Лукашэнка спрабуе забяспечыць падтрымку сярод наменклатуры працягу сваіх паўнамоцтваў. Дыктатар ссоўвае фокус увагі з калектыўнага кіравання дзяржавай праз УНС на пашырэнне ўладных паўнамоцтваў кіраўніцтва раённай вертыкалі. Аўтакрат разлічвае захаваць персаналісцкі рэжым кіравання без істотнага рэфармавання сістэмы. «Бароны» рэгіянальных і мясцовых органаў улады застаюцца жорстка ўбудаванымі ў прэзідэнцкую вертыкаль.

На пачатку года Лукашэнка абнавіў угоду з мясцовай і рэгіянальнай наменклатурай. Размовы аб пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады працягваюцца ўжо не адзін год. Падаецца, што дыктатару атрымалася ў чарговы раз перайграць наменклатуру. Мясцовае кіраўніцтва прэзідэнцкай вертыкалі пашырае паўнамоцтвы ў пераразмеркаванні выгодаў за кошт чарговага абмежавання інтарэсаў прыватнага сектара і насельніцтва. У сваю чаргу аўтакрат захоўвае ўсю паўнату ўлады ў краіне — асабістыя кампетэнцыі Лукашэнкі застаюцца нязменнымі. Дыктатар пазбег аслаблення «суперпрэзідэнцкіх» паўнамоцтваў і дэлегавання іншым галінам улады.

Яшчэ раней дыктатар прадпрыняў захады па пераводзе Усебеларускага народнага сходу у «спячы рэжым». Кіруючы клас займаецца пошукам адпаведнай нішы для гэтага органа ў персаналісцкім рэжыме, дзе б УНС з канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі не перашкаджаў дыктатару кіраваць дзяржавай.

Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў. Дыктатар пашырыў паўнамоцтвы кіраўніцтва выканкамаў базавага ўзроўню, што ўзмацняе іх ролю ў мясцовай эканоміцы і кадравай палітыцы. Адпаведна, мясцовыя бароны прэзідэнцкай вертыкалі павялічваюць сваю вагу ў кіраванні на раённым і гарадскім узроўнях. Пашырэнне паўнамоцтваў адбылося за кошт абмежаванняў у дачыненні да прыватнага сектара і насельніцтва. Зараз мясцовыя чыноўнікі могуць выкарыстоўваць працу грамадзян і сродкі прыватнікаў на мэты па добраўпарадкаванні. Бароны вертыкалі атрымалі права ўзгадняць кіраўнікоў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Гэта чарговае пашырэнне ўмяшальніцтва дзяржавы ў прыватны сектар. Яшчэ раней Лукашэнка дазволіў узгадняць старшынь таварыстваў уласнікаў. Гэтыя рашэнні кіраўніка вертыкалі павялічваюць залежнасць ад выканкамаў, пагаршаюць канкурэнтныя ўмовы для прыватнага сектару і пашыраюць патэнцыйную карупцыйную рэнту для мясцовых баронаў прэзідэнцкай вертыкалі.

Для змякчэння эфекта ад абмежавальных захаваў Лукашэнка сустрэўся з асобнымі прадстаўнікамі прыватнага бізнесу. Дыктатар імкнуўся заспакоіць прадпрымальнікаў і прадэманстраваць зацікаўленасць у захаванні буйнога прыватнага сектару. З такім бізнэсам кіруючаму класу лягчэй заключыць нефармальную ўгоду аб лаяльнасці, у адрозненне ад сотняў тысяч дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў. У сваю чаргу мясцовыя бароны прэзідэнцкай вертыкалі нясуць адказнасць за заключэнне падобнага тыпу дамоваў з мясцовым бізнэсам. Хутчэй за ўсё, яны таксама арганізуюць падобныя сустрэчы з прадстаўнікамі прыватнага сектара.

Дзяржава Лукашэнкі працягвае пераглядаць умову з грамадствам і пазбаўляцца ад асобных функцый або перакладваць іх на прыватных сектар і грамадзян. Пры гэтым фіскальны цяжар на грамадства застаецца ранейшым ці нават павялічваецца. У сваю чаргу кіруючы клас пераразмяркоўвае сродкі на забеспячэнне лаяльнасці сілавікоў і чыноўнікаў.

Такім чынам, Лукашэнкі працягвае абнаўляць сістэму персаналісцай улады пасля палітычнага крызісу 2020 г. Гэтыя трансфармацыі скіраваны на захаванне асабістых пазіцый дыктатара з улікамі захавання лаяльнасці асноўных слупоў рэжыма — наменклатуры і сілавікоў.