Сярод апазіцыі зменшылася канфрантацыя і ўзаемные абвінавачванні, што з’яўляецца вынікам арыентацыі асобных партый на розные аўдыторыі і імкненне пашырыць групы падтрымкі за рамкамі традыцыйнага электарата. Беларускі нацыянальны кангрэс спрабуе аб’яднаць найбольш рашучых апанентаў дзеючага кіраўніцтва, якія найбольш гатовы да вулічнага супрацьстаяння з уладамі. «Гавары праўду» арыентуецца на тыя групы насельніцтва, што праяўляюць незадаволенасць існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай, аднак мала цікавяцца палітычным парадкам дня. Правацэнтрысты імкнуцца атрымаць падтрымку сярод асбоных групаў ціску (напр., «Рух маці 328») пры адначасовым захаванні свайго партыйнага актыву з ліберальнымі, нацыянал-дэмакратычнымі і праеўрапейскімі поглядамі.
Абнаўленне партыйнага кіраўніцтва і сістэмны эфект ціску на ўлады
У апошнія некалькі гадоў адбываецца абнаўленне кіраўніцтва найбольш буйных палітычных партый і аб’яднанняў. Так, у 2015 годзе «Гавары праўду» ўзначалілі экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2015 годзе Т. Караткевіч і кіраўнік яе штаба А. Дзмітрыеў. У 2016 годзе Ю. Губарэвіч змяніў на пасадзе старшыні «Руху за „Свабоду“ экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе А. Мілінкевіча. У 2017 годзе кіраўніком партыі БНФ стаў экс-кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Р. Кастусёў, а кіраўніцтва БХД папоўнілася сустаршынёй В. Кавальковай. У 2018 годзе ратацыя кіраўніцтва закранула Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і Аб’яднаную грамадзянскую партыю, старшынямі якіх былі абраны прадстаўнікі рэгіянальнага актыву з Магілёва і Гомеля — І. Барысаў і В. Палякоў адпаведна.
Важна адзначыць інстытуцыйнае сталенне апазіцыйных арганізацый. Абнаўленне кіраўніцтва партый не прывяло да расколаў арганізацый, нягледзячы на зыход ці заснаванне новых грамадска-палітычных праектаў некаторымі вядомымі лідарамі, як, напрыклад, экс-кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе У. Някляевым і экс-намеснікам старшыні «За свабоду» А. Лагвінцом.
Шматлікія апазіцыйныя партыі, аб’яднанні і пратэстныя рухі можна падзяліць на некалькі групаў, якія адрозніваюцца бачаннем шляхоў дэмакратызацыі беларускага рэжыму. Пры гэтым нягледзячы на адсутнасць фармальнай каардынацыі, захады розных партый ці кааліцый прыводзяць да сінергічнага эфекту і змены дзяржаўнай палітыкі ў найбольш рэзанансных сферах.
Так, беларускае кіраўніцтва вымушанае было саступіць у справе «дэкрэта аб дармаедах» у выніку нарастання адкрытага напружання ў беларускім грамадстве ў 2017 годзе, асабліва ў рэгіёнах. Пры гэтым апазіцыйныя лідары ў значнай ступені здолелі ўзначаліць пратэстны рух супраць «дэкрэту аб тунеядцах». Арганізаваная БНК у сталіцы акцыя «Марш абураных беларусаў» у лютым 2017 года дала старт пратэстам, якія ў лютым і сакавіку распаўсюдзіліся на буйныя гарады краіны. Лідары правацэнтыстаў узначалілі масавыя акцыі ў некаторых гарадах і надалі ім палітычнае гучанне, а таксама прадухілілі іх стыхійнае і непрадказальнае развіццё, што набыло асабліва важнае гучанне пасля падзей на ўсходзе і поўдні Украіны ў 2014 годзе. У сваю чаргу, «Гавары праўду» актывізавала высілкі па пошуку кампраміснага рашэння у дыялогу з уладамі, інтэграцыі і ўзгаднення інтарэсаў тых групаў грамадства, што закрануў дэкрэт аб дармаедах, але ж якія асцерагаліся выходзіць на вуліцы або вылучаць палітычныя патрабаванні.
Посьпех пратэстнага руху і саступкі ўладаў сталіся вынікам адсутнасці ўнутрыапазіцыйнай барацьбы за пратэстны электарат або імкнення ўзначаліць «аб’яднаную апазіцыю». Кожнае апазіцыйнае аб’яднанне сканцэнтравалася на працы з рознымі групамі насельніцтва і выкарыстанне адпаведных формаў, што з’яўляюцца найбольш прымальнымі для гэтых пластоў грамадства.
Беларускі нацыянальны кангрэс: спробы вярнуць палітычны пратэст на парадак дня
Нягледзячы на адсутнасць у апошнія месяцы пазітыўнай дынамікі вулічнага пратэсту, БНК выконвае ролю той структуры, якая можа ўзначаліць пратэстны рух у сталіцы і надаць ёй палітычнае гучанне, а таксама запабегнуць непрадказальнасці масавых акцый.
Першапачаткова БНК задумвалася арганізатарамі як шырокая апазіцыйная кааліцыя з удзелам большасці палітычных арганізацый. Хаця фактычна за гэтай ініцыятывай праглядалася імкненне аб’яднаць вакол сацыял-дэмакрата М. Статкевіча актыў апазіцыйных партый, значная частка якога прыхільна ставілася да былога палітзняволенага і экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе. Аднак у выніку арганізацыі, што аб’ядналіся ў БНК, у асноўным уяўляюць з сябе невялікія апазіцыйныя группы вакол лідараў з гучнымі імёнамі, якія аднак не маюць разгалінаваных рэгіянальных структур.
Спробы стварыць сетку у рэгіёнах і выкарыстоўваць новые формы вулічных пратэстаў пакуль не прыводзяць да павелічэння актыву БНК. Нягледзячы на паступовае згасанне ўплыву на беларускае грамадства наступстваў «рэвалюцыі годнасці» ў Кіеве, пакуль няма відавочных сведчанняў таго, што папулярнасць змены ўлады ў выніку вулічнага супрацьстаяння на «Плошчы» павялічваецца. Хутчэй наадварот — колькасць пратэсных акцый, арганізаваных БНК, на працягу апошніх месяцаў змяншаецца, а лічбы іх удзельнікаў складаюць каля некалькіх дзясяткаў актывістаў.
Пры гэтым БНК асноўную ўвагу надае пратэстам у сталіцы на цэнтральных вуліцах горада, што з’яўляецца часткай іх стратэгіі па ціску на беларускае кіраўніцтва. Лідары гэтага апазіцыйнага аб’яднання адмовілася ад выездаў у рэгіёны падчас акцый пратэсту супраць «дэкрэта аб дармаедах» у лютым і сакавіку 2017 года, а Н. Статкевіч нават не наведаў месца сёлетняга супрацьстаяння актывістаў з уладальнікамі рэстарацыі каля Курапатаў.
Няма відавочных прыкметаў таго, што палітычны пратэст пачне дыктаваць свае ўмовы ўладам і прыцягне ў бліжэйшы час вялікую колькасць людзей на вуліцы сталіцы. Хаця ў выпадку адкрытай незадаволенасці насельніцтва сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў, што будзе з’яўляцца хутчэй вынікам памылковых захадаў беларускага кіраўніцтва, БНК мае патэнцыял узначаліць гэтыя акцыі ў сталіцы і надаць ім характар палітычнага пратэсту. Таксама ў выпадку вяртання папулярнасці ідэі электаральнай рэвалюцыі і пратэстаў на «Плошчы», лідар БНК Н. Статкевіч можа разлічваць на падтрымку часткі актыву іншых апазіцыйных партый пры вылучэнні свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах. Пры гэтым сацыял-дэмакраты аб’яднаныя ў некалькіх зарэгістраваных і незарэгістраваных партый, з найбольш развітым регіянальным актывам у БСДП (Грамада).
«Гавары праўду»: імкненне працаваць з новымі аўдыторямі
«Гавары праўду» імкнецца выйсці за рамкі электарата апазіцыйных партый і сфармаваць сваю падтрымку сярод тых груп насельніцтва, якія незадаволены існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай, але ж асьцерагаюцца супрацьпастаўляць сябе палітычнаму кіраўніцтву дзяржавы.
«Гавары праўду» спрабуе дзейнічаць выключна ў рамках дзеючага заканадаўства краіны, што дазваляе прадухіліць супрацьдзеянне сілавікоў. Гэта прадугледжвае адмову ад удзелу ў несанкцыянаваных пратэстных акцыях, наладжванне дыялогу з чыноўнікамі ўсіх узроўняў і фармаванне рэфарматарскага парадку дня ў публічнай прасторы.
У адрозненне ад большасці іншых партый «Гавары праўду» таксама імкнецца наладзіць кантакты не толькі з партнёрамі з ЕС, але ж і разбурыць манаполію ўладаў на беларуска-расейскія адносіны ці, прынамсці, выступаць з альтэрнатыўнай павесткай дачыненняў з усходнім суседам. Лідары «Гавары праўду» не адмаўляюцца ад запрашэнняў выступіць у ток-шоў расійскага тэлебачання або імкнуцца наведаць аўтарытэтныя мерапрыемствы, як, напрыклад Пецербуржскі міжнародны эканамічны форум 2018. Гэта адрознівае іх ад іншых апазіцыйных партый, якія ў пераважнай большасці арыентуюцца на ўсталяванне кантактаў з заходнімі партнёрамі і ігнаруюць усходні вектар.
Варта адзначыць, што за выключэннем былых камуністаў са «Справядлівага свету» сярод арганізаванай апазіцыі адсутнічаюць партыі, якія б імкнуліся працаваць з прарасейска арыентаванай часткай грамадства і выкарыстоўваць уплыў расейскіх медыя ў беларускім грамадстве. Пры гэтым, доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй складае значную частку грамадства, а расійскія медыя пануюць у беларускай інфармацыйнай прасторы.
У апошні час «Гавары праўду» дыстанцыюецца ад іншых палітычных партый і не ўдзельнічае ў міжпартыйных аб’яднаннях. Хутчэй за ўсё, арганізацыя будзе спрабаваць вылучыць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах.
Правацэнтрысты: камбінаванне формаў ціску на ўлады
Правацэнтрысцкая кааліцыя аб’яднала арганізацыі блізкія па ідэалагічным характарыстыкам, што з’яўляюцца партнёрамі Еўрапейскай народнай партыі — АГП, БХД і «За свабоду». Кожны партнёр па кааліцыі мае сваё адметнае пазыцыянаванне і аўдыторыю. Так, лібералы з АГП атрымліваюць найбольшую падтрымку сярод прадстаўнікоў прыватнага сектара і бізнеса, што можа быць вынікам моцнай эканамічнай праграмы. Хрысціянскія дэмакраты апіраюцца на хрысціянскія супольнасці і адрозніваюцца разнастайнымі сацыяльнымі праектамі і кампаніямі. У сваю чаргу, «За свабоду» гуртуе вакол сябе прыхільнікаў еўрапейскай інтэграцыі.
Правацэнтрысты таксама спрабуюць наладжваць кантакты з уладамі для фармавання рэфарматарскага парадку дня. Пры гэтым дэпутацкі мандат іх прадстаўніка ў парламенце — чальца АГП Г. Канапацкай — дае ім дадатковыя механізмы ўплыву на дзяржаўную палітыку. Так, АГП, БХД і «За свабоду» правялі шэраг круглых сталоў з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў, чаму ў немалой ступені садзейнічала дэпутат Г. Канапацкая. Гэта дазваляе ім выходзіць за рамкіх сваіх традыйных групаў падтрымкі сярод электарата. Так, хрысціянскія дэмакраты спрабуюць далучыць незадаволенных судовай сістэмай сваякоў асуджаных па «антынаркатычных артыкулах» да палітычнай дзейнасці. Узаемадзеянне палітычнай апазіцыі, грамадскага “ Руху маці 328» і дэпутаткі Г. Канапацкай прыводзіць да рэакцыі і саступак з боку ўладаў у выглядзе зменаў у «антынаркатычным» заканадаўстве.
Адначасова лідары партый засведчылі гатоўнасць узначаліць пратэстны рух у выпадку нарастання адкрытага напружання ў грамадстве, як з супрацьстаяннем у Курапатах або падчас леташніх антыдармаедскіх пратэстаў у рэгіёнах.
Правацэнтрысты распачалі ўнутранныя перамовы па вылучэнню кандыдата на пасаду прэзідэнта. Аднак пакуль невядома, ці паспрабуюць яны стварыць больш шырокую кааліцыю або вылучаць кагосьці са сваіх лідараў.
Ідэалагічна блізкія па поглядах да правацэнтрыстаў нацыянал-дэмакраты першаснай сваёй задачай бачаць узмацненне нацыянальнай бяспекі краіны. Асноўным палітычным цэнтрам гэтай плыні застаецца партыя БНФ, а грамадскі накірунак дзейнасці прадстаўлены ТБМ. Яны таксама маюць свайго прадстаўніка ў парламенце старшыню ТБМ Алену Анісім. Парламентар А. Анісім імкнецца пазбягаць вострага супрацьстаяння па сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях з парламенцкай большасцю, але ж вызначаецца непублічнай актыўнасцю па пашырэнню падтрымкі беларускай мовы і гістарычных сімвалаў. У апошні час БНФ імкнецца дыстанцыявацца ад іншых палітычных партый і, хутчэй за ўсё, можа паспрабаваць таксама вылучыць свайго кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах.
Такім чынам, некалькі апазіцыйных партый або партыйных аб’яднанняў ужо плануюць вылучаць сваіх кандыдатаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Прычым яны імкнуцца працаваць з рознай аудыторыяй, што змяншае міжпартыйную барацьбу за апазіцыйны актыў. Пры гэтым прэзідэнцкія выбары 2015 года паказалі цяжкасці са зборам 100 тыс. подпісаў для вылучэння кандыдатам. Правядзенне парламенскіх выбараў перад прэзідэнцкай кампаніяй дасць магчымасць дадаткова праверыць і адмабілізаваць свой актыў.