад існуючай дзяржавы чакаюцца яшчэ і крокі насустрач. Колькі нараканьняў было чуваць пра няўвагу існуючай дзяржавы да сёлетняга сьвяткаваньня 25 сакавіка. Сапраўды, улады стрымана ставяцца да гэтай даты. То бок не сьпяшаюцца далучаць яе да ліку нацыянальных сьвятаў. Тое самае датычыць БЧБ-сьцяга. Што, на думку некаторых апанэнтаў цяперашняй улады сьведчыць пра негатовасьць рэжыма да кампрамісу.
Але ці апазыцыя дэманструе больш гатовасьці да кампрамісаў? Што замінала ёй даць узор гатовасьці дамаўляцца і спалучыць абодва сьцягі на сёлетнім апазыцыйным сьвяткаваньні 25 сакавіка? Што замінае проста перастаць бэсьціць БССР? А што замінае паважліваму стаўленьню да вынікаў рэфэрэндуму 1995 г.? Але для апанэнтаў цяперашняга беларускага рэжыма, кампраміс — гэта зусім ня пошук сярэдняга паміж процілеглымі варыянтамі, а капітуляцыя ўлады і бальшыні грамадзянаў і прыняцьцё імі варыянтаў апазыцыі.
Таму і ня варта дзівіцца, што большасьць беларусаў мала цікавіцца людзьмі, якія не хаваюць сваёй да іх пагарды ці прынамсі глядзяць звысоку.
2. Навошта патрэбная прамыўка мазгоў?
Але ж нам трэба выправіць гэтую саўковую большасьць? Аднак знайсьці аргумэнты на карысьць патрэбы «перарабіць мэнтальнасьць» сапраўды цяжка. Бо ўдалыя дзяржаўныя праекты рабіліся і робяцца зусім не праз гэткую сабе «прамыўку мазгоў». Ці шмат зьмяніліся немцы і японцы, што будавалі свае новыя дзяржавы пасьля ІІ Сусьветнай вайны? Гледзячы па тым, колькі нават заслужаных нацыстаў было на ключавых пасадах у Нямеччыне аж да 1970-х, то ў гэтым ёсьць сур`езныя сумневы.
Зьмяніліся ўжо іх нашчадкі, але з ваенных руінаў краіны ўздымалі «тыя» пакаленьні. А «пакаяньні» і помнікі Галакосту — гэта ў пэўным сэнсе і прадукты ўжо пазьнейшага часу, спрычыненыя бадай ня менш палітычнай мэтазгоднасьцю і неабходнасьцю інтэграваць Нямеччыну ў эўраатлянтычны табар чым шкадаваньнем пра замардаваных. Калі вам кажуць пра «пакаяньне», спытайце пра тое, чаму тады грамадзяне краіны, што аказала бадай найбольшы супраціў нацыстам у вайне, і страціла найбольшую долю свайго жыхарства, у тым ліку жыдоўскага, дагэтуль плоцяць самую высокую цану за візы ў ЭЗ. Ах так, там жа Лукашэнка?
У любым разе прыкладаў устойлівасьці «мэнтальнасьці» ці ідэнтычнасьці, якая аднак не замінала разьвіцьцю, колькі заўгодна. Але посьпех у палітычным і сацыяльна-эканамічным разьвіцьці нацыі вынікае не з культуры — а тая самая савецкая мэнтальнасьць ці ідэнтычнасьць гэта бадай набор культурных і гістарычных уяўленьняў, а не ідэйная перакананасьць. Посьпех вынікае з таго, ці створаныя ўмовы для плённай работы максымальна магчымай колькасьці людзей. Пры гэтым яны могуць у вольны час думаць, слухаць і чытаць што заўгодна.
Далей, культурная большасьць (як і меншасьць) ня значыць палітычнай большасьці. Пры ўсёй савецкай настальгіі, дзе актыўныя сур`ёзныя палітычныя рухі, нейкія больш менш заўважныя партыі, што змагаліся б за аднаўленьне СССР? Тэарэтычна яны былі і ёсьць магчымымі, але на практыцы іх няма. Усё змаганьне сканчалася сымбалічнымі крокамі, як то крыклівай дэнансацыяй Белавежскіх пагадненьняў у расейскай Дзярждуме ці адносна станоўчымі прамовамі пра савецкі час з боку расейскага кіраўніцтва.
То бок, гледзячы на наяўныя доказы, можна сказаць, што нейкі апрычоны «савецкі чыньнік» для мабілізацыі масаў у рэальнасьці проста не існуе. Можна колькі заўгодна разважаць пра яго, і сьпісваць на яго размаітыя хібы, але доказаў яго існаваньня, асабліва ў апошнія гадоў дваццаць, няма. Што ёсьць гэта — спроба антысаветчыкаў сьпісаць такім чынам усё на савецкі час. Любыя правалы рэформаў, рэвалюцыяў, карупцыю ды інш.
Вынік змаганьня з усім савецкім можа быць нават адваротны. Агрэсіўная дэсаветызацыя рэактывуе многія прыхільнасьці, якія існавалі ўжо бадай толькі на сэнтымэнтальным узроўні. Каб распаліць грамадзянскую вайну на Ўсходняй Украіне, Пуціну вельмі дапамаглі «антысавецкія» кампаніі пэўных палітычных сілаў на Ўкраіне. Бо сам па сабе ён з ягонымі выразнымі афіліяцыямі зь перабудоўнай лібэральнай плыньню наўрад ці змог бы пераканаць якіхсьці аматараў СССР далучыцца да данбаскай авантуры.
3. Выправіць гарбатага
Падагульнім, ад беларусаў вымагаюць паверыць на слова і вырачыся ўсяго свайго досьведу і звычак, прычым няма знаць навошта, апроч як, каб адпавядаць пэўным ідэалёгічным дагматом. Але ці магчыма ўвогуле зьмяніць ідэнтычнасьць і сьвядомасьць жывых людзей?
Робячы стаўку на такія захады, прадстаўнікі лібэральна-нацыяналістычнай плыні, мякка кажучы, play gods. Гуляюць у багоў, верачы, мусіць, у магчымасьць мець такую звышнатуральную сілу. Няясна, ці яны ўсьведамляюць, на што замахваюцца, але здаецца, прынамсі некаторыя, усьведамляюць і ганарацца. Мне згадваецца, як некалі кіраўнік аднаго вядучага СМІ, незалежнага ад беларускай дзяржавы, гаворачы пра сваю місію падкрэсьліваў у гаворцы са мной, што ён і яго супрацоўнікі — гэта своеасаблівыя «дэміюргі».
Колькі ўкладзена ў гэтую ідэалягізаваную беларусізацыю і перакадаваньне рэсурсаў, беларускіх і замежных! А вынікам сталі трошку больш за 10 000 чалавек на галоўным фэсьце нацыяналістычна-лібэральнай плыні — сакавіцкім Дні волі.
Рэакцыя на гэта апазыцыйнай супольнасьці адметная сваёй прадказальнасьцю. Праблема, маўляў, тая самая, што і трыццаць гадоў назад. «Чырвоныя людзі», несьвядомыя і «русыфікаваныя». І праблема ўсё абвастраецца, бо краіна застаецца ў «савецкім мінулым», а тут яшчэ і Пуцін.
І няважна, што краіна не стаіць і ня можа стаяць на месцы, а мяняецца, праўда больш мірным шляхам. Нават калі ўзяць такія нялюбыя антыкамуністом памяткі эпохі. У Беларусі яны зьнікаюць і ўзьнікаюць павольна, але вынікі навідавоку. Вось літаральна адзін прыклад. Натуральным чынам у Маладэчне з бадай прынамсі чатырох помнікаў Леніну застаўся адзін. Астатнія былі прынятыя прэч цягам постсавецкага часу, бо паступова разбураліся, а грошай на ўтрыманьне не было. Затое зьявіліся помнік Агінскаму, Ермаловічу, застаўся помнік «Пакутнікам за незалежнасьць». У іншых местах статыстыка інакшая, але тэндэнцыі тыя самыя.
Не заўжды гэтае эвалюцыйнае разьвіцьцё, дарэчы, адпавядае і мінімальным уяўленьням пра павагу да беларускае дзяржаўнасьці — як сьведчыць тая ж гісторыя з помнікам Пілсудзкаму — але гэтыя факты і рэакцыя «незалежнага грамадзтва» на іх, гэты акцэнт на нейкім «застылым з 1994 г. часе», рэжыме, які не мяняецца, толькі яшчэ раз сьведчаць, што ў адрозьненьне ад антысавецкасьці, дзяржаўнасьць абсалютным прыярытэтам не зьяўляецца. Антысавецкасьць прымаецца любая, і нават гаўляйтэр Кубэ выклікае абмежаваныя, але сымпатыі. А вось дзяржаўнасьць мусіць быць толькі правільная, ані знаку савецкасьці на ёй ня мае быць. Картаген, то бок Беларусь з савецкім мінулым, мусіць быць разбураная.
Вымалёўваецца дзівосная карціна. Каторае дзесяцігоддзе чуваць развагі пра мэнтальнасьць, духовасьць, сьветапогляд ды іншыя матэрыяльна слаба намацвальныя рэчы. Рэчы, што цяжка вымераць навуковым чынам, асабліва калі адыйсьці ад нарматыўнай устаноўкі, ад уяўленьня, што беларусы, эўрапейцы ды хто заўгодна могуць і мусяць быць сфармаваныя згодна пэўных нормаў. Рэчы, якія ў агляднай пэрспэктыве проста незьмяняльныя.
Гэта вельмі зручныя спасылкі на мітычную мэнтальнасьць, якая, быццам тыя старасьвецкія deus ex machina і чорт з табакеркі, дазваляюць вокамгненна разьвязаць любыя мудрагелістыя пытаньні. І спрытна замесьці любы бруд, пыл і памылкі канкрэтных сіл і асоб пад палавік з прыгожай абстрактнай назвай.