Прафесарка ЕГУ Альміра Усманава, адказваючы на пытанне «Ці патрэбна Беларусі нацыянальнае кіно?» дала вельмі правакоўны і лаканічны адказ: «не трэба, таму што: 1) „нацыянальнае“ кіно — гэта культурная і эканамічная фікцыя, асабліва ў эпоху глабалізацыі і ТНК; 2) таму што ўласнай (не савецкай) традыцыі кіно ў Беларусі не было, і абаперціся тут няма на што (Беларусь ніколі не „ведала“ свайго нацыянальнага кінематографа); 3) таму што сёння, асабліва ў постсавецкіх краінах, думаць у катэгорыях „нацыянальнага“ — гэта архаізм і кансерватыўна-ідэалагічная пастка.»
Рызыкну не пагадзіцца з гэтымі адточанымі сцверджаннямі — у якіх прынамсі дзве недакладнасці і адна «глабальная» памылка.
1) Пачну з уласнае традыцыі беларускага кіно. Не буду засяроджвацца на кіно незалежнае Беларусі — дзе ёсць цікавыя вынікі (адна «Акупацыя» чаго вартая!), але нават за савецкім часам меліся карціны, якія катэгарычна лічыліся несавецкімі — дастаткова ўзгадаць «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава. І, калі пільна прыгледзіцца, такая няправільная стужка не адна.
Болей за тое, выкладчыкі й выхаванцы ЕГУ, як ніхто іншыя, скіраваныя шукаць і вынаходзіць патаемныя, схаваныя, а часам — самыя маргінальныя сэнсы ў розных гісторыях. Я ўсё чакаў, калі навукоўцы, узброеныя апошнімі «посткаланіяльнымі штудыямі» ці хаця бы «бітэкстуальнасцю» [1] возьмуцца за беларускае кіно, якое проста напрошваецца на аналіз, — але так і не дачакаўся. (І хто мусіць гэтым займацца? Выкладчыкі айчынных профільных ВНУ посткаланіяльнай тэхнікай не валодаюць, а ўніверсітэт на выгнанні беларускі матэрыял з незразумелых прычынаў не заўважае.)
2) Цяпер, што да аргументу «нацыянальнае кіно — культурная і эканамічная фікцыя, асабліва ў эпоху глабалізацыі». Сапраўды, кінематограф выкарыстоўвае розныя эканамічныя крыніцы, а, калі казаць пра «нацыянальныя праекты» беларускага кіно пад дахам сённяшняе дзяржавы — то гэта мёртванароджаная з’ява ад пачатку.
Але глабальны Канскі фэст вось ужо колькі гадоў палюе за іранскім кіно, тайскім кіно, філіпінскім кіно — і гэтыя фільмы цікавыя менавіта сваёй культурнай адметнасцю — незалежна ад таго, зроблены стужкі толькі ў адной краіне — ці гэта сумесная кінавытворчасць.
3) Нарэшце, падставовая памылка: «думаць у катэгорыях „нацыянальнага“ — гэта архаізм і кансерватыўна-ідэалагічная пастка.» Пра які час і эпоху тут гутарка?
Гэта гаворыцца, калі нават у старой Еўропе каталонцы ўздымаюць голас, а Шатландыя патрабуе незалежнасці? Гэта пра сённяшні дзень, калі бунтуе Блізкі Усход, а ў постсавецкіх краінах адбываюцца вельмі цікавыя працэсы нацыябудаўніцтва?
Сцверджанне магло выглядаць слушным гадоў дваццаць таму, на хвалі «канца гісторыі» (і тое, калі шчыльна заплюшчыць вочы на ўсе астатнія чыннікі). Але гісторыя не скончылася, з таго часу шмат чаго адбылося, і ігнараваць нацыянальныя працэсы ў сучасным свеце — гэта сапраўдны «архаізм і ідэалагічная пастка».
Іншая справа, што гэта працэсы ўжо не XIX, а XXI стагоддзя са сваімі зменамі і выкрутасамі. Але гісторыі, аднойчы расказаныя, не паміраюць; у нацыяналізмаў аніяк не менш падставаў для жыцця, чым, скажам, у фемінізма ці марксізма (што зусім не радыя канкурэнтам).
Да таго ж я мог бы сказаць, што спасылкі на «глабалізацыю» не з’яўляюцца аб’ектыўнымі і нейтральнымі, прынамсі, што тычыцца геаграфіі. Калі вы знаходзіцеся ў культурнае метраполіі, то ўзгадка глабалізму ёсць проста бачны факт: цэнтр падштурхоўвае сусветныя змены. Калі вы на культурнае перыферыі, то апеляцыя да глабалізму і ТНК — гэта каланізатарскі акт. Абарыгены мусяць быць абяззброеныя; яны становяцца сыравінай — і вырываюцца з асяроддзя; іхняе не-алібі-ў-быцці цяпер модны «Ізм», распрацаваны ў цэнтры — і ўведзены ў вушы ўніверсітэцкімі слугамі ТНК. — Я мог бы так сказаць, але я не падзяляю чарговую тэорыю змовы (марксісцкую, псіхааналітычную і г. д.)
Ёсць праблема. Ёсць краіна, што патрабуе свайго апісання. Яна не ва ўсім падпадае пад існыя тэорыі — але можа ўдакладніць іх дый падказаць новыя.
Як часта здараецца ў гуманітарных дысцыплінах, апісанні і тлумачэнні — гэта яшчэ і акт стварэння. Паглядзіце на Беларусь — і далучыцеся да стварэння.
[1] Битекстуальность и кинематограф / Под ред. А.Усмановой. Минск: Пропилеи, 2003.