На працягу апошніх гадоў беларускі рэжым выяўляе ўсё болей прыкметаў якаснай трансфармацыі ад папуліскага, які апіраецца на шырокія народныя масы, да бюракратычнага, што забяспечвае інтарэсы вузкіх колаў беларускіх эліт. Палітыка папулізма на працягу многіх гадоў падтрымлівала высокі рэйтынг дзейснага прэзідэнта, рэсурсы для забеспячэння якой былі вычарпаны напрыканцы 2010 года. Галоўнымі крыніцамі, якая падтрымлівалі фінансавую ўстойлівасць «беларускага эканамічнага цуда» і адпаведна дабрабыт ў грамадстве, былі вонкавыя паступленні як з боку Расейскай Федэрацыі, так і заходніх структур. Аднак нафта-газавая рэнта з боку Расеі з-за незгаворлівасці беларускага кіраўніцтва пайсці на прыватызацыю свайго «фамільнага серабра» на карысць усходніх партнёраў да 2011 года стала скарачалася, а крэдыты з боку заходніх структур, якія патрабавалі рэфармавання беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, не адпавядалі інтарэсам прэзідэнскай адміністрацыі. У дадатак жорсткія дзеянні беларускіх спецслужбаў 19 снежня 2010 года і ў паслявыбарчы перыяд паклалі канец спадзяванням беларускага кіраўніцтва на заходнюю дапамогу, а Расейская Федэрацыя працягвала абумоўліваць фінансавую дапамогу прыватызацыяй актываў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, на што Аляксандр Лукашэнка на пачатку 2011 года яшчэ не быў згодны.
Пры гэтым палітыка папулізма дзейснага прэзідэнта выклікала ў 2011 года працяглы валютна-фінансавы крызіс, які ўзмацніў у беларускім урадзе пазіцыі прыхільнікаў радыкальнага перагляду сацыяльнага кантракта паміж кіруючымі элітамі і грамадствам. Адсутнасць надзеяў у 2011 годзе на вонкавую фінансавую дапамогу прымусіла частку беларускай эліты крытычна ацаніць сацыяльна-эканамічную палітыку, якая праводзілася ў апошнія гады пад ціскам прэзідэнскай адміністрацыі, і распрацаваць праграму развіцця, якая бы дазволіла нармалізаваць эканамічную сітуацыю ў 2012–2013 гадах. Падобныя захады ўрада паўплывалі бы на рэйтынг дзяржаўных інстытутаў, асабліва дзейснага прэзідэнта, што ў сваю чаргу запатрабавала бы іншыя механізмы падтрымання парадку і стабільнасці ў беларускім грамадстве. Гэтыя механізмы пачалі акрэслівацца ўжо напачатку восені 2011 года: стаўка робіцца на захаванне лаяльнасці і мілітарызацыі бюракратычнага апарату, які беларускае кіраўніцтва разам з сілавымі органамі і бізнэсам разглядае як гарантаў стабільнасці палітычнай сістэмы.
Аднак у чарговы раз беларускага прэзідэнта выратавала ўдалая замежнапалітычная сітуацыя і аднаўленне расейскіх субсідый. У кароткатэрміновай перспектыве Аляксандр Лукашэнка атрымаў неабходныя рэсурсы для падтрымання стабільнасці эканамічнай і палітычнай сістэмы і вяртання да палітыкі папулізма, хоць і ў абмежаваным выглядзе. Аднак у будучым разам са скарачэннем расейскай рэнты на парадак дня беларускіх эліт зноў выйдзе неабходнасць мадэрнізацыі эканамічнай сістэмы краіны. Пры гэтым рэфармаванне беларускай эканомікі немагчыма без перагляду сацыяльнай палітыкі і адпаведна механізмаў кантролю палітычнага працэсу ў выпадку захавання аўтарытарнага кіравання ў краіне, спакуса чаго заўсёды будзе прысутнічаць у дзейсных эліт, якія прызвычаіліся да кланавасці і адсутнасці канкурэнцыі ў беларускай палітыцы.
Папуліскі праект Аляксандра Лукашэнкі 2006 — 2010
Эканамічным грунтам папуліскага праекта Аляксандра Лукашэнкі з`яўляўлася вялікая доля дзяржаўнага сектару ў нацыянальнай эканоміцы, захаванне буйных прадпрыемстваў і забеспячэнне нізкага ўзроўню беспрацоўя, абарона ўнутранага рынку і знешнія датацыі. Пры гэтым дзейсны кіраўнік Беларусі ўдала выкарыстоўваў геапалітычнае супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам і атрымліваў рэсурсы як з боку Расеі, што ўключала навтагазавую рэнту, так і крэдыты з боку заходніх структур па лініі МВФ, якія дазволілі стабілізаваць эканамічную сітуацыю ў 2009–2010 годзе без правядзення грунтоўных эканамічных рэформ.
У сацыяльным аспекце праект Лукашэнкі нічым не адрозьніваўся ад мадэлі папуліскага аўтарытарызму і быў традыцыйна пераразмеркавальным, які ўключаў рост рэальнага заробку і спажывання, павышэнне жыццёвых стандартаў насельніцтва, актыўную сацыяльную палітыку дзяржавы, якая ўключала захаванне дзяржаўнага пенсійнага забеспячэння, абавязковай аплаты адпачынку, бясплатную сістэму медычнага абслугоўвання і адукацыі, танныя крэдыты на жыллёвае будаўніцтва.
У выніку рэалізацыі сацыяльнай палітыкі падобнага кшталту ўзнікла папуліская кааліцыя, якая аб\`яднала «народны сектар» (пенсіянераў, жыхароў сельскай мясцовасці, работнікаў бюджэтнай сферы) і наменклатуры, якая выступала як галоўны размеркавальнік сацыяльных выгодаў для насельніцтва, дзяржаўных праграм і субвенцый, пасад ў дзяржаўным апараце, што з кожным годам усё болей набываў характар закрытасці і кланавасці.Шырокая сацыяльная кааліцыі забяспечвала высокі электаральный рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2006–2010 годзе вагаўся на ўзроўні 39-60 адсоткаў[5], што дазволіла дзейснаму кіраўніку дзяржавы мінімізаваць уплыў у грамадстве апазіцыйных партый і рухаў.
У гэты час беларускі прэзідэнт часта выкарыстоўвае папуліскія лозунгі, характэрныя для «народных дыктатараў». Як і дамініканскі палітык-тэарэтык Хуан Бош, які развіваў канцэпцыю «народнай дыктатуры», Аляксандр Лукашэнка вядомы сваёй рыторыкай, скіраванай супраць з\`яўлення ў Беларусі алігархіі і абароны краіны ад замежных імперыялістаў[13; 484]. Толькі ў адрозненне ад «янкі» ў лацінаамерыканскай традыцыі ў беларускай рэальнасці пасля шматлікіх «малочных», «газавых», «нафтавых» і іншых войнаў прэзідэнт абараняе беларускі народ ад прыходу «алігархаў» з Усходу. Адначасова падобная рыторыка у 2008–2010 годзе давала магчымасць беларускаму прэзідэнту абгрунтоўваць прарасейскі настроенаму электарату, сярод якога большасць была прыхільнікамі палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, інтэнсіфікацыю стасункаў з Еўразвязам, што было неабходна для адтрымання крэдытаў ад міжнародных фінансавых структур.
Аднак валютна-фінансавы крызіс 2011 года засведчыў вычарпанасць мадэлі эканамічнага развіцця, якая з\`яўлялася базісам дынамізма папуліскага рэжыма Аляксандра Лукашэнкі. Вынікам пагоні за ростам валавых паказнікаў і забеспячэння сацыяльнай палітыкі стаў рост дэфіцыту плацёжнага балансу, знешняй запазычанасці і гіперінфляцыя 2011 года, што па сваёй сутнасці нагадвае эканамічныя крызісы 1960-х — 1970-х гадоў у Лацінскай Амерыцы, якія прывялі да станаўлення ў шэрагу лацінаамерыканскіх краінах бюракратычнага аўтарытарызму[10, 29]. Варта зазначыць, што рэальны палітычны рэжым заўсёды мае змяшаны набор характарыстык, якія набліжаюць але не суадносяць яго цалкам з ідэальным тыпам аўтарытарызма[2]. Пры гэтым пераход да палітычнай сістэмы бюракратычна-аўтарытарнага тыпу выкліканы узаемадзеяння шэрагу незалежных фактараў, такіх як класавыя інтарэсы, актыўнасць грамадскага сектару, эканамічныя працэсы і ўздым тэхнакратыі[12]. У выпадку лацінаамерыканскіх краінаў, каб пераадолець наступствы папуліскай палітыкі і аздаравіць эканоміку, урады гэтых дзяржаў прытрымліваліся шэрагу мераў, якія рэалізоўваліся па трох накірунках: 1) змяншэнне долі дзяржавы ў пераразмеркаванні даходаў для стымулявання эканамічнага росту, 2) імкненне стварыць эфектыўную, канкурэнтную эканоміку і прыняццё міжнародных эканамічных суб\`ектаў як партнёраў па рэалізацыі адпаведнай мадэлі эканамічнага развіцця, 3) імкненне кантраляваць або знішчыць рухі працоўных, які перашкаджалі намерам уладаў па правядзенню рэформаў [11]. У 2011 годзе падобныя тэндэнцыі набываюць усё большую вагу і ў Беларусі.
Бюракратычны аўтарытарызм і мадэрнізацыя 2007-2011
Зніжэнне рэйтынга дзеючага кіраўніка дзяржавы ў беларускім грамадстве да найменшых паказнікаў за ўвесь час яго кіравання, на якім трымалася да 2011 года дзяржаўная машына першага прэзідэнта, выклікала ў беларускіх уладаў перагляд механізмаў кантролю палітычнага працэсу і выбару іншай парадыгмы адносінаў паміж грамадзянамі і дзяржавай, якая ўсё болей набывае рысы дэмабілізацыйна бюракратычнага аўтарытарызма. Эканамічныя рэформы немагчыма сумясціць з захаваннем папуліскай кааліцыі, якая заснавана на актыўнай сацыяльнай палітыцы дзяржавы і пераразмеркавання даходаў на карысць «народнага сектара». Пры гэтым сацыяльная кааліцыя з-за правалу палітыкі папулізма пачынае развальвацца з 2011 года і выклікае падзенне электаральнага рэйтынга беларускага прэзідэнта да свайго гістарычнага мінімума ў верасні гэтага года — да 20,5%[1].
Эканамічная палітыка ўрада ў 2011 годзе пачала набываць ліберальныя абрысы: урад адмовіўся ад адміністрацыйнага рэгулявання цэн на тавары; нацыянальны банк атрымаў большую незалежнасць ад прэзідэнскай адміністрацыі, што дазволіла яму дэвальваваць нацыянальную валюту амаль у тры разы; заробкі насельніцтва ў даляравым эквіваленце зменшыліся ў два разы. Гэтыя крокі стваралі перадумовы для правядзення мадэрнізацыі эканомікі краіны.
Адначасова рэфарматары ва ўрадзе на чале з Мясніковічам пачынаюць пераймаць у прэзідэнскай адміністрацыі ўсё болей функцый і павялічваць сваю ролю ў працэсе прыняцця рашэнняў, што ў першую чаргу было, канешне, выклікана жаданнем Аляксандр Лукашэнкі адмежавацца ад пралікаў папярэдняй папуліскай палітыкі і непапулярных рашэнняў. Тым не менш, да восені ўраду удалося стабілізаваць сітуацыю на валютна-фінансавым рынку і падрыхтаваць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2012 год, які асноўваўся на жорсткай грашова-крэдытнай, бюджэтнай і падаткавай палітыцы. Прапановы ўрада цалкам супярэчылі папярэдняй палітыцы, якую абараняла прэзідэнская адміністрацыя, і прадугледжвалі зніжэнне тэмпаў росту валавага ўнутраннага прадукта, скарачэнне фінансавання дзяржпраграм і змяншэнне аб\`ёмаў эмісіі.
Новая эканамічная мадэль, якую беларускі ўрад спрабаваў навязаць прэзідэнскай адміністрацыі, патрабавала поўнай дэактывацыі народного сектара і зачыстку палітычнага поля ад апазіцыі, што і адбывалася на працягу ўсяго 2011 года.
У гэты час непатрэбнымі становяцца нават імітацыйныя механізмы зваротнай сувязі з грамадствам, якія знаходзяцца пад кантролем уладаў, як, напрыклад, ідэя Уладзіміра Макея аб правядзенні з\`езда патрыятычных сіл.
Прапанова кіраўніка прэзідэнскай адміністрацыі палягала ў супрацьдзеянні нарастанню актыўнасці «сеткавых рэвалюцыянераў» і восеньскай акцыі апазіцыі «Народны сход» шляхам арганізацыі з\`езда прапрэзідэнскіх патрыятычных сіл краіны пры ўдзеле Грамадска-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзідэнта.[6] Гэты сцэнар прадугледжваў магчымасць аднаўлення адносінаў беларускага кіраўніцтва з Захадам і ўдзел беларускай дэлегацыі ў саміце кіраўнікоў краін-партнёраў па Ўсходняму Партнёрству, які павінен быў адбыцца 29-30 верасня 2011 г. Аднак прэзідэнт адвяргае ідэю Уладзіміра Макея аб правядзенні з\`езда патрыятычных сіл, таму што ў перыяд крызісу запатрабанымі становяцца як раз супрацьлеглыя метады дэактывацыі народных масаў.
Высокі ўзровень пагрозы аўтарытарнаму кіраўніцтву з боку грамадскага сектара прымусіў у 2011 годзе беларускія ўлады ўзмацніць рэпрэсіі ў адносінах да сваіх апанентаў. Эскалацыя гвалту ў адносінах да праціўнікаў прэзідэнта пачалася 19 снежня 2010 года з заканчэння прэзідэнскіх выбараў, калі сотні пратэстоўцаў у Менску былі жорстка збітыя беларускімі праваахоўнымі органамі, а 639 затрыманы і арыштаваны на некалькі сутак. У адносінах да болей чым 40 лідараў апазіцыі і найбольш актыўных удзельнікаў акцыі была ўзбуджаны крымінальныя справы па факту арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках. У лютым і траўні 2011 года над імі адбыліся суды, паводле рашэнняў якіх 43 чалавека былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення ці абмежавання ў правах.
У паслявыбарчы перыяд беларускае кіраўніцтва прадпрыняла жорсткія крокі па знішчэнню тытульнай апазіцыі, калі значная колькасць яе лідараў апынуліся за кратамі і ў адносінах да іх прымяняліся катаванні. Нягледзячы на станоўчыя зрухі па вызваленні палітычных зняволенных з лета 2011 года, што з\`яўлялася чарговай спробай гульні з Захадам, працэс прыпыніўся пасля дэмаршу беларускай дэлегацыі падчас саміту кіраўнікоў краін-партнёраў па ініцыятыве Еўразвязу «Усходняе Партнёрства». Улады вызвалілі частку апазіцыйных актывістаў, адначасова ініцыяваўшы палітычны працэс супраць вядомых беларускіх праваабаронцаў і пакінуўшы за кратамі найбольш жорсткіх крытыкаў дзейснага кіраўніцтва дзяржавы.
У кастрычніку 2011 года беларускім парламентам былі замацаваны змены ў заканадаўстве, якія пашырылі рэпрэсіўныя паўнамоцтвы беларускіх спецслужбаў. Адначасова адбываецца своеасаблівая мілітарызацыя выканаўчай галіны рэгіянальных органаў улады. Падчас апошніх камандна-штабных вучэнняў беларускай арміі па тэрытарыяльнай абароне Аляксандрам Лукашэнкам была зроблена заява аб стварэнні 120 тысячнай тэрытарыяльнай арміі ў Беларусі для барацьбы са знешнімі і ўнутранымі ворагамі. Прэзідэнт таксама прысвоіў званні генерал-маёра кіраўнікам абласных выканкамаў і ўсклаў на іх абавязкі па тэрытарыяльнай абароне. Паводле ўладаў тэрытарыяльнае войска як частка Узброенных сіл павінна стаць «сродкам стрымання патэнцыйнага агрэсара», сярод якіх недвухсэнсоўна праглядаецца «пятая калонна»[9] (або апазіцыя па азначэнню беларускіх ідэолагаў), і папярэдзіць хаос дзяржаўных пераваротаў. Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў канкрэтызуе ролю тэрытарыяльнага войска ў забеспячэнні стабільнасці беларускага рэжыму як супрацьдзеянне «мяцежвайне» і сеткавым структурам[4], пад вызначэнне якой з лёгкай рукі беларускага кіраўніцтва можа патрапіць любы пратэст грамадзян і сеткавая актыўнасць апазіцыянераў, як напрыклад, «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».
Адначасова беларускае кіраўніцтва выказвае намер змяніць сацыяльны базіс сваёй падтрымкі і робіць стаўку на бізнэсоўцаў. Калі яшчэ некалькі гадоў таму дзейсны прэзідэнт дазваляў болей чым некарэктныя выказванні ў бок прадпрымальнікаў як сацыяльнага класу, напачатку гэтага года ён аб’яўляе 2011 Годам прадпрымальнасці, а яшчэ раней урад Беларусі прымае дзяржаўную праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнэса на 2010–2012 гг. Беларускае кіраўніцтва таксама імкнецца заахвоціць удзел бізнэсоўцаў у стварэнні плануемага тэрытарыяльнага войска, дзе «бізнэсоўцы павінны быць ядром гэтых фармаванняў, бо ім ёсць што губляць».Варта зазначыць, што колькасць бізнэсоўцаў і іх доля ў стварэнні валавага ўнутранага прадукта з кожным годам стала павялічваецца.
Восенню 2011 года беларускім парламентам былі прыняты змены ў Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», паводле якіх фактычна адмяняюцца абмежаванні на сумесную дзяржаўную службу блізкіх родзічаў,што з\`яўляецца чарговым крокам да замацавання лаяльнасці беларускай бюракратыі. Паводле закона абмежаванні на сумесную дзяржаўную службу блізкіх родзічаў будуць вызначацца адсылачнымі заканадаўчымі актамі. Такім чынам, у дадатак да кааптацыі як спосаба рэкрутацыі кіруючых эліт у Беларусі заканадаўча замацоўваюцца магчымасці да наследавання дзяржаўных пасадаў у краіне.
Варта зазначыць, што змены ўзаемаадносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, якія сведчылі аб паступовым адыходзе ад палітыкі папулізма, пачалі адбывацца яшчэ раней.
У 2007 годзе беларускія ўлады на вяршыні «беларускага эканамічнага цуда» адмянілі льготы пераважнай большасці грамадзян. На той час прыкладна дзве траціны насельнiцтва Беларусi мелі права на сацыяльныя льготы i гарантыi, якія былі пазней заменены на адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Сама падрыхтоўка праекта закона пачалася яшчэ ў 2003 годзе, калі ён і быў упершыню ўнесены ў Палату прадстаўнiкоў. Варта зазначыць, што ў сакавіку 2003 года электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі апусціўся да гістарычнага на той час мінімуму — 26,2%. У 2007 годзе беларускія ўлады засталіся непахіснымі перад грамадскім меркаваннем і не пабаяліся страты іміджу «дзяржавы для народа».
2007 год лічыцца зваротным момантам у адносінах беларускіх уладаў да раздзяржаўлення маёмасці, якія пачалі праводзіць палітыку кропкавай прыватызацыі. У 2008 годзе быў прыняты трохгадовы план прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці на 2008–2010 гады, які прадугледжваў акцыянаванне 519 прадпрыемстваў і далейшую прыватызацыю 147 з іх[3]. Нягледзячы на тое што трохгадовы план прыватызацыі быў выкананы толькі на 10%, расейскія рэнта і крэдыты МВФ дазволілі беларускаму ўраду падтрымліваць сацыяльную арыентаванасць эканомікі і павелічэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва.
З другой паловы 2000-х высілкі беларускіх уладаў скіраваны на дэмабілізацыю грамадскага ўдзелу ў палітычным працэсе, што асабліва заўважна пры правядзенні агульнанацыянальных электаральных кампаній, якія ўлады імкнуцца правесці максімальна незаўважна для насельніцтва. А апошнія змены ў заканадаўства наконт правядзення масавых мерапрыемстваў, што былі зроблены ў кастрычніку 2011 года і выклікалі значны рэзананс сярод палітычна актыўнай часткі грамадства, скіраваны на змяншэнне да мінімальнага ўзроўню сацыяльнай і палітычнай актыўнасці беларускага насельніцтва.
Такім чынам працяглы валютна-фінансавы крызіс 2011 года дазволіў групоўцы беларускай бюракратыі, якая настойвае на змене сацыяльна-эканамічнай мадэлі краіны ў бок яе эканамічнай мадэрнізацыі пры захаванні аўтарытарнага кіраўніцтва, канчаткова сфармаваць сваё бачанне далейшага развіцця краіны. Аднак рэалізацыі сцэнару перашкодзіла вяртанне расейскай рэнты, што дазваляе прэзідэнскай адміністрацыі замарозіць рэфарміскія планы ліберальна настроенай групоўкі ў беларускім урадзе.
Вяртанне расейскай рэнты і замарожанне мадэрнізацыйных тэндэнцый
Напрыканцы 2011 года беларускаму прэзідэнту у чарговы раз атрымалася удала скарыстацца з замежнапалітычнай сітуацыі, калі кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі стаў асабліва востра запатрабаваны ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных ініцыятывах Крамля на постсавецкай прасторы. Праекты па стварэнні Еўразійскай эканамічнай прасторы і Еўразійскага эканамічнага саюза плануюцца выкарыстаць як галоўны кампанент палітыкі Уладзіміра Пуціна падчас чарговага прэзідэнства. Разумеючы важную ролю Беларусі ў перадвыбарнай кампаніі Уладзіміра Пуціна, Аляксандр Лукашэнка здолеў аднавіць расейскую рэнту на бліжэйшы час. Агульны памер падтрымкі беларускай дзяржаве з боку Расейскай Федэрацыі ў 2012 годзе ацэньваецца на ўзроўні 3 млрд далляраў, што дастаткова для падтрымання стабільнасці палітычнай сістэмы і вяртання да палітыкі папулізма ў кароткачасовай перспектыве.
На паседжанні Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў лістападзе 2011 года прадстаўнікі дзвюх краін падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт прыроднага газу на 2012–2014 гады, што дазваляе беларускаму боку эканоміць каля 2 млрд. долараў ЗША у год. «Ашчадбанк Расіі» выдзяліў беларускай калійнай кампаніі «Беларуськалій» пазыку ў 1 млрд. долараў пад заклад акцый беларускага прадпрыемства (верагодна, 51% акцый наваполацкага НПЗ «Нафтан»). Расійскі ўрад вырашыў таксама зрабіць пазыку Беларусі ў 10 млрд. долараў ЗША на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. «Газпром» адклаў да 2012 года выплату запазычанасці Беларусі па няпоўным пагашэнні плацяжоў за газ, пастаўлены ў трэцім і чацвёртым кварталах гэтага года, якія дасягаюць сумы ў больш як 100 млн. долараў ЗША. У сваю чаргу, Антыкрызісны фонд Еўразійскай эканамічнай супольнасці, які знаходзіцца пад кантролем Расіі, паведаміў, што пасля таго, як Беларусь уладкуе адпаведнасць некалькім тэхнічным крытэрыям, краіна атрымае 440 млн. даляраў ЗША, як другі транш трохгадовага крэдыту у 3 млрд. долараў ЗША. У 2012 годзе фінансавая падтрымка Расеі будзе складаць 800 млн далляраў трэцага транша крэдыта ЕўрАзЭС і каля 500 млн даляраў першага транша экспартнага дзяржаўнага крэдыта на будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Вышэйазначаных рэсурсаў хопіць дзейснаму кіраўніку на бліжэйшы год або паўтары гады, каб адцягнуць правядзенне балючых сацыяльна-эканамічных рэформ у краіне, забяспечыць стабілізацыю палітычнага працэсу і працягнуць палітыку папулізма. Аднак пасля чарговага скарачэння расейскіх датацый і/або адсутнасці заходніх крэдытаў на парадку дня беларускага кіраўніцтва паўстануць тыя ж праблемы, з якімі яно сутыкнулася ў 2011 годзе. Як правіла дзяржава-ранцье, якой Беларусь стала яшчэ ў сярэдзіне 2000-х дзякуючы палітычным і эканамічным магчымасцям саюза з Расеяй, не з\`яўляюцца «стабільнымі сістэмамі, здольнымі дэманстраваць устойлівае развіццё», [8] што і засведчыў валютна-фінансавы крызіс 2011 года.
Высновы
Беларускаму кіраўніцтву неабходна пайсці на сацыяльна-эканамічныя рэформы незалежна ад таго, здарыцца гэта ў выніку чарговага правалу папуліскай палітыкі прэзідэнскай адміністрацыі з-за змяншэння расейскай рэнты ці вонкавага ціску з боку партнёраў па Эўразійскаму эканамічнаму саюзу, або патрабаванняў лібералізацыі эканамічнай дзейнасці з боку МВФ ці прадстаўнікоў міжнароднага/расейскага капіталу, якія за 2012–2013 гады могуць істотна павялічыць сваю долю ў беларускай эканоміцы. У такім разе для захавання ўлады прэзідэнту неабходна абаперціся на новую болей вузкую сацыяльную кааліцыю, дзе галоўную ролю будуць граць сілавыя органы, бюракратыя, мясцовыя бізнэсоўцы і замежныя інвестары. Аднак Аляксандр Лукашэнка адчувае высокі ўзровень пагрозы для захавання асабістай улады як ад «народных» масаў, так і міжнароднага/расейскага капатала, што аказвае стрымліваючы эффект на правядзенне непапулярных рэформаў і фармавання новай больш вузкай сацыяльнай кааліцыі.
У выпадку працягу рэалізацыі пуцінскага праекта Еўразійскага эканамічнага саюза і ўдзелу ў ім Беларусі, перспектыва чаго ў бліжэйшы час выглядае пераканаўчай, расейскае кіраўніцтва будзе працягваць ціснуць на Аляксандра Лукашэнку ў справе прыватызацыі найбольш выгадных актываў, якія зараз знаходзяцца ў дзяржаўнай ўласнасці. Аднак пераход ва ўласнасць расейскага або заходнага капітала беларускіх прадпрыемстваў аслабіць пазіцыі дзейснага прэзідэнта і магчымасці для захавання палітыкі папулізма. Акрамя таго, міжнародныя/расейскія ўласнікі будуць аказваць ціск на беларускае кіраўніцтва з мэтай правядзення эканамічнай лібералізацыі, а палітычны рэжым у Беларусі будзе капіяваць расейскія асаблівасці, якія ўяўляюць з сябе «гібрыднае спалучэнне алігархічных і аўтакратычных кампанентаў» [7].
Адначасова ў Лукашэнкі застаецца магчымасць атрымаць дапамогу ад Захаду для правядзення эканамічнай мадэрнізацыі, выкарыстоўваючы традыцыйную гульню на геапалітычных супярэчнасцях паміж Усходам і Захадам. У такім разе палітычны працэс у краіне будзе заставацца закансерваваным, хоць і без дэманстратыўных рэпрэсій, а развіццё беларускага аўтарытарызму можа пайсці па мадэлі «кіраванай дэмакратыі» з стварэннем «партыі ўлады», на ролю якой прэтэндуе РГА «Белая Русь».
Пры гэтым, беларускі прэзідэнт з мэтай захавання асабістай улады будзе яшчэ не раз імкнуцца чаргаваць замежнапалітычныя вектары і лавіяваць паміж Усходам і Захадам нягледзячы на ўдзел у стварэнні Адзінай Эканамічнай Прасторы і Еўразійскім эканамічным саюзе, якія можа напаткаць лёс СНД і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
1. Важнейшие результаты национального опроса: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. — Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/09-11-15.html Дата звароту: 19.12.2011.
2. Ворожейкина, Татьяна. Авторитарные режимы ХХ века и современная Россия: сходства и отличия: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / российское электронное средство массовой информации «Полит.ру». — Рэжым доступу: http://www.polit.ru/article/2010/05/25/vorozheikina#_edn10 Дата звароту: 19.12.2011.
3. В Беларуси за 2008–2010 годы план приватизации выполнен на 10%: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інфармацыйнае агенства «Інтэрфакс-Захад». — Рэжым доступу: http://www.interfax.by/news/belarus/86845 Дата звароту: 19.12.2011.
4. Государственный секретарь Совета Безопасностигенерал-полковник Леонид Мальцев: Территориальная оборона в системе национальной безопасности: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет партал газеты «СБ-Беларусь Сегодня». — Рэжым доступу: http://sb.by/post/123595/ Дата звароту: 19.12.2011.
5. Кто заполнит рейтинговый вакуум? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. — Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/press2.html. Дата звароту: 19.12.2011.
6. Макей хочет созвать Всебелорусский съезд патриотических сил: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Агенства фінансавых навін. — Рэжым доступу: http://afn.by/news/i/156330 Дата звароту: 27.10.2011.
7. Моммзен, Маргарета. Российский политический режим: неосоветский авторитаризм и патронажное президентство: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-часопіс «ИНТЕЛРОС — Интеллектуальная Россия». — Рэжым доступу: http://www.intelros.ru/readroom/nz/nz-74-6-2010/8293-rossijskij-politicheskij-rezhim-neosovetskij-avtoritarizm-i-patronazhnoe-prezidentstvo.html. Дата звароту: 19.12.2011.
8. Пикулик, Алексей. Беларусь как государство-рантье (І). От плана к плану: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сайт экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение». — Рэжым доступу: http://nmnby.eu/news/analytics/1018.html Дата звароту: 20.12.2011.
9. Территориальная оборона Республики Беларусь как система всенародной защиты Отечества, или Почему «пятая колонна» обречена на вечное социальное аутсайдерство: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / «Белорусская военная газета „Во славу Родины“. — Рэжым доступу: http://vsr.mil.by/2011/11/09/territorialnaya-oborona-respubliki-belarus-kak-sistema-vsenarodnoj-zashhity-otechestva-ili-pochemu-pyataya-kolonna-obrechena-na-vechnoe-socialnoe-autsajderstvo/ Дата звароту: 19.12.2011.
10. Collier, David. Overview of the Bureaucratic-Authoritarian Model // The New Authoritarianism in Latin America. Princeton: Princeton U, 1979. P. 19-33.
11. Collier, David. Bureaucratic Authoritarianism (2001). THE OXFORD COMPANION TO POLITICS OF THE WORLD, 2nd Edition, Joel Krieger, ed., Oxford: Oxford University Press, 2001. p.p. 93-95
12. Remmer, Karen L.; Merkx, Gilbert W. Bureaucratic-Authoritarianism Revisited. Latin American Research Review, Vol. 17, No. 2. (1982), pp. 3-40
13. Wiarda, Howard J. The Latin America development process and the new developmental alternatives: military «Nasserism» and «Dictatoship withj popular support» / Howard J. Wiarda- The Western Political Quarterly, Vol. 25, No.3 (Sep. 1972). p.p.464-490