You can get muchfarther with a kind word and a gun than you can with a kind word alone.
АльКапонэ (?)
Вось дзяржава загамоніць па-беларуску і ўсё зьменіцца зь беларушчынай у нашай краіне, пераконваў мяне неяк адзін выбітны беларускі інтэлектуал. Маўляў, цяперашняга роўнага і спакойнага стаўленьня ўраду да мовы мала. Трэба, каб дзяржорганы гаварылі на мове, вось тады справа пойдзе.
Ёсьць і больш выразныя праявы такіх перакананьняў. У прыватнасьці добра вядомы самазваны «моўны інспэктар», чыю дзейнасьць па запалохваньні людзей белмовай падтрымлівае, бадай, большасьць нацыяналістычна-лібэральнага лягера.
Між тым якраз такім чынам ужо спрабавалі мяняць моўную і культурную сытуацыю шмат дзе ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі. Вынікі былі нязьменна менш чым сьціплыя.
Мова для размоваў з чыноўнікамі?
Кніжка Алены Маркавай «Шлях да савецкай нацыі: Палітыка беларусізацыі (1924-1929)» дэталёва разьбірае, што з такіх намаганьняў было выйшаўшы ў свой час на беларускай глебе. Анягож у 1920-я гг. бальшавікі паставілі перад сабой якраз такую задачу, зрабіць так, каб органы ўлады загаварылі па-беларуску, а насельніцтва ўспрыняла адпаведную беларускую ідэнтычнасьць. Мэтады былі стандартныя для савецкай дзяржавы таго часу, то бок прапаганда плюс загад, кантроль, пакараньне — хрэстаматыйныя «добрае слова і пісталет».
Тагачасная сытуацыя была куды лепшая чым сяньняшняя, балазе, вёска збольшага якраз на мове і гаварыла. Але вынік быў пры канцы ажыцьцяўленьня такой палітыкі савецкай улады, як дэманструе Маркава, цытуючы процьму закрытых дакумэнтаў партыйных і савецкіх устаноў ды прыводзячы іншыя выразныя факты, аказаўся мізэрным.
Ужо ў той час была заўважаная адна з карэнных, а мо й самая галоўная праблема, што спрычыняла такі стан рэчаў. А менавіта адсутнасьць культурных, інфармацыйных, навуковых і адукацыйных прадуктаў на белмове і/ці зьвязаных з белкультурай. Цікава, што падобна ў далейшым, пасьля адмовы ад засяроджанай на радыкальных канцэпцыях і камандна-адміністрацыйных мэтадох беларусізацыі 1920-х, якраз на гэтых напрамкох работа працягнулася.
І сяньня ўражвае мноства навучальнай літаратуры нават пасьляваеннага часу. Колькасьць дзіцячых выданьняў часоў, як прынята гаварыць у апазыцыйных колах, найвялікшай русыфікацыі брэжнеўскага часу проста неверагодная. Неяк за пару вечароў перабраўшы завалы кніжак у сваякоў, людзей, далёкіх ад культуры, назьбіраў стос беларускамоўных кніжак для дзяцей у рост двухгадовага дзіцяці.
Ну і што, скажа хтосьці, толку ад іх? Вось у гэтым-то і справа, што толк быў. Бо тыя пакаленьні, што чыталі тыя кніжкі самі ці сваім дзецям, пасьля куды часьцей пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, калі тыя існавалі, чымся пазьнейшыя пакаленьні, што вырасьлі ўжо бяз іх, але затое зь незалежнасьцю.
На жаль, уся гэтая гаротная рэчаіснасьць фактычна ігнаруецца. Апроч вядомага эсэя Акудовіча, напісанага ўжо ў далёкім 2001 г., цяжка ўзгадаць крытычнае абмеркаваньне такой сытуацыі. Сапраўды прасьцей за ўсё сьпісаць праблемы зь белкультурай і мовай на Лукашэнку, адсутнасьць дзяржпадтрымкі. Даўно ўжо распрацаваная нават цэлая тэорыя пра тое, што Лукашэнка мяняе танныя газ і нафту ад Расеі на «русыфікацыю» беларусаў. Яе гадамі трансьлявалі цалкам мэйнстрымныя публічныя асобы: і Алег Трусаў з ТБМ, і кіраўніцтва «Нашай Нівы».
А між тым ужо ў 1920-х, паводле дакумэнтаў, цытаваных у кніжцы Маркавай, многія заўважалі, што мова становіцца прыцягальнай не тады, калі на ёй ты можаш чытаць бюракратычныя распараджэньні і калі цябе дзяўбуць начальнікі, патрабуючы карыстацца пэўнай мовай. Мова прываблівае і пашыраецца, калі на ёй ёсьць разнастайная якасная прапанова арыгінальных па зьмесьціве прадуктаў для розуму й душы.
На жаль і цяпер, неабходнасьць стварэньня якасных і разнастайных прадуктаў, зьвязаных зь беларускай мовай і культурай, усур`ёз не разглядаюцца. Гэтаксама ігнаруецца і тое, што якасьць і разнастайнасьць беларускіх выданьняў падае няспынна ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. Фактычна на мове можна пачытаць-паслухаць-падзівіцца зараз збольшага ці наскрозь ідэалягізаваныя прадукты зусім пэўных палітычных плыняў і сэктаў ці перакладзеныя часам непрыхаваным Гугль-трансьлейтам артыкулы.
Сапраўды актывістам прасьцей засьвяціцца на чымсьці гучным і сымбалічным, чым рупліва ствараць гадамі штосьці для беларускай культуры. Справа ў гэтым сэнсе даходзіць часам да таго, што набывае гратэскныя абрысы. У беларусаў знаходзяцца і эўры, і час, і натхненьне, каб паставіць у Швайцарыі помнік чалавеку, які зьвязаны з Беларусьсю хіба толькі фактам свайго нараджэньня і які адкрыта пагарджаў беларусамі ды заклікаў да іх палянізацыі. Апазыцыйныя беларускаму ўраду СМІ з захапленьнем асьвятляюць гэтыя змаганьні за аздабленьне Швайцарыі як патрыятычныя памкненьні. Праўда адначасова ані рупліўцаў, ані грошай няма, каб, напрыклад, прадубляваць хоць пару якасных тэлевізійных прадуктаў для дзяцей на якаснай стандартнай беларускай мове.
Краіна для «сваіх»
Кніжка Маркавай, аднак, далёка ня толькі пра моўную праблему, якая хутчэй толькі верхавіна ледагору-айсбэрга беларускіх бедаў і пошасьцяў. Яшчэ цікавей выглядае пазыцыя інтэлігенцыі часоў беларусізацыі ў дачыненьні да таго, якой мусіць быць Беларусь: як палітычнае ўтварэньне, як геаграфічная рэальнасьць, і як людзкая супольнасьць. Беларускую інтэлігенцыю бальшавіцкія ўлады запрасілі да распрацоўкі датуль няіснага канона беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці — нагадаю, што нават унармаванай беларускай літаратурнай мовы яшчэ не існавала на той момант, а, скажам, спрадвечнаму беларускаму БЧБ-сьцягу было толькі некалькі гадоў, бо прыдуманы ён быў у 1917-м дый тое няясна, у якой расфарбоўцы, зрэшты, тое самае датычыць мусіць усіх атрыбутаў беларускае нацыі.
То бок, гэта быў сапраўдны groundzero, ляпіць нацыю трэба было амаль з нуля, і ўсёй рознамасьцевай белінтэлігенцыі, што бальшавікі змаглі сабраць ў 1920-я, яны запрапанавалі ў гэтым сэнсе стаць самымі натуральнымі «інжынэрамі людзкіх душаў». Савецкія ўлады тады часьцяком запрашалі небальшавіцкую, а часам і ўвогуле немарксысцкую інтэлігенцыю ў нерасейскіх рэгіёнох Саюза.
Магчымасьці гэтым выбітным беларускім інтэлектуалом для стварэньня нацыі былі дадзеныя неблагія, забясьпечаныя і ўсе сродкі для пашырэньня ідэяў — СМІ, навуковыя ўстановы, нават школьныя падручнікі ды інш. Маркава аналізуе па падручнікох, што ж тыя запрапанавалі? Арыгінальнага няшмат. Даволі чакана, канцэпцыя беларускай ідэнтычнасьці, прапанаваная тады, максымальна падкрэсьлівала як мага большы антаганізм да Расеі. Вельмі мудрае рашэньне ў рамках супольнага Саюза ССР.
Але гэта дробязі ў параўнаньні з агульнай рамкай. Справа ў тым, што запрапанавалі яны стандартную для нашага ўсходнеэўрапейскага рэгіёна ідэю — пабудаваць этнічную нацыю. Ня грэбуючы і амаль расысцкімі адценьнямі, кшталту расповядаў пра этнічную «чысьціню» беларусаў, арыйскае карэньне.
Гэта было прапанавана зрабіць у беларускай савецкай квазы-дзяржаве, разьмешчанай на землях з зусім не аднастайным насельніцтвам. У рэспубліцы, у якой мескае і местачковае насельніцтва ўвогуле не было беларускім, у якой у пэўных прафэсіях беларусаў амаль не было. То бок рэалізацыя такога пляну вымагала неслабой клясавай і этнічнай чысткі. Дэміюргі беларускай нацыі яўна не прагнулі пашыраць кола чальцоў будучай нацыі. Ня ўсім было ў ёй месца.
То ці варта зьдзіўляцца, што бальшавіцкая беларусізацыя, заснаваная на такіх плянох, сутыкнулася з сабатажам і нават супрацівам, пра які піша і Маркава? Калі этнічным меншасьцям у рамках тае канцэпцыі калі не месца раўнапраўных удзельнікаў, то хаця б партнэраў, прапаноўваць не зьбіраліся.
У гэтым яшчэ адна вялікая навука таго часу для беларусізатараў сучаснасьці — калі сапраўды стаіць задача дабіцца посьпеху ў пабудове нацыі і дзяржавы, то трэба займацца максымальным уключэньнем у склад нацыі, а не выгнаньнем і выключэньнем з яе. Напрыклад усіх тых, хто не адпавядае ідэалом нацыяналістычна-лібэральнага лягеру: тых, хто ў этнічным сэнсе не зьяўляецца беларусам або каго такім нацыяналісты ня лічаць з нейкіх сваіх прычынаў, быць паўнавартаснымі саўдзельнікамі ў беларускім праекце.
І гэта пытаньне не рытарычнае, як паказвае практыка, яно застаецца вырашаным толькі намінальна, на ўзроўні дэклярацыяў. А насамрэч, усе выдатна памятаюць і спэкуляцыіпра цыганскія карані Лукашэнкі, і бясконцыя расповяды пра вугра-фінскасьць расейцаў, і той жа нядаўні сьпіс «Сьпіс Івашына». У апошні, нагадаю, патэнцыйнымі агентамі дзяржслужбоўцаў запісвалі ў тым ліку і на падставе іх небеларускага нараджэньня ды паходжаньня. То бок курс, узяты ў 1920-я гг., працягваецца.
Згубныя наступствы такога мэтаду нацыябудаваньня, заснаванага на сэлекцыі «правільных» беларусаў даўно відавочныя. Габрэйскае пытаньне ў свой час беларусы ня вырашылі, ды і не спрабавалі вырашаць, стаўку замест таго зрабілі на этнічную чысьціню. Рытарычнае пытаньне, ці нехта ад таго выйграў. Але тое справа прамінулая. Сяньня ў гэтай ролі — колішніх габрэяў — апынаюцца іншыя групы і слаі беларускага грамадзтва. Бо аналягічнае пытаньне — ці могуць яны быць надзейнымі партнэрамі ў разбудове нацыі — датычыць ужо ня толькі расейцаў, што жывуць у Беларусі, хаця мусіць, што і іх таксама, гледзячы па тым, як часта СМІ, незалежныя ад беларускага ўрада палошчаць меркаваныя расейскія карані тых, хто ім не даспадобы — з той ці іншай прычыны ці без яе.
Але гэтае пытаньне ўжо датычыць і вялікіх груп саміх этнічных беларусаў, што прытрымліваюцца «ня тых» палітычных поглядаў, колішніх «несьвядомых» ды «саўкоў», што цяпер дадаткова імянуюцца «ватнікамі», «чырвонымі чалавекамі», а ў самы апошні час — яшчэ і начосамі. Прычым нават выбітныя беларускія інтэлектуалы ня грэбуюць ня тое, што адмаўляць непрыемным ім суайчыньніком і суродзічом у беларускасьці, але нават і дэгуманізоўваць іх. Вось як адзін з іх надоечы пракамэнтаваў на сваёй старонцы ў Сеціве сытуацыю з адлічэньнем апазыцыйнай актывісткі зь менскай ВНУ: «Гэта робяць не людзі, гэта робяць начосы. Каб мець права заставацца начосамі і надалей».
Трагікамічнасьці гэтай сытуацыі дадае яшчэ і тое, што якраз гэтыя, непрыемныя нацыяналістычна-лібэральным сілам, людзі нярэдка нават яшчэ не пазбыліся беларускага акцэнту ды рэшткаў традыцыйнай культуры — таго, што выразна адрозьнівае іх ад большасьці прадстаўнікоў нацыяналістычна-лібэральнага лягера.
То бок апісаныя Маркавай канцэпцыі ды падыходы жывуць і сяньня. То й ня дзіва, бо яны ляглі ў падмурак адраджэнства апошніх дзесяцігоддзяў, у яго больш нацыяналістычнай ці лібэральнай вэрсіі. Падчас рэпрэнтнага адраджэньня пачатку 1990-х перавыдаваліся якраз гэтыя падручнікі, дасьледаваньні і іншыя выданьні. Смоліч, Ластоўскі, Ігнатоўскі… забранзавелыя і ўжо стаўшыя клясыкай, кананізаваныя і бэатыфікаваныя. Проста ўзгадайце, як хутка на сьвітанку незалежнасьці быў выдадзены, бяз жадных навуковых камэнтароў твор Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» з яго ультранацыяналістычнай апалягетыкай. Сапраўды кананічны тэкст пакутніка, якія могуць быць да яго пытаньні, праўда? Шкада бальшавікі не далі яму зьдзейсьніць яго задумы!
Агулам гісторыя таго часу была ў апошнія дзесяцігоддзі перапісаная з савецкага шаблёну са зьменай знакаў. Што далей, то меней розьніцы ў гэтым сэнсе паміж апазыцыяй і уладай. То бок замест даўнейшых «таварыш Сталін супраць трацкісцка-зіноўеўскіх бандаў» нас усё больш і больш прасьвятляюць наконт гісторыі як «палітыкі расейскіх бальшавікоў супраць беларускай культуры» і «генацыда беларускага народа Масквой».
Лішне казаць, што гэта ня проста ператварае гісторыю і трагедыю таго часу ў палітызаваны лубок. Гэта таксама не дазваляе абмеркаваць, што ж пайшло ня так з самымі фундамэнтальнымі пытаньнямі нацыятварэньня і дзяржавабудаўніцтва ў той час. Пакуль гісторыяй будуць спэкуляваць скрозь і ўсюды, бачачы яе як маніхэйскае змаганьне двух абсалютаў, мы ня можам і разабрацца, ролю і месца чаго і каго варта крытычна перагледзець у нашым культурным каноне. Вядома, прасьцей проста памяняць крытэр «партыйнасьці» на крытэр «антыкамуністычнасьці» і далей імчацца па наезджанай каляіне. Толькі вынік будзе ізноў сумным. Урокі 1920-х тое выразна даводзяць.