Лукашэнка працягвае захады па кансалідацыі кіруючага класа вакол сваёй асобы. Дыктатар імкнецца інтэграваць Усебеларускі народны сход у сістэму персаналісцкай улады, але яго непакояць патэнцыйныя магчымасці гэтага «спячага» інстытута. Палітык разлічвае ўмацаваць асабістыя пазіцыі і забеспечыць лаяльнасць дзякуючы амаладжэнню кіруючага класа.
Пасля падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі сутыкнуўся з масавымі пратэстамі і кадравым крызісам. Нягледзячы на адсутнасць відавочнага расколу ў кіруючым класе, многія чыноўнікі выказвалі сімпатыі да пратэстнага руху. Некаторыя пакідалі свае пасады ў першыя месяцы палітычнага крызісу.
Пасля знішчэння пратэстнага руху дыктатар прыступіў да поўнай замены нелаяльных кадраў на тых, хто цалкам падтрымлівае дзеючы рэжым. У гэтым кантэксце праводзяцца несупынныя чысткі кіраўнічага апарата і дзяржаўнага сектара эканомікі. Гэта нагадвае практыку таталітарных рэжымаў мінулага стагодззя. Так, дыктатары спярша знішчалі апазіцыю, а потым праводзілі чысткі ад «унутраных» ворагаў сярод сваіх паплечнікаў. Былы палітрук і інструктар таварыства «Веды» Лукашэнка неаднаразова выказваў захапленне савецкімі практыкамі.
Кадравая палітыка рэжыму позняга Лукашэнкі накіравана на фармаванне новай генерацыі лаяльных і адданых кіраўнікоў. Напэўна, адным з самых яскравых прыкладаў амаладжэння лукашэнкаўскай вертыкалі з’яўляецца кіраўнік Мінаду Іванец. Пасля ўступлення на пасаду ў 2022 годзе трыццацівасьмігадовы міністр з адданасцю праводзіць кадравыя чысткі і знішчае прыватны адукацыйны сектар. Падчас яго кіравання у сферы адукацыі ўзмацняюцца тэндэнцыі мілітарызацыі і ідэалагізацыі, асабліва на фоне афармлення культа асобы Лукашэнкі.
Для падрыхтоўкі новага пакалення чыноўнікаў ствараюцца спецыяльныя ідэалагічныя праекты. Адным з прыкладаў з’яўляецца дакументальна-біяграфічны нарыс «Наш прэзідэнт». Кніга мусіць стаць своеасаблівым кароткім курсам для маладых кадраў. Гэтая ініцыятыва накіравана на фармаванне культу асобы Лукашэнкі і ўмацаванне яго аўтарытэту сярод новага пакалення чыноўнікаў.
Амаладжэнне кіруючага класа не азначае змены лідара. Лукашэнка працягвае ўтрымліваць уладу, выкарыстоўваючы розныя механізмы кантролю і ўплыву. Абнаўленне кадраў скіравана на захаванне асабістых пазіцый дыктатара ў дзяржсістэме.
Пасля 2020 года ў грамадстве, у тым ліку сярод чыноўнікаў, узніклі надзеі на змены і хуткі ўладны транзіт. Лукашэнка вымушаны быў рэагаваць на гэтыя чаканні ў кіруючым класе. Дзеля кансалідацыі дзяржапарата дыктатар падтрымліваў сярод чыноўнікаў надзею на змены — перыядычна заяўляў аб адыходзе ад улады і анансаваў рэферэндум з умацаваннем ролі калегіяльнага органа кіравання — Усебеларускага народнага сходу
Аднак пасля аднаўлення сваіх пазіцый дыктатар спрабуе вынайсці ва ўладнай сістэме адмысловую «нішу» для УНС, які атрымаў пасля лютаўскай дамовы 2022 года канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Лукашэнка пераводзіць гэты новаўтвораны інстытут у «спячы рэжым» — ён мусіць не «навісаць» над іншымі органамі ўлады. Гэта значыць — не пагражаць існаванню выбудаванай першым прэзідэнтам персаналісцкай сістэме дзяржаўнага кіравання.
Варта зазначыць, што персаналісцкі рэжым выйшаў з палітычнага крызісу 2020 больш кансалідаваным. Зараз Лукашэнка прапануе кадравыя ліфты для сваіх найбольш адданых прыхільнікаў з моладзевага асяродку.
З іншага боку, чысткі прывялі да ўзмацнення кадравага дэфіцыту ў дзяржсектары эканомікі. У Мінску — адным з найбольш пратэстных гарадоў краіны — назіраецца рэзкі рост колькасці вакансій: патрабуецца больш за 50 тысяч работнікаў. У рэгіёнах сітуацыя таксама ўскладняецца з-за недахопу кваліфікаваных спецыялістаў, у немалой ступені з-за палітычных рэпрэсій. Нягледзячы на гэта, улады працягваюць зачыстку эканомікі ад іншадумцаў, што яшчэ больш пагаршае праблему кадравага дэфіцыту.
Такім чынам, амаладжэнне і абнаўленне кіруючага класа накіравана на ўмацаванне пазіцый правадыра рэжыму. Праз інтэграцыю маладога пакалення ў дзяржаўны апарат і выкарыстанне ідэалагічных інструментаў, Лукашэнка імкнецца забяспечыць сабе працяглую падтрымку і стабільнасць сваёй асабістай улады.