Частка І.

Прагаварыўся!

Адстаўны сілавік Юры Сівакаў прапанаваў беларускім афіцэрам кодэкс гонару, складзены Адольфам Гітлерам.

Мы, вядома, падазравалі, што да чаго, але каб настолькі…

Рэжым Лукашэнкі ўжо неаднойчы абвінавачвалі ў фашызьме. «Самі фашысты!» — агрызаўся рэжым, а ягоны правадыр навязьліва ачольваў калёны вэтэранаў.

Патыхае скандалам, каб у краіне, якая пацярпела ад нацызму, атабарылася фашыстоўская дыктатура — але, то сам галоўны герой прызнаецца ў любові да Адольфа Гітлера, то рэжымны ідэёлаг заявіць пра «карпаратыўную дзяржаву» — афіцыйную дактрыну Бэніта Мусаліні — то вытыркнецца чарговая гнюсная недарэчнасьць.

Насамрэч, мясцовая дыктатура — гэта не нацысцкі рэжым з канцэнтрацыйнымі лягерамі, газавымі камэрамі і шыхтамі забойцаў. Але ёсьць шчэ італьянскі фашызм, хаатычны і недакладны.

«Фашыстоўская догма заключаецца ў тым, што яе няма», — заяўляў Мусаліні.

Аўтары шматлікіх падручнікаў па дзяржаўнай ідэалёгіі могуць тое ж самае сказаць пра свой прадмет. Ніхто цямна ня ведае, чым ёсьць лукашызм — ані ягоныя платныя абаронцы, ані імпэтныя апанэнты — і такая ж «паразмыванасьць» адбывалася зь першасным, італьянскім, фашызмам.

Умбэрта Эка ў артыкуле «Вечны фашызм» (ур-фашызм) даў абагульненае апісаньне брунатнай чумы і вылучыў 14 яе прыкметаў [1].

Сьціплая тутэйшая дыктатура мае ўсе пазнакі «вечнага фашызму» — з улікам сучаснасьці й каляніяльных беларускіх рэалій.

1. «Культ традыцыі» [2].

Здаецца, гэтая прыкмета зусім не пасуе мясцоваму фашызму. У лукашэнкаўскай дыктатуры няма сынкрэтычных акультных крыніцаў з Граалем, алхіміяй, Юліясам Эволам і «Пратаколамі Сіёнскіх мудрацоў» (хаця Эдуард Скобелеў і Юры Азаронак у гэтым накірунку працуюць). Няма старажытных герояў, Нібэлунгаў, Крымгільдаў і Цэзараў. Няма мяшанкі з Маркса, Габіна і статутаў рыцарскіх ордэнаў.

Панурае балота — гэта не камора старызьніка, паназабіваная адкінутым ламаччом. Але на нішчымным балоце ганарова ўвышаюцца статуі Сталіна й Дзяржынскага.

Гэтыя таварышы прадстаўленыя не як героі савецкай улады (нат праўладная КПБ вядзе каматознае існаваньне) — але як пашаноўныя каты, тыраны — узоры для дыктатарскіх перайманьняў.

Калі б «трашчанкоўская» адукацыя дазваляла, то знайшліся б падобныя фігуры і ў далёкім мінулым. Так Лукашэнка прысутнічаў на спэктаклі «Вітаўт» — і нат на тэму княжацкай улады выказаўся.

У казачнай «Анастасіі Слуцкай» адмоўныя героі — здраднікі, незадаволеныя зацісканьнем дэмакратыі (!), адпаведна, аўтарытарны князь і княгіня — пэрсанажы станоўчыя.

І ўсё ж такі, мясцовы фашызм бедны на культ традыцыі. Але ў лукашызьме, акрамя тыранскіх савецкіх стодаў — ёсьць культ дагісторыі, паганскіх звычак і рытуалаў.

Тутэйшы фашызм — «дагістарычны», аграрны, узгадаваны на пастаральных пэйзажах і архаічных сымбалях.

Настырныя Дажынкі, камбайнэры-героі, калгасны герб, які зьмяніў хрысьціянскага коньніка, — і сьцяг з пахавальным арнамэнтам. У свой час Гімлер таксама захапляўся паганскімі «вяночкамі», арыйскімі аграрнымі абрадамі й арнамэнтам-рунамі, а «бітва за хлеб» была ўдарнай тэмай мусалініеўскага мастацтва.

Традыцыі лукашызму — гэта «цуд некранутай прыроды», Белавеская пушча, бабры й совы ў рэклямных паўзах. Гэта гісторыя з чыстага аркуша, «само жыцьцё», на якое ўвесь час рэжым спасылаецца — жыцьцё натурнае й беспамятнае.

Некалі прыродныя замалёўкі амэрыканца Флаэрці вельмі упадабаліся Гебельсу. Ён патрабаваў ад дакумэнталістаў менавіта такіх кадраў — вітальных, чыстых, энэргічных.

Кадры беларускае тэлевізіі з бусламі, рарытэтнымі кветкамі й чысьцюткімі блакітнымі азёрамі — пазбаўленыя людзкой гісторыі, гэта радыкальны запаведнік-ізалят, месца, дзе час і не пачынаўся.

І над гэтым месцам, як дух над водамі, лунае Бацька на гелікоптэры.

2. «Традыцыяналізм непазьбежна вядзе да непрыманьня мадэрнізму…. Час Рацыяналізму бачыцца як пачатак сучаснай разбэшчанасьці. Таму ур-фашызм можа быць вызначаны, як ірацыяналізм» [3].

Лукашызм — ірацыянальны. Да кампутараў, мабільных тэлефонаў і сеціва ён ставіцца з падазронасьцю, хаця й заводзіць дзеля прэстыжу гутарку пра Сыліконавую нізіну.

У лукашызьме «адмаўленьне сучаснага сьвету адбывалася пад шыльдай адмаўленьня ад капіталістычнай сучаснасьці» [4].

Аграгарадкі, «чарка ды скварка», праклёны заходнім дэмакратыям ёсьць агрэсіўнымі ўцёкамі ад рэалій.

3. «Ірацыяналізм моцна зьвязаны з культам дзеяньня дзеля дзеяньняПадазронасьць да інтэлектуальнага сьвету заўжды сыгналізуе прысутнасьць ур-фашызму» [5].

У гэтым пункце лукашэнкаўскі фашызм па-за канкурэнцыяй. Лыжныя забегі, непатрэбныя хакейныя матчы, абавязковы псэўдаспартовы ідыятызм.

Калі калгасьніца абураецца, што «яны там мітынгуюць, а трэба працаваць у полі» — яна фашыстка. Калі тэлевізія зьдзекуецца з «балбатуноў-дэмакратаў», бо толькі «кіраўнік дзяржавы і займаецца справамі» — гэта фашызм.

Самая ганаровая прафэсія ў Беларусі (пасьля прэзыдэнта) — амапавец-гопнік, які зьбівае інтэлігентаў і кідае іх турмы.

А такога гвалтаваньня Акадэміі навук, як у Беларусі, не дазваляў сабе ні Гітлер, ні Мусаліні. З часоў Сярэднявечча навуковая супольнасьць была аўтаномнай, што гарантавала ў тым ліку й эфэктыўнасьць навукі.

Напляваць!

Важней кантроль за гэтымі яйкагаловымі — і на пасаду Прэзыдэнта АН прызначаецца (!) — насуперак усім акадэмічным працэдурам — правераны чыноўнік.

4. «У вачох ур-фашызму нязгода ёсьць здрадаю» [6].

І гэтае правіла ў Беларусі выконваецца. Апанэнты рэжыму адразу пераходзяць у рэгістар здраднікаў, якія «прадаліся за 20 даляраў», «купленыя Захадам і расейскімі алігархамі».

«Канструктыўная апазыцыя», пра якую заяўляе Лукашэнка, мусіць пагаджацца з усімі рэжымнымі пастановамі — і таму гэтую няісную мару цяжка назваць апазыцыяй, а толькі дыктатарскім пажаданьнем.

5. «Нязгода — гэта яшчэ і знак іншасьці… Першасныя лёзунгі фашызоіднага… руху скіраваныя супраць іншародцаў. Ур-фашызм… па вызначэньні заснаваны на расізьме» [7].

У нас гэтая прыкмета стоеная й няяўная. Мае сэнс гаварыць пра «пазычаны расізм», калі ганьбуюцца правы тытульнай нацыі.

«Беларусы — тыя ж рускія, толькі са знакам якасьці», — гэтая фраза Лукашэнкі зьяўляецца існасьцю «пазычанага расізму», заснаванага на фобіях «заходнерусізму» і панславізму.

«Знак якасьці» ўвасабляецца зь першых дзён рэжыму — без аніякіх хібаў і з абсалютнаю пасьлядоўнасьцю. Пасьля рэфэрэндуму 95 году навучаньне на беларускай мове скарачаецца штагод — і няма аніякіх намёкаў, што гэта спыніцца. Адмененыя іспыты па беларускай літаратуры, зьнішчаны Беларускі гуманітарны ліцэй, вышвырнуты на вуліцу Саюз Беларускіх пісьменьнікаў, а на ягоным месцы зьявілася фікцыя пад кіраўніцтвам Чаргінца.

Лютая атака на мову не зьяўляецца выпадковасьцю. Сам Лукашэнка мовай не валодае — і яе ня любіць. Мова — непадкантрольная кіраўніку, што разглядаецца, як падрыў і пагроза адзінаасобнай улады [8].

Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. З падачы Францішка Багушэвіча мова сталася стрыжнявым нацыявызначальным момантам. У краі, падзеленым канфэсійна й сацыяльна, гэта здавалася слушным. Але адроджаная нацыя кепска ўпісваецца ў іржавы фармат бюракратычнага апарату [9] — калі, адпаведна з фашыстоўскаю практыкай, усё мусіць атаясамлівацца зь дзяржавай, а дзяржава — з адным чалавекам.

У зьнішчэньні беларушчыны можна бачыць і канкурэнцыю з БНФ, які вылучаў альтэрнатыўны праект (дарэчы, як узгадвае Навумчык, Лукашэнка неяк прасіўся пад дах фронту). Але лепей назваць мясцовую завядзёнку «каляніяльным фашызмам», фашызмам на ўтрыманьні — тутэйшым варыянтам «пазычанага расізму».

Акупацыйны фашызм Вішы, атрады СС-аўцаў, набраныя з тубыльцаў — ёсьць гістарычнымі правобразамі «пазычанага расізму», роўна як і «залежныя» фашызмы Лацінскай Амэрыкі [10]. Беспакаранасьць Рускага нацыянальнага адзінства, які шле пагрозы дэмакратычным актывістам і нахвальвае Лукашэнку — толькі вяршыня айсбэргу «пазычанага расізму».

Падмурак — ксэнафобія да свайго, аўтанянавісьць, каляніяльнасьць.

___________________________________________

[1] Умберто Эко. Вечный фашизм. У кн.: Умберто Эко. Пять эссе на темы этики. СПб: «Симпозиум», 1998, с. 29-46.

[2] Тамсама, с. 39.

[3] Тамсама, с. 40-41.

[4] Тамсама, с. 41.

[5] Тамсама, с. 41

[6] Тамсама, с. 41.

[7] Тамсама, с. 41.

[8] Нядаўна абвешчаная пасьпешлівая і патаемная рэформа мовы — гэта спроба ўзяць яе пад кантроль.

[9] А ўся нашая бюракратыя выйшла з савецкіх казармаў і прызвычаеная да савецкае практыкі.

[10] Рэжымы Стрэснэра ў Парагваі, Піначэта ў Чылі былі «наведзеныя» Злучанымі Штатамі. Гэта «залежныя» фашызмы, якія на словах ад дэмактратыі не адмаўляліся. У іх нават праводзіліся «выбары».

Працяг будзе