Гісторыя — калі прыгадаць вядомую фразу Герцэна — не мае лібрэта. Іншымі словамі, у гісторыі няма якой-небудзь мэты, законаў і загадзя вядомых маршрутаў, па якіх яна развіваецца, гісторыя — гэтага гульня імправізацыі і выпадку. Разам з тым, у ёй часта можна сустрэць знаёмыя сінтаксічныя паўторы, метафары і рэфрэны.
І гледзячы на падзеі апошніх некалькіх дзён у Беларусі, складана не ўзгадваць пра антыкамуністычныя рэвалюцыі 1989 года ва Усходняй Еўропе, неверагодна мірныя па сваім змесце (зразумела, за выняткам Румыніі) і неверагодна паспяховыя па сваіх выніках.
Адзінай зброяй ўсходнееўрапейскіх грамадзян супраць ілжывых і цынічных ўрадаў сваіх дзяржаў, якія адмаўлялі саму думку аб палітычнай празрыстасці і магчымасці любых пераменаў, і якія хаваліся за афіцыйнай прапагандай і дручкамі мясцовых АМАПаў, сталі яркія сімвалічныя жэсты, лозунгі і ўласныя безабаронныя цела, сама прысутнасць якіх у публічнай прасторы кідала выклік існуючай уладзе.
Так у ходзе так званых «панядзелкавых дэманстрацый» у ГДР (Montagsdemonstrationen) — серыі масавых мірных пратэстаў з патрабаваннямі грамадзянскіх свабод, дэмакратызацыі грамадства і змены існуючага палітычнага рэжыму, якія пракаціліся па гарадах ГДР у 1989 годзе — пратэстоўцы скандавалі лозунг «Мы — народ» (Wir sind das Volk). Даволі складана дакладна вызначыць, дзе менавіта паўстаў гэты лозунг той гдээраўскай восенню, але па адной з версій ўпершыню ён прагучаў у пачатку кастрычніка 1989 года падчас пратэстаў у Лейпцыгу як своеасаблівы і годны адказ на заявы мясцовай газеты «LeipzigerVolkszeitung», якая называла пратэстуючых хуліганамі, антысацыяльнымі элементамі, завадатарамі і збунтаваным натоўпам.
Сюжэт гэты падасца да болю знаёмым кожнаму, хто меў у апошні час сумнеўнае задавальненне назіраць за выступленнямі кіраўніка беларускай дзяржавы, яго падначаленых і праўладных экспертаў, прытрымліваючыхся агульнай лініі, што ў пратэстах прымаюць удзел «адмарозкі, абкураныя, п’яныя малалеткі, майданутыя, дэструктыўныя элементы і беспрацоўныя з крымінальным мінулым», якія завабліваюць у сваю «павуціну» не крытычна думаючых грамадзян — увесь гэты самы «народец», якім некалькі месяцаў таму прэзідэнт грэбліва абазваў беларускіх грамадзян.
З таго часу, як гэта зняважлівая заява была агучана, беларусы неаднаразова заявілі і працягваюць заяўляць аб тым, што яны не «народец», а народ, які заяўляе аб сваіх прэтэнзіях стаць паўнавартаснай палітычнай нацыяй.
Асабліва прыкметна гэта стала калі мы назіралі ланцугі і маршы салідарнасці, не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах — сапраўднае рухомае мора жанчын у светлай вопратцы, з кветкамі і белымі стужачкамі (здаецца, ніхто не можа адмаўляць важнасць феміністычнага складніка ў падзеях гэтых вясны і лета), хвалі якога пацягнулі за сабой, або спадарожнічалі, страйкам і іншых формам нязгоды з цынічнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, самой працэдуры іх правядзення і неверагоднай жорсткасцю і гвалтам з боку праваахоўных органаў у дачыненні да абураных несправядлівасцю грамадзян.
Толькі будучыня пакажа, ці стануць гэтыя падзеі выдатным практычным урокам палітычнай філасофіі, але няма нічога ганебнага ў тым, каб зараз звязваць з імі пэўныя надзеі і чаканні. Камусьці гэта можа здацца праявай наіўнасці або недальнабачнасці, а для кагосьці стане крыніцай натхнення для салідарнасці ўзрушанх бягучай беларускай штодзённасццю.
У свой час брутальнае збіццё 17 лістапада 1989 гадоў студэнцкай дэманстрацыі ў Празе пацягнула за сабой дэманстрацыі і выступленні па ўсёй Чэхаславакіі, якія праходзілі пад лозунгам «Мы бяззбройныя!» (M? me hol? ruce!) і груканне звязкамі ключоў — тым самым людзі давалі ўладам зразумець, што іх час сваё адзвінеў (odzvonilo).
У гісторыі няма лібрэта, і яна ніколі не паўтараецца, але хто сказаў, што ў беларускага «Перастаньце нас біць!» і «кветкавых ланцугоў» няма ніякіх шанцаў, каб дапоўніць ўсходнееўрапейскі культурна-гістарычны ландшафт, створаны ў 1989 годзе?