Выбарчая кампанія 2020-га года натхняе ўзгадаць ідэі вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага, які адышоў роўна дзевяць гадоў таму. Віталь Сіліцкі меў доктарскую ступень па паліталогіі з Ратгерскага ўніверсітэта, быў першым дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), удзельнічаў у міжнародных даследчых праектах і публікаваўся ў шматлікіх англамоўных выданнях. У сваіх «Дарозе ад Тыраніі…», «Адкладзенай Свабодзе…» і шматлікіх іншых навуковых публікацыях Віталь аналізаваў беларускую палітычную сістэму ў глабальным кантэксце і разважаў пра магчымасці яе трансфармацыі. Сёння, калі ў значнай часткі беларускага грамадства адрадзілася надзея на такую трансфармацыю, ідэі Віталя Сіліцкага зноў сталі надзвычай актуальнымі.

Аўтарытарныя рэжымы: маніпуляваць альбо рэпрэсаваць

Сіліцкі прапаноўваў разглядаць электаральныя аўтарытарныя рэжымы ў залежнасці ад мадэлі ўзаемадзеяння кіроўных эліт з палітычнай і сацыяльнай апазіцыяй. На яго думку, ёсць дзве формы такога аўтарытарызму — маніпуляцыйны і прэвентыўны.

Маніпуляцыйныя рэжымы дазваляюць пэўную свабоду іншадумцам і рэагуюць рэпрэсіямі толькі на буйныя падзеі, якія наўпрост пагражаюць рэжыму. Прэвентыўная ж стратэгія заключаецца ў спробе прадухіліць з’яўленне апанентаў праз адміністрацыйны і палітычны кантроль за дзейнасцю нават малых і непалітычных ініцыятываў.

Сам Сіліцкі адносіў беларускі палітычны рэжым у 1994–2011 гадах да прэвентыўных. Аднак сёння ўлады Беларусі, хутчэй, эфектыўна спалучаюць абедзве стратэгіі, чаргуючы іх у залежнасці ад сітуацыі.

Выбары без выбару

Выбары як дэмакратычная працэдура, якая дазваляе размеркаваць уладу паміж палітычнымі сіламі, якія карыстаюцца найбольшай падтрымкай народа, маюць іншую функцыю ў аўтакратыях. Пры аўтарытарных рэжымах выбары разглядаюцца ўладамі як спосаб легітымізаваць уладу. Таму, нягледзячы на магчымасці дзейнага прэзідэнта атрымаць перамогу на справядлівых і празрыстых выбарах, улады Беларусі доўгі час «уключалі» прэвентыўную стратэгію, дзякуючы якой рэжым заставаўся стабільным на працягу дзесяцігоддзяў.

Сіліцкі адзначаў, што ў адрозненне ад выбараў пры маніпулятыўных рэжымах, якія дазваляюць пэўную ступень канкурэнцыі і сапраўднай барацьбы, — прэвентыўны аўтарытарызм прадугледжвае правядзенне выбараў, ход і вынікі якіх вядомыя заранёў. Так працэдура выбараў, якая звычайна з’яўляецца паказнікам дэмакратыі, становіцца інструментам легітымізацыі аўтарытарнай улады.

Для забеспячэння «пераканальнай» перамогі на выбарах палітычны рэжым рэгулярна ладзіць «прэвентыўныя ўдары», скіраваныя на слабых актораў. Гэта дазваляе «зачысціць» публічную прастору пры падтрымцы дзяржаўнай прапаганды, установаў адукацыі і адміністрацыйнага апарату.

Прэвентыўная стратэгія мае задачу аказаць дэмаралізавальны псіхалагічны эфект на палітычную і сацыяльную апазіцыю. Гэта дапамагае кантраляваць выбарчы працэс, да якога дапускаюцца лаяльныя кандыдаты альбо маргінальныя апазіцыянеры, дыскрэдытаваныя прэвентыўным рэжымам у вачах шырокіх колаў насельніцтва.

Таму, гульня ў выбары — пісаў Сіліцкі — гэта гульня па правілах рэжыму. Але на прыкладзе кампаніі-2020 можна заўважыць з’яўленне тых, хто гатовы паспрабаваць змяніць правілы гульні, суддзяў або саміх гульцоў.

Рэжым празмерна расслабіўся?

Пасля 2015-га года, з вызваленнем большасці палітзняволеных і паслабленнем ціску, у Беларусі адбыўся зрух у бок мадэлі маніпулятыўнага аўтарытарызму.

Беларускі рэжым спадзяваўся, што эфектыўныя прэвентыўныя меры, якія практыкаваліся цягам 20 гадоў, дасягнулі сваёй мэты — максімальна аслабілі апазіцыю.

Апошнія некалькі гадоў улады выкарыстоўвалі кропкавую рэакцыю на апазіцыйную і нявыгадную для рэжыму дзейнасць, што сведчыць, хутчэй, пра рысы класічнай маніпуляцыйнай аўтакратыі паводле Сіліцкага.

Пры такім фармаце палітычнага рэжыму могуць з’яўляцца перадумовы для трансферу ўлады падчас выбараў. Такі шанец, аднак, рэалізоўваецца толькі тады, калі ў момант вырашальнай палітычнай бітвы адначасова спрацоўваюць некалькі чыннікаў — найчасцей тады, калі на змяншэнне папулярнасці і ўнутранай знітаванасці рэжыму накладаецца нечаканы, не прадказаны і не ўлічаны рэжымам рост сілы і знітаванасці апазіцыі.

Менавіта пэўныя праявы згаданых вышэй чыннікаў прымусілі беларускі рэжым у час перад выбарамі-2020 экстранна вяртацца да прэвентыўнай мадэлі. Затрыманні патэнцыйных кандыдатаў і прадстаўнікоў іх камандаў, палітычных і грамадскіх актывістаў, вобшукі і прапагандысцкія сюжэты ў дзяржаўных медыях сведчаць пра імкненне ўладаў як мага хутчэй выправіць зробленую «памылку» — узнікненне на палітычным полі моцных апанентаў, якія неспадзявана для рэжыму атрымалі моцную падтрымку ў грамадстве.

Пры гэтым свядома ў ахвяру была прынесеная ўся папярэдне зробленая праца па стварэнні прыгожай карцінкі для Захаду, якому беларускае МЗС усе апошнія гады паспяхова «прадавала» паступовую лібералізацыю Беларусі. Ва ўмовах, калі ўзнік выбар паміж захаваннем добрых адносінаў з Захадам і зберажэннем любым коштам уласнай улады, — рэжым без ваганняў абраў апошняе. Таму ў выпадку далейшых рэпрэсій з боку кіраўніцтва Беларусі ў дачыненні да палітычных апанентаў, дзяржаўныя вярхі могуць атрымаць новыя палітычныя санкцыі з боку заходніх дэмакратый.


Сацыяльныя сеткі не гуляюць па правілах

Сіліцкі адзначаў, што Лукашэнка выдатна разумее патрэбы сваёй аўдыторыі і апелюе да шырокіх колаў насельніцтва на іх мове. Аднак падтрымка масамі моцных апанентаў Лукашэнкі на этапе збору подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у 2020-м годзе засведчыла, што прэзідэнт больш не разумее патрэбаў сваёй аўдыторыі, як гэта было раней. Беларусам сёння, хутчэй, зразумелыя пасылы, якія сыходзяць ад Віктара Бабарыкі ці Сяргея Ціханоўскага.

Акрамя ўжывання папулісцкай рыторыкі, скіраванай на сярэднестатыстычнага беларуса, рэжым Лукашэнкі рабіў стаўку на эканамічную мадэль, якая доўгі час «забяспечвала прымальны ўзровень жыцця ў абмен на лаяльнасць і пасіўнасць». У 2020-м годзе такі сацыяльны кантракт агаліў свае недахопы — прымальны ўзровень жыцця падарваны збяднелымі рэгіёнамі, пандэміяй, зніжэннем коштаў на нафту і напружанымі адносінамі з Масквой, а таксама развіццём сацсетак, якія далі доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі і сталі платформай для росту крытыкі Лукашэнкі ды з’яўлення нечакана папулярных новых апанентаў Лукашэнкі.

Ранейшыя прэвентыўныя метады былі арыентаваныя на офлайн-актывізм і часткова ігнаравалі анлайн-супольнасць, паколькі здольнасць мабілізацыі анлайн-супольнасці ў афлайн-пратэсты выглядала для ўладаў маларэалістычнай.

З’яўленне мноства блогаў і «Тэлеграм”-каналаў, стыхійнасць і дэцэнтралізацыя апазіцыйнай думкі істотна пахіснулі пазіцыі Лукашэнкі ў беларускім інфармацыйным полі. Пакуль жа рэжым распрацоўвае стратэгію адказу пратэставаму сегменту сацыяльных сетак праз прызначэнне сілавікоў на адказныя пасады. Напрыклад, новы міністр інфармацыі адразу агучыў, што будзе імкнуцца абмежаваць доступ насельніцтва да інфармацыі, якая „шкодзіць дзяржаве“.

Пяць парадаў для беларускай апазіцыі ад Сіліцкага

Доўгі час беларуская апазіцыя займалася «перакананнем перакананых». Гэта адбывалася з-за эфектыўных прэвентыўных удараў сістэмы дзеля дыскрэдытацыі апазіцыі і ўнутраных канфліктаў апазіцыі. Паспяховая мабілізацыя грамадства падчас збору подпісаў у маі-чэрвені 2020-га года сведчыць аб пэўных зменах, якія часткова супадаюць з парадамі Сіліцкага, выкладзенымі больш за 10 гадоў таму.

Сіліцкі лічыў, што беларускай апазіцыі не варта рабіць стаўку выключна на пашырэнне нацыянальнай свядомасці, бо афіцыйны дыскурс цалкам дыскрэдытаваў яе як праявы «фашызму і панавання Захаду». Аднак, у той жа час, называў нацыяналізм адной з перадумоваў пабудовы дзяржавы.

Магчыма, гэта толькі супадзенне, але ў гэтай в ыбарчай кампаніі мы не бачым кандыдатаў з выразнай нацыянальнай пазіцыяй. Больш таго, некаторыя моцныя апаненты Лукашэнкі (напрыклад, Бабарыка) не баяцца агучвацьтэзісы пра магчымую яшчэ больш шчыльную эканамічную інтэграцыю з Расіяй.

На думку Сіліцкага, поспех апазіцыі будзе залежаць ад магчымасці:

1. не зважаць на пагрозы рэжыму, наколькі гэта магчыма;

2. пашыраць апазіцыйную дзейнасць і супольнасць;

3. удзельнічаць у выбарчых кампаніях дзеля папулярызацыі альтэрнатыўнай думкі і прыцягнення ўвагі да парушэнняў;

4. падтрымліваць дух супраціву праз непалітычныя праекты ў міжвыбарчы перыяд;

5. павышаць кошт рэпрэсій для рэжыму праз мабілізацыю грамадскіх пратэстаў ці ціск з боку міжнародных актораў.

Сёння мы бачым, што, нягледзячы на моцны ціск і гвалтоўныя затрыманні, людзі ўсё яшчэ актыўна прыходзяць у розных гарадах ставіць свае подпісы за апазіцыйных кандыдатаў. Наколькі актыўна грамадзяне будуць сябе праяўляць у час далейшай выбарчай кампаніі — пакуль невядома. У чым можна не сумнявацца — улады будуць імкнуцца запалохаць як мага большую колькасць людзей і максімальна дыскрэдытаваць найбольш небяспечных з ліку сваіх апанентаў.

Пад пытаннем застаецца і тое, ці зможа пратэставая супольнасць вясны-пачатку лета гэтага года трансфармавацца ў новыя апазіцыйныя рухі і асяроддзі, мабілізаваць новых прыхільнікаў ва ўмовах жорсткага прэсінгу з боку ўладаў.

А што пасля 9-га жніўня?

Беларускія ўлады мэтанакіравана працуюць на тое, каб забяспечыць «прыгожую» перамогу ўжо ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў. Можна смела прагназаваць, што жорсткія прэвентыўныя меры ў дачыненні да апанентаў рэжыму будуць працягвацца не толькі да жніўня, але па інерцыі і яшчэ пэўны час, каб забяспечыць вяртанне да поўнай «стабільнасці» рэжыму.

Як пісаў Сіліцкі, аўтакраты, якія былі сведкамі падзення сваіх менш абачлівых калег, якія імкнуліся захоўваць свой рэжым найперш маніпуляцыйнымі сродкамі, будуць выкарыстоўваць набыты досвед для таго, каб наносіць штораз новую серыю прэвентыўных удараў.

Ці азначае гэта, што такія рэжымы могуць быць вечнымі? Не! Такія рэжымы таксама могуць трансфармавацца, але, з найбольшай верагоднасцю, толькі ў выніку крызісу пераемнасці ўлады або агульнага калапсу іх інфраструктурнага патэнцыялу, які пазбаўляе рэжым магчымасці падтрымліваць свае рэпрэсіўныя здольнасці.

Уласцівая гэтым рэжымам схільнасць адмаўляць магчымасць «іншага выйсця» можа справакаваць гвалтоўную рэакцыю ў адказ, якая і абумовіць працэс перамен.

Ці прывядуць гэтыя перамены да дэмакратыі? Не факт. На думку Віталя Сіліцкага, «калі палітычная альтэрнатыва была ўжо раней знішчаная прэвентыўнымі ўдарамі, дык верагоднасць, што на чале такіх перамен будзе стаяць дэмакратычная апазіцыя, нашмат меншая, чым пры электаральных трансфармацыях. Такім чынам, нават калі прэвентыўныя аўтакратычныя рэжымы і развальваюцца, яны ідуць шляхам больш выбухованебяспечнага і звязанага з гвалтам пераўтварэння ў інстытуцыйна некансалідаваныя, няўстойлівыя (г. зв. „слабыя“) рэжымы. Гэты шлях з непараўнальна меншай доляй верагоднасці можа прывесці да пераходу да дэмакратыі».

Пасля 9-га жніўня і ўладам Беларусі, і беларускай грамадзянскай супольнасці давядзецца вучыцца жыць ва ўмовах новай рэальнасці. Забяспечваць хоць нейкую бачнасць «сацыяльнага кантракта» і эканамічны рост толькі праз прэвентыўны ціск улады доўга не змогуць. У сваю чаргу, сёлетняя радыкалізацыя грамадскай думкі можа прывесці да з’яўлення новых апазіцыйных інстытутаў і асяродкаў, якія паспрабуюць скарыстацца ўрокамі кампаніі-2020 для падрыхтоўкі да наступных выбарчых кампаній.