Серыю гутарак пад агульнай назвай «COVID-19 у Беларусі: шукаем рашэнне» распачаў сумесны праект грамадскага форуму ePramova і аналітычнага сайта «Наше мнение».
Суразмоўцамі Паўлюка Быкоўскага ў першай перадачы сталі аналітык даследчага цэнтра EAST Андрэй Елісееў і карэспандэнт Радыё Свабода Антон Трафімовіч.
Лятальнасць у Беларусі не можа быць у 20-25 разоў ніжэй за Швецыю
П.Б.: Міністэрства аховы здароўя падае кавідную статыстыку. Але журналісты час ад часу адзначаюць яе шарадны характар і ўвогуле лічбы ад Мінздароўя выклікаюць пытанні. Наколькі гэтая статыстыка выглядае адэкватнай?
А.Е.: Я лічу, што беларуская статыстыка заніжаная з розных прычынаў, пра гэта сведчыць статыстыка смяротнасці. Розныя СМІ неаднаразова паведамлялі, што каранавірус не быў пазначаны ў пасведчаннях пра смерць. Калі мы параўнаем статыстыку розных еўрапейскіх краінаў, напрыклад, Галандыю ці Швецыю, якія мы нядаўна абышлі па колькасці каранавірусных выпадкаў, то там зарэгістраваныя 5-6 тысячаў смерцяў ад каранавірусу. Я дапускаю, вядома, што ў Беларусі лятальнасць можа быць меншая за польскую, галандскую, шведскую ў 2-3 разы, але ніяк не ў 20-25 разоў, што мы маем па афіцыйнай статыстыцы. Гэтая абмежаваная статыстыка: нам не даюць лічбы па ўзросце, па рэгіёнах — звязаная з маніпуляцыямі: чым больш разнапланавай інфармацыі маеш на руках, тым прасцей пераканацца ў маніпуляцыях.
П.Б.: Але праз пэўны час з’явіцца статыстыка Белстата — пра смяротнасць, пра захворванні, у тым ліку на пнеўманію, з’явяцца лічбы ЗАГСаў пра колькасць памерлых. Статыстыку немагчыма схаваць, аднак гэта робіцца. Чаму?
А.Е.: Справа ў тым, што нават квартальная статыстыка ад пнеўманій, калі з’явіцца, толькі часткова адкрые статыстычную таямніцу, бо частка смерцяў будзе пазначана іншымі прычынамі, напрыклад, сардэчнай недастатковасцю. То бок, не ўсе кавідныя смерці будуць адлюстраваныя ў смерцях ад пнеўманій. Заўважу, што ўжо з красавіка беларускія ўлады не параўноўваюць сёлетнюю смяротнасць ад пнеўманій з леташняй, што любілі рабіць у лютым-сакавіку. Са штомесячнай статыстыкі відаць, што смяротнасць большая ў параўнанні з мінулым годам.
Нават калі поўная статыстыка і будзе апублікаваная, я маю сумневы, што штоквартальны выпуск Белстата выйдзе своечасова — ягоную публікацыю могуць зацягнуць. Зараз мы жывём на этапе прэзідэнцкіх выбараў, то бок ёсць палітычны рэзон апублікаваць іх пазней — палітычны розгалас будзе меншы.
П.Б.: Вы маеце на ўвазе, што найбольшае значэнне мае прапагандысцкі бок?
А.Е.: Вядома, бо калі беларускія ўлады паслядоўна заніжаюць рызыку каранавіруса і гавораць, што праблема не такая сур’ёзная, як падаецца незалежнымі журналістамі, меншая, чым у іншых краінах, то ім вельмі не хацелася б падаваць статыстыку напярэдадні самых выбараў. Калі чарговы выпуск Белстата звычайна выходзіць у ліпені, я дапускаю, што яго апублікуюць пазней –у другой палове жніўня ці верасня.
Смяротнасць сярод медыкаў вышэй у 20-30 разоў за іншыя краіны
П.Б.: Ёсць статыстыка Міністэрства аховы здароўя, ёсць статыстыка, якую рана ці позна дасць Белстат. Вы рабілі матэрыял пра смяросць ад каранавірусу сярод урачоў. Гэтая інфармацыя не зусім статыстычная, але яна пэўным чынам паказвае значэнне той статыстыкі, з якой мы працуем.
А.Т.: Менавіта так. Канец сакавіка, увесь красавік і травень тэма была вельмі актуальная: ледзь не кожная смерць ад каранавіруса трапляла ў СМІ — сваякі, калегі, сябры распавядалі. У пэўны час мы адзначылі, што з’яўляецца досыць многа інфармацыі пра смерць саміх медыкаў. На час, калі ствараўся матэрыял, ужо было вядома пра дзясятак смерцяў, а афіцыйна было заяўлена пра сотню смерцяў ад каранавірусу ў Беларусі. Мы падсумавалі ўсе вядомыя лічбы і параўналі са статыстыкай смяротнасці медыкаў у іншых краінах і атрымалася, што ў Беларусі яна ў 20-30 разоў вышэй. Мы не маем доступу да рэальнай статыстыкі, але гэтыя лічбы хоць ўскосна, але вельмі яскрава паказваюць, наколькі заніжаная статыстыка. Неможа быць такога: афіцыйна заяўляецца, што мы даем рады каранавірусу, а тут — такая высокая смяротнасць сярод медыкаў. Мы параўноўвалі лічбы з Італіяй, Нямеччынай — у нас яны мінімум у 10 разоў адрозніваецца. Можна смела пераносіць гэтую лічбу — 10 разоў — на агульную колькасць памерлых ад каранавірусу. Маё такое меркаванне.
П.Б.: Калі кажуць пра вялікую смяротнасць урачоў, то тлумачаць гэта тым, што медыкі сутыкаюцца з большай канцэнтрацыяй віруса і з гэтым горш спраўляецца імунная сістэма арганізма. Менавіта так гучыць адно з тлумачэнняў вялікай смяротнасці. Але ёсць і іншае: у медыкаў проста не хапала сродкаў абароны. Як гэтыя фактары спрацавалі ў Беларусі?
А.Т.: Медыкі сапраўды намнога больш уразлівыя да каранавірусу, паколькі яны ім акружаныя; калі звычайны чалавек цягам дня сустракае на вуліцы 20-50 чалавек, то ў медыкаў адсотак кантактаў з патэнцыйнымі носьбітамі каранавірусу намнога вышэй. У любога медыка — ЛОР, стаматолага ці тэрапеўта, да якога найперш звяртаюцца пацыенты з высокай тэмпературай. Мы размаўлялі з калегамі ўрачоў, са сваякамі — на самым пачатку эпідэміі (люты-сакавік), у медыкаў у самым лепшым выпадку былі марлевыя маскі (ніякіх шчыткоў ячшэ нават не пачыналі вырабляць), і не было трывожнасці. То бок не было перасцярогі, што любы пацыент можа аказацца заражаны каранавірусам. Пазней сітуацыя змянілася ў лепшы бок, таму што прайшла інфармацыйная кампанія, валанцёрская дапамога, і дзяржаўнае забеспячэнне пайшло таксама.
Смяротнасць сярод медыкаў паказвае, як і ў якіх маштабах распаўсюджваецца каранавірус па Беларусі. Першыя выпадкі — Мінск і Віцебск, потым пачалі фіксаваць смерці медыкаў з усіх рэгіёнаў, куды каранавірус дабраўся пазней; калі Мінск і Віцебск падрыхтаваліся да бяды, іншыя рэгіёны не былі да яе гатовы: Салігорск, у Барысаве ў адным шпіталі ўвогуле тры медыкі памерлі.
П.Б.: На сайце БЕЛТА ёсць афіцыйны раздел, прысвечаны гэтай інфекцыі «Стоп COVID». Як толькі гэты раздзел пачынаўся, там была карта з адзнакамі, дзе можна атрымаць інфармацыю. Потым гэтая карта знікла і інфармацыя па рэгіёнах Беларусі стала недаступнай. Радыё Свабода зрабіла сваю карту і выклала карту захворванняў на Google Maps. Наколькі гэтая інфармацыя рэлевантная сёння ці вы ўдо спынілі гэты праект?
А.Т.: У сярэдзіне траўня мы склалі карту захворванняў — па паведамленнях СМІ. Статыстыку мы вымушаны рабіць ручкамі, бо ніякіх афіцыйных лічбаў няма. У іншых краінах гэта робяць самі медычныя арганізацыі, установы аховы здароўя, а мы збіраем проста з крыніцаў. Толькі ў адным-двух раёнаў кожнай з абласцей не было зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу. У нас некалькі дзён заняла праверка атрыманай інфармацыі — па сваім сайце, па сайтах раённых газет; я сам асабіста абзвоньваў ідэалагічныя службы, якія паводзілі сябе па-рознаму: у Мінскай вобласці ўсе адмаўляліся ад гутаркі, у Магілёўскай — ахвотна расказвалі пра захворваемасць (відаць, туды яшчэ не дайшло распараджэнне).
П.Б.: Выказваю працоўную гіпотэзу: рэгіёны, дзе было мала выпадкаў, з ахвотай расказвалі пра захворваемасць, а ў раёнах з высокай захворваемасцю не расказвалі.
А.Т.: Я акурат да гэтага і вёў: Магілёўшчына на той час была найменш пацярпелая ад каранавірусу, чым ідэолагі спышаліся «расчараваць». А на Міншчыне, Берасцейшчыне, Гарадзеншчыне адмаўлялі ў інфармацыі, бо было што хаваць.
«Улады не ведаюць рэальнай сітуацыі з каранавірусам»
П.Б.:Паспрабуем падсумаваць. Зараз афіцыйна паведамляецца і Міністэрствам аховы здароўя, і кіраўніком дзяржавы, што мы ўжо выбіраемся з гэтай праблемы, што колькасць захворванняў памяншаецца, што ёсць станоўчая дынаміка, што мы выходзім на плато. Ці пацвярджаюцца такія высновы вашым назіраннямі?
А.Т.: Абсалютна не, па звестках нашых чытачоў, людзям проста масава адмаўляюць у тэстах на каранавірус. Самі ўлады, Міністэрства аховы здароўя не ведаюць рэальнай сітуацыі, таму што яны не робяць тэсты на каранавірус па самых розных прычынах. У чалавека ўсе сімптомы каранавірусу прысутнічаюць, але ён не можа дамагчыся тэсту, бо тэсты не робяцца, хаця яшчэ два месяца таму яго абавязкова праверылі б. Такое ўражанне, што падганяецца статыстыка — мінус 20-50 чалавек у дзень можна самому дамаляваць, як улада робіць «перамогу»; улада штучна заканчвае эпідэмію, і заплюшчвае вочы на рэальную эпідэмію, якая, на мой погляд, толькі нарастае. З гарачых рэгіёнаў (Стоўбцы, Докшыцы, Лунінец) паступае інфармацыя пра нарастане захворванняў. Але гэтая інфармацыя стала настолькі звыклай, што людзі на яе ўжо не звяртаюць увагі.
А.Е.: Зараз сцвярджаецца, што Беларусь не выходзіць на плато, а ідзе стабільнае змяншэнне выпадкаў — як быццам бы плато ўжо мінулі. Мне вельмі цяжка судзіць, бо з-за катастрафічнага дэфіцыту дадзеных і з-за таго, што неаднаразова былі прыклады ўтойвання інфармацыі і маніпуляцый, цяжка давяраць афіцыйным лічбам. З іншага боку, няма ніякіх альтэрнатыўных звестак для высноў.
Кажучы пра сітуацыю ў рэгіёнах, вядомыя выпадкі, калі мясцовыя газеты выдалялі са сваіх сайтаў артыкулы са статыстыкай. Я адмыслова праглядваў раёнкі Віцебскай вобласці месяц-паўтара таму і пераправяраў: аказалася, што ў шэрагу выпадку з сайтаў выдалялася інфармацыя, у якой звязвалася колькасць шпіталізацый з пнеўманіямі. Гэта яшчэ адзін ускосны доказ, што статыстыка не такая станоўчая. Смяротнасць сярод медыкаў — адзін з самых моцных ускосных доказаў лятальнасці, бо лекары і ў іншых краінах сутыкаліся з вялікай дозай каранавірусу, і праблемы са сродкамі аховы таксама меліся. Але чамусьці менавіта ў Беларусі высокая доля медыкаў сярод памерлых. Агульную колькасць смяротнасці ад каранавірусу можна смела павялічыць у 10 разоў (у 10 разоў заніжаная смяротнасць сярод медыкаў).
Глядзі поўнае відэа дыскусіі: https://www.facebook.com/watch/?v=633655127552574