Изюминкой завершившегося 63-го Каннского кинофестиваля Вы назвали фильм Сергея Лозницы «Счастье мое». Как эта лента была встречена экспертами кинофеста? Какие еще ленты конкурсной программы фестиваля Вы бы выделили?

Андрэй Расінскі. Сапраўды, удзел Сяргея Лазніцы ў гэтым кінафэсце — гэта прыемная нечаканасць для Беларусі. Сам Лазніца — ураджэнец Баранавічаў, вучыўся ў Кіеве і Маскве, фільмы здымаў у Расеі, а цяпер жыве ў Нямеччыне.

Лазніца заслужыў славу прыжыццёвага класіка дакументальнага кіно: у ягоных фільмах («Паўстанак», «Пасяленне», «Блакада») у чорна-белых кадрах праступае вечнасць. Рэжысёр часта бывае ў Менску, ён сябра Віктара Аслюка — і нат мантажаваў у яго дома нештака са сваіх стужак.

«Шчасце маё» — ягоная першая ігравая стужка; яна знятая па ўласным сцэнары. (Дарэчы, такой стужкай магла стацца экранізацыя аповесці Васіля Быкава «У тумане», але на яе ніхто не хацеў даваць грошай.) Карціна «Шчасце маё», знятая на Украіне, на украінскія, нямецкія і галандскія грошы. Галоўную ролю грае — беларускі актор Віктар Немец з Тэатру Юнага Гледача, а гукарэжысёр — Уладзімір Галаўніцкі (якога я назваў бы беларускім магам кінагуку). Галоўны герой стужкі — кіроўца, які збіўся з дарогі ў расейскай правінцыі і, сутыкаючыся з месцічамі, заглыбляецца ў сэрца зла. Шакаваная канская публіка ўспрыняла карціну, як ледзьве не фільм жахаў, параўноўвалі стужку з гратэскамі Кафкі і Ханэке, але Лазніца абапіраўся на рэальныя гісторыі, што чуў, калі здымаў свае дакументальныя карціны.

Інтрыгай Канскага фэсту было сутыкненне фільму Лазніцы — з карцінаю Міхалкова «Стомленыя сонцам 2». Калі Лазніцу ўзнагародзілі бы, то гэта выклікала бы найдзічэйшы крык, прынамсі, у Расеі.

Старшыня журы Цім Бёртан, ужо запрошаны Міхалковым на фэст у Маскву, тактоўна ўхіліўся ад палітычнага выбару, і паліткарэктна ўзнагародзіў «Залатой галіной» тайскага рэжысёра Апічатпонга Веерасетакула за фільм «Дзядзька Бунмэ, які памятае свае былыя гады». Француз Мацье Амальрык атрымаў прыз, як найлепшы рэжысёр, з карцінаю «Гастролі». Жульет Бінош і Хаўер Бардэм былі ўзнагароджаныя, як найлепшыя акторы — у фільмах Абаса Кіарастамі і Аляхандра Гансалеса Іньярыту.

Калі казаць пра стужкі конкурснай праграмы, то сёлетнія Канскія фільмы мы яшчэ толькі пабачым (карціну Міхалкова, на жаль, ужо пабачылі).

А фестывальныя рэйтынгі паважанага часопісу «Screen» (працытаваў Валер Кічын) выглядалі так:

«Яшчэ адзін год» Майка Лі — 3,4 балы

«Багі і людзі» Ксаўе Бавуа — 3,1 балы

«Ірландскі маршрут» Кена Лоўча — 2,7 балаў

«Прынцэса дэ Манпасье» Бертрана Таверн’е — 2,4

«Завераная копія» Абаса Кіарастамі — 2,2

«Шчасце маё» Сяргея Лазніцы — 2,1

«Прыгажэсць» Аляхандра Гансалеса Іньярыту — 1,9

«Лютасць» Такешы Кітана — 0,9