Наезд дзяржавы Украіна на сваіх грамадзянаў за мяжой — адгукнецца беларусам. Наезд Грузінскай рэспублікі на сваіх грамадзянаў унутры краіны — беларусам варта напружыцца ўжо цяпер.

Еўразвяз_бел

Беларусаў у выгнанні пачалі параўноўваць з габрэямі Трэцяга Рэйху амаль адразу як з тэрыторыі Беларусі ва Украіну прайшлі расейскія войскі ў канцы лютага 2022 году. Унутры краіны габрэяў пераследавалі дэ-юрэ палітычна, а за межамі Нямеччыны дэмакратычным дзяржавам «заміналі» пашпарты, выдадзеныя нацыстамі.

Пазней легалізаваных у Еўразвязе беларусаў адзін мой знаёмы палітолаг назваў «цыганамі Еўропы» — дакументы ёсць, а прывязкі да зямлі няма.

У канцы красавіка 2024 году ўкраінскі ўрад здзівіў нечаканым сваім падабенствам з лукашызмам крокам — спыніў замену пашпартоў мужчынаў украінцаў 18-60 гадоў праз амбасады. Маўляў, вяртайцеся, каго на вайну адправім, каго камісуем, там паглядзім. У кожным разе на заробкі за мяжу ўжо не вернецеся.

Палітычны Кіеў заварыў не абы якую кашу для краін Еўразвязу.

Дэ-факта «цыганоў Еўропы» хутка паболее мінімум на сотні тысяч. Прычым, гэта будуць людзі без выразных дакументаў, і адпаведна з пытаннем пра магчымасць легальна працаваць.

Пакуль, напрыклад, у Польшчы, назіраецца раздрай. У Міністэрстве абароны кажуць, што гатовыя паспрыяць дэпартацыі ўкраінцаў, а ў Міністэрстве ўнутраных справаў наадварот, кажуць, што ўсе вымушаныя перасяленцы атрымаюць ахову польскай дзяржавы.

«Вяртайся ва Украіну, ідзі на фронт!» — крычыць полька старшага веку ўкраінскаму мужчыну ў Варшаве.

Польку мала абыходзіць што там ва Украіне, бо яна адчувае сябе абароненай ад Крамля сіламі NATO. Польская кабета баіцца чарговага наплыву ўкраінцаў, бо свет вакол яе змяніўся. У крамах працуюць людзі, якія кепска разумеюць па-польску, і не заўжды выконваюць свае абавязкі так, як прынята ў Польшчы.

Ды што там, калі старшая пані трапляе ў лякарню, часта не можа нармальна паскардзіцца на сваё жыццё медсястры ці медбрату, бо тыя з Украіны. Так што «Ідзі на фронт!» — гэта толькі фігура мовы, якая камуфлюе прыродную ксенафобію звычайнага мала адукаванага чалавека.

Калі ўкраінскі мужчына не на фронце, гэта не значыць, што ён не патрыёт. У ютубах вы лёгка адшукаеце ролікі, дзе ў поўным сэнсе героі фронту распавядаюць, што месяцамі не атрымліваюць заробак. Працуючы ў Польшчы ці любой іншай краіне, украінскі мужчына корміць сваю сям’ю, і часта данаціць ЗСУ.

Іншая катэгорыя — колішнія выбарцы Януковіча і прыхільнікі «рускава міра», найперш з Усходу і Поўдня Украіны, якія проста ўцяклі ад баявых дзеянняў. Яны тым больш не вернуцца пад кантроль ненавіснага ім Кіева.

Польшча найбольш прыняла да сябе бежанцаў з Украіны. Думаю, што польскія ўлады знойдуць магчымасць не правакаваць сацыяльную напругу, і знойдуць як захаваць статус кво для ўкраінскіх мужчынаў.

Таму не толькі ксенафобы, але зе-палітыкі ў Кіеве пралятаюць. Хоць асадачак, безумоўна застанецца. Бо ва ўгоду ўнутранаму папулізму афіцыйны Кіеў не першы раз стварае праблему для краін, у якіх просіць дапамогу.

Ва ўсёй апісанай сітуацыі беларусам трэба разумець, што вельмі хутка атрымаць міжнародную ахову вельмі складана. Бо міжнародная ахова — адзіны самы надзейны шлях для легалізацыі ў краінах Еўразвязу, і вельмі хутка большасць украінцаў дазнаецца пра такі ход. А таму чэргі на падачу дакументаў і час разгляду справаў вырастуць у разы.

З трохсот з лішкам тысяч беларусаў толькі ў Польшчы на міжнародную ахову падалося ўсяго каля адзінаццаці тысяч чалавек. Кажу «усяго», бо для сарака мільённай Польшчы гэта кропля ў моры.

Некаторыя беларусы ўсё яшчэ жывуць думкай, што праз год-два можна будзе вярнуцца, а «ў мяне ж пашпарт яшчэ на чатыры гады».

Сітуацыя змяняецца вельмі імкліва, ніхто не возьмецца прагназаваць, што будзе праз год-два, а тым больш праз чатыры. Можа з тэрыторыі Беларусі Расея зробіць правакацыю ў бок Літвы і Польшчы, і NATO зробіць сваю спецыяльную вайсковую аперацыю па нейтралізацыі лукашыстаў, і ўсе, хто захочуць, вернуцца.

А можа вайна зацягнецца на доўгія гады, і калі надыдзе час змяняць дакументы, беларус апынецца ў канцы аграмаднай чаргі.

Грузія_бел

Агульны стан палітычнай сітуацыі ў Грузіі (Сакартвэла) нагадвае мне беларускі 1996 год, калі ў сталіцы шмат актывістаў, яны рэгулярна ладзяць акцыі пратэсту, але астатняя краіна занятая сваімі бытавымі справамі.

І матывы для пратэсту тыя самыя — супраць збліжэння з Расеяй і ўціску грамадзянскіх свабодаў.

Хто бываў у Грузіі, ведае, што па ўсёй краіне вісяць сцягі Еўразвязу. Пасля прыняцця закону «пра іншаземны ўплыў», які капіюе расейскі закон «пра іншаземных агентаў», і сярод грузінаў завецца «рускі закон», грузіны могуць смела здымаць еўразвязаўскія сцягі. Фактычна стан рэчаў будзе такі, што Грузія надоўга можа згубіць надзею на сваю інтэграцыю з дэмакратычным светам.

Еўрапарламент ужо прыняў пакуль толькі рэзалюцыю, але важны першы крок па палітычнай сітуацыі ў Грузіі. Еўрадэпутаты сярод іншага заклікаюць адмяніць закон, які абмяжоўвае правы ЛГБТ у Грузіі і празрыста намякаюць, што бязвіз для грузінаў можа быць скасаваным.

Ужо 126 недзяржаўных арганізацый заявілі, што не будуць падпарадкоўвацца «рускаму закону». Гэта значыць, што канфлікт будзе зацяжным. Ад развалу СССР Грузія перажыла дзве грамадзянскія вайны, і трэба разумець, што грамадзянская згода там вельмі хісткая.

Расеі цяперашняя сітуацыя ў Грузіі пры кожным раскладзе выгадная, бо дэстабілізацыя палітычнага жыцця ў Грузіі — гэта адхіленне краіны ад кірунку еўраінтэграцыі.

А цяпер на фоне апісанага ўявіце сабе беларусаў, якія падаліся на міжнародную ахову. Прызнаваць беларусаў палітычна пераследаванымі на тэрыторыі галоўнага васала Расеі Лукашэнкі, гэта ісці супраць свайго дэ-факта стратэгічнага партнёра — Крамля.

У тым, што стваральнік кіроўнай у грузінскім парламенце партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі фактычна і ёсць агент замежнага — расейскага — уплыву, ніхто не сумняецца.

Дадайце сюды ўкраінцаў, якія ў Грузіі апынуліся без консульскага абслугоўвання сваёй дзяржавы.

І вядома, як і ў Еўразвязе, у Грузіі шмат беларусаў, якія думаюць, што маючы пашпарты на сем-восем гадоў наперад, дакладна змогуць вярнуцца ў Беларусь калі без дэмакратыі, але і без тэрору.

У Грузіі з прынятым «законам пра агентаў замежнага ўплыву» кожны беларус станецца патэнцыйным «інагентам».

Парадаксальным чынам прыняцце «рускага закону» дапаможа беларусам шпарчэй атрымліваць візы на ўезд у Еўразвяз, бо Грузія станецца сапраўды небяспечнай краінай для ўсіх, хто пацярпеў ад лукашэнкаўскага ці пуцінскага рэжыму.

Хоць, вядома, вельмі хацелася б бачыць Грузію хоць бы адносна свабоднай, прынамсі, як цяпер.