Дэмакратычныя сілы ізноў рыхтуюцца да чужой гульні. Мясцовыя выбары, якія неўзабаве абвесьціць рэжым, разглядаюцца апазыцыяй як сродак дагрукацца да народу й нат вылучыць сваіх дэпутатаў.

Але выбараў у Беларусі ўжо няма. Адміністрацыйная сыстэма кантролю й фальшаваньняў адладжаная са зграбнасьцю бюракратычнага безмазгоўя, жывыя галасы душацца, дый іх ніхто не падлічвае. У гэтых умовах чужая гульня па чужых правілох толькі выпускае пару, узаконьвае рэжым і спрыяе грамадзкай апатыі.

«Данесьці інфармацыю для людзей», «прапанаваць свае праграмы й кандыдатуры» — гэта замала для сытуацыі аўтарытарнае летаргіі. Падобная тактыка ёсьць бюракратычнай падтрымкай існага статусу: тое, што працуе ў дэмакратычных краінах, сталася зьдзекам у нашых умовах.

Неабходны асымэтрычны й зразумелы адказ, які ўзмацніць грамадзкую мабілізацыю і дапаможа рэжыму «урониться». Неабходная свая гульня па сваіх правілох. Афіцыёзныя «выбары» — легальны канал для такой гульні.

Замест «інфармаваньня» і «дэлегацтва» — стварэньне альтэрнатыўнага сеціньня грамадзкай актыўнасьці. Сеціньне — яшчэ не альтэрнатыўная мясцовая ўлада, але новая дыфузная мапа сілы. Тысячы лакальных рухаў, аб’яднаных кампаніяй «ВЯРТАЕМ УЛАДУ НАРОДУ».

Гэтае вяртаньне — у патрабаваньнях жыхароў да свайго ЖЭСу, у лакальных акцыях па пабудове новых дарогаў, у пратэстах месьцічаў супраць пераназваных вуліцаў і г. д. Кожная мясцовая праблема зьбіраецца, аналізуецца, дасьледуецца. Дэмакратычныя сілы прапануюць сваё вырашэньня — эканамічнае, юрыдычнае, творчае.

А кампанія «выбараў» — сродак мабілізацыі актывістаў для вырашэньня лакальных задачаў і масавай атакі на мясцовым узроўні. Партыі, грамадзкія рухі дый асобныя палітыкі — мадэратары й апекуны сеціньня, якое здольнае прымаць рашэньне й бязь іх.

Пасьля плошчы Каліноўскага ў Інтэрнэце зьявіўся вокліч: «Дастанем іх! Мы — грамадзяне! Улада належыць нам!»

Рэжым здольны зьнішчаць апазыцыйныя цэнтры, зьнявольваць палітыкаў, але ён нічога ня здольны зрабіць супраць дыфузнае й масавае атакі. Што зробіць рэжым супраць пратэстаў жыхароў дому, якія дамагаюцца рамонту? А тэлефанаваньні, каб спынілі трансьляцыю гідкасьцяў на БТ? Масавыя лісты ў інстанцыі — у падтрымку прадпрымальнікаў?

Рэжым можа праігнараваць лакальны супраціў зьнізу — але творчая ініцыятыва ў вырашэньні праблемаў пераходзіць да нефармальных лідэраў. Рэжым бюракратычны — і мусіць рэагаваць грувастка, тонамі папераў. Масавыя прапановы ад месьцічаў могуць выклікаць паралюш сыстэмы, альбо, у асобных выпадках, афіцыёз мусіць прымаць альтэрнатыўныя прапановы.

У любым выпадку ініцыятыва пераходзіць да грамадзтва — дэцэнтраванага, непадкантрольнага, усюдыіснага. Грамадзтву неабходныя перамогі, каб спыніць апатыю — і ўзмацніць свае сілы. Такія перамогі цалкам дасягальныя на лакальным узроўні.

Кампанія мясцовых выбараў — сродак праявіць актыўнае сеціньне, рэкрутаваць новых добраахвотнікаў. Гэта свая гульня па сваіх правілох. «ДАСТАНЕМ ІХ!» Вяртаем уладу народу.