У 2005 годзе Віталь Сіліцкі напісаў ухвальную, можа нават месцамі апалагетычную, рэцэнзію на кнігу ізраільскага інтэлектуала Натана Шаранскага The Case for Democracy. Рэцэнзія была апублікавана пачаткова ў беларускім часопісе Arche, пазней — у міжнародным The Journal of Democracy.
Спачатку пару слоў пра самога Шаранскага. Па-першае, гэта заснавальнік Yisrael BaAliyah, партыі, прасоўваючай глыбокую і ўсебаковую асіміляцыю постсавецкай габрэяў. Па-другое, Шаранскі — гэта таксама сімпатык і чалец партыі Лікуд — нацыянал-кансерватыўнай партыі Ізраіля; па-трэцяе, ён — ідэйны пабрацім адміністрацыі Джорджа Буша (малодшага).
Як так сталася, што рацыяналіст-ліберал Сіліцкі піша безагаворчана ўхвальную рэцэнзію пра «этнанацыяналіста» і «кансерватара» Шаранскага? Вось жа тое, што Сіліцкага пазітыўна ўражвае ў гэтага ізраільскага аўтара, была яго моцная вера ў чалавечую свабоду. Перакананне, што гэтая свабода знаходзіцца ў аснове чалавечай экзістэнцыі, і тое, што яе пашырэнне — у доўгатэрміновай перспектыве — аплочваецца таксама ў прагмытычным сэнсе. У прыватнасці, ступень бяспекі залежыць ад ступені свабоды.
Сарцавінай крэда Шаранскага было наступнае:
(а) чалавечыя істоты натуральным чынам скіраваны ў накірунку свабоды;
(б) бяспека краіны залежыць ад таго, наколькі свабодным з`яўляецца грамадства, якое яго ўтварае.
З рэцэнзіі бачна, што Сіліцкага вельмі ўразіла такая пастаноўка справы. А такая пастаноўка мае акрэсленыя палітычна-эттычныя наступствы. Перазусім яна паказвае абмежаванасць спасылкі на бальшыню, асабліва ў справах фундаментальнага выбару. Маўляў, бальшыня падтрымлівае аўтарытарызм, значыць, бальшыня задаволена аўтарытарызмам. Услед за Шаранскім Сіліцкі прызнае існаванне «механізму тыраніі». Гэты механізм апісаны там з дапамогай метафараў, там з`яўляюцца такія выразы як «загаданая нянавісць і нецярпімасць», «сцяна маўчання, якая падзяляе тых, хто жадаюць дэмакратыі», «double-speach».
Не думаю, што Сіліцкі адкрыў нейкі новы падтып аўтарытарызму (маю на ўвазе «прэвентыўны аўтарытарызм», падрабязней пра кацнэпцыю — тут). Думаю, што базавы падзел палітычных рэжымаў — дэмакратыя, гібрыдны рэжым і аўтарытарызм — дастатковы. І калі мы гаворым пра прэвентыўнасць, то яна — па вялікім рахунку — уласціва ўсім відам гэтага трэцяга тыпу палітычных рэжымаў.
Значэнне канцэпцыі прэвентыўнага аўтарытарызму, на маю думку, палягае ў нечым іншым: у паказанні важнасці псіхалагічнага эфекту, які аказвае любыаўтарытарызм: спараджэнне пачуцця бездапаможнасці, паўсюднага адчування, што ад нас нічога не залежыць, «вывучанай бездапаможнасці», як сказаў бы Віктар Бабарыка.
На грунце поглядаў Шаранскага і Сіліцкага, аўтарытарызм немагчыма ўспрымаць ад разнавіднасць «сацыяльнага кантракту» — маўляў, жорсткае кіраванне задавальняе як грамадзян, так і ўлады — дык навошта пярэчыць? Сацыяльны кантракт магчымы ва ўмовах свабоды і празрыстасці правілаў гульні. Такім чынам, пераадоленне аўтарытарызму — гэта важны этычны пастулат. Неабходная (хоць не дастатковая) умова рэалізацыі чалавечага патэнцыялу ўсімі зацікаўленымі ў гэтым чальцамі грамадства.