Цэрквы і дзяржава: дзесяць год пасля Закону

Наталля Васiлевiч

Рэзюмэ

У 2012 годзе, праз дзесяць год пасля прыняцця новай рэдакцыі Закона«Аб свабодзе сумлення», рэлігійная дзейнасць па-ранейшаму жорстка кантралявалася дзяржавай, а рэлігійныя арганізацыі, у тым ліку пратэстанцкія, якія раней больш актыўна змагаліся за свае правы, пераважна прыстасоўваліся да наяўных умоваў. Нягледзячы на ўдзел цэркваў у грамадскіх дыскусіях, звязаных з ацэнкай асобных заканадаўчых ініцыятываў, іх публічная пазіцыя абмяжоўвалася вузкім колам тэмаў: дэмаграфія, сямейныя каштоўнасці, маральнасць і аборты. Хаця гэтая пазіцыя пачынае афармляцца і насіць больш сістэматычны характар і выклікаць грамадскі рэзананс, фактычна яна не ўплывае на дзяржаўную палітыку.

У Беларускай Праваслаўнай Царкве адбыліся структурныя (на вышэйшым узроўні) і кадравыя (на сярэднім узроўні) змены, звязаныя з падрыхтоўкай да магчымых зменаў у кіраўніцтве Беларускага Экзархату. З’яўленне новага прадстаўніка Ватыкана ў Беларусі не інтэнсіфікавала стасункаў дзяржавы з Рыма-Каталіцкай царквой, у т. л. у справе падрыхтоўкі канкардату ці выканання Ватыканам пасярэдніцкіх функцый на карысць беларускіх уладаў.

Tэндэнцыі:

Агульная характарыстыка

Паводле інфармацыі Упаўнаважанага па справах рэлігій,1 значнага росту рэлігійных арганізацый у Беларусі не адбылося і іх агульная колькасць склала 3416. Сярод іх найбольшую долю мае Беларуская Праваслаўная Царква (за 2012 год колькасць абшчын павялічылася з 1567 да 1594), хаця застаецца невядомой колькасць жыхароў Беларусі, якія належаць да гэтай рэлігійнай арганізацыі, паколькі не вядзецца ні дзяржаўнай, ні ўнутрыцаркоўнай статыстыкі прыхаджан. У адрозненне ад праваслаўных, каталікі маюць афіцыйныя даныя колькасці вернікаў, паводле якіх яна складае 1 млн 402 тыс. 605 чал2 (а гэта больш за 14% ад агульнай колькасці насельніцтва), аднак невядомыя спосабы падліку вернікаў, а таксама іх дакладнасць і рэальнасць.

Сумневы выклікаюць і вынікі праведзеных Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта «замераў»,3 паводле якіх 93.5 % адносяць сябе да пэўнай канфесіі, сярод іх 81% да праваслаўнай, 10,5% да каталіцкай, і 2.0% да іншых, пры гэтым адзначаецца, што толькі 11.5% ад усіх рэспандэнтаў «паводзяць сябе актыўна ў рэлігійным плане». Пры гэтым 97% апытаных адзначаюць, што «урэспубліцы адсутнічаюць парушэнні правоў і свабод грамадзян з боку прадстаўнікоў дэструктыўных культаў», а пытанне, ці існуюць такія парушэнні з боку дзяржавы, у даследаванні прадстаўленае не было.

Свабода рэлігіі і веравызнання

Цэнтральную ролю ў рэгуляванні дзейнасці рэлігійных арганізацый выконвае прыняты ў 2002 Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які заганяе іх у «нябачнае гета».4Тым не менш, аналітыкі адзначаюць, што справаздачаў па выпадках уціску становіцца меней.5 Хаця на пачатку года адбыўся напад на дом пастара Антонія Бокуна, брутальнасць якога пераўзышла папярэднія выпадкі, але год завершыўся зняццем застарэлага канфлікту вакол царквы «Новае жыццё» і, такім чынам, выкананнем прынятай ў 2009 рэзалюцыi Еўрапарламента.6

Прыняцце законаў 2002 прывяло да ўзмацнення кантролю з боку дзяржавы за рэлігійнымі арганізацыямі і да актывізацыі апошніх у барацьбе за свае правы.Праз 10 год абодва гэтыя працэсы пачалі згасаць. Кантроль не зменшыўся, але канфлікты«згладзіліся», а рэлігійныя арганізацыі, пераважна пратэстанцкія, якія раней былі на «лініі агню», пачалі вырашаць іх без прыцягнення ўвагі грамадскасці і СМІ.

Пунктам напружання застаецца артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі, у т. л. рэлігійнага характару. І хаця крымінальныя справы супраць вернікаў на падставе гэтага артыкулараспачатыя не былі, шэраг асобаў атрымлівалі папярэджанні ад пракуратуры. Напрыклад, трое чальцоў сям’і Сузько ў Мазыры. Большасць такіх выпадкаў мелі непублічны характар.

Згасанне праваабарончай тэматыкі закранула і кампанію «За свабоду веры», якая была закрытая, набраўшы ўсяго 715 подпісаў у інтэрнэце,7 хаця ў 2008 подпісаў за змены у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» удалося сабраць больш за 50 тыс. Праваабарончая праца выйшла з фарматаў кампаній і сканцэнтравалася ў межах працы ў прававым фармаце і фармаце грамадзянскай супольнасці.Адным з прыкладаў можа быць пісьмовая заява «Аб неабходнасці дэкрыміналізацыі дзеянняў, звязаных з реалізацыяй права на свабоду асацыяцый і свабоду веравызнання ў Беларусі», прадстаўленая на нарадзе АБСЕ.8

Актуальнасць набыло новае пытанне – выходных дзён, звязаных з рэлігійнымі практыкамі: абвяшчэнне працоўнай нядзелі 11 сакавіка 2012 выклікала незадаволенасць канфесій, якая не насіла радыкальнага характару; перад святам праваслаўнай Пасхі быў абвешчаны агульнарэспубліканскі суботнік.

Працягвалася тэндэнцыя кантралявання рэлігійных святаў, якія носяць масавы характар: асаблівы прапускны рэжым, выпадкі асабістага догляду, надзвычайная прысутнасць праваахоўных органаў не толькі на асноўных рэлігійных святах, але і на спецыяльных мерапрыемствах, такіх як Будслаўскі фэст.Прычым міліцыя выконвала не толькі ролю ахоўнікаў грамадскага парадку, але і ідэалагічную функцыю, як у выпадку затрымання ўдзельніка Будслаўскага фэсту за саколку з выявай ксяндза Багаткевіча. Калі пасля выбуху 2011 годатакія меры бяспекі мелі надзвычайны характар, то цяпер надзвычайны рэжым стаў звычайным, як і ў выпадку масавых палітычных мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць усталяванне на месцах збору і мітынгаў металічных турнікетаў і асабісты догляд. Такія меры бяспекі выконваюць не толькі непасрэдную функцыю кантролю, але і ствараюць пэўны псіхалагічны клімат.

Дактыласкапія і ІНН

Калі рэлігійныя арганізацыі не выступалі супраць надзвычайных мераў бяспекі, то з нагоды прымусовай дактыласкапіі рэакцыя была іншай. Яшчэ ў 2011 здараліся выпадкі прыцягнення праваслаўных святароў да адміністратыўнай адказнасці, але ў 2012 такія выпадкі прыцягнулі ўвагу СМІ.9 Хаця пытанне ўздымалася ў пачатку 2012 года на сходзе Мінскай епархіі, афіцыйная пазіцыя па гэтым пытанні не была сфармуляваная, пратэст насіў стыхійны і індывідуальны характар, а дыскусіі адбываліся не ў полі грамадзянскіх правоў, а ў рэчышчы рэлігійнага дыскурсу. Фрагментарны характар мела і прынятая Сінодам БПЦ заява,10 хоць у ёй і дэкларавалася спроба сфармуляваць пазіцыю «не столькі ў духоўнай, колькі ў прававой плоскасці».

Медыцына, дэмаграфія і аборты

Пашырылася тэндэнцыя выхаду праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у сацыяльную сферу, у тым ліку спалучаная з крытыкай заканадаўства. У 2011 гэта быў закон «Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях», і цэрквы выступілі з яго крытыкай паасобку. У 2012 аб’ектам абмеркавання стаў праект закона«Аб медыцыне», аднак цэрквы засяродзіліся на пытаннях абортаў і вярнуліся да пытання рэпрадуктыўных тэхналогій, такім чынам абмежаваўшыся вузкім колам спецыфічных пытанняў. Пазіцыя цэркваў, на гэты раз супольная, атрымала рэзананс, аднак, як і ў выпадку з папярэднім законам, уплыў на пазіцыю заканадаўцаў быў мінімальны.

Савет міністраў пайшоў на касметычныя змены ў парадку выканання працэдуры перапынення цяжарнасці, скасаваўшы значную колькасць т. зв. «сацыяльных паказчыкаў»11 да абортаў, пры наяўнасці якіх дазвалялася рабіць аборт ад 13 да 22 тыдня цяжарнасці; на долю такіх абортаў прыпадала не больш за 8% (у якія ўваходзяць таксама аборты паводле медыцынскіх паказчыкаў). Можна прагназаваць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве гэтая катэгорыя абортаў будзе ажыццяўляцца на больш ранніх тэрмінах; таму перамога цэркваў тут носіць хутчэй тактычны, чым статэгічны характар.

Маральнасць і пачуцці вернікаў

Не ў прыкмет большы водгук з боку дзяржаўных органаў атрымалі пратэсты царкоўнай грамадскасці, да якіх у паасобных рэгіёнах далучылася і царкоўнае кіраўніцтва, супраць падзеі зусім іншага масштабу- паказу музычнага спектакля«Ісус Хрыстос – суперзорка». Нягледзячы на тое, што ацэнкі мастацкага твору адрозніваюцца і ў самім праваслаўным асяроддзі – у Расеі, напрыклад, царкоўныя ўлады выступалі ў аналагічнай сітуацыі супраць забароны мюзікла – паказ мюзікла у Беларусі быў адменены.Само па сабе пытанне «пачуццяў вернікаў» мела актуальнасць у сувязі са скандалам вакол Pussy Riot, які перанёсся і ў беларускую публічную прастору.

Палітвязні

Дэмакратычная грамадскасць чакала, што цэрквы заступяцца за палітвязняў і нават паспрыяюць іх вызваленню. Пазіцыя беларускага Касцёла была стрыманай: адказ Мітрапаліта Кандрусевіча датычна галадоўкі Каваленкі,12 каментар Пятра Рудкоўскага аб прыярытэтах касцёлу. Апошні выказаўся, што ёсць «група праблем, шмат больш жудасных, якія патрабуюць больш рашучага процідзеяння», – аборты і рэпрадуктыўныя тэхналогіі. Ён адзначыў, што, нягледзячы на наяўнасць праблемы палітвязняў, нельга адсутнасць пазіцыі іерархаў у гэтым пытанні «чыніць асноўным крытэрам ацэнкі грамадска-этычнай місіі Касцёла».13 Тым не менш, прынамсі прадстаўнік Ватыкана арцыбіскуп Гуджэроці ў канцы верасня адведаў шэраг палітзняволеных «на знак павагі да паўсюднага маральнага аўтарытэта Найсвяцейшага Айца і гуманітарнай дзейнасці Святога Прастолу, у межах двухбаковых дыпламатычных адносін».14

Што да Беларускай Праваслаўнай Царквы, то чаканні грамадскасці ў дачыненні да яе прадстаўнікоў і лідараў аказаліся марнымі, хаця само па сабе заступніцтва за «палітвязняў» стала для яе актуальным. Кіраўніцтва БПЦ настолькі рашуча выступіла ў падтрымку афонскага ігумена Яфрэма са зваротам да кіраўніцтва Грэцыі і патрабаваннем справядлівага суду, што нават спатрэбілася адмысловая адозва Усясветнага Патрыярха аб недапушчальнасці ўмяшання ў чужую юрысдыкцыю.15

Беларуская Праваслаўная Царква

Дзяржаўна-царкоўныя стасункі ў бягучым годзе былі спакойнымі, нягледзячы на канфлікты з нагоды дактыласкапіі і крытыку прадстаўнікамі БПЦ закона«Аб медыцыне» і прэтэнзіі дзяржавы даняўзгодненага будаўніцтва храмаў, якое складае 30–40%, і «факты парушэння рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства пры рознічным гандлі прадметамі рэлігійнага прызначэння і каштоўнымі металамі па-за культавымі збудаваннямі і іх тэрыторый пры адсутнасці ліцэнзіі Міністэрства фінансаў».16 Толькі на адукацыю ў БПЦ у 2012 дзяржава вылучыла больш за EUR 3 млн.17

Унутры БПЦ пачаліся спробы правесці ў жыццё новы трэнд, характэрны для РПЦ у межах палітыкі Патрыярха Кірыла: падзел епархіяў з наступным стварэннем мітрапалічых акругаў. Аднак зробленая на Сінодзе прапанова па падзеле Віцебскай епархіі, што павысіла б статус архіепіскапа Дзмітрыя, у т. л. як магчымага кандыдата на пасаду Экзарха, так і не атрымала працягу. У супрацьвагу трэнду падзелу епархіяў на тым жа студзеньскім Сінодзе быў запушчаны новы трэнд – адміністратыўная рэструктурызацыя самога Экзархату праз стварэнне Упраўлення справамі.18 Апошняе ўзначаліў архіепіскап Гурый.

Раней больш вядомы як «манах» і «малітоўнік»,архіепіскап Гурыйрэзка стаўся«менеджарам» ірэзка пайшоў угару як персанальна, так і праз павелічэнне ролі выканаўчага органа з ім на чале. Ён атрымаў прэмію«За духоўнае адраджэнне», ініцыяваў значныя структурныя і кадравыя змены ў Мінскіх Духоўных школах, якія ён таксама ўзначаліў, даў рэзананснае інтэрвію пра ўніяцтва,19 з якога пачалася антыўніяцкая кампанія з прыняццем Сінодам БПЦ шэрагу рашэнняў пра ўшанаванне памяці Сямашкі і ўсталяванне дня памяці Полацкага сабору 1839 года. Два візіты ўплывовых праваслаўных іерархаў – Мітрапаліта Іларыёна і Патрыярха Кірыла20 – таксама дазволілі назіраць працэс умацавання ў Экзархаце пазіцыяў архіепіскапа Гурыя і прот. Фёдара Поўнага, у пэўнай ступені альтэрнатыўныя Сіноду.21

Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі

Нягледзячы на меркаванне некаторых аналітыкаў, што Ватыкан можа стаць пасярэднікам у дыялогу беларускіх уладаў з Еўропай,22 адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, інтэнсіфікаваныя ў 2008–2009, працягвалі ісці на спад. Зацягнуўся працэс з падпісаннем канкардату,23 ажывіць які не дапамог і новы нунцый Гуджэроці. Дагэтуль канфліктным момантам застаецца становішча замежных каталіцкіх святароў, якія складаюць значную частку ўсяго святарскага корпусу (146 з 439).24

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

Узнятая архіепіскапам Гурыем хваля антыўніяцкай кампаніі25 набыла асаблівую актуальнасць з візітам Ватыканскага чыноўніка з Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў, які адбыўся ў 2012 годзе, аднак не паспрыяў вырашэнню надзённай патрэбы беларускіх грэка-каталікоў – афармлення кананічнай структуры праз атрыманне ўласнага епіскапа. Паводле архіепіскапа Кірыла Васіля, пытанне разбудовы структуры БГКЦ важнае, але «гаварыць пра канкрэтныя формы, спосабы ічас яго развязання яшчэ рана».26 Падобную ж пазіцыю агучыў і нунцый Гуджэроці, які адзначыў, што найлепшай з’яўляецца стратэгія адбудовы структураў БГКЦ «з ног», а не «з галавы».27

Высновы

Адзначаныя трэнды, пры адстунасці форс-мажорных падзеяў, будуць развівацца і далей.

Па-першае, датычна уціску рэлігійнага поля, на ўзроўні заканадаўства зменаў не адбудзецца, а сам ціск будзе насіць метадычны, але не брутальны характар, што дазволіць уладам не правакаваць канфлікты, але захоўваць кантроль над сферай.

Па-другое, дзяржава будзе і далей ігнараваць пазіцыі цэркваў па прынцыповых пытаннях грамадскага ўладкавання, робячы нязначныя саступкі ітакім чынам не дазваляючы развівацца канфліктным сітуацыям і нейтралізуючы крытыку.

Па-трэцяе, у сувязі з магчымым новым вітком агульнага трэнду лібералізацыі і заходняга вектару, магчыма паўторнае задзейнічанне каталіцкай царквы, якое не будзе насіць радыкальнага характару.

Па-чацвёртае, у Беларускім Экзархаце будзе нарастаць уплыў «партыі Гурыя», а таксама прот. Фёдара Поўнага, што можа прывесці да супярэчнасцей унутры кіраўніцтва, у якім магчымыя змены.