Праймерыз — папярэднія выбары, мэханізм абраньня кандыдата ад партыі, у якім бяруць удзел збольшага сябры партыі. У Беларускіх рэаліях размова хутчэй пра абраньне апазыцыйнага кандыдату, якое адбываецца шляхам галасаваньня грамадзян. На сустрэчу маюць прыйсьці людзі з пашпартам, пацьвердзіць сваю асобу і надалей, паслухаўшы выступоўцаў, вызначыцца. Таксама мае запрацаваць мэханізм галасаваньня праз інтэрнэт.
З другога боку ёсьць дастаткова ўплывовая група, якая гаворыць пра байкот і пачынае дыскусію што да ўмоўнага «перазапуску дзяржавы» — выхад на контуры новай грамадзкай дамовы, якая можа аб`яднаць грамадзтва.
Які з гэтых падыходаў найлепшы і можа гарантаваць перамогу? На маю думку, у кароткатэрміновай пэрспэктыве ніводны, у сярэднетрывалай — абодва. Каб разабрацца чаму, давайце цьвяроза зірнем на працэс зьмены ўлады і як ён можа адбывацца.
Дапусьцім, што тая ці іншая сіла мае патрэбныя рэсурсы для кампаніі — грошы на арганізацыю, інфармацыйны складнік — механізмы данясеньня сваіх тэзаў і нават рэсурс «палевікоў», якія робяць чарнавую працу ў часе кампаніі. Ці гэта перамога? Не, бо не хапае яшчэ аднаго рэсурсу. Мала перамагчы ў кампаніі, трэба забясьпечыць кіраванасьць працэсамі. Тут патрэбныя людзі, выканаўцы, чыноўнікі мэнэджэры.
Давайце прыблізна акрэсьлім маштабы праблемы.
• У Беларусі 118 раёнаў, 6 абласных цэнтраў (горад + абласны выканкам) 5 гарадоў абласнога падпарадкаваньня, Менск (як сталіца) і 9 ягоных раёнаў. Сумарна, толькі кіраўнікоў адміністратыўных адзінак мае быць 144 чалавекі. Але кантроль над тэрыторыяй — гэта ня толькі кіраўнік, а прынамсі 2-3 намесьнікі ды 1-2 кіраўніка ключавых аддзелаў ці дэпартамэнтаў. Каб уплываць на працэсы — маеш разьлічваць на, прынамсі 430-500 чалавек.
• Міністэрствы: 24 міністэрствы, 7 дзяржаўных камітэтаў (са статусам міністэрства), 7 дзяржаўных арганізацыяў, наўпрост падпарадкаваных міністэрствам. На міністэрства для кантролю працэсаў патрэбны міністар і прынамсі 2 ягоных намесьніка. Тое самае на дзяржаўныя камітэты (а некаторыя зь іх, як КДБ ці памежны камітэт маюць тэрытарыяльныя органы), на дзяржаўныя арганізацыі — прынамсі двое. Такім чынам каб толькі атрымлiваць інфармацыю, але не ўплываць на працэсы, патрэбны кадравы рэзэрв ў прынамсі 114 чалавек. Каб уплываць на працэсы і мець кантроль над ключавымі накірункамі — памнажаем лічбу на 4. Гэта не меней за 450 асобаў, якія мусяць мець адпаведны ўзровень кампэтэнцый.
• Адміністрацыю прэзідэнта, службы другога парадку пакідаем пакуль убаку.
Такім чынам, для проста атрыманьня рэальнай інфармацыі, што адбываецца ў краіне ты маеш быць гатовым выставіць не меней за 250-300 кіраўнікоў рознага рангу. Каб уплываць на працэсы, а ня быць проста папугаем ў тэлевізары — 900-1000 чалавек.
Цяпер паспрабуем акрэсьліць тры асноўныя стратэгіі перахопу ўлады
Стратэгія 1: Рэвалюцыя ды знос сістэмы
Маеш даць сабе рады каго будзеш запрашаць на ключавыя пасты. Гэта не абавязкова маюць быць твае людзі, сябры тваёй партыі, але, прынамсі гэта мае быць база асобаў, дзейнасьць каторых ты адсочваеш. І, калі гэта варыянт «базы», у ёй мае быць не меней за 2 кандыдатуры на кожную пасаду.
Альтэрнатыўны варыянт «рэвалюцыі» — гэта надзея на зьнешнія сілы. У такім фармаце ты сьвядома ці несьвядома пагаджаесься на ролю зіц-старшыні Фунта з раманаў Ілфа і Пятрова, а кандыдатуры табе прапануюць тыя, хто вёў працу па аналізу кадравага патэнцыялу. Цяпер давайце задамо сабе пытаньне якая з дзяржаваў-суседак (ды й ня толькі) праводзіла падобную работу на працягу апошніх, прынамсі 4-5 год?
Стратэгія 2: Кампраміс
Ты усьведамляеш, што не маеш кадравага патэцыялу на поўны перахоп уладаў, але маеш бачаньне што трэба зрабіць з дзяржаваю і гэтая канцэпцыя знаходзіць паразуменьне ў часткі ўладнае эліты сёньня. У такім разе ты разьлічваеш на два падварыянты:
1. Транзіт улады пры якім на месца Лукашэнкі прыходзіць кампрамісная фігура, якая пачынае фармаваць уласную палітыку, не закранаючы на пачатковым этапе базавыя ідэалагічныя канструкцыі папярэдніка. Пры плянаваньні ўдзелу ў такім падварыянце ты таксама маеш адсочваць падзеі ў асяродку кіруючай эліты, наладжваць кантакты з адэкватнымі, на тваю думку, яе прадстаўнікамі. Чаму? Таму што гэта твае партнэры па магчымай кааліцыі. Прычым «старэйшыя» партнэры. Каб выйсьці з пазыцыі «малодшага» ты маеш актыўна займацца падрыхтоўкаю ўласнага кадравага патэнцыялу.
2. Форс-мажор — сытуацыя калі Лукашэнка ці сам раптоўна сыходзіць ці зь ім нешта здараецца. Тады канфігурацыя новай улады фармуецца «на каленках» праз кампрамісы i перадзел сфер уплыву цяперашняй уладнай вертыкалі.
Калі ты разьлічваеш на такі варыянт разьвіцьця падзеяў, адсочваць усё поле палітычнае эліты табе няма патрэбы. Ты абіраеш 1-2 групы ўплыву, якія могуць стаць удзельнікамі новай канфігурацыі ды працуеш мэтанакіравана зь імі. Робіш гэта па двух накірунках: з аднаго боку паказваючы разуменьне сфэры адказнасьці патэнцыйнага партнэра, а з другога дэманструючы кадравы ды ідэйны патэнцыял у іншых сфэрах. Умоўна кажучы, працуем з войскам, але паказваем што маем эканамістаў. Таксама маеш займацца кадравым пытаньнем — адсочваць падзеі ў вертыкалі ўлады, навязваць кантакты і… рыхтаваць сваіх выканаўцаў.
Стратэгія 3: Стаць часткаю сыстэмы
Варыянт прадугледжвае паступовае павялічэньне сваіх прыхільнікаў у органах улады шляхам:
• праз наданьня ўладзе кансультатыўных, аналітычных і іншых парадаў, уваход (альбо стымуляваньне стварэньня) дарадчых органаў. Асабліва важна стымуляваньне такога працэсу на мясцовым узроўні;
• засяродзіцца на тых накірунках, тэмах, дзе маеш інтэлектуальную перавагу і стымуляваць пошук новых людзей, практычную супрацу зь імі;
• зьмяніць дыскурс на крытыку ўчынкаў пры адсутнасьці пераходу на асобы. Уваходзіць у дыялёг і праз гэтае напрацоўваць кола кантактаў у вертыкалі
• на пэўным этапе — спроба пайсьці на дзяржаўную службу.
Такі варыянт не вымагае вялікага кадравага рэсурсу ад асобна ўзятай арганізацыі, але не прыводзіць да хуткае перамогі, рызыкі «перамолваньня сыстэмаю» асобных, найбольш пасьпяховых тваіх актывістаў застаюцца.
Маем тры асноўныя стратэгіі прыходу да ўлады. Аніводная зь іх сёньня немагчымая ў чыстым выглядзе. Балазе, ніводную зь іх немагчыма накласьці ні на праймэрыз ад апазыцыі, ні на гульню ў байкот. Наогул, гэтыя стратэгіі не пра выбары 2020. Сёлетняя кампанія — магчымасьць пашырыць кола прыхільнікаў, распачаць працу на 4-5 год наперад. Так, сёньня трэба працаваць на выбары 2025 году. Альбо, вырашыць што для цябе важней — парлямэнт ці прэзыдэнцкія і працаваць на кампанію, што стаіць у прыярытэтах. Калі парлямэнцкая — то засяродзіць усенаяўныя рэсурсы на абраных акругах (з улікам рэзэрву).
На гэтым вяртаемся да двух асноўных ідэяў беларускае апазыцыі.
Праймэрыз. Перадвыбарчая тэхналёгія, якая, з аднаго боку мабілізуе й паказвае рэсурсную базу апазыцыйных партый у ключавых гарадах, а, з другога — дазваляе данесьці тэзы да людзей, што дагэтуль не былі актыўнымі ўдзельнікамі палітычных ці грамадзкіх рухаў.
Мэханізм карэнным чынам адрозьніваецца ад папярэдніх электаральных кампаній. Да 2006 году былі спробы знайсьці аднаго ці некалькіх асобаў «кампраміснага» тыпу — каб яны мелі досьвед працы ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня і, пры гэтым, падзялялі погляды прынамсі часткі апазыцыйных партый. 2010 год і пазьнейшыя кампаніі — падыход зьмяніўся на гонкі дзе вылучацца намагаюцца усе. Ня ўсе праходзяць рэгістрацыю — з аднаго боку маем крызу ўнутры апазыцыйных рухаў, з другога, кіраваньне працэсам у ручным рэжыме з боку ўладаў.
На гэтым фоне так званыя праймерыз — сапраўды добрая ідэя, бо яна дазваляе выйсьці за межы «свайго запаведніка» ды спрабаваць працаваць, гаварыць зь людзямі з вуліцы. Тэарэтычна, людзі звонку, якія прыйшлі на падобныя сустрэчы, з аднаго боку знаёмяцца з патэнцыйнай альтэрнатывай, а таксама робяць першы крок да пазыцыі «прыхільніка». Бо гэта ўжо іх кандыдат — фармальны працэс выбару чалавек зрабіў. З другога боку можна разьлічваць на мультыплікацыйны эфэкт, бо чалавек зазвычай распавядае іншым падобныя цікавыя гісторыі. У тым ліку рэтранслюе пэўныя ідэі.
Праймэрыз карысныя тым, то дазвалялі выйсьці з зоны камфорту — дазвалялі пагаварыць зь іншымі грамадзянамі. У тым ліку, соррі, з чыноўнікамі. І калі раптам ці то паводле загаду ці то паводле уласных перакананьняў, чынавенства пайшло, станавіцца ў позу «не такія выбаршчыкі», мякка кажучы не разумна. Даруйце, але іншых выбаршчыкаў у Беларусі сёньня няма. Чыноўнікі таксама галасуюць. Частка зь іх мае пэўны аўтарытэт і пазнавальнасьць. Хто негатыўнага характару, хто пазытыўнага. Да таго ж, гляньце на падлікі. Калі ты ня ідзеш паводле першай стратэгіі — мяняем усіх, табе патрэбны кантакт з гэтаю групай. Іначай якім чынам, дапусьцім, атрымаўшы ўладу, ты будзеш кіраваць? Сэнс слова «сабатаж» патлумачыць? Больш за тое, сабатаж будзе не паводле палітычных меркаваньняў, а проста з упэўненасьці, што ўлада нічога не вартая і нічога не разумее.
Варта прыгадаць, што стыль працы палітыка адрозьніваецца ад бізнэс-стылю. У бізнэсе ідэя, тэхналёгія маюць каштоўнасьць да тае пары, пакуль яны толькі твае. Гэта азначае, пакуль толькі ты іх выкарыстоўваеш. Дарэчы, падобны стыль назіраецца і ў канкурэнтнай барацьбе за грантавыя грошы. Ты «прадаеш» сваю ідэю грантадаўцу, праграма падтрымкі адна — пераможац адзін.
У палітыцы наадварот. Палітык становіцца папулярным тады і толькі тады, калі раздае ідэі на вонкі. Схаваная за жалезнаю брамаю тэза нічога не вартая да тае пары, пакуль яна не прапануецца за так усім ахвочым. Зрэшты, палітычная праграма — таксама ідэя. Таму прыход, нават па «разнарадцы» чынавенства — гэта плюс. Больш за тое, у межах Праймэрыз я б траціў грошы ня толькі й ня столькі на постэры каб пакласьці на стол на прэзэнтацыі, а на зборнік тэзаў удзельнікаў ды рассылку заказной поштаю па тысячы адрасатаў — усе органы мясцовае улады, міністэрствы, дзяржаўныя камітэты.
Стратэгія перамогі палягае ў цьвярозай ацэнцы ўласных сілаў, фінансавага, чалавечага, інтэлектуальнага рэсурсу і спробах забясьпечыць рэсурсную перавагу у момант, калі можна зрабіць наступны крок наперад.
Пытаньне дзе браць людзей?
З аднаго боку, можна гаварыць пра аналітыкаў якіх у Беларусі ды за межамі дастаткова багата. Але проста аналітыкі-тэарэтыкі не заўсёды добра. Прыклад — міністр эканомікі Украіны Мілаванаў, што быў кіраўніком Кіеўскай Школы Эканомікі — ён яшчэ 3 месяцы таму казаў, што не варта баяцца магчымага крызісу з Кітаю. І спад эканомікі там і эпідэмія — маўляў лакальныя праблемы. Зараз маем тое, што маем.
Другая частка — бізнэс. Кантакты з бізнэсоўцамі, адпрацоўка мадэляў што рабіць — дае вынік. Просты прыклад. Кожны з кандыдатаў на праймерыз гаварыў пра разьвіцьцё, напрыклад ІТ. Пытаньне: а ці праводзілі яны закрытыя сустрэчы з ІТ прадпрымальнікамі, каб пачуць іх хацелкі. З уласьнікамі бізнэсаў ці прынамсі топ-мэнэджэрамі. А можна было б прынамсі спрабаваць. Ці хаця б разаслаць ім свае ідэі. На першае запрашэнне ніхто бы не дайшоў (верагоднасьць 90%), на другую імпрэзу маглі б ужо зьявіцца.
Трэці накірунак — выхоўваць сваіх, ад студэнцтва. І, нарэшце, чацьвёрты — праца з абоймаю існых выканаўцаў і дзяржаўных службоўцаў.
Цяпер закрану стратэгію байкоту і перазапуску дзяржавы. Таксама цікавая канцэпцыя пачаць працэс фармулёўкі базы новае грамадзкае дамовы.
Тэза, дарэчы, папулярная сярод інтэлектуалаў Украіны і нават перарасла ў узгадненьне базавага дакумэнту. Але без арганізацыйнага ядра ідэі філёзафаў засталіся ідэямі вузкага кола мройнікаў. Байкот, перазапуск дзяржавы — тэзы, якія варта абгаворваць. У той жа час, калі ты хочаш атрымаць плён ад гэтае працы, варта думаць пра «салдатаў». Гаварыць «байкот» і не працаваць на разгортваньне сэткі назіральнікаў раўназначна размовам пра нішто. Разумею, што пакрыць усе ўчасткі сёньня апазыцыя ня можа. Але ж можна вызначыць выбарку тыповых рэгіёнаў, асобных участкаў і працаваць там на татальнае перакрыцьцё па 2-3 асобы. Тады, маючы базу, якую паводле характарыстык, можна экстрапаляваць на ўсю Беларусь, атрымаеш вынік.
Без гэтага ты застаесься высокамаральным, можаш ганарыцца пазыцыяй абароны каштоўнасьцяў, але з практычнага пункту гледжаньня вынікі тваёй працы мізэрныя.
Якая выснова? І праймэрыз і ідэя перазапуску грамадзкае дамовы — гэта праявы спробаў шукаць новыя падыходы. Ужо пазытыўна. Прычым абедзьве ідэі не зьяўляюцца канкурэнтнымі. Перазапуск дзяржавы можа пачацца як з пасьпяховага байкоту так і зь перамогі на выбарах ці, нават, пераканфігурацыі ўлады, калі ты ідзеш у лёгіцы стратэгіі кампрамісу.
Дарэчы, той жа (частковы) перазапуск ініцыюе і сам Лукашэнка — неўзабаве пабачым зьмены сыстэмы ў сфэрах мясцовага самакіраваньня і палітычнае дзейнасьці.
Таму новыя ідэі — вартыя таго каб іх заўважылі. Чаго бракуе — гэта спробаў будаваць доўгатрывалыя пляны. Сёньня атачэньне Лукашэнкі навучылася плянаваньню палітыкі прынамсі на 3-4 гады наперад. Камбінацыя з Курапатамі, размовы пра Канстытуцыю, гульня з датамі выбараў таму сьведчаньне. Немагчыма, жывучы сённяшнім днём ці плянуючы на год перамагчы таго, чый гарызонт плянаваньня ў тры разы большы. Таму трэба вучыцца «граць у доўгую». Альбо перастаць падманваць сабе і прыхільнікаў тэзамі пра перамогу і абнаўленьне ўсяе дзяржавы па шчаўчку пальца.