У беларускае культуры рэй вядуць два кірункі: адвечнізм і актуалізм. Актуалізм заклапочаны палітычнаю сітуацыяй, дзейснымі закалотамі і грамадскімі канфліктамі, чыннікамі, што спараджаюць несправядлівасць, ён улучаны ў неадкладную барацьбу ад імя той ці іншае групы. Адвечнізм засяроджваецца на стварэнні выкшталцоных формаў, на вандроўках душы, на містэрыях, што паўтараюцца цяпер і ад веку, на міфах і псіхалагічных безданях.«Адвечным шляхам» Ігната Канчэўскага — гістарыясофскае абгрунтаванне адвечнізму[1]. Нягледзячы на розныя формы, якія прапануе гісторыя, беларуская душа вагаецца — і мусіць стварыць формы, што змяняюцца і ліюцца.
Але першае сутыкненне адвечнізму і актуалізму адбылося яшчэ ў 1913 годзе, калі Вацлаў Ластоўскі выдаў свой маніфест «Сплачвайце доўг». Ластоўскі запатрабаваў, каб мастакі перасталі паціраць цыбуляю вочы, апяваючы гнілую хатку беларускага селяніна, а адшукалі бы прыгажосць дый адлюстравалі тонкія рухі чалавечай душы, знітаванай і з мінулым, і з прышлым [2].
«Адзін з парнаснікаў» — верагодней, Купала, адказаў Ластоўскаму з пазіцый актуалізму. «Чаму плача песня наша?» — таму што жыццё такое, і мы адказныя за грамадскія чыны, мусім змагацца з несправядлівасцю [3].
Другі раз актуалізм і адвечнізм сышліся ў двубоі ў 20-ыя гады: спрачаліся літаратурныя суполкі: «Маладняк» дый ягоныя паслядоўнікі — і «Узвышша» (якое выйшла з нетраў «Маладняка»).
Пралетарска-вульгарны «Маладняк» хапаўся за актуальныя камуністычныя лозунгі, і «бурапенныя» фразы, прапагандаваў і агітаваў, пашыраў базу (без разбору збіраючы новых сяброў), дый амаль забыўся пра мову і аўтаномію мастацкае творчасці.
«Узвышша» засяродзілася на адвечным: на культуры мовы, мастацкае выкшталцонасці, на рытмах і рыфмах, на прафесійнае дзейнасці, што стварала «ўзвышша <….> літаратуры, якую ўгледзяць вякі і народы» [5]. (Асяродак быў бязлітасна разгромлены, а ягоныя галоўныя творцы рэпрэсаваныя).
Сённяшнія прыклады адвечнізму й актуалізму — гэта містэрыі Андрэя Кудзіненкі і «Свабодны тэатр» Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды.
«Свабодны тэатр» уводзіць у свае прадстаўленні надзённыя сацыяльна-палітычныя падзеі, што выклікаюць імгненны розгалас: аповеды пра зніклых палітыкаў, «кухню» смяротнага пакарання, гісторыю транссэксуала, самазабойства якога раніцай абвясціла газета, споведзі «чырвоных», «блакітных», адрынутых.
Палітычная актуальнасць «Свабоднага тэатру» — гэта пакуты дрэсіраваных целаў. Гэта палітызацыя контр-эстэтыкі — і эстэтызацыя контр-палітыкі (сайт Мікалая Халезіна нездарма называецца «Міністэрствам контркультуры»).
У «Свабодным тэатры» заўжды прысутнічае сацыяльна іншае — варожая сістэма, машына — якая ўсё кантралюе, карае, дысцыплінуе, і з якою змагаюцца. (Дарэчы, гэтая сістэма можа заявіцца на спектакль уласнай персонай і, тупаючы, амапаўскімі ботамі заявіць: «Чаму падлога чорная? А, ну, усе — у аддзяленне!»).
Нават кранальны запіс перадсмяротнага «Псіхозу 4.48» Сары Кейн — гэта не вандроўкі душы, а выстаўленая на паказ практыка кантролю і псіхіятрычных катаванняў.
Затое ў містэрыях Кудзіненкі нават сацыяльна значныя тэмы — гэта адлёты душы, адвечныя ініцыяцыі і схаваныя трансцэндэнтныя бездані. Ужо «Акупацыя. Містэрыі», знятая на традыцыйную для Беларусі ваенную тэму, была такой калектыўнай вандроўкай беларускай душы, якая пад акупацыяй, якая блукае — і якая не знаходзіць адказу.
Стужка «Hard Reboot» з удзелам знаёмага гурту «Noize MC», выманенага на беларуска-літоўскае памежжа, гэта, увогуле, кінатэрапія, што свядома карыстаецца схемаю казачных ініцыяцый фалькларыста Уладзіміра Пропа [5].
А праект «Хранатопь», куратарам якога з’яўляецца Кудзіненка, гэта абразкі абрадаў і несвядомага, кінатвітэр міфалогій і дзіўных выпадкаў, што існуюць назаўжды. Калі ва ўрыўку «Сідорка», дзе народныя артысткі Тацяна Мархель і Любоў Румянцава ладзілі пахаванне фала гэта гуллівая адвечнасць праявілася непасрэдна, то ў эпізодзе «Таямніца гарбатай ямы» сацыяльныя чыннікі — толькі дэкарацыі для чагосьці іншага.
Крымінальнікі, спроба забойства, скандальная гомасэксуальная сцэна (упершыню ў беларускім кіно!), шансон пра Горадню, нецэнзурная лаянка — маглі быць і на сцэне «Свабоднага тэатру», але «Хранатопь» цікавяць зусім не актуаліі, а глыбінны онталагічны збой (сцэна пачынаецца са спробы малітвы — і завяршаецца пераўтварэннем чалавека ў звера).
Адвечнізм і актуалізм маюць свае моцныя і свае слабыя бакі.
Актуалізм чулы на неадкладныя здарэнні дый непасрэдныя грамадскія трансфармацыі, ён накідываецца з сацыяльна-палітычнаю крытыкай, прагне зменаў інстытутаў, групаў, грамадства.
Адвечнізм моцны повязю з трансцэндэнтным, з міфамі, рытуаламі і схаванымі прадстаўленнямі, якія нікуды не сышлі. Ягоныя клопаты — не дрэсіраванае цела, а вызваленая душа і самадастатковая мастацкая форма.
Адвечнізм ведае, што кожная мова мае свой дом і ўгрунтаваная ў вечнасці. Мова — гэта сакрум, кожная сацыяльна-палітычная групоўка знаходзіць сваё моўнае абгрунтаванне, абжываецца ў сваёй уласнае мове — і ва ўласных выразах.
Моўная цеплыня і прысутнасць — з часоў «Маладняка» — слабое месца актуалізму. Калі на пачатку гэта была толькі «небеларуская мова ў беларускай літаратуры» (як крытыкаваў гэтую з’яву Кузьма Чорны [6]), то потым беларуская мова замянілася сілавымі лініямі рускай і ангельскае мовы, што пануюць і задаюць раскладку целаў у сацыяльнай прасторы.
Сталыя пасткі для актуалізму — страта формы, графаманства (ізноў «Маладняк»), уцягнутасць у зацятую палітычную барацьбу і сваркі.
Пасткі для адвечнізму не такія відавочныя, але яны ёсць — і могуць далей сябе праявіць. Гэта страта кантакту з аўдыторыяй, занядбанне сацыяльных абставінаў, элітарызм, закасцянеласць. Можа так стацца — хаця такога яшчэ не было — што «адвечныя» формы ў прышлае Беларусі скарыстае неа-арыстакратычная групоўка для апраўдання свайго панавання.Увогуле, стогадовая спрэчка адвечнізму і актуалізму звязаная з нявырашанымі грамадскімі задачамі, з праблемамі беларускае тоеснасці і з прагай мастацтва пераўзыходзіць.
Грамадскае жыццё ў Беларусі перапоўненае несправядлівасцю, існыя інстытуты адчужаныя — і проста варожыя да людзей, а почасту й да беларускай культуры, тоеснасць парасколатая, мастацтва, выціснутае ў закуткі дзяржаўным смеццем, спрабуе дагрукацца да публікі, але яго мала хто чуе.
Але і адвечнізм, і актуалізм шукаюць выйсця — і знаходзяць вартасці адно аднаго.
Актуалізм, праз дысцыпліну, пакуты і цялесную дрэсуру — прыходзіць да адвечных ініцыяцый калектыўнай душы. У адвечнізме змены ва ўласнай душы і выкшталцоныя мастацкія формы стаюцца падмуркам грамадскага супраціву.
Адвечнізм і актуалізм — два крылы беларускай культуры, вольнай, як нябёсная птушка.
1. Абдзіраловіч (Канчэўскі), Ігнат. Адвечным шляхам: (даследзіны беларускага светагляду). Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1921. — С. 71.
2. Ластоўскі, Вацлаў. Выбраныя творы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. — С. 273-275.
3. Адзін з «парнасьнікоу» (Купала, Янка), Чаму плачэ песьня наша? (Атказ Юрцы Верэшчаку) /«Наша ніва» 26.07.1913, № 30.
4. Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Ўзвышша» / Узвышша. 1927. № 1. — С. 170.
5. Пропп, Владимир. Морфология волшебной сказки. М.: Лабиринт, 2001. — С. 144.
Чорны, Кузьма. Небеларуская мова ў беларускай літаратуры / Узвышша. 1928. № 5. — C. 173-183.