Публикация подготовлена по итогам опроса экспертов в сфере международных отношений об инструментах влияния сторон в белорусско-российских отношениях.
Якія рычагі Беларусь мае ў дачыненьнях з Расеяй?
Геаграфія
Беларусь — гэта ня проста яшчэ адна з мноства краін, што мяжуюць зь вялізнай Расеяй. Беларусь наўпрост мяжуе з цэнтральным рэгіёнам Расеі навокал Масквы. Гэта азначае неімаверна шырокія магчымасьці для ўплыву і доступу Беларусі да ўсіх аспэктаў жыцьця расейскай дзяржавы і грамадзтва. Якраз з гэтай прычыны стасункі Беларусі і Расеі заўжды будуць «асаблівымі» і ня могуць быць «нармалізаваныя», бо знаходжаньне ў такой блізкасьці ад самога сэрца шматкроць магутнейшай і заможнейшай краіны ня можа быць праігнараваным з боку беларускага ўрада апроч як праз рызыку паставіць пад пагрозу самое выжываньне Беларусі як незалежнай і гаспадарча жыцьцяздольнай дзяржавы.
Бясьпека
Пры ўсіх тэхнічных інавацыях чыньнік дыстанцыі застаецца дзейным у вызначэньні ўразьлівасьці пэўнай дзяржавы перад той або іншай пагрозай. То бок сыстэмы СПА і проціракетнай абароны Расеі бадай заўсёды будуць вымагаць пэўнай адпаведнай супрацы з боку Менска, каб быць дзейснымі. І пакуль на тле разгортваньня амэрыканскай сыстэмы проціракетнай абароны гэтае значэньне толькі расьце.
Гісторыя
Супольная савецкая спадчына і яе відочнасьць у Беларусі не даюць Крамлю разгарнуць больш агрэсіўную кампанію супраць Беларусі і яе ўрада, бо гэта можа выклікаць адмоўную рэакцыю паспалітых расейцаў, якім тая спадчына з той ці іншай прычыны дарагая. Савецкая настальгія аб`ектыўна грае на карысьці захаваньня асобнай беларускай дзяржавы, якая ўспрымаецца як куды большая спадкаемніца СССР чымся Расея.
Кантроль урада над грамадзтвам
У адрозьненьне ад перадмайданнай Украіны, беларускі ўрад кантралюе сваё грамадзтва, і ў краіне проста няма і блізка такіх прарасейскіх арганізацыяў, рухаў і групаў, як былі ў свой час на Ўкраіне. Прарасейскія дзеячы і палітыкі, што кантактавалі з Крамлём, у Беларусі ў лепшым выпадку імкліва маргіналізоўваліся, у горшым нэўтралізоўваліся больш радыкальным чынам. Пранікненьне расейскіх спэцслужбаў у беларускія урадавыя структуры падаецца вельмі абмежаваным. У адсутнасьць уплывовага парлямэнту, пранікненьне прарасейскіх элемэнтаў у беларускую ўладу ўвогуле магчымае толькі праз вузкія і нешматлікія каналы, якія адсочваюцца адпаведнымі беларускімі органамі. У выніку Крамлю ў выпадку Беларусі даводзіцца мець справу з адзіным актарам.
Эфэктыўная дзяржава
Любыя спробы дэстабілізацыі ў Беларусі пакуль што могуць быць спыненыя на лёкальным узроўні, калі не раённага пастарунка міліцыі, дык прынамсі камітэта дзяржбясьпекі. Пры ўсіх відавочных заганах беларускага рэжыма, размах карупцыі, ценявога бізнэсу і інш. у краіне таксама застаюцца недастатковымі, каб дэстабілізаваць краіну, скажам, праз напампоўваньне грошай у адпаведныя палітычныя структуры.
Якія рычагі Расея мае ў дачыненьнях з Беларусьсю?
Эканоміка
Народная гаспадарка краіны моцна залежыць ад доступу да расейскіх рынкаў, крыніцаў сыравіны, інвэстыцыяў ды інш. Само па сабе гэта ня ёсьць заганай, ва ўмовах глёбалізацыі гэта — непазьбежнасьць. Праблемай гэта можа стаць пры спробах Крамля выкарыстаць гэты інструмэнт для нейкіх палітычных мэтаў. Застаецца дадаць, што ва ўсім сьвеце доступ да рынкаў і крыніцаў сыравіны заўжды так ці інакш зьвязаны з палітычнымі дамоўленасьцямі, таму Беларусь у гэтым нічым не вылучаецца і ні на якой «ігле» не сядзіць. Больш за тое, гэтая залежнасьць можа пасьпяхова нэўтралізоўвацца праз лёбінгавую дзейнасьць беларускага боку ў Расеі. Таму гэты інструмэнт у руках Крамля магутны, але можа быць да пэўнай меры абясшкоджаны.
Транзыт
Беларусь мусіць разьвіваць свае транзытныя магчымасьці і захоўваць патрэбныя ёй самой транзытныя маршруты, найперш праз Прыбалтыку, калі яна хоча застацца жыцьцяздольнай краінай. Беларусь, аднак, можа быць пасьпяховай транзытнай краінай толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца на такі варыянт, бо найперш транзыт празь Беларусь быў і будзе бадай заўжды накіраваны ці ў Расею ці з Расеі. Для Расеі аднак беларускі транзыт важны, але ў прынцыпе не крытычны, асабліва ў больш аддаленай пэрспэктыве.
СМІ
У адсутнасьць якасных беларускіх грамадзкіх СМІ, і пры спэцыфічнай ролі дзейных у краіне СМІ, фінансаваных і фактычна адміністраваных з-за мяжы, ня дзіва, што расейскія СМІ пачынаюць граць дыспрапарцыйна вялікую ролю ў беларускім грамадзтве. Гэта патэнцыйна пагражае беларускаму рэжыму, які можа апынуцца паміж накавальнай расейскіх СМІ і молатам мэдыйных праектаў, незалежных ад беларускага ўрада, але фінансаваных і накіроўваных замежнымі нерасейскімі актарамі. Гэта — сцэнар рэвалюцыі ў Кіргізіі, дзе Бакіеў паў раззлаваўшы і расейцаў, і заходнікаў.
Супольная гістарычная спадчына
Расейскае кіраўніцтва можа паспрабаваць паўплываць на беларускае грамадзтва праз апэляцыю да супольнай гістарычнай спадчыны найперш савецкага часу. Гэта здаецца чымсьці відавочным для староньніх назіральнікаў. Але гэта наўрад ці можа быць пасьпяховым для Крамля ва ўмовах таго, што Менск грае на гэтай спадчыне і савецкай настальгіі куды даўжэйшы час і выразьнейшым чынам. Пры нарастаньні антысавецкага складніку ў расейскай ідэалёгіі, гэты інструмэнт можа мець абмежаваны посьпех толькі ў нейкіх абсалютна выключных умовах, кшталту Ўсходняй Украіны. Таму рычаг гэты вельмі кволы.
Вайсковая магутнасьць
Расея можа шпарка акупаваць нашу краіну, калі на тое ўзьнікне ваенная неабходнасьць. Але гэты інструмэнт пры ўсёй яго паверхнева відавочнай сіле, наўрад ці можа быць калісьці выкарыстаным з боку Масквы. Для гэтага ёй бракуе ня толькі кансэнсусу ў расейскім грамадзтве, але і ўласна патрэбы. Толькі аб`екты СПА і проціракетнай абароны на тэрыторыі Беларусі, а таксама агульны хаўрусьніцкі ці прынамсі гарантавана нэўтральны статус Беларусі цікавяць Маскву настолькі, каб справакаваць жорсткую рэакцыю ў выпадку адмовы Менска ад іх. Аднак і памянёныя аб`екты для Крамля не настолькі ж крытычна важныя, як той самы Крым з яго базамі Чарнаморскага флёта. Што да агульнай пазіцыі Менска, то апошні, як вядома, падтрымлівае з АПАДам (НАТО) плённыя, але асьцярожныя стасункі. Больш за тое, Крэмль ужо працуе над тым каб па магчымасьці зьменшыць сваю залежнасьць ад Беларусі ў гэтым дачыненьні. Таму пры бліжэйшым разглядзе памянёны інструмэнт вайсковай магутнасьці падаецца надта прывідным пры ўсёй яго ўражваючай відавочнасцi.