Адмова Паўла Севярынца ад далейшага ўдзелу ў правыбарах часткі апазіцыі узмацняе байкотнае крыло і можа прывесці да сітуацыйнай кааліцыі з «Народнай грамадой» Міколы Статкевіча ці кампаніяй «Свежы вецер» Уладзіміра Мацкевіча. Праймерыз працягваюцца, аднак цікавасць з боку грамадства да працэдуры, медыйнае суправаджэнне і вага патэнцыйнага супольнага кандыдата значна аслаблены выхадам з працэдуры двух прэтэндэнтаў і адной з пяці арганізатараў — партыі БНФ. Тым не менш, астатнія ўдзельнікі альянсу (АГП, БСДП (Грамада), «За свабоду») маюць цвёрды намер вылучыць супольнага кандыдата. Частка актыва БХД, асабліва ў рэгіёнах, хутчэй за ўсё, падтрымае рашэнне Паўла Севярынца і будзе ігнараваць правыбары.
Апошнія дзве прэзідэнцкія кампаніі (2010, 2015) кааліцыйныя аб’яднанні не здолелі прайсці праз выпрабаванне па вылучэнні адзінага кандыдата і звычайна развальваліся. Праймерыз апазіцыі 2020 рызыкуе паўтарыць няўдалы лёс папярэдніх спробаў выступіць шырокім альянсам супраць дзейснага прэзідэнта.
Варта зазначыць, што правыбары-2020 па вылучэнні супольнага кандыдата шэрагам палітарганізацый прыцягнуў увагу незалежных медыя і блогераў, што засведчыла запыт на аб’яднаную апазіцыю ў грамадзянскай супольнасці і сярод дэмакратычнага актыва. У сваю чаргу неангажаваныя ў палітарганізацыі прыхільнікі перамен заўсёды чакаюць ад апазіцыі аб’яднання і выступлення супольным фронтам, які персаніфікаваны асобай адзінага кандыдата як альтэрнатывы дзейснаму прэзідэнту.
Аднак за апошні дзясятак гадоў фактычна ўсе апазіцыйныя альянсы па вылучэнні супольнага кандыдата на прэзідэнта распадаліся фармальна або фактычна яшчэ да абвяшчэння выбараў.
У 2010 годзе спроба вызначыць супольнага лідара ад Беларускага незалежніцкага блока (партыя БНФ, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), рух «За свабоду» і шэраг моладзевых арганізацый) правалілася. У выніку ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года ўдзельнічала 9 альтэрнатыўных вылучэнцаў на пасаду прэзідэнта.
У 2015 годзе кааліцыя «Народны рэферэндум» (партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду») таксама скончыла сваё існаванне яшчэ да перыяду агітацыі. У выніку падчас галасавання пра-дэмакратычны лагер быў прадстаўлена адным (але не «адзіным» кандыдатам) — Таццянай Караткевіч з «Гавары праўду» — з-за няздольнасці іншых палітарганізацый сабраць самастойна 100 тысяч подпісаў.
Адной з асноўных прычын недамоваздольнасці апазіцыйных палітыкаў з’яўляецца адсутнасць надзеі на змену беларускага кіраўніцтва. У гэтай сітуацыі кожная палітарганізацыя або лідар імкнецца ўмацаваць свае пазіцыі і захаваць за сабой напрацаваны актыў, зменшыць пагрозы магчымага перацягвання актывістаў адзіным кандыдатам. Акрамя таго лідары пратэсту звычайна не маюць досьведу працы з сацыяльнымі групамі па-за апазіцыйным ядром. Сфармаваная імі пратэсная павестка (выхад на плошчы гарадоў і агульнанацыянальная забастоўка) можа не знаходзіць водгук сярод шырокіх аўдыторый.
Варта зазначыць, што арганізатары праймерыз-2020 адразу канцэнтравалі ўвагу галоўным чынам на прыцягненне апазіцыйнага актыва для ўдзелу ў галасаванні. Задача зацікавіць больш шырокія колы грамадства не з’яўлялася асноўнай падчас працэдуры вылучэння супольнага кандыдата кааліцыяй з пяці палітарганізацый (Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), партыяй БНФ, БСДП (Грамада), «За свабоду» і БХД. Пра гэта сведчыць і нязначная колькасць галасоў, аддадзеных за хрысціянскую дэмакратку Вольгу Кавалькову на Віцебшчыне і Берасцейшчыне. Менавіта яе задачай было зацікавіць апалітычных грамадзян, якія незадаволены існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай, але не гатовыя да рашучых дзеянняў і барацьбы супраць дзеючага кіраўніцтва дзяржавы.
Вольга Кавалькова выкарыстоўвала памяркоўную крытыку беларускага кіраўніцтва і дзяржапарата. Яна прапаноўвала сваім патэнцыйным сімпатызантам дзеянні ў рамках дзейснага заканадаўства, якія б не выклікалі жорсткія рэпрэсіі з боку сілавікоў. Яе біяграфія, у тым ліку праца на дзяржаўнай службе і адукацыя ў акадэміі МУС, таксама павінна была быць болей прывабнай для сярэднестатыстычнага выбарца ў адрозненне ад прафесійных апазіцыянераў.
Пры гэтым актывісты апазіцыі, ды і ўвогуле партыйцы (як і ва ўсім свеце), заўсёды маюць больш радыкальныя пазіцыі ў параўнанні з неангажаванымі ў палітарганізацыі сацыяльнымі групамі. Адпаведна жорсткая крытыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і лідарства падчас снежаньскіх акцый супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, імідж барацьбіта і ахвяры выводзіў Паўла Севярынца ў безумоўныя лідары праймерыз, пакуль кола ўдзельнікаў правыбараў абмяжоўвалася апазіцыйным актывам.
Удзел у праймерыз дазволіў сустаршыні БХД актывізаваць і рэкрутаваць у сваю каманду жорсткіх крытыкаў дзейснага рэжыму. Павал Севярынец таксама забіраў галасы прыхільнікаў нацыянал-дэмакратаў, што адпаведна паўплывала на нязначныя рэйтынгі намесніка старшыні і вылучэнца на праймерыз ад БНФ Аляксея Янукевіча.
У адрозненне ад хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца больш ліберальная пазіцыя і менш рэзкая рыторыка кіраўніка «За свабоду» Юрася Губарэвіча ў большай ступені была скіравана на моладзевую аўдыторыю. Яго павестка ў меншай ступені была запатрабавана сярод актыва з вялікім апазіцыйным стажам, што і адлюстроўвалася ў значным адставанні ад Паўла Севярынца падтрымкі падчас першых выездаў у рэгіёны.
Варта зазначыць, што і вылучэнец ад АГП Мікалай Казлоў не заўсёды мог разлічваць на падтрымку партыйнага актыву. У партыі ўжо даўно існуюць складаныя адносіны паміж цэнтральным офісам і рэгіянальнымі арганізацыямі, што таксама з’яўляецца натуральным не толькі для АГП. Аднак напружанне яшчэ болей абвастрылася пасля таго, як Ганна Канапацкая атрымала дэпутацкі мандат. Гэта выклікала крытыку з боку часткі рэгіянальнага актыву і патрабаванняў ад кіраўніцтва больш жорсткіх захадаў у адносінах да парламентарыя. Гэта прывяло да выключэння Ганны Канапацкай з партыі, але ўжо са сканчэннем дэпутацкіх паўнамоцтваў. Тым не менш, пасля адмовы ад удзелу ў правыбарах Паўла Севярынца партыйная дысцыпліна і рэйтынгі лідара АГП Мікалая Казлова павінны падвысіцца.
Такім чынам, нягледзячы на выхад з праймерыз сустаршыні БХД Паўла Севярынца і намесніка старшыні БНФ Аляксея Янукевіча, арганізатары працягваюць кампанію. Аб’яўлены перапынак у рэгіянальных паездках плануецца кампенсаваць анлайн-галасаваннем. Тым не менш, праймерыз ужо згубілі першапачатковую прыцягальнасць з-за адмовы ад удзелу найбольш яскравага лідара і фаварыта гонкі Паўла Севярынца. Пасля выхаду БНФ з працэдуры існуе верагоднасць выхаду з правыбараў БХД, хаця пакуль хрысціянскія дэмакраты не адмаўляюцца ад удзелу ў вызначэнні супольнага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Найбольш верагодным пераможцам праймерыз застаецца лідар «За свабоду» Юрась Губарэвіч.