За апошні час у Менску прайшлі дзве нефармальныя канферэнцыі пра будучыню Беларусі, звязаную з яе ўсходняй суседкай. Першай стаў міждысцыплінарны круглы стол «Распад Расіі: пагрозы і стратэгіі рэгіянальнай бяспекі”[1], арганізаваны Агенствам рэгіянальных ініцыятываў і Нацыянальная асамблеяй дэмакратычных НГО. Нягледзячы на сваю правакацыйную назву, гэтая канферэнцыя мела аналітычны характар і тычылася рэальнай палітыкі.

Другая канферэнцыя — «Заходнерусізм: мінулае і будучыня», арганізаваная праектам «Западная Русь», хутчэй, насіла ідэалагічны характар і была спробай акрэсліць становішча самой ідэалагічнай плыні, адрэфлексаваць яе канкрэтнае напаўненне, самавызначыцца датычна культурнай і палітычнай рэчаіснасці.

Што гэта за рэчаіснасць, хто такія «западнарусы», на чым грунтуецца іх ідэнтычнасць і як яны бачаць мінулае, сучаснасць і будучыню Беларусі?

Для прыхільнікаў дадзенай ідэалагічнай плыні заходнерусізму актуальнымі з’яўляюцца наступныя характарыстыкі рэчаіснасці: 1) існаванне незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь; 2) існаванне праектаў эканамічнай і палітычнай інтэграцыі ў межах былой постсавецкай прасторы, такіх як Саюз Расіі і Беларусі і Мытны саюз; 3) наяўнасць у Рэспубліцы Беларусь двух дзяржаўных моваў — беларускай і рускай, а таксама сферы іх ужывання; 4) знаходжанне Беларусі ў зоне культурнага ўплыву Расіі і Захаду; 5) наяўнасць розных канфесій і розных інтрпрэтацый гістарычнага мінулага Беларусі.

Змест сучаснага заходнерусізму сфармуляваў гісторык А. Бендзін, і гэтая фармулёўка падаецца нам найбольш аналітычна прыдатнай: «Цяпер, як і раней, заходнерусізм адстойвае ідэі агульнарускай еднасці, сцвярджае права беларусаў думаць і размаўляць на рускай мове, бачыць у нацыянальнай культуры гістарычны пачатак і змест. Заходнерусізм — гэта гістарычная і ментальная легітымнасць супрычаснасці беларусаў да Рускага свету. Заходнерусізм паважае беларускую мову і беларускую культуру, але адрынае беларускі нацыяналізм, этнічны і бюракратычны. Беларускія нацыяналісты, сістэмныя і пазасістэмным, унушаюць беларусам, якія думаюць і гавораць на рускай мове, уяўленне пра іх культурную і гістарычную непаўнавартаснасць, другараднасць, навязваюць ім пачуццё віны з-за адсутнасці ў іх чаканай „нацыянальнай свядомасці””[2].

Такім чынам, заходнерусізм, словамі аднога са сваіх найбольш інтэлектуальна яркіх прадстаўнікоў, пазіцыянуе сябе ў якасці ідэалагічнага падмурка часткі рускамоўных беларусаў здабыць легітымнасць сваёй ідэнтычнасці ў культурным і палітычным полі сучаснай Беларусі, супрацьпастаўляючы сябе беларускаму нацыяналізму, з’яўляючыся не проста альтэрнатыўным ці супраціўным яму, але, у нейкім сэнсе, другасным да яго (хаця, адзін з прадстаўнікоў заходнерусізму — С. Шыпценка — у другаснасці абвінавачвае «літвіністаў», якіх з беларускімі нацыяналістамі атаясамлівае[3]) Ідэолагі і прыхільнікі заходнерусізму пастаянна вядуць палеміку з беларускімі нацыяналістамі, якіх называюць «свядомымі». У выступе на канферэнцыі кіраўніка праекта «Западная Русь» Зялянкоўскі[4], як мінімум пяць разоў прагучала апеляцыя да «свядомых» і «нашых свядомых».

Хто такія гэтыя «свядомыя» на погляд западнарусістаў? Гэта «празаходняя апазіцыя», «нацыянальная інтэлігенцыя», «нацыяналістычныя дэмагогі», «нацыяналістычна арыентаваныя ідэолагі», «беларускамоўныя творчая інтэлігенцыя», «мясцовыя дэзінтэгратары». Гэта тыя, хто ў савецкі час быў «выгадаваны савецкай уладай”[5] і чый матэрыяльны дабрабыт залежыць ад распаўсюджання беларускай мовы, гэта для іх „сродак зараблення на жыццё”[6]. Для гэтага „свядомыя“ фальсіфікуюць гісторыю, уводзячы свае ідэі, і нават настолькі ў гэтым атрымалі поспех, злучыўшыся з нацыяналістычна арыентаванымі ідэолагамі, што нават здолелі супрацьстаяць таму, каб у праграму былі ўключаныя навучальныя дапаможнікі Я. Трашчанка, настаўнік Самаго Прэзідэнта, нягледзячы на падтрымку апошняга[7]! Гэтая празаходняя апазіцыя займае ў інфармацыйнай прасторы дамінуючае становішча[8]. Яны католікі ці ўніяты (альбо падтрымліваюць іх); у гады вайны — супрацоўнічалі з фашыстамі; яны адрываюць беларускі народ ад яго каранёў, засмечваюць беларускую мову паланізмамі; выкідаюць русамоўных пісьменнікаў з планаў выдавецтваў; як толькі яны прыйдуць да ўлады, то пачнуць ганенні[9].

У чым жа заключаюцца, на погляд Зелянкоўскага[10], фальсіфікацыі гісторыі, што твораць нацыяналісты?

— Для абгрунтавання ідэяў незалежнасці Рэспублікі Беларусь максімальна адарваць гісторыю ад расейскай, культуру ад Рускай цывілізацыі і этнічнае паходжанне беларусаў ад агульнарускага;

— Прапагандаваць гісторыю ВКЛ і асабліва яе сюжэты ўзброенага супрацьстаяння з Расеяй як гераічную гісторыю беларусаў;

— Прапагандаваць культуру польска-літоўскай шляхты як беларускую;

— Прапагандаваць польскія паўстанні на тэрыторыі Беларусі як барацьбу беларусаў за незалежнасць ад Расеі;

— Прыніжаць значэнне агульных з Расеяй ратных подзвігаў;

— Навязваць думку, што ў падмурку беларускай ментальнасці заходнія цывілізацыйныя каштоўнасці.

Інтэрпрэтацыя гісторыі з’яўляецца адным з найбольш актуальных палёў супрацьстаяння заходнерусістаў з «беларускімі нацыяналістамі». Заходнерусісты скрайне негатыўна характарызуюць увядзенне ўніі, паўстанне Каліноўскага, нацыянальнае адраджэнне пачатку ХХ ст., калабарацыянізм гадоў вайны, перыяд незалежнасці Беларусі да 1994 г. («часы так званай беларусізацыі, якой запраўлялі Шушкевіч з Пазняком”[11]); менавіта да гэтых гістарычных падзеяў яны звяртаюцца, пры гэтым прыпісваючы „свядомым“ акурат супрацьлеглае стаўленне. Станоўча, наадварот, ацэньваюцца далучэнне беларускіх земляў да Расейскай імперыі, ліквідацыя ўніі, уціск паўстання Каліноўскага, а таксама абранне Прэзідэнтам А.Лукашэнкі і інтэграцыйныя працэсы. Заходнерускія героі — гэта Сувораў, мітр. Іосіф Сямашка, генерал-губернатар Мураўёў, і ў нейкім сэнсе дзеючы Прэзідэнт Лукашэнка, якому заходнерусісты гатовыя памагчы ў фармулёўцы нацыянальнай ідэалогіі (насуперак нацыяналістычным ідэлогам) і супрацьстаянні „празаходняй апазіцыі“, а таксама ў інтэнсіфікацыі інтэграцыйных працэсаў. Так, Зелянкоўскі сцвярджае, што менавіта „Па меры ўзмацнення ў грамадстве такіх [фальсіфікатарскіх] перакананняў праз прапаганду ў навучальных установах і СМІ (як дзяржаўных, так і апазіцыйных), паступова пачаў наспяваць унутрыпалітычны крызіс, які выліўся ў шматтысячную дэманстрацыю ў час прэзідэнцкіх выбараў у 2010 г., і ў падзенне рэйтынга дзеючага Прэзідэнта. Відавочная сувязь паміж прапагандай ідэолагаў празаходняга нацыяналістычнага вектара і напружаннем у грамадстве… Заходнерусізм акурат здольны абмежавана дапоўніць тую першапачаткова выпрацаваную беларускімі ідэолагамі формулу дзяржаўнай ідэалогіі, пабудаваную на ўсечанай савецкай мадэлі”[12]; ці па меркаванні Баранчыка, „улада вымушаная з імі [празаходняй апазицыяй] змагацца без якогасьці навуковага падмурку. Разам з тым, мне здаецца, што заходнерусізм і з’яўляецца тым гістарычным і факталагічным падмуркам, які дазволіць беларускай дзяржаве усвядоміць сябе ў канчатковым выніку такім… што беларусы ёсць часткай Рускага свету і цывілізацыі”[13].

Акрамя дапамогі Прэзідэнту ў стварэнні дзяржаўнай ідэалогіі і супрацьстаянні празаходняй апазіцыі, заходнерусісты прапануюць сваю дапамогу ў інтэграцыі, у больш за тое, у фарміраванні і ўмацаванні альтэрнатыўнай Захаду цывілізацыі. Яны зыходзяць з таго, што існуюць розныя канкуруючыя цывілізацыі, і неабходна шукаць, як заўважыў у сваім выступе Трахімёнак, «хто твой хаўруснік у барацьбе за выжыванне ў міжцывілізацыйнай канкурэнцыі» на падставе «духоўных каштоўнасцяў, культуралагічных і каштоўнасных арыенціраў”[14]. Гэта можна праілюстраваць выступам Шыпценкі, які сцвярджае наступнае: „Заходнерусізм звернуты да натуральнага працэсу аб’яднання Рускага свету, Рускай зямлі, Рускай цывілізацыі. Станаўленне і развіццё Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, Мытнага Саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі і Казахстану не разглядаюцца як канчатковая мэта, але як неабходны прамежкавы этап, у працэсе якога эканамічнымі злучвамі, „мёртвай вадой“ будзе сцягнута парубленае цела Радзімы. Усе гэтыя прамежкавыя аб’яданні… павінны падрыхтаваць базіс для афармлення новага рэгіянальнага геаэканамічнага цэнтру, якія, па меры паглыблення інтэграцыі і нарошчвання магутнасці стане цэнтрам геапалітычным, элементам шматпалярнага светаўладкавання… Сучасныя заходнерусісты зыходзяць з фундаментальнага прынцыпа геапалітыкі, згодна з якім лімітрофы ад пачатку нежыццяздольныя, па вызначэнні не могуць прадэманстраваць высокую культуру, эканамічную і палітычныю самадастатковасць, не ў стане забяспечыць сваю бяспеку, асуджаныя лавіраваць паміж вялікімі дзяржавамі, поўзаць перад геапалітычнымі палюсамі… Заходнерусісты, адчуваючы сваё духоўную, цывілізацыйную едансць з Расеяй і Украінай, арыентуюцца на Маскву як „Трэці Рым””[15].

Іншы ідэолаг западнарусізму — Бендзін — лічыць, што «існуючыя працэсы беларуска-расейскай інтэграцыі адчуваюць цяжкасці не толькі ў выніку палітычных амбіцыяў і барацьбы кланавых бюракратычных інтарэсаў. Працэсы інтэграцыі буксуюць, не ў апошнюю чаргу, з-за практычнай адсутнасці іх ідэйнага, каштоўнаснага падмурку. Развіваючы эканамічную і палітычную інтэграцыю, палітыкі ўпускаюць інтэграцыю гуманітарную, на падмурку якой толькі і магчыма сапраўднае збліжэнне паміж двума часткамі аднага народу, раздзеленага палітычнымі межамі… Заходнерусізм у якасці інтэгратыўнай ідэалогіі як беларусаў, так і расейцаў, адрынаецца бюракратыя… Аднак ідэі заходнерусізму патрэбныя людзям як у Беларусі, так і ў Расеі — людзям, якія ўсведамляюць сваю этнічную і культурную прыналежнасць да Рускага свету”[16]. Не зусім ясна, аднак, якім чынам будзе вырашацца пытанне прыналежнасці да Рускага свету, калі часцяком інтэграцыйныя ідэі выходзяць па-за межы расейска-беларускай інтэграцыі і афармляюцца ў кшталт еўразійства. З аднога боку, канцэпцыя Рускага свету, якая падтрымліваецца і ажыццяўляецца Патрыярхам Кірылам, бачыць галоўны падмурак гэтага Рускага свету ў праваслаўі, таму ўключае ў Рускі свет таксама і постсавецкую Малдову, актуалізуючы супрацьстаянне з Румыніяй (і Румыснкім Патрыярхатам, лічачы Малдову — кананічнай тэрыторыяй РПЦ). З іншага боку, еўразійскія інтэграцыйныя праекты будуюцца на ўключэнні ў „рускую цывілізацыю“ Казахстана, які не можа пахваліцца ні этнічнай рускасцю, ні праваслаўнасцю, хіба постсавецкасцю і лаялаьнасцю да Расеі. Падобныя еўразійскія палітычныя і ідэалагічныя падыходы аформіліся ў арганізацыі „Еўразійскі народны саюз“, які імкнецца аб’яднаць тыя сілы беларускага грамадства, якія выступаюць за палітычную інтэграцыю ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Аднак не ўсе інтэлектуалы заходнерускай арыентацыі разглядаюць заходнерусізм у якасці палітычнай ідэалогіі ці бачаць неабходнасць палітычнай інтэграцыі вакол Масквы як эканамічнага і палітычнага цэнтру. Не аспрэчваючы неабходнасці альтэрнатыўнай «свядомым» гісторыі, яны грунтуюцца, хутчэй, вакол культурнага складніку ідэалогіі заходнерусізму. На канферэнцыі былі прадстаўленыя даклады, якія тычацца гісторыі праваслаўя ў Беларусі: даклад Валянціны Цяпловай «Праваслаўная гісторыка-царкоўная школа Беларусі XIX — пач.XX ст.: вытокі і традыцыі„[17], даклад Любові Ляўшун „Брэсцкая царкоўная унія (1596 г.) як крызісны фактар у гісторыі фарміравання беларускай культуры”[18]; прынялі ў канферэнцыі ўдзел і праваслаўныя святары БПЦ — Аляксей Хацееў і Аляксандар Раманчук. З гледзішча праваслаўных дзеячоў, заходнерусізм неадрыўна звязаны з адраджэнем Праваслаўя, „бо калі не будзе адраджэння праваслаўя, я не ведаю, якая можа быць сувязь“ (Хацееў[19]), „заходнерусізм… — пачуццё… сваёй крэўнай прылучанасці да Русі (не Расеі…), да яе шматвекавоў культуры, але перш за ўсё, на мой погляд, да Праваслаўя… Прычым Праваслаўе не ў сэнсе безумоўнага ўвалення ўсіх дзеянняў і поглядаў цароўнай адміністрацыі… Калі гэты падмурак „выдзернуць“ з-пад заходнерусізму, застанецца палітыка, якая, упэўнена, за некалькі гадоў запэцкае і загубіць ідэі і ідэалы заходнерусізму» (Ляўшун>[20]). Заходнерусісты праваслаўнай плыні грунтуюцца больш не на палітычных, этнічных канцэптах, а, хутчэй, на Праваслаўі, дзе гістарычныя даследаванні, галоўным чынам, спрыяюць рэабілітацыі Праваслаўя і яго гістарычнай ролі, прычым неабавязкова Праваслаўя маскоўскага, неабавязкова разглядаючы Маскву ў якасці цэнтра рускіх земляў, хаця і не адмаўляючы станоўчай ролі далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі ў к. XVIII–XIX ст., прымусовай ліквідацыі ўніі. Даючы падмацаванне палітычнай ідэалогіі заходнерусізму, яны адмыслова разводзяць яго і «культурны заходнерусізм»: «Палітыка менш за ўсё павінна тут удзельнічаць; у прыватнасці, з адчування сябе часткай „Рускага свету“ не павінна абавязкова (але толькі мае права „ў парадку прыватнай ініцыятывы“) следаваць жаданне палітычнага аб’яднання з Расеяй, таму што гэтыя рэчы, на мой погляд, зусім розныя, як розняцца духоўнае быццё і матэрыяльнае… Можна быць рускай і не жадаць аб’яднання з Расеяй» (Ляўшун[21]).

Адыход ад масквацэнтрычнасці дэкларуецца і іншымі беларускімі заходнерусістамі. Напрыклад, палітолаг Усевалад Шымаў, адзначае, што хоць у XIX ст. арыентацыя на Расею была заканамернай, але «ў сённяшняй сітуацыі, калі Расеі вельмі асалабленая і не выступае ў якасці такога прывабнага прыкладу для прыпадабнення, то успадкаванне той масквацэнтрычнай традыцыі з’яўляецца памылковай. Больш за тое, сучасны заходнерусізм, следуючы ў Расея-арыентаванай традыцыі, шмат у чым сам сябе заганяе ў тупік… Рускасць неабавязкова мае на ўвазе імкненне аб’яднацца з Расеяй.”[22]

Такім чынам, сучасны заходнерусізм, нягледзячы на некаторыя супольныя каштоўнасныя арыентацыі, якія тычацца, перш за ўсё, гістарычнага мінулага, а таксама дзейнасці сучасных нацыянальна-арыентаваных сілаў, выводзяць з гэтай еднасці зусім розныя палітычныя і культурныя імплікацыі. Калі для адных, заходнерусізм — гэта імкненне да палітычнага аб’яднання з Расеяй у розных формах, супрацьстаянне Захаду і палітычным праектам, з ім звязаным, то для іншых — гэта спосаб легітымізацыі сябе як рускіх, як рускіх у сэнсе праваслаўных, як праваслаўных у сэнсе рускіх, альбо проста рускамоўных — у кантэксце сучаснай Беларусі. Пры гэтым, як нельга звязваць заходнерусізм з пра-расейскасцю і пра-маскоўскасцю; нельга з заходнерусізмам наўпрост звязваць і праваслаўе, хоць у сучасным беларускім праваслаўі менавіта заходнерусізм з’яўляецца пераважным трэндам, які праяўляецца ў жорсткім непрыйманні уніі і уніяцтва; і цяпер выражаецца ў руху па кананізацыі мітр. Іосіфа Сямашкі; у разглядзе Праваслаўя як сапраўднай беларускай рэлігіі; тым не менш, ідэнтычнасць праваслаўя для праваслаўных заходнерусістаў палягае зусім не толькі ў XIX ст., але і ў Вялікім княстве Літоўскім, рускі складнік якога яны падкрэсліваюць, і ў старажытных рускіх княствах. Таму Афанас Брэскі ці Сцяфан Зізаній, Канстанцін Астрожскі і Сафія Слуцкая — для іх не меншыя гістарычныя героі ў параўнанні з мітр. Іосіфам Сямашкам. Ды і не ўсе яны з’яўляюцца пагалоўна расейскамоўнымі. І гэта істотна адрознівае іх ад прыхільнікаў Рускага міра ў Рускай Праваслаўнай Царкве ў самой Расеі. Прысутнасць праваслаўных святароў на канферэнцыі не сведчыць жорстка пра выключную заходнерусісцкую яе пазіцыю, бо і на міждысцыплінарным круглым стале «Распад Расеі» таксама ў якасці афіцыйнага прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы быў адзін з яе клірыкаў.

На мой погляд (хаця я не прэтэндую на лаўры А.Цвікевіча), заходнерусістам палітычнага накірунку жыццёва неабходныя «духоўныя» заходнерусісты, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі, спараджаюць культурныя прадукты, якія могуць падтрымаць дадзеную ідэалогію. А вось «духоўных» заходнерусістаў, падобна на тое, досыць напружвае «ўцягненасць» у палітыку. Канферэнцыя і дыскусіі на ёй паказалі, што сучасны заходнерусізм едны ў сваім успрыняцці мінулага, але досыць аморфны па сваіх мэтах. Магчыма, што дыялог заходнерусістаў прывядзе да ўзгаднення гэтых пазіцыяў; але ёсць вялікая рызыка ў тым, што нягледзячы на агульныя пазіцыі па гістарычных пытаннях, а таксама на еднасць некаторых тактычных мэтаў (кананізацыя мітр. Сямашкі), гэтыя дзве групы будуць яшчэ больш аддаляцца, і верагодна, аформяцца ў розныя рухі.


[1] http://nmnby.eu/news/discussions/4810.html

[2] http://zapadrus.su/zaprus/filzr/579-2012-03-01-11-53-05.html#comments.

[3] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/625--q-q.html

[4] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/624--l-r.html

[5] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/607--l-r.html

[6] Там жа.

[7] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/624--l-r.html

[8] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/631--l-r-.html

[9] Там жа.

[10] Там жа.

[11] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/630--l-r-.html

[12] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/624--l-r.html

[13] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/631--l-r-.html

[14] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/630--l-r-.html

[15] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/625--q-q.html#comments

[16] http://zapadrus.su/zaprus/filzr/579-2012-03-01-11-53-05.html

[17] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/626--l-xix-xx-.html#comments

[18] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/608--l-1596-r-.html#comments

[19] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/630--l-r-.html

[20] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/629--l-r-.html

[21] Там жа.

[22] http://zapadrus.su/2012-04-11-14-59-43/2012-04-11-15-07-21/2012-05-02-16-44-55/630--l-r-.html