Два беларусы ў Беластоку. Адзін аўтахтон — яго продкі тут жылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Другі вымушаны перасяленец. Абодва між сабою гавораць беларускай мовай.

Прыехалы з РБ:

— Слухай, а ў вас у офісе можа зарадка ёсць?

— Што?!!!

— Зарядка…

Пасля доўгіх высвятленняў падляскі беларус выдыхае:

— А — łodowarka!

А цяпер наступны паказальны эпізод сутыкнення дзвюх беларускіх, не пабаюся гэтага слова, цывілізацыяў.

Прыехалы з РБ, таксама «палітычны», але неафіт, знаёміцца з беластоцкім беларусам. Слова за слова, раптам прыезджы кажа:

— Ого, у вас тут такая старая беларуская дыяспара! А калі твае продкі сюды перабраліся?

У 1990-х на Беласточчыне беларусамі сябе называлі больш за 200 000 жыхароў. Сёння яны збольшага самапераназваліся ў «праваслаўных палякаў».

Здавалася б, тэма беларушчыны на Падляшшы па-ціху сыходзіць ў архіў. Але 2020 год даў Беластоку і ваколіцам вялікую хвалю беларусаў з Рэспублікі Беларусь.

Здаецца, што з дапамогай каманды «Ctrl C» + «Ctrl V» з Гарадзеншчыны на Беласточчыну ледзь не адначасова перасяліліся актыўныя людзі са сферы грамадскага актывізму, культуры і малога бізнесу. Плюс з іншых мясцін Беларусі.

«Праваслаўныя палякі» даўно прызвычаіліся да беларусаў з таго боку мяжы. Гаворка пра тысячы прыватных адносінаў на ўзроўні прадпрымальніцтва, а часам і сваяцкіх сувязяў.

Тое, што беларусаў паболела, магчыма, далёка не ўсім адразу заўважна. Але працэсы ідуць. У тым ліку такія, што вывучаючы польскую мову і польскія бытавыя рэаліі, беларусы з Беларусі не спяшаюцца адмаўляцца ад сваёй беларускасці.

Бо гаворка не пра «заробітчанаў», а пра цалкам сабе ідэйных людзей, якія прывезлі сваю ўнутраную свабоду і разам з ёю сваю мару пра Новую Беларусь.


Перад 2020 годам у Польшчы, у тым ліку на беларускай гістарычна-этнічнай частцы Падляскага ваяводства, бачылі пераважна беларусаў заробітчан.

Гэта ўкраінскі тэрмін, які дакладна адлюстроўвае сутнасць з’явы — чалавека, які паехаў за мяжу з эканамічных прычынаў, генеральна сябе ад радзімы не адразае, хоць за мяжой можа праводзіць большую частку свайго часу.

Нават беларусы з Беларусі, якія прыязджалі ў адукацыйныя, культурныя ці медыйныя арганізацыі Польшчы, і фармальна як бы рушылі беларускую справу, дэ-факта заставаліся заробітчанамі. Бо гаворка йшла найперш пра нармальныя ўмовы працы, а не пра місію беларусаў на тэрыторыі Польшчы.

А беларусы Падляшша і не маглі сабе дазволіць нейкую місію па-за вызначанымі гісторыяй этнічнымі тэрыторыямі — навошта ж канфліктаваць з нацыянальнай большасцю дзяржавы, дзе жывеш?

Тым больш, што польскі нацыяналізм быў і часткова застаецца не толькі крэатыўным, прагрэсарскім, але і цалкам сабе норным, акопным, то бок, з ухілам у ксенафобію чыстай вады. І акурат на Падляшшы такі дэструктыўны нацыяналізм праяўляўся часцей за ўсё.

І тут масава і амаль адначасова прыбылі рознымі шляхамі палітычныя ўцекачы, палітычныя бежанцы і палітычныя рэлаканты з Беларусі.

Прыехалі не па доўгі польскі злоты, а найперш ратуючыся ад рэальнай ці эвентуальнай пасадкі за краты з усімі перспектывамі: катавання, не надання медычнай дапамогі, працягнення тэрмінаў зняволення да бясконцасці.

У гэтых беларусаў ад пачатку не было задачы распусціцца бясследна як цукар у каве ў польскім грамадстве.

Паглядзіце на каляндар беларускіх культурных падзеяў толькі ў Беластоку — ды ў часы «мяккай беларусізацыі» такой шчыльнасці не было ні ў водным беларускім абласным горадзе. Я ўжо не кажу пра ўсю астатнюю Польшчу, пачынаючы з Варшавы і да самага да Уроцлава.

Задача новапрыбылых, хай сабе інтуітыўная, не прапісаная ў пэўных дэкларацыях, — захавацца, самаарганізавацца, дзейнічаць.

Людзі і дзейнічаюць хто як можа. Ад згаданых вышэй культурніцкіх падзеяў да, напрыклад, курсаў па самаабароне для жанчын у звязку з забойствам маладой беларускі Лізы ў Варшаве. Плюс, канешне, збор грошай на дапамогу пацярпелым у той ці іншай сітуацыі суайчыннікам.


Беларусы Падляшша маюць свае грамадскія, грамадска-культурніцкія і нават медыйныя арганізацыі. Гэта сам сабе міні-кантынент у Польскай Рэспубліцы (у назве Rzeczpospolita Polska слова Polska — прыметнік, а не назоўнік).

Кантынент падляскіх беларусаў з кожны годам змяншаецца, бо маладым не хочацца асацыявацца са словам «беларус». Шмат для якіх палякаў беларус ёсць сінонімам лукашыста, а для старых дык яшчэ і камуніста. І гэта асобная сумная, але важная, тэма з перспектывай на змену ў лепшы бок.

У нашай сітуацыі пакуль больш важна ці знойдзе паразуменне і магчымасць узаемадзеяння беларускасць Падляшша, і беларускасць Беларусі. Ці нават Новай Беларусі, якую ў сваю чаргу новапрыбылыя бачаць па-рознаму, у тым ліку некаторыя без моцнага нацыянальнага складніку. Што ў сваю чаргу таксама асобная тэма.

Калі згадаем пра новапрыбылых у Польшчу і Літву беларусаў з палітычнымі амбіцыямі, то вымалёўваецца магчымы будучы трохкутнік: нядаўнія і пакуль яшчэ дзейсныя лідары меркаванняў — самаарганізаваныя палітычныя простыя, але грамадскі актыўныя — беларусы Падляшша, якія маюць дзяржаўны статус нацыянальнай меншасці Польшчы, а значыць і Еўразвязу, адпаведныя юрыдычна аформленыя структуры, але не маюць свежай крыві ў сваіх структурах.

Пакуль трохкутнік толькі магчымы, бо пакуль яго тут і цяпер няма. Пералічаныя складовыя часткі беларускай супольнасці ў Польшчы існуюць самі па сабе.

Што да беларусаў Падляшша і новапрыбылых, я больш-менш спакойны за перспектыву. Патрэбны час каб беларусы з розных цывілізацыйных рэаліяў прыцерліся адзін да аднаго, у тым ліку і на ідэйным і на прыватным узроўні.

А вось беларусы з палітычнымі амбіцыямі выклікаюць шмат сумневаў.

Напрыклад, шаноўнае спадарства, а вы каго ў Еўразвязе рэпрэзентуеце? Калі беларусаў РБ, то хіба на сімвалічным узроўні, і тое толькі Святлана Ціханоўская на 100% можа сабе такую рэпрэзентацыю дазволіць.

Беларусаў у выгнанні? На такое рэпрэзентаванне трэба атрымаць легітымізацыю з боку беларусаў у выгнанні (ці хутчэй падарожжы), якія пакуль «цыганы Еўропы», як сказаў знаёмы палітолаг, то бок, без дакладна абазначанай аселасці.

Што рабіць? Згадаць, што беларусы даўно адзін з этнасаў Еўропы, і не толькі гістарычна, але тут і цяпер, дзякуючы суродзічам з Беласточчыны.

Гістарычная сустрэча двух галінаў аднаго этнасу ўжо адбылася. Трэба працаваць так, каб не было пытанняў па «зарядке» і «łodowarcy».