Беларускія аналітыкі і журналісты актыўна абмяркоўваюць тэму інфармацыйнай пагрозы з Усходу 2014 году. Кантраляваныя крамлём СМІ аказаліся магутным вайскова-палітычным інструментам і адыгралі выключна важную ролю ў анексіі Крыму і пачатку вайны ў Данбасе. Тэндэнцыйныя паведамленні пра «інспіраваны Захадам пераварот у Кіеве» і «генацыд рускамоўнага насельніцтва ва Украіне» не толькі згуртавалі расійскае грамадства вакол сваіх уладаў, але і падштурхнулі тысячы грамадзянаў Украіны выступіць супраць сваіх.

Напрыканцы 2017 году аналітыкі EAST Center правялі даследаванне з мэтай ацаніць сілу ўплыву расійскіх СМІ ў Беларусі, а таксама высветліць, наколькі беларускае грамадства ўспрымальнае да інфармацыі, якую распаўсюджваюць пракрамлёўскія СМІ. Аўтары даследавання прааналізавалі вынікі раней праведзеных сацыялагічных апытанняў і правялі экспертныя інтэрв’ю з прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Даследаванне было часткай больш шырокага праекту па ацэнцы расейскага інфармацыйнага ўплыву у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На высновах EAST Center у вялікай ступені грунтуецца гэты артыкул.

Галоўнае акно ў «русский мир» — тэлевiзар

З усіх краінаў рэгіёну Беларусь з’яўляецца найбольш уразлівай на ўздзеянне расійскай дзяржаўнай прапаганды. На думку апытаных экспертаў, большасць беларускага насельніцтва успрымае такія падзеі, як вайна ва Украіне і Сірыі, альбо супрацьстаянне Расіі з Захадам менавіта так, як яны паказваюцца ў кантраляваных расійскім урадам СМІ. Пацверджаннем таму можа служыць падтрымка пераважнай большасцю беларускага насельніцтва анексіі Крыму Расіяй [1], а таксама надзвычай высокі рэйтынг расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна [2].

Асноўным каналам расійскага інфармацыйнага ўплыву на сёння з’яўляецца тэлебачанне. Згодна з даследаваннямі, праведзенымі Беларускай аналітычнай майстэрняй, расійскія тэлеканалы застаюцца асноўнай крыніцай інфармацыі для 43% беларусаў. Па сваёй папулярнасці гэтая крыніца навінаў саступае толькі дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню і (71,3%) і родным ды сябрам (62,1%). На чацвёртым месцы знаходзяцца сацыяльныя сеткі і блогі. Сайты незалежных медыяў у 2017 годзе знаходзіліся на шостым месцы (24,7%), саступаючы дзяржаўным газетам (28,6%) [3].

Паводле дадзеных апытання, праведзенага кампаніяй SATIO у верасні 2015 году, доля тэлегледачоў сярод дарослага насельніцтва ў Беларусі складае 84,7% [4]. Спіс 10 самых папулярных тэлеканалаў у Беларусі выглядае наступным чынам.

Аўдыторыя СМІ разлічана як доля рэспандэнтаў, якія заявілі, што карысталіся той ці іншай крыніцай інфармацыі на працягу 30 дзён, што папярэднічалі апытанню.

Пры гэтым дзяржаўныя беларускія тэле- і радыёканалы ў асноўным транслююць кантэнт, выраблены ў Расіі. У 2016 г. намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі прызнаўся, што доля расейскіх інфармацыйных прадуктаў на радыё і тэлебачанні дасягае 65% [5]. Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы паказваюць не толькі расійскія фільмы, серыялы і забаўляльныя праграмы. Яны таксама транслююць у прайм-тайм навінавыя праграмы і палітычныя ток-шоў, вырабленыя падкантрольнымі Крамлю СМІ.

Беларускія эксперты, з якімі былі праведзеныя інтэрв’ю, адкрыта заяўляюць, што карціна свету сярэднестатыстычнага беларуса сфармавана Масквой, а не Мiнскам:

«Меркаванні беларусаў адносна сусветнай палітыкі, геапалітычных пытанняў, канфліктаў у рэгіёне, і нават найбольш важных аспектаў беларускай ідэнтычнасці, фармуецца расійскім тэлебачаннем. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што 60-65% беларусаў глядзяць на свет праз прызму расійскіх тэлеканалаў. Я думаю, нават Аляксандр Лукашэнка занепакоены гэтым фактам, паколькі ён усведамляе, што не кантралюе інфармацыйную прастору ў сваёй уласнай краіне» [6].

Пагроза з Iнтэрнэт-прасторы

Інтэрнэтам у Беларусі карыстаецца 63,8% дарослага насельніцтва, або больш за 5 мільёнаў чалавек [7]. У беларускім сеціве доля расейскіх СМІ істотна ніжэйшая, чым на тэлебачанні. Галоўнымі навінавымі сайтамі для беларускай аўдыторыі застаюцца беларускія парталы TUT.BY і Onliner.by. Аднак казаць, што ўплыў Рунэту на беларускую інтэрнэт-прастору малазначны, будзе памылкай. У верасні 2015 году адразу пасля TUT.BY (39%) і Onliner.by (21,9%) у якасці найбольш папулярных інфармацыйных рэсурсаў беларусы называлі расійскія агрэгатары навінаў News.mail.ru (18,5%) і News.yandex.by (14%) [8].

Беларускія інтэрнэт-рэсурсы канкуруюць на беларускім інфармацыйным полі з кантраляванымі Крамлём сайтамі, якія прасоўваюцца не ў апошнюю чаргу дзякуючы расійскім навінным агрэгатарам. Палову пазіцыяў у дзясятцы самых папулярных навінавых сайтаў Беларусі надзейна трымаюць падкантрольныя Крамлю рэсурсы.

Крыніца: SimilarWeb statistics

Значнымі гульцамі ў беларускай інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца беларускія сайты naviny.by (інфармагенцтва БелаПАН), NN.by (газета «Наша Ніва»), kp.by (газета «Комсомольская правда в Беларуси»), belta.by (Беларускае тэлеграфнае агенцтва) [9]. Пры гэтым кожны з іх саступае лідарам рэйтынгу TUT.BY і Onliner.by больш чым у 10 разоў, а расійскім сайтам Lenta.ru і Vesti.ru — у два-тры разы [10].

Да нядаўняга часу трэцім па папулярнасці беларускім інфармацыйным рэсурсам быў сайт Charter97.org, аднак у студзені 2018 году Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да яго беларускім карыстальнікам [11]. У выніку наведвальнасць сайту з Беларусі скарацілася ў 6 разоў.

Чарговым каналам распаўсюджвання пракрамлёўскіх месаджаў можна назваць сацыяльныя сеткі. Паводле дадзеных GemiusAudience за жнівень 2016 году, неаспрэчнае лідарства па папулярнасці сярод беларускай інтэрнэт-аўдыторыі трымаюць расейскія сацсеткі vk.com (57% інтэрнэт-карыстальнікаў) і ok.ru (32%). Аўдыторыя «Фэйсбука» амаль утрая меншая за аўдыторыю «Вконтакте» — 22% карыстальнікаў Байнэту [12].

Большасць пракрамлёўскіх грамадска-палітычных групаў ў «Вконтакте» — як агульных («Вежливые Люди», «Сводки от ополчения Новороссии»), так і скіраваных на беларускую аўдыторыю («Витебск Против», «Адекватный Витебск», «Мы патриоты Белой Руси!», «Патриоты Союза — Беларусь и Россия вместе!») — налічваюць не больш за 5 тысячаў удзельнікаў з Беларусі.

Самая значная колькасць беларусаў зарэгістравана ў групах «АнтиМайдан» (6,5 тыс.), «Здоровая Русь — Россия Украина Беларусь» (9 тыс.), «За сильную и процветающую Беларусь» (14 тыс.), «Беларусь, Россия, Украина — Русь! Славяне» (8,5 тыс.), а таксама ў некалькіх групах пад назвай «Эту страну не победить!» Апошнія налічваюць ад 33 да 70 тысяч удзельнікаў з Беларусі.

Ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што некаторыя групы групы прарамлёўскага накірунку, разлічаныя на беларускую аўдыторыю («Змагар — использованная прокладка», «Мая краіна Крэсы Ўсходнiя») былі створаныя адміністратарамі з Расіі.

Колькасць беларусаў сярод удзельнікаў расійскіх нацыяналістычных суполак параўнальная з колькасцю ўдзельнікаў прабеларускіх суполак: «Я — беларус» (6,5 тыс.), «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!» (7 тыс.) «Будзьма Беларусамі!» (9 тыс.), «Мы за незалежную Беларусь» (34,6 тыс.), «Мая краіна Беларусь» (92 тыс.).

Пакуль цяжка сцвердзіць, які мабілізацыйны патэнцыял маюць пракрамлёўскія суполкі ў сацыяльных сетках. У апошнія гады найбольш паказальнай акцыяй, арганізаванай пры іх дапамозе, можна назваць шэсце «Бессмертный полк» 9 траўня 2018 года. У гэты дзень беларускія ўлады арганізавалі аналагічнае шэсце «Беларусь помнит». Аднак у Мінску каля 1000 чалавек кінулі ўладам выклік, і нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага дазволу, правялі сваю акцыю [13]. Яшчэ каля 600 чалавек удзельнічалі ў паралельным афіцыйнаму шэсці «Бессмертный полк» ў Віцебску [14].

Згодна з падлікамі, праведзенымі беларускімі блогерамі, пракрамлёўскія групы ў сацсетках карыстаюцца адносна большай папулярнасцю ў невялікіх гарадах і рэгіянальных цэнтрах, асабліва на ўсходзе краіны [15]. На гэтую аўдыторыю разлічаныя і некаторыя сайты з пракрамлёўскай рыторыкай — напрыклад, магілёўскі сайт mogilew.by, гомельскі sozh.info, а таксама сайт віцебскіх рэгіянальных навінаў vitbich.org. Усімі рэсурсамі кіруюць ананімныя рэдакцыі, а графічны дызайн сайтаў звяртае на сябе ўвагу сваім падабенствам.

Уразлiвыя групы: пенсiянеры, збяднелыя, жыхары рэгiёнаў

У Беларусі не праводзілася спецыяльных даследаванняў, якія ацэньвалі б успрымальнасць тых ці іншых групаў грамадства да інфармацыі, якую распаўсюджваюць пракрамлёўскія СМІ. Тым не менш, вынікі сацыялагічных апытанняў і назіранні аналітыкаў EAST Center дазваляюць вызначыць асноўныя сацыяльна-эканамічныя, прафесійныя і культурныя групы, найбольш падатлівыя на ўплыў падкантрольных расійскаму ўраду мас-медыя.

Розныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ідэя інтэграцыі з Расіяй мае найбольшую падтрымку сярод людзей, якім цяжка адаптавацца да рынкавай эканомікі, якія баяцца рэформаў і, адпаведна, падтрымліваюць захаванне цяперашняй эканамічнай мадэлі, якая грунтуецца на цесных сувязях з Расіяй. Часцей за ўсё, гэта людзі старэйшыя за 40 гадоў, з адносна нізкім узроўнем даходу і адукацыяй, якія пражываюць у невялікіх гарадах ці сельскай мясцовасці [16].

Гэтыя сцвярджэнні часткова пацвярджаюцца дадзенымі апытанняў, што вывучаюць густы беларусаў у галіне СМІ. Расійскія тэлеканалы і Рунэт найбольш папулярныя сярод жыхароў невялікіх гарадоў (з насельніцтвам ад 10 да 50 тыс.) і рэгіянальных цэнтраў. Папулярнасць расійскіх СМІ вышэйшая ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі — Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласцях [17].

Да найбольш небяспечных і разам з тым папулярных наратываў, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ, можна аднесці сцвярджэнні пра адсутнасць нацыянальных адрозненняў беларусаў ад расіян, а значыць і права беларусаў на суверэнную дзяржаву; пра «штучнасць» беларускай дзяржаўнасці і мовы; пра эканамічную нежыццяздольнасць беларускай дзяржавы; пра «няўдзячнасць» і «здраду» беларускага кіраўніцтва ў стасунку да Расіі; а таксама атаясамленне носьбітаў беларускай мовы і культуры з «фашыстамі», а развіцця нацыянальнай культуры — з «фашызмам і нацыяналізмам».

Гэтыя сцвярджэнні найбольш уплываюць на людзей, якія а) з-за сваёй культуры схільныя да іх успрымання, б) актыўна спажываюць расейскія медыяпрадукты, в) не вераць у тое, што іх эканамічнае становішча можа быць палепшана іх уласнымі намаганнямі, і звязваюць надзеі на пазітыўныя перамены з Расіяй.

Першая група, асабліва падатлівая на расейскую праўладную прапаганду, — беларуская армія і ўнутраныя войскі. Паводле сваёй арганізацыі, ідэалогіі і культуры, беларуская армія застаецца працягам савецкіх узброеных сілаў. Афіцэры беларускай арміі часцяком настальгуюць па СССР, дзе вайскоўцы займалі прывілеяванае становішча. Ідэалогія беларускіх узброеных сілаў шмат у чым трымаецца на ідэі, што рускія і беларусы з`яўляюцца «адным народам» [18]. Беларускае вайсковае кіраўніцтва лічыць Захад асноўным непрыяцелем абедзвюх краінаў [19]. У арміі ў цэлым назіраецца варожае стаўленне да беларускай мовы.

Другая група, якая лічыць расійскую дзяржаўную прапаганду дастаткова пераканаўчай, — пенсіянеры. Большасць з іх актыўна спажывае вырабленыя ў Расіі телепрадукты, настальгуе па савецкім часе і знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, што робіць іх залежнымі ад дзяржавы. Інфармацыя, якую яны атрымліваюць з пракрамлёўскім СМІ, адпавядае іх перакананням і страхам [20].

Трэцяя ўспрымальная да пракрамлёўскага медыякантэнту катэгорыя складаецца з людзей, якія ў выніку эканамічнага крызісу страцілі стабільны даход або працу. Гэта дробныя прадпрымальнікі, рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў, што знаходзяцца на мяжы банкруцтва, а таксама людзі, звольненыя з дзяржпрадпрыемстваў і органаў дзяржаўнага кіравання. Многія грамадзяне, якія ўваходзяць у гэтую катэгорыю, жывуць у абласных цэнтрах і малых гарадах. Некаторыя з тых, хто не можа працаўладкавацца, ускладаюць на Расію надзеі на паляпшэнне свайго становішча.

Нарэшце, паведамленні, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ, часцяком карыстаюцца вялікім даверам сярод актыўна практыкуючыхправаслаўных вернікаў. У апошнія гады неаднаразова з`яўляліся паведамленні аб праваслаўных прыходах, у якіх рускія нацыяналісты праводзілі трэніроўкі па баявой падрыхтоўцы для беларускай моладзі [21], а таксама сустрэчы з прапагандыстамі [22].

Ацэнкi i рэкамендацыi

Сацыёлагі сцвярджаюць, што сярэдні беларус давярае расейскім СМІ больш, чым сваім айчынным — як дзяржаўным, так і незалежным [23]. Праз прызму расейскіх мас-медыяў і жыццёвага ўзроўню Масквы, Пецярбурга ці Цюмені Расія можа падавацца значна больш эканамічна развітай, дынамічнай, сучаснай і нават больш плюралістычнай і дэмакратычнай краінай, чым пагружаная ў стагнацыю Беларусь. Беларускае грамадства фактычна жыве ў інфармацыйнай і культурнай прасторы суседняй дзяржавы і застаецца вельмі ўразлівым на пасланні, якія распаўсюджваюцца дзяржаўнымі расійскімі СМІ.

Гэтая ўразлівасць тлумачыцца цэлым шэрагам фактараў: эканамічнай залежнасцю, ад Расіі; жорсткай палітыкай русіфікацыі, якую доўга праводзіў афіцыйны Мінск; міжасабовымі сувязямі паміж грамадзянамі дзвюх краінаў; ідэалогіяй беларускіх уладаў, якая доўгі час грунтавалася на ідэі сумеснага з Расіяй супрацьстаяння заходняму дэмакратычнаму свету. Цяпер эканамічны крызіс у Беларусі адкрывае перад Крамлём дадатковыя магчымасці для інфармацыйнага ўплыву.

Аналітыкі EAST-Center распрацавалі шэраг рэкамендацый па змяншэнні інфармацыйнага ўплыву ўсходняга суседа. Галоўная з іх заключаецца ў дыверсіфікацыі крыніцаў інфармацыі. Беларускім дзяржаўным тэлеканалам рэкамендуецца скарачаць расійскі палітызаваны і навінавы кантэнт. Таксама неабходна павышаць долю нерасійскіх забаўляльных праграм і фільмаў. Гэта можна зрабіць як ствараючы ўласны кантэнт, так і купляючы фільмы ды ліцэнзіі на тэлеперадачы за мяжой. Вялікія намаганні павінныя быць зробленыя ў галіне папулярызацыі беларускай мовы. Акрамя таго, уладам рэкамендуецца пачаць дыялог з журналісцкай супольнасцю і калі не лібералізаваць медыяпрастору, то хаця б павысіць канкурэнцыю паміж дзяржаўнымі каналамі.

Нельга сказаць, што ўлады не ўсведамляюць пагрозы для беларускай дзяржаўнасці, звязаныя з дамінацыяй пракрамлёўскіх СМІ. У апошнія месяцы трансляцыя палітызаваных расійскіх праграм сапраўды скарацілася. Ток-шоў «Место встречи» на канале «НТВ-Беларусь» і «Время покажет» на ОНТ зніклі з эфіру. У лютым 2018 году было змененае кіраўніцтва дзяржаўных СМІ [24]. Тэлеканалы пачалі закранаць больш вострыя сацыяльныя тэмы, намагаючыся павысіць давер да дзяржаўнага тэлебачання. У лістападзе 2017 году была створаная Міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы, у якую ўвайшлі ключавыя сілавікі і некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ [25].

Разам з тым кіраўніцтва краіны не змяніла свайго варожага стаўлення да незалежных беларускіх СМІ. У студзені 2018 году Мінінфарм заблакаваў партал «Хартыя’97». Улады працягваюць штрафаваць журналістаў тэлеканалу «Белсат», а супраць кіраўніка інфармагенцтва БелаПАН узбудзілі крымінальную справу [26].

Варта зазначыць, што антыдот для расійскай дзяржаўнай прапаганды трэба шукаць не толькі ў інфармацыйнай сферы. Беларускаму кіраўніцтву неабходна стымуляваць развіццё беларускай культуры (ці хаця б не перашкаджаць яе развіццю) і ўзмацняць нацыянальную самасвядомасць. Таксама жыццёва важна развіваць эканоміку малых гарадоў і ўсходніх рэгіёнаў краіны, ствараць людзям працоўныя месцы і новыя крыніцы даходаў. Без узмацнення нацыянальнай самасвядомасці і вырашэння сацыяльна-эканамічных праблемаў зменшыць пагрозу расійскай інфармацыйнай зброі не ўдасца.


[1] Опрос: 7% белорусов хотят визы с Россией, каждый шестой хочет объединения двух стран. (17 траўня 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/economics/543469.html

[2] Опрос: две трети белорусов положительно относятся к Путину и отрицательно — к Порошенко (17 траўня 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/economics/543591.html

[3] Соцопрос: белорусы все меньше доверяют госСМИ. (22 мая 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/ economics/544272.html

[4] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. (2015). Минск: САТИО. Стр. 9.

[5] 65% контента в белорусских СМИ — российский. (16 мая 2016). [Marketing.by]: http://marketing.by/novosti-rynka/65-kontenta-v-belorusskikh-smi-rossiyskiy/

[6] Валер Карбалевіч, Радыё «Свабода» (RFE/RL). палітычны каментатар. Жнівень, 2017.

[7] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 9.

[8] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 53.

[9] Красавік 2018. Рэйтынг наведвальнасці беларускіх інфармацыйных сайтаў (8 траўня 2018). [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=209283

[10] SimilarWeb statistics: https://www. similarweb.com

[11] Мінінфарм растлумачыў, за што заблакаваў Хартыю`97. Але без канкрэтыкі (25 студзеня 2018). [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=203736

[12] Крыху свежай статыстыкі Байнэта і сацыяльных сетак (10 кастрычніка 2017). [Беларуская асацыяцыя журналістаў]: https://baj.by/be/analytics/kryhu-svezhay-statystyki-bayneta-i-sacyyalnyh-setak

[13] Андрэева, К., Арахоўская І. Сталін, трыкалоры, «Слава Расеі». Як у Менску прайшла акцыя «Бессмертный полк». (9 траўня 2018). [Белсат]: https://belsat.eu/news/kardonny-stalin-trykalory-slava-rasei-yak-u-mensku-prajshla-aktsyya-bessmertnyj-polk/

[14] Васильева, Т. В Витебске «Бессмертному полку» не разрешили пройти отдельной колонной. Но люди вышли! (10 траўня 2018). [Витебский курьер]:https://vkurier.by/137814

[15] https://twitter. com/maksimstefanov1/ status/906492788291895297

[16] Коровенкова, Т. Белорусы предпо­читают любить Россию на расстоянии [БелаПАН]: http://tiny.cc/ naviny2017; Melyantsou, D. (2015, May 13). REFORUM: geopolitics and reforms: who do reformers have to rely on? [BISS]: http://belinstitute.eu/en/node/2530; Belarus and the World: Geopolitical Choice and Security in the Light of Economy and Culture. (2010, October 6). [BISS]: http://belinstitute. eu/en/node/835

[17] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 35.

[18] Канявец, З. (27 лютага 2017). Бе­ларускі рэзервіст: 12 урокаў войска [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=144528

[19] Ларчанка, М. (5 красавіка 2014). У нашай арміі не любяць Лукашэнку [Charter97.org]: https://charter97.org/be/ news/2014/5/4/97313/

[20] Андрэй Вардамацкі, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні, інтэрв`ю ў лістападзе 2017 г.

[21] Гарбацэвіч, А. (16 траўня 2016). Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=170171

[22] «Прысутныя тут мужчыны возьмуць удзел у вайне за Святую Русь». «Падпалкоўнік ГРУ» выступіў у мінскім пра­васлаўным манастыры. (9 кастрычніка 2017). [Наша Ніва]: https://nn.by/? c=ar& i=197200

[23] Соцопрос: белорусы все меньше доверяют госСМИ. (22 мая 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/ economics/544272.html

[24] Лукашенко сменил руководство государственных СМИ. [TUT.by]. (6 лютага 2018): https://news.tut.by/economics/579931.html

[25] Межведомственная комиссия по безопасности в информационной сфере создана в Беларуси. [Национальный правовой интернет-портал]. (20 лістапада 2017): http://pravo.by/novosti/novosti-pravo-by/2017/november/26439/

[26] У дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая адбыўся ператрус. Яго дапыталі ў ДФР, пасля чаго адпусцілі [Праваабарончы цэнтр «Вясна»]. (14 чэрвеня 2018): http://spring96.org/be/news/90098