Развагі на палях манаграфіі Кіма Рэнтола «Сталін і лёс Фінляндыі».
(Рентола Киммо. Сталин и судьба Финляндии. М.: Весь мир., 2020)
Колькі б разоў я гартаў славутую працу Эрнста Гелнера“Прышэсце нацыяналізма. Міты нацыі і класа» — сёння, пяць, дзесяць ці дваццаць гадоў таму, вока нязменна чапляецца за надзвычай трапную характарыстыку міжваеннай Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якая шмат ў чым нагадвае гісторыю і рэчаіснасць постсавецкай прасторы.
Гелнер, як і большасць даследчыкаў нацыяналізму, не меў якіх-небудзь сантыментаў да аб’екту свайго вывучэння. Яго развагі здзеклівыя і бязлітасныя: «Новыя дзяржавы былі меншымі і, тым самым, слабейшымі ад імперый, на змену якім яны ўзніклі… Праблема меншасцей для іх была не менш вострай, чым яна была ў… праславутых“турмах народаў». Яны самі сталі правінцыйнымі турмамі народаў для сваіх меншасцей. Пры гэтым новыя меншасці, то бок тыя, хто раптоўна набыў тут статус меншасці… у мінулым нярэдка ўваходзілі ў склад груп, культура якіх была дамінантнай. Новы статус быў для іх нязвычным і выклікаў натуральную нязгоду і супраціў…
Новы міжнародны парадак, …меў усе заганы той сістэмы, якую ён змяніў, плюс — цэлы шэраг сваіх ўласных. Наступствы гэтага не прымусілі чакаць сябе доўга. Як толькі ўмацавалася ідэалагічная дыктатура ў Расіі і быў усталяваны нацыяналістычны рэжым у Германіі, уся гэтая канструкцыя абрынулася як картачны дамок. Ваенны супраціў Польшчы вымяраўся тыднямі, Югаславіі (афіцыйны) і Грэцыі — днямі. Іншыя нанава створаныя нацыянальныя дзяржавы ўвогуле не супраціўляліся (дзіўным выключэннем была толькі Фінляндыя)».
У чым жа сакрэт фінскага цуду, які дазволіў захаваць незалежнасць і ў 1939-1940-м, і ў 1944-м, выслізнуць з-пад пагрозы пераўтварыцца ў «краіну народнай дэмакратыі» на мяжы 1940-1950-х? Заходняя дыпламатычная і паліталагічная традыцыя пазначыла феномен пасляваенных фінска-савецкіх адносінаў таўром «фінляндызацыя», якое мела амаль не прыхаваны здзеклівы змест, маўляў, Фінляндыя — сатэліт, ледзь не паслугач, Савецкага Саюзу. Разам з тым для фінаў, яна мае зусім іншы экзістэнцыяльны сэнс. Ці не найлепшым чынам яго выявіў Маўна Койвіста, які стаў прэзідэнтам Фінляндыі ў 1982 годзе. На пытанне журналіста, што было для фінаў нацыянальнай ідэяй у 1944 годзе, ён тут жа адказаў: «Выжыць». І справа не ў тым, што сам Койвіста ў тыя часы быў на фронце. Гаворка не ішла толькі пра асабісты лёс. Прэзідэнт казаў пра краіну і нацыю.
Дэталёваму аналізу вытокаў фінляндызацыі прысвечаная надрукаваная ў гэтым годзе на рускай мове кніга фінскага гісторыка Кіма Рэнтола. Для гісторыка спецыяліста яна будзе цікавая, паміж іншым, як узор прафесійнай дасканаласці, спалучэння грунтоўнага аналізу крыніцаў з лёгкім стылям выкладання, увагі да індывідуальных асаблівасцей і лёсу не толькі галоўных актараў гістарычных падзей, але і шэраговых выканаўцаў, ад якіх на самой справе шмат што залежала. Я бы параіў выкарыстоўваць яе студэнтам і маладым навукоўцам у якасці прыкладу. А для масавага чытача гэта карысная глеба для развагаў — як і за кошт чаго слабай, маленькай, перыферыйнай нацыі ўдалося захаваць права на самастойнасць не гледзячы агрэсіўныя памкненні магутнага геапалітычнага суседа. І хоць сам аўтар у заключных радках сцвярджае, што «гэты вопыт сам па сябе не можа быць прыменены да іншых часоў і абставінаў», на мой погляд магчымасці гэтакія ёсць.
Рэнтола аналізуе чатыры эпізоды гісторыі савецка-фінскіх адносінаў сталінскай эпохі: Зімовай вайны (1939-1940), Вайны-працягу (1941-1944) і двух спробаў (1948 і 1950) савецкага кіраўніцтва пераўтварыць Фінляндыю ў «краіну народнай дэмакратыі».
Пры гэтым, менавіта першаму надаецца найбольшая ўвага. І гэта не выпадкова — вынікі Зімовай вайны, здольнасць фінаў бараніць сваю краіну, тое, пра што «ледзь згадвалі, але заўсёды памяталі», як піша Рэнтола, стала стала надзейным падмуркам далейшых савецка-фінскіх адносінаў. Пра сам ход вайны, правакацыю, зробленую, каб апраўдаць агрэсію, правакацыю, стварэнне бутафорскага ўраду Куусінена, фатальныя памылкі савецкіх вайсковых камандзіраў, міжнародную дапамогу фінам шмат ужо напісана, таму аўтар звяртаецца да менш заўважных і вядомых абставінаў, якія, як не дзіўна, адыгралі ці не найбольшую ролю.
Што да памылак, то іх зрабілі і самі фіны. Яны, маецца на увазе палітычнае кіраўніцтва, на пачатку вайны не ўяўлялі сабе маштабаў пагрозы, не маглі даць сябе веры, што мэта СССР не перанос мяжы на некалькі дзясяткаў кіламетраў на захад, а суцэльны захоп краіны. Па другое, гэта упэўненасць, што ўвесь свет прыйдзе на дапамогу. Абое, як не парадаксальна, паспрыяла ўмацаванню той рашучасці з якой баранілася фінскае войска.
З савецкага боку частка памылак была выкліканая сістэмнымі фактарамі, у тым ліку, маштабнымі палітычнымі рэпрэсіямі на якіх грунтавалася асабістая ўлада Сталіна. Савецкая інтэрвенцыя, якая на яго думку павінна была выклікаць рэвалюцыйную сітуацыю, не сустрэла колькі-небудзь значнай падтрымцы ў фінскім грамадстве. У тым ліку і сярод тых, хто, здавалася, па вызначэнні быў павінен яе падтрымаць — фінскіх камуністаў. Яны былі ў жаху нават ад фрагментарнай інфармацыі пра рэпрэсіі ў СССР: перш за ўсё — аб амаль пагалоўным знішчэннем перабежчыкаў з ліку «чырвоных фінаў», скасаванні ўсіх нацыянальных фінскіх аб’яднанняў — воінскіх падраздзяленняў, адукацыйных і выдавецкіх арганізацый — і, нарэшце, поўнай забароне фінскай мовы. Вядома, піша Рэнтола, што «Сталін кіраваў рэпрэсіямі і ўважліва сачыў за іх ходам. Камісія, якая абследавала паўночна-заходнюю мяжу ўжо ў пачатку 1935 г. прапанавала адсяліць з прымежных раёнаў 5 тыс. сем`яў фінаў, карэлаў і інгерманландцаў. Сталіну прапанова спадабалася, аднак на палях ён напісаў: „Чаму не больш?“
Яшчэ адно наступства рэпрэсій — знішчэнне кадравага складу савецкай выведкі напярэдадні вайны. Тыя, каго прызначылі на фінскі накірунак мала што ў ім размелі, аднак, ведалі, што ўмовай іх асабістага выжывання было рапартаваць не аб тым, што было на самой справе, а аб тым, што, як ім падавалася, спадабаецца кіраўніцтву. Таму, «прыводзячы данясення відавочцаў, супрацоўнікі выведкі НКУС і ГРУ заўсёды прадстаўлялі падзеі ў падыходным святле: паніка на чыгуначных вакзалах з-за імкнення жыхароў бегчы са сталіцы, антываенныя настроі і нездавальняючы становішча працоўнага класа, сутычкі паміж шуцкораўцамі».
Не меншую ролю адыгралі асабістыя якасці, у тым ліку, уяўленне самога Сталіна аб Фінляндыі. Вядома, што Сталін наведаў яе двойчы — у 1905 і ў1917 гг. Абодва візіты былі ў восень ці зіму. Пад час першага Сталін даехаў цягніком да Тамерфорса (Тампере), то бок меў магчымасць пабачыць значную частку краіны на ўласныя вочы. Дык вось, а нічога карыснага ён не ўбачыў. Фінляндыя Сталіну не спадабалася. Пазней, у 1945 годзе ён сказаў прадстаўніку Фінляндыі: «вы жывяце чорт ведае дзе… жывяце на балотах і ў лясах». Менавіта гэта прадвызначыла стаўленне Сталіна да Фінляндыі як да тэрыторыі якая не мае значнай каштоўнасці па-за межамі праблем ваеннай бяспецы.
Бадай што самы цікавы сюжэт у кнізе — маштабная дэзінфармацыя брытанскай выведкі, у якую асабіста паверыў Сталін і якая, на думку Рэнтолы, адыграла вырашальную ролю ў хуткім завяршэнні зімовай вайны. Гаворка ідзе пра планы Вялікабрытаніі і Францыі ўступіць ў вайну супраць СССР на баку Фінляндыі і нанесці ўдар па галоўнаму на той час цэнтру нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі — Баку. Сама ідэя такога разгортвання падзей належала Манергейму, які ў адрозненне ад іншых фінскіх палітыкаў і вайскоўцаў быў пазбаўлены правінцыйнасці і мысліў стратэгічна. «Ці думаеце Вы зрабіць ход на Каўказе?» — пытаўся ён у пачатку студзеня 1940 г. у прадстаўніка брытанскага генштаба, — «Захоп Баку быў бы смяротным ударам для Нямеччыны, як і для Расіі». Не вядома дакладна, была лі выкарыстаная менавіта гэтая размова, ці брытанцы самастойна прыйшлі да той жа думкі, але па розных каналах была «зліта» інфармацыя не толькі аб планах захопу Баку, але і падрыхтоўцы ўзброеных паўстанняў у Азербайджане і ва Украіне. Сталін у гэта паверыў. «Савецкія ваенна-паветраныя сілы атрымалі загад тэрмінова адправіць падмацавання ў тры ваенныя акругі — Адэскую, Закаўказскую і Сярэднеазіяцкую, якія мелі асабліва важнае аператыўнае назначэнне. Абарону варта было ператварыць у наступ шляхам бамбардзіровак якія знаходзіліся пад кантролем брытанцаў нафтавых радовішчаў у Масуле і Кіркуку, а таксама берагоў Басфорскі праліва і нават аддаленай Александрыі. У паўднёвых ваенных акругах было загадана рыхтаваць прапагандзістскія матэрыялы на англійскай, французскай, турэцкай, фарсі, урду і пушту. Выбар моў паказвае, каго лічылі патэнцыяльнымі агрэсарамі».
Хто перамог у зімовай вайне? Фінляндыя, якая захавала незалежнасць, але страціла 26 тысяч чалавек забітымі, 12% сваёй тэрыторыі і другі па колькасці насельніцтва горад Віпуры (Выбарг) ці СССР? Сталін, відавочна, сябе пераможцам не адчуваў. Ён быў у шаленстве ад нянавісці: «Мы 60 тысяч (фінаў) перабілі, трэба перабіць і астатніх, тады справа скончыцца. Трэба пакінуць толькі дзяцей і старых». Нават канцэпцыя экспарту рэвалюцыі была перагледжаная: «Сусветная рэвалюцыя як адзіны акт — глупства. Яна адбываецца ў розны час у розных краінах. Дзеянні Чырвонай арміі — гэта таксама справа сусветнай рэвалюцыі». Злосць ён сарваў на тых, хто не мог адказаць тым жа. «Змрочны настрой выліўся ў новую хвалю пакаранняў смерцю, якая напаткала тых, хто ўжо даўно чакаў свайго лёсу. Перапынак у масавых пакараннях смерцю працягваўся больш за год, але зараз у ваенны трыбунал былі перададзеныя справы 457 даволі вядомых людзей, з якіх 346 павінны быць расстраляныя». З гэтым жа Рэнтола звязвае Катынскую трагедыю: «У гэтай атмасферы трывогі, небяспекі і пакоры Сталін аддаў загад аб арганізацыі масавага забойства, якое нават для яго з`яўлялася празмерным. Вырашана было расстраляць 25700 захопленых ва Усходняй Польшчы ці арыштаваных пазней польскіх палонных афіцэраў і іншых падобнага роду зняволеных». Прычыну патлумачыў Берыя: «Кожны з іх толькі і чакае вызвалення, каб мець магчымасць актыўна ўключыцца ў барацьбу супраць савецкай улады». Пэўную ролю адыграла інфармацыя аб намеры Францыі перакінуць у Фінляндыю дывізіі, якія фарміраваліся з польскіх уцекачоў на яе тэрыторыі, а так сама, неабходнасць вызваліць савецкіх лагерах месцы, якія планаваліся для палонных фінаў. Колькасць іх супадала з колькасцю расстраляных палякаў.
Дзіўна, што праз чатыры гады Сталін не выкарыстаў сітуацыю, каб паквітацца з фінамі. Больш таго, Фінляндыя стала адзінай не акупаванай краінай з ліку тых, якія ў часы Другой сусветнай вайны былі на баку Германіі. Яе лёс быў вызначаны яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыі ў снежні 1943 г. Чэрчыль і Рузвельт выступалі за захаванне незалежнасці Фінляндыі. Сталін меў маральнае права з гэтым не пагадзіцца, тым больш, што нават Чэрчыль прызнаваў «агідныя паводзіны» фінаў. Аднак, гэтага ён не зрабіў. Прынцыповае стаўленне ў яго склалася яшчэ на пры канцы зімовай вайны: «Мы не хочам тэрыторыі Фінляндыі. Адзінае, што патрабуецца ад Фінляндыі, — каб яна была сяброўскай Савецкаму Саюзу дзяржавай». Рэнтола звязвае гэта перш за ўсё, са здольнасцю фінаў бараніцца. У 1945 г. Сталін казаў прадстаўніку Фінляндыі: «Вы ўпарта змагаліся за вашу дзяржаву. Параўнайце хаця б Фінляндыю і Бельгію. Бельгійцы лічаць фінаў напоўхутарскім і неадукаваным народам. Але фіны вялі сябе ў вайне не так, як бельгійцы. Бельгійцаў лічаць адным з найбольш адукаваных народаў Еўропы, але калі пачалася вайна, яны здаліся. Думаю, што калі б фінаў паставіць на месца бельгійцаў, то яны б ўпарта змагаліся супраць нямецкай агрэсіі». Але акупацыя Фінляндыі была цалкам магчымая. Тое, што Сталін на гэта не пайшоў, на думку Рэнтолы паўплывалі і іншыя абставіны. Летам 1944 Фінляндыя была падобная на звера, якому ўжо няма куды было бегчы. Гэта было прадвызначанае самой геаграфіяй: «Фінляндыя апынулася на перыферыі, падобна востраву». У той жа час паўставалі больш значныя для Сталіна мэты, выкліканыя высадкай хаўруснікаў у Нармандыі, неабходнасцю вырашаць польскае пытанне і г. д.
Падобная сітуацыя выратоўвала незалежнасць Фінляндыі і ў 1948-1950-х гг., калі планавалася яе трансфармацыя ў «краіну народнай дэмакратыі». У 1948 г. СССР навязаў абаронныя дамовы (фармальна, аб сяброўстве і супрацоўніцтве) тром былым германскім хаўруснікам, якія трапілі ў сферу яго ўплыву. Аднак, лёс Фінляндыі склаўся не так, як Румыніі і Венгрыі. Адыграла сваю ролю само стаўленне да яе значнасці як краіны. «Ах, Фінляндыя — гэта дробязь» — казаў Молатаў, — «Польшча — вялікая справа»! Значна слабейшымі былі пазіцыі фінскіх камуністаў. Але ў найбольшай ступені на Сталіна паўплывалі змены ў міжнароднай сітуацыі: Вялікабрытанія, Францыя і краіны Бенілюкса заключылі дамову аб стварэнні абарончага Заходнееўрапейскага саюза, якому прэзідэнт Трумэн абяцаў падтрымку ЗША. Сталін і Молатаў зразумелі, што перспектыва жорсткіх дзеянняў СССР у Фінляндыі можа абвастрыць становішча ў астатняй Еўропе, асабліва, у Паўночнай. Данія і Нарвегія (якой, дарэчы таксама прапаноўвалі заключыць аналагічную дамову) вызначылі свае імкненне да далучэння абарончай ініцыятывы Захаду.
У 1950 г. СССР падрыхтаваўся да наступу на Фінляндыю больш грунтоўна. У першую чаргу было вырашана ўзмацніць пазіцыі Фінскай кампартыі, якая атрымала з касы ўзаемадапамогі ВКП (б) 874 тыс. долараў. Гэта прыблізна 40% агульнай сумы расходаў на фінансавую падтрымку камуністаў па ўсім свеце. Па некаторых звестках О. Куусінена (таго самага, які ўзначальваў урад Фінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1939 г.) рыхтавалі да пасады прэзідэнта, гэтым разам, абсалютна рэальнай Фінляндыі. Аднак увага Сталіна цалкам пераключылася на Карэйскую вайну, якая стала, паміж іншым, першым гібрыдным ваенным сутыкненнем СССР і ЗША. Фінляндыі зноў пашанцавала.
Гісторыю адносінаў Фінляндыі і СССР сталінскай эпохі можна пазначыць як гісторыю выжывання. Гэты тэрмін, безумоўна, мае пэўнае абразлівае значэнне, прыніжае нацыянальную годнасць. Былі, канешне, і іншыя варыянты існавання ў зоне інтарэсаў геапалітычнага драпежніка, з большага — яшчэ горшыя. Прыніжэнне захавала тую долю дзяржаўнага суверэнітэту, якая дазволіла пабудаваць Фінляндыі адну з найбольш эфектыўных эканамічных і сацыяльных сістэм сучаснага свету. Дасягнуць таго ўзроўню дабрабыту і псіхалагічнага камфорту, які наўрад ці магчымы ў краіне-нашчадку былога прыгнятальніка ў самай аддаленай перспектыве.
Што нам да таго? Ці можна ў прынцыпе, ці часткова выкарыстаць вопыт Фінляндыі ў сённяшняй сітуацыі, калі сам аўтара кажа, што гэта — немагчыма.
Я б з гэтым пагадзіўся не цалкам. Тым больш, што, напрыклад, на пачатку канфлікту на поўдні Украіны, вядомыя мэтры міжнароднай аналітыкі, Кісінджэр і Бжэзінскі, не толькі суадносілі яго з фінскай гісторыяй, але і лічылі «фінляндызацыю» адной з магчымых опцый вырашэння праблемы. Україна з гэтым не пагадзілася.
Безумоўна і сёння ёсць спакуса правесці паралелі паміж падзеямі 80-гадовай даўніны з рэаліямі Усходняй Еўропы. Гісторыя, аднак, нельга ўспрымаць як нешта падобнае да інструкцыі ад пыласосу, ці да лекаў. Навука ж фінскай гісторыі, як мне падаецца, дае наступныя урокі.
Першае і галоўнае, тыя падзеі сведчаць аб прынцыповай магчымасці захавання суверэнітэту малой, слабай краінай ва ўмовах агрэсіўнай палітыкі магутнага геапалітычнага суседа. Кошт гэтага можа быць вялікім, яле ў гістарычнай перспектыве — апраўданым.
Поспех ў гепалітычнай гульні залежыць ад таго, што пастаўлена на кон: для малой краіны гэта экзістэнцыяльная праблема самога існавання, для вялікай — забава, энтартэймент. Асабліва ў тых выпадках, калі вялікая краіна — таталітарная ці аўтарытарная, калі гэта гульня — забава адной асобы. Гэта тая сітуацыя, калі даверыць прымаць рашэнні падначаленым немагчыма ў той жа ступені, як і трымаць усё пад асабістым кантролем. Да таго трэба дадаць, што любая аўтарытарная/татлітарная сістэма, заснаваная на персанальнай уладзе раней ці пазней пераўтвараецца ў механізм задавальнення жаданняў, капрызаў і страхаў той самай адной асобы. Ад здольнасці забяспечыць іх залежыць не толькі кар’ерны поспех але і, часам, само існаванне падначаленых. Гэта крыніца шматлікіх памылак падвышае шансы для малых краін.
Але, як піша Рэнтола, «магчыма, не варта спрабаваць усё тлумачыць рацыянальнымі прычынамі… глыбокі аналіз гістарычных падзей… паказвае, што выпадковасць, іронія і сляпое шанцаванне гуляюць сваю немалую ролю». Будзем спадзявацца, што і нам пашанцуе!