Радыкальная культурная палітыка ў сваю чаргу можа атрымаць плён, адно калі ўсвядоміць, што яе спробы кіравання ідэалогіяй культуры не могуць заставацца апрычонымі толькі галіной самой культуры.

1. Культура ў Беларусі, як зрэшты і палітыка, і шмат якія яшчэ сфэры грамадскага і прыватнага жыцця, стаецца праявай глабальнага спэктаклю**. Гэта не значыць, што падобнае не адбываецца да прыкладу ў Заходняй Эўропе, Паўночнай Амерыкі ці Расіі, гэта значыць, што нас гэта тычыцца гэтаксама дакладна.

2. Спэктакль выяўляе сябе перадусім у адчуванні ненатуральнасці, альбо штучнасці таго, што прапануецца пад пэўнай шыльдай. Гэтае адчуванне можа быць акрэсленым больш ці менш значна, але яно спрычыняе пэўны недавер да сістэмы ў цэлым. Калі збольшага засяродзіцца на сферы культуры, дык спэктакль у ёй адмыслова выказвае сябе праз панаванне вобразу і медыя над зместам, знаку над рэчмі, выцясненнем рэальнасці ягонай сымбалічнай імітацыяй. Дасюль культура не стаецца якімсьці больш прывілеяваным увасабленнем спэктаклю, чымся тая ж палітыка, хаця і адпачатку мае справу з вобразамі; яна наўпрост ёсць таксама яго ўвасабленнем, але на ўласны почат.

3. Культура выступае пераважна як пэўная ідэалогія, абрынутая на апрычоныя выспы матар’яльнага. Гэта значыць, што пераважна называнае «культурным прадуктам» — разнастайныя выявы, кнігі, будынкі, тэатральныя пастановы і г. д. — знаходзіцца ў дачыненнях залежнасці ад ідэалогіі свайго стварэння і прачытання. То бок існуюць пэўныя каноны і прадмеркаванні наконт таго, што з’яўляецца культурай, і пэўныя ўдалыя ці няўдалыя спробы навязання новага «культурніцкага парадку» з боку саміх дзеячоў культуры альбо іншых інстытуцыяў. Пра паспяховасць падобных інтэрвенцыяў у культуру зазвычай сведчаць новыя формы публічнага дыскурсу на тэму культуры, якія легітымуюць права пэўных людзей менавацца творцамі, а прадуктаў іхнай дзейнасці — культурнымі прадуктамі. Дарэчы, пытанні мастацкай вартасці ці іншыя адцягненыя катэгорыі эстэтычнага разважання зусім не абавязкова граюць тут пераважную ролю. Але існаванне падобнай ідэалогіі натуралізуе нашую веру ў тое, што зусім не кожнае стварэнне рук чалавечых належыць да культуры.

4. Культура як панаванне спэктаклю ў Беларусі сёння звязаная з прагай забяспечыць паспяховае культурнае развіццё водле эканамічнай логікі капіталу (прыбытку) і вольнага рынку, якія адмыслова спрычыняюць культуру грамадскага спажывання. Логіка спажывання не мае быць ацэненай як нэгатыўная альбо пазітыўная, бо зыходзіць з зусім іншых крытэраў ацэнкі (пераважна, эфектыўнасці), але яна спрычыняе такую ідэалогію культуры, дзе творца непазбежна стварае прадукт, які можа і павінен быць ацэнены па рынкавым кошце, а ягоны спажывец рэалізуе свой попыт на культурны тавар водле законаў спажывецкай вартасці. Развіццё культуры адбываецца ў межах працэсу культурнай індустрыі, а ейныя прадукты адпачатку набываюць статус тавару праз логіку камадыфікацыі (Ф. Джэмісан). Каб быць больш паспяховым (эфектыўным) у культуры, трэба быць больш і лепш прадаваным. Культура спажывання — гэта такая культура, дзе аўтар апынаецца прадаўцом, глядач — спажыўцом, а твор стаецца таварам. Зрэшты нават не Таварам, а наўпрост — таварам, спасярод іншых у спажывецкім кошыку.

5. Культура спэктаклю як спосаб спажывання культурнага прадукту знітаваная з іншымі сфэрамі жыцця, і яднае яе з імі перадусім агульная логіка эканамічнага поспеху як мэты і сродку дасягнення належнага развіцця. У варунках гэтай логікі сэнс больш не можа існаваць па-за сістэмай нутраных дачыненняў, а ягоным асяродкам стаецца ўніверсальная эквіваленцыя абмену (знакавая, грашовая) — там сэнс пазбаўлены ўсялякіх стасункаў з рэальнасцю і функцыянуе адно як выражэнне выбару без выбару, што зрэшты спрычыняе нігілізм найноўшага жыцця (Дж. Ваціма). Нашае існаванне, як прыватнае, гэтак і грамадскае, пачынаюць вызначаць уяўныя выбары ў межах скалапсаванай мадэлі спажывецкага свету, дзе новай мадэлі аўто, падарожжу на Гоа і наведванню мастацкай галерэі знаходзяцця адмысловыя грашовыя адпаведнасці.

6.Выбар без выбару ілюструе страту ўсялякіх аўтэнтычных схемаў рэферэнцыі, у тым ліку і ў галіне культуры, і выражае навязанне новага парадку выбару як выбару больш інтэнсіўнага спажывання. Напрыклад, нам прапануюць набыць новую мадэль мабільнага альбо кампутара не таму, што больш старыя мадэлі не выконваюць сваіх функцыяў, а таму што больш новы тавар адмыслова валодае большым наборам гэтых функцыяў, то бок гарантуе падвышаны лад спажывання жыцця (які ўдала замяняюць паняткам яго якасьці) праз рэалізацыю існых і ўяўных патрэб чалавека (тэлевізар з функцыяй мікрахвалявай гатоўкі). Тое ж самае адбываецца ў рэчышчы культуры: мы маем развіваць беларускую культуру і ставараць усё большую культурную прапанову не таму, што нам замала Багушэвічаў, Коласаў ці Караткевічаў, каб сцвярджаць яе існаванне, але таму, што новым пакаленням спажыўцоў патрэбныя культурныя прадукты з большай сукупнасцю функцыяў і належным мадэрным дызайнам. Тэхнічная навіна стаецца чымся большым за мастацкую вартасць, за індывідуальнае здавальненне, яна сама мае спрычыняць гэтае здавальненне безадносна чаго іншага. Здаецца, гэта не віна, але бяда сюрэалізму, кубізму і іншых мастацкіх рухаў, якія жадалі пераадолець старыя культурніцкія формы праз радыкальнае сцвярджэнне навіны, што іхныя высілкі спрыялі адно ўкараненню ў культуры логікі спажывання ўсяго новага і скіраванню яе на спраўныя эканамічныя рэйкі (нездарма найбольш дарагімі зараз стаюцца творы менавіта мадэрнага мастацтва).

7. Культура спэктаклю з ягоным культам твора-тавара не ёсць адмыслова першай спробай адбудавання ідэалогіі культуры, нават у адносна маладой культуры беларускай. Некрытычнаму воку можа падавацца, што культура ствараецца нібы саматугам праз наўпростае павялічэнне культурнага прадукту, які пазней набывае пэўныя свае тлумачэнні і абагульненні. Насамрэч гэтае нібыта адвольнае яе развіццё ужо адпачаткова грунтуецца на адпаведным падмурку ідэалогіі, бо спрадвек культура мае зусім не выпадковую значнасць для чалавека. Перадусім ідэалогія ранніх культураў, як і ідэалогія грамадскага жыцця наогул, завіхалася вакол катэгорыі сакральнага: было нешта надзвычай дзіўнае ў гэтай здольнасці чалавека спараджаць нештака новае, маўляў з нябыту, падобна багам. Нездарма ў платонаўскім «Іёне» творца адмыслова аб’яўляецца боганатхнёным, бо крыніца ягонага таленту — трансцэндэнтная, мае боскае паходжанне, а найвялікшы мастак ды майстар — Бог-дэміюрг, ва ўпадабненні якому робіць чалавек. Культура сакральнага вымагала прызнання вышэйшай мэты культурнае творчасці, мэты, адпачатку недасяжнай для чалавечага клёку, але прыдатнай для ягонага ўшанавання, як зрэшты і ўся боская творчасць — абсалютнага дабра і хараства. Нездарма ідэалогія сакральнага вымагала на сыметрычнае гадаванне чаловечай свядомасці як духу, адпаведную мадэлю грамадскага жыцця і выштукарванне сакральнай прасторы культуры. Тут культура ёсць носьбітам і адбіткам пазаіснага, яна сягае вечнасці і патрабуе гэтага ад сваіх творцаў і іншых адэптаў культуры. Яе кульмінацыяй для Эўропы працяглы час была культура хрысціянская.

8. Паралельна і троху ў альтэрнатыву да культуры сакральнага таксама здаўна развівалася і праграмавалася культура маральнага як пэўны выклік з боку напаўсэкулярызаванай антычнасці, што замахнулася пэўным чынам пазасвоіць трансцэндэнтны ідэал у абліччы натуральнай маралі. Ідэалогія маральнага ўсталёўвалася пераважна за кошт гвалтоўнага выцягнення апрычонага панятку Дабра з трансцэндэнтнай у іманентную плоскасць. Адным з найбольш апантаных апалагетаў падобнай ідэалогіі стаўся згаданы Платон, які спрабаваў разважліва распавесці пра вялізнае маральнае значэнне мастацтва ў прыватнасці і культуры наогул. Ідэальнай мэтай творчасці і яе ўспрыймання для маральнай культуры стаецца гадаванне грамадскіх нораваў, паляпшэнне чалавечай прыроды, такім чынам самапераўзыходжанне. Адно тое, што можа забяспечыць выкананне гэтага шляхетнага ідэалу мае быць акрэсленым у якасьці культуры, усё ж астатняе — варта бяз жалю выкінуць вонкі. Да прыкладу, «нэгатыўная» трагедыя ці «нізкая» камедыя — гэта не культура, а вось ваенныя маршы ды гімны багам — культура годная. Бадай тое ж самае тычыцца не толькі інтэлектуалізаванай культуры антычнага часу, але і зусім мадэрнага грамадства савецкага ўзору. І гэта не выпадкова, бо тут чалавечая свядомасць, грамадскае жыццё і культура мелі разам утвараць падабенства бога на зямлі, ствараць гармонію сфэраў, зладзіць вялікі чалавечы Праект, зрабіць тытанічны прарыў.

9. Бадай найбольш вытанчанай і самаўтрапёнай з культур, збудаваных на ідэале, сталася культура генія, ідэалогію якой гэтак трапна зацвярджала эпоха рамантызму ды апасля ейная экзістэнцыяльна-персаналісцкая рэінкарнацыя. Постаць генія — надзвычайнага творцы, які праз моц уласнага таленту спрычыняе да жыцця велічныя творы культуры, патрабуе ўсталявання зусім новай мэты культуры — ўтрапёнага раскрыцця шыкоўнага багацця чалавечай натуры: гэткі радыкальны гуманізм, памножаны на веру ў адмысловую крэатыўнасць чалавечага духу. Культура генія — гэта высакародная культура элітарнага густу, развіцця і бясконцага ўдасканалення эстэтычнага ўспрыймання, пакланенне ідалу Прыгажосці і шанаванне інтуіцыі. Гэтая магчыма найменш гістарычна зрэалізаваная форма традыцыйнай культуры паўстае як спроба стварыць арыстакратычны вобраз жыцця на тле сацыяльнага і светапогляднага расслаення, найбольш акрэсленая элітызмам спроба, якая адмыслова атрымала захуткую паразу ад эгалітарыскай мадэлі буржуазнай культуры спажывання. Апошняя бадай канчаткова вызначыла прынцыповую роўнасць усіх спажыўцоў і творцаў культуры, роўнасць, дасяжную за кошт выцяснення нормаў эстэтычнага густу і г. д., і здыманую адно праз адпаведную няроўнасць даходаў. Тым самым з нагоды нівелявання крытэру аўтэнтычнасці здымалася прынцыповая розніца паміж «высокай» ды «нізкай» культурамі.

10.Культура спэктаклю, альбо культура спажывання атрымала свае ўстойлівае ўвасабленне разам з усталяваннем мадэрных прынцыпаў эканамічнага і палітычнага жыцця. Фактычна рэквіюмам культуры маральнага і знакам паўставання новай ідэалогіі стаўся вядомы даклад Ж.-Ж. Русо, у якім ён канчаткова абвяргае здольнасць мастацтва і навукі садзейнічаць паляпшэнню нораваў, то бок выкананню велічнай маральнай місіі. Культура нованароджанага буржуазнага (мяшканскага) грамадства адмыслова пачала шукаць сабе новыя чыннікі для спрычынення культурнага развіцця. Заміж пошукаў у галіне трансцэндэнтнага ды ідэальнага яе ідэалогія пачала ўвасабляць прынцыпы непасрэднага і канчатковага здавальнення ў якасьці сваёй мэты. Здавальненне — гэта найпершая, вокамгненная рэакцыя на культуру, канчатковае ўвасабленне трансцэндэнцыі ў найбольш іманентным, нават інтымным. Нездарма барочнае захапленне далікатнымі мастацтвамі сталася адзнакай гэтага новага стылю. Здавальненне павінна было гарантаваць адпачатку наўпростае валоданне раней недасяжнымі для буржуа рэчамі — творамі культуры, пасля яны сталіся адзнакай ягонага новага статуса і здавальненне спрычынялася шанаваннем гэтай статуснасці. Яшчэ пазней на перакручаны лад пачаў паўставаць новы элітызм з нагоды спажывання абмежаванага і дарагога культурнага прадукту насуперак масе простага люду, дзе не гэтак важная мастацкая вартасць прадукту, колькі абмежаванасць ягонага карыстання. Нарэшце, з канчатковым усталяваннем грамадства спэктакля культура стаецца ўвасабленнем сканцэнтраванага спажывання і яе творы маюць адпавядаць стандартам разнастайнасці (дзеля імітацыі спажывецкага выбару), дасяжнасці (водле розных катэгорыяў спажыўцоў) і прадавальнасці (твор, які не мае спажыўца, не ёсць сапраўдным, гэта смецце, трэш). Тут культура рэалізуе сябе як камерцыя, а твор як тавар: культурны прадукт — гэта тое, што мае належную цану (той жа мяшок смецця, выстаўлены Амстэрдамскім музэем сучаснага мастацтва і ацэнены ў дзесяць тысяч даляраў, зусім не той жа самы мяшок смецця, што б на гэты конт не думала няўрымслівая прыбірачка). Відочна праз гэта сучасная культура збольшага ўсяжэрная і найліберальная, што да формаў культурнай дзейнасці і ейных прадуктаў.

11. Лічы апошнім выбухам і адначаснай паразай культурніцкай рэвалюцыі была спроба ўсталявання новай контр-культуры ў дачыненні да культуры відовішчнага спажывання — культуры авангарду. Яе правадыром былі паўсталыя на мяжы стагоддзяў мастацкія рухі, што зыходзілі з ідэалу радыкальнай навіны, праз што і набылі адпаведнае ім найменне мадэрнага мастацтва. Навіна як прынцып усталявання мастацтва і культуры мела слугаваць у якасьці контр-ідэалу да буржуазных каштоўнасцяў традыцыйнага мастацтва, успадкаваных ад знямоглай арыстакратыі. Удар па логіцы спажывання і відовішчу belle Monde, свету прыгожай ілюзіі спажывецкага раю зыходзіў аднізу як форма сацыяльнага ды гістарычнага пратэсту. Паказ жабрацкага споду капіталістычнага свету выражаўся сюжэтна і праз пошукі новых мастацкіх формаў, неангажаваных спажывецкай культурай. Мэтай стання падобнай культуры заставалася навіна як гэткая, як прастора свабоды, незамкнёнасці, непрадавальнасці. Але захутка, разам з выйгрышам/ покрышам барацьбы працоўных за свае правы ідэал культуры авангарду пачынае паступова праглынацца ўсяжэрнай культурай спажывецкага спэктаклю, што падвысіла сярэдні ўзровень жыцця працоўнага і дала яму магчымасць выхаду да раней недасяжнага культурнага спажывання. Апрычоная культура авангарду, ад якой у такім разе заставалася адно форма, але не змест, далей ужо не магла трываць падобнага праглынання і сама спарадзіла адзін з лёзунгаў падвышанага спажывання — яно павінна быць інтэнсіўным. Чым больш навіны, тым больш прапановы; чым больш прапановы, тым інтэнсіўнейшае спажыванне. Спажывай новае — жыві марай! Выхоўвай ідэал абсалютнага спажывання — гарантаваная навіна мае забяспечыць бясконцасць працэсу, бо мэтай спажывання і ёсць гэтая бясконцасць спажывання.

12. Класічныя культуры, пабудаваныя на ідэале святасці, дабра ці хараства, валодаюць пэўнай доляй рэзістэнтнасці, што да залучэння ў іхны абсяг іншародных элементаў. То бок існаванне ідэалу мела на ўвеце сцвярджэнне пэўнай апазіцыі вартага і нявартага, годнага і нягоднага, прыгожага ды брыдкага, водле якой зусім не ўсё магло быць залучаным у межы культурнага, наадварот, пэўная частка створанага чалавекам магло выглядаць і як анты-культурнае, разбурэнне культуры. Як тое, што спрычыняе здзек над багамі і выслаўляе жывотную пошасць для культуры сакральнага ці шалёны грукат і енкі дзікуноў-гунаў, якія разбураюць музычныя сугуччы Паднябёснай. Ідэалогія культураў-ідэалаў надзвычай рэзістэнтная да ўсяго, што вылучаецца па-за яе межамі і таму іх успадкаванне павязанае з пэўнымі акалічнасцямі і ўмовамі. Ідэалогія спэктаклю спакваля разбурае гэную рэзістэнтнасць і распрасцірае межы культуры бадай у бясконцасць коштам ейнай надзвычайнай няпераборлівасці. Практычна няма абмежаванняў на карысць таго, як ажыццяўляць культурніцкую актыўнасць, альбо што ўважаць за культурны твор, апрача адной, але важнай умовы — гэта мае быць як мага больш відовішчным, каб лепей прадавацца. Таму для культуры спэктаклю няма нічога супярэчлівага ў паяднанні рэчаў зусім адрозных — знарочнай пабожнасці з непрыхаваным блюзнерствам, выкшталцоўнай далікатнасці і брутальнасці. Прадаецца бо ўсё, на кожын тавар свой пакупнік. Культура спэктаклю з ейнай ідэалогіяй спажывання не мае патрэбы вынішчаць рэшты апрычоных культур-ідэалаў, яна наўпрост залучае іх рэшткі, трапна навесіўшы на ніх біркі з новымі коштамі і стварыўшы новы тавар на тле памяці: антыкварыят зрэшты ў цане. Калі зараз модны рэлігійны тавар, мы прапануем Вам колькі сакральнага, калі ж паўстане попыт на мараль, ён таксама мае быць зрэалізаваны, ды хай сабе нават попыт на самагубства, ёсць спецыяльная прапанова на вяроўку і дарэмнае мыла. Адзінае, што ўважае спэктакль за не-культуру — гэта тое, што нікому нельга запрадаць. Для яго гэта страшэнная аблуда і парушэнне усялякай мэтазгоднасці. За гэтым выняткам ён рыхтоўны залучыць у сябе нават наўпростую крытыку.

13. Беларуская культура інтэнсіўна развівалася праз усе азначаныя формы культурнай ідэалогіі. Калі быць гістарычна дакладнымі і не спрабаваць сягаць за межы ХІХ стагоддзя, у якім яна беспасярэдне паўстала ў нацыянальнай форме цягам дзейнасці пэўных ідэёлагаў гэтай культуры (шмат якія не былі нават этнічнымі беларусамі), трэба прызнаць, што дагэтуль яна развівалася хутчэй у агульным эўрапейскім кантэксце з мінімальным этнічным кампанентам адметнасці. Прынамсі сцвярджаць існаванне адпаведнай беларускай культуры да ўсталявання мадэрнага паняцця беларускай нацыі — збольшага займацца міфатворчасцю. У лепшым выпадку мы зараз можам прэтэндаваць адно на ўспадкаванне культурніцкага плёну тых папярэдніх часоў. Трапна заняўшыся падобным культурным засваеннем і стварэннем міфу спрадвечнай нацыянальнай гісторыі і культуры першыя дзеячы беларускай культуры грунтаваліся пераважна на ідэалогіі сакральнага і маральнага, акрэсліўшы вонкавыя межы сакральнага праз паняцце нацыянальнага. Перажыўшы за савецкім часам росквіт культуры маральнага (маралі новага грамадства) з паасобнымі выспамі культуры генія, а таксама культуры авангарду, якія раз-пораз спрабавалі для сябе акрэсліць пэўныя беларускія культурныя дзеячы, мы нарэшце (прыблізна ад набыцця незалежнасці) канчаткова абрынуліся ў вір глабальнага спэктаклю. Апошняе было як непазбежнай сканаванасцю хода падзей, гэтак і спрычынялася скуткам высілкаў у спробах кіравання ідэалогіяй культуры.

14. Выбар на карысць ідэалогіі спэктаклю, што да найноўшага этапу развіцця беларускай культуры, быў абумоўлены перадусім характарам шчыльнага залучэння лакальных грамадскіх, палітычных і эканамічных парадкаў у глабальную прастору, што прадвызначала панаванне эканомікі вобразаў над усімі сфэрамі жыцця. Ідэя актыўнага спажывання стаецца галоўным рухавіком усіх азначаных працэсаў, а наладжаныя тэхналогіі медыя-прапановы задаюць неабходныя стандарты і ўзровень таго спажывання. Што да культуры, дык адпаведным першым зрухам «падзення жалезнай заслоны» сталася адмысловае інтэнсіўнае спажыванне раней бадай забароненай культуры інтэрнацыянальнай, якое досыць плынна змянілася на цікавасць да стварэнне больш дасяжнага і адаптаванага нацыянальнага прадукту пад слоганам «купляй беларускае!» Неабходнасць штучна запаўняць мясцовы рынак культуры, якая транслюецца на дзяржаўным узроўні, з’яўляецца праявай эканамічнай логікі імпартазамяшчэння, стварэння мытных бар’ераў, падвышэння капіталізацыі нацыянальнай эканомікі — усяго таго, што регулюецца заканадаўча ў межах абавязковых сямідзесяці пяці адсоткаў культурнасці. Якасьць мясцовага тавару ў межах нацыянальнага пратэкцыянізму — рэч найменей істотная, галоўнае, каб ён быў і паслабляў экспартовую напругу. Праўда што, для спэктакля справа якасьці — гэта заўжды справа лепшага піяру. Зыходзячы з неабходнасці стварэння і кантролю мясцовага рынку культурнай прапановы, дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне кіруецца патрэбай забеспячэння экстэнсіўнага валу культурніцкай прадукцыі. Але патрапляе ў відочную супярэчнасць, калі спрабуе сумяшчаць ідэалогію спажывання з ідэалогіяй сакральнага і маральнага, у якасьці сакрума і крытэра маральнасці змясціўшы панятак самой дзяржавы, і адлучыўшы ад сваёй падтрымкі шматстайны пласт «нефарматнай», ці «недзяржаўнай» (не-)культуры. Але супярэчнасць гэтая выглядае адно як вонкавая, бо праз фармаванне сваёй «афіцыйнай» культуры дзяржава спараджае адную магістральную прапанову, што падтрымлівае і замацоўвае відовішчнасць і эфектыўнасць менавіта мясцовага спэктаклю. Тое ж, што не трапіла ў пракруставы ложак «афіцыйнай» культуры змушана выштурхнутае на вольны рынак — прастору самаразвіцця і самазабеспячэння, дзе для творцы, які мусіць жыць на заробак ад сваёй дзейнасці, магчымасць быць прадаваным і спажываным выступае ледзьве не як адзінае выйсце. Гэта спрычыняе «вольных творцаў» рабіць паспяховы культурны тавар з арыентацыяй на спонсарскую падтрымку альбо нутраны/экспартны попыт — такім чынам, ужо з іншага боку спараджаючы камерцыяналізацыю культуры, то бок удзел у спэктаклі глабальным. Тое, што спэктакль мясцовы і глабальны — узаемазвязаныя, гэта праўда, якую варта даводзіць за асобным разам, але праз гэта не менш дзейсная.

15. Кожын раз у залежнасці ад таго, якая базавая ідэялагема складае стрыжань культуры, прадвызначаецца верагодны характар і напрамак яе развіцця, як тая ідэальная мэта, што праз культуру пераследуецца. Для культуры сакральнага — гэта найвялікшая боская эпіфанія, самавыяўленне трансцэндэнтнага як развіццё сымбалічных формаў і духоўнага зместу; для культуры маральнага — удасканаленне нораваў і самапераўзыходжанне чалавечага як развіццё маральнага зместу ў наймага спрошчаных формах; для культуры генія — раскрыццё чалавечай крэатыўнасці і вытанчанасці як развіццё новых формаў ды акцэнтацыя гуманістычнага зместу. Зрэшты культура спэктаклю ставіць сабе за мэту стварэнне свету падвышаннага спажывання праз развіццё як мага больш відовішчных формаў і пярэстага зместу культурнага прадукта. Калі ж перад культурай наўпрост вылучаюцца пэўныя мэты і дэкларуецца неабходнасць яе развіцця, заўжды паўстае спакуса заняцца культурнай палітыкай, то бок жаданне ачоліць увесь згаданы культурны працэс. Такім узорам культурнага палітыка можа ставацца, напрыклад, Платон (хаця ён, дарэчы, збольшага тэарэтык, чымся практык). Прага кіраваць культурным працэсам можа ўтойваць альбо чыесьці жаданні змяніць на ўласны капыл адно пэўныя акцэнты культуры ўважаючы на кансэрвацыю існага культурнага стану, альбо імкненне да радыкальных зменаў. Першае зачаста сканчваецца для аматараў культурнай палітыкі паспяхова, апошняе зарэдка прыводзіць да плёну. Перадусім праз тое, што культурная палітыка ніколі не дзейнічае аўтаномна, як бы гэта не карцела сцвярджаць яе прыхільнікам.

16. Безумоўна кіраваць культурай наўпрост зацяжка, калі і прынцыпова магчыма, хутчэй рэалізуюцца больш мягкія тэхналогіі — уплыву, стылёвай карэкцыі, намаўлення. Да прыкладу, існуюць магчымасці ўплываць на пераважны выбар сюжэтаў для мастацтва альбо формаў іх увасаблення, намаўлення высокай культурніцкай вартасці адных твораў перад іншымі, карэкцыі культурнага прадукту праз інстытуты мастацкай крытыкі і г. д. Нашмат цяжэй паставіць сабе за мэту і зрэалізаваць суцэльны паварот культуры, калі ёсць трывалае адчуванне, што яе існы стан — стабільная дэградацыя або вычужэнне самасці ейных рэцыпіентаў. Для таго, хто паспрабуе ажыццявіць падобную радыкальную культурную палітыку, заўжды замала кропак, каб дастасаваць свой вагар і зрэшты «перагарнуць Зямлю». Завалодаць механізмамі здзяйснення непасрэднага ўціску на культуру (напрыклад праз культурныя фонды, музэі, дзяржаўныя ўстановы) замала, каб рабіць тую палітыку эфектыўна. Перадусім трэба ведаць, што рабіць. Але хто можа адказаць адпаведна і дакладна, што варта рабіць у культуры, а што не? Ці дадуць тут рады «экспэрты» альбо кірмашовая дэмакратыя?

17. Сцвярджаць, што найноўшая беларуская культура ёсць культурай спэктаклю — увасабленнем сусвету імітацыі і спажывання — гэта не значыць рабіць маральныя высновы. Для многіх, магчыма нават бальшыні спажыўцоў ды гандляроў культурнага тавару — гэтая ідэалогія культуры выглядае як найбольш дастасаваная да патрэб чалавека і верагодна найбольш дэмакратычная. Яна дазваляе кожнаму існаваць у ягонай уласнай уяўнай мадэлі свету (паяднанай глабальнай сецявінай мас-медыя і інтэрнэт). Карыстацца прынцыпам спажывання як абсалютным крытэрам індывідуальнага і грамадскага прагрэсу. Нашая будучыня палягае ў павялічэнні колькасці і якасьці спажыванага. Культура, як зрэшты і ўсё астатняе, працуе на забяспячэнне нашага здавальнення, адчування дабрабыту. Праблема паўстае для верагоднай меншасці тых, каго формула «твор — гэта тавар» цалкам не здавальняе. Для гэтых людзёй, асобных ці паяднаных гуртком аднадумцаў, магчымым выхадам за межы культуры спэктаклю ўяўляецца пазбяганне ў сметнік, трэш, што не можна прадаць. Калісь кітайскага майстра дзэн (чэнь) папыталі, якая рэч найкаштоўная ў свеце. Ягоным адказам было: Галава здохлай кошкі, бо для яе не магчыма выставіць кошт. Напраўду мала хто можа сказаць, колькі каштуе тая галава, бо хатняя кошка праз сваю распаўсюджанасць і нізкую скарыстальнасць (у якасьці ежы ці футры) не спрычыняе камерцыйнага попыту. Збяганне ў маргіналію — гэта спосаб асабовага бунту супраць сістэмы; стварэнне ўласнай культуры на тле таго, што стаецца выкінутым з культурнага мэйнстрыму, найбольш відавочны шлях. Той жа радыкальны пэрформанс (не ў сваіх камадыкаваных формах, якія ёсць запар прыхаванай рэклямай спажывецкага спэктаклю) праз свой бруд, гідоту, лайно, а таксама сваю летуценнасць спрычыняе культурніцкі шок абыйвацеля і змушае яго задумацца, а ці прадаецца гэты прадукт? Ці культура гэта, калі не? На жаль, зыход у маргіналію — гэта ўсё ж уніканне, а не бой сістэме: кожын раз, як сістэма відовішчнага спажывання знаходзіць сталую заслону супраціву з боку маргіналіі культуры яна робіць усё мажлівае, каб яе зрэшты інтэграваць, то бок залучыць у парадак спажывання ў якасьці элемента глабальнага відовішча. Галава здохлай кошкі не мае цаны, пакуль мы штучна не створым попыт на гэтую рэч, ператварыўшы яе тым самым у тавар — якім быў яе кошт у блакадным Лянінградзе, а якім ён можа стацца, калі спрычыніць моду на кашачыя голавы ў гасцявым пакоі. Нават радыкальны пэрформанс ператвараецца ў камерцыйны прадукт. Змагацца з культурай спэктаклю зацяжка, бо яна ўсяжэрная і не страшыцца выходзіць за ўласныя межы, калі тое выгодна: пераборлівасць зусім не яе загана.

18. Насамрэч той, хто вырашыць здзяйсняць культурную палітыку праз пэўныя маніпуляцыі з існай ідэалогіяй спажывання глабальнага спэктаклю, павінен усведамляць, што таму, чым ён будзе займацца, ёсць трапнае вызначэнне — гэта культурны мэнэджмэнт ды маркетынг (эканамічныя словаформы, дастасаванне якіх да культуры зараз мала каго змушае здрыгануцца). Спрычыняць разіццё пэўных сюжэтаў, выкарыстанне пэўных стыляў, ўшанаванне пэўных культурных гярояў ёсць наўпросты мэнэджмэнт культуры, спроба кіраваць попытам праз высоўванне пэўных таварных групаў і вылучэнне спажывецкіх катэгорый, што можа ператварыцца ў таварны пратэкцыянізм (нашыя тавары — найлепшыя! Айчыннаму спажыўцу — якасны айчынны тавар!) Маркетынг культуры зыходзіць з больш стратэгічнай мэты ўпісання ў глабальны кірмаш вобразаў, залучэнне спэктаклю лакальнага ў спэктакль глабальны на спрыяльных умовах (спажывайце ўсе наш прадукт — ён найлепшы!). Гэткія спробы мэнэджмэнту і маркетынгу беларускай культуры вядуцца несупынна і адно прынцыповае непагадненне розных гульцоў наконт эфектыўнага вектару павялічэння капіталізацыі культуры спрычыняе бачнасць ваганняў у культуры мясцовага спэктаклю.

19. Радыкальная культурная палітыка ў сваю чаргу можа атрымаць плён, адно калі ўсвядоміць, што яе спробы кіравання ідэалогіяй культуры не могуць заставацца апрычонымі толькі галіной самой культуры. Гэта амаль тое ж самае, што для асобнага чалавека паспрабаваць змяніцца радыкальна, наўпрост змяніўшы форму носа — хтосьці ўважае, што гэтага насамрэч дастаткова. Але культура спэктаклю, гэтаксама як і ранейшыя формы культуры, паяднаная са спосабамі існавання і свядомасці як асобнага чалавека, гэтак і формамі грамадскага жыцця. Пытаць у чалавека, які трапна залучаны ў грамадства спэктаклю, якім мае быць вобраз культуры-неспэктаклю — марная справа, бо ягоныя глузды звернутыя на ўспрыняцце і памысленне менавіта спэктаклю, а не наадварот. Пераадоленне культуры відовішчнага спажывання нельга ажыццявіць наўпростым зваротам да ранейшых формаў культуры — рэнесансу сакральнага, маральнага, генія ці тым больш авангарду. Як ужо даводзілася, спэктакль іх наўпрост інтэгруе ў сябе (Іюда дае нам зразумець нават сапраўдны рынкавы кошт Бога) — спроба вярнуцца да ранейшага ўтапічна, нібы вяртанне эўрапейскага чалавека ў дзікунскі стан, як заклікаў да таго Ж.-Ж. Русо. Сістэмнае пераўзыходжанне існай культуры магчымае адно РАЗАМ з сістэмным ператварэннем чалавека і грамадства — іхным пераадоленнем стану спэктакля, суцэльнага спажывання. Адмова ад спажывання як бясконцага працэсу прадукавання і забеспячэння здавальнення, як мэты-у-сабе — гэта магчымы крок да новага мастацтва, новай культуры. Але гэты крок мусім рабіць быццёва праз вынаходніцтва наноў формулы здавальнення, неабцяжаранага спажываннем, радасці, незасяроджанай на здабытку карыснага, патрэбы, што не мае канкрэтнага ўвасаблення. Магчымы зварот можа адбыцца праз этычную плоскасць, а можа нейкім іншым шляхам. Можа і не адбыцца. Можа ён і не патрэбны. Нашая аксіялогія культуры заўжды абапіраецца на пэўны творчы неспакой. Калі культура памірае, яна стаецца цывілізацыяй (О. Шпэнглер). Цывільны стан надзвычай стабільны, ён забяспечвае высокі ўзровень існавання, але яму можа бракаваць густу да жыцця. Калі адчуванне неабходнасці зруху ёсць, яго трэба здзяйсняць, але гэта патрабуе змянення не толькі ідэалогіі культуры, але нас саміх. Зрэшты першае ад другога неадарванае. Рабіць тое мы таксама мусім разам, трапна скардынаваўшы плён паасобных высілкаў. Але колькі галоваў насамрэч вольныя ад спэктаклю, колькі з іх дужыя на змены? Ці ў стане яны рабіць нешта разам?

20. Напісаныя тэзы не змяшчаюць нічога прынцыпова новага; яны выглядаюць на спробу паставіць дыягназ найноўшай беларускай культуры і спробам яе кіравання. Як і ў гранічным медычным выпадку сказанае не ёсць навіной для гэтай навукі, але можа стацца вялікай навіной для самога пацыента. Часцяком гэта радыкальна змяняе хаду падзей. А можа быць праігнараваным. Зрэшты водле прынцыпу ананімнасці медычнай паслугі тэкст наўмысна пазбаўлены магчымых спасылак ды імёнаў, кожын можа паспрабаваць дадаць іх самастойна, будзе на тое яго воля.

__________________

* Вольныя разважанні з нагоды «Грамадства спэктаклю» Гі Дэбора і лекцый «Пра культуру і культурную палітыку» У. Мацкевіча.

** які менскі філосаф і літаратар Ігар Бабкоў магчыма не заўжды дарэчна называе культурай коміксу.