Важным фактарам для наладжвання партнёрства паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю ў дэмакратычных краінах з’яўляецца наяўнасць незалежнага і моцнага трэцяга сектару. Арганізацыіграмадзянскай супольнасці (АГС) выступаюць уплывовымі актарамі публічнай палітыкі, з іх дапамогай дзяржава лепш арыентуецца ў патрэбах і настроях грамадства.Працэс ці спробы ўплыву на рашэнні інстытуцыйных эліт ад імя калектыўнага інтарэсу, якія звычайна ажыццяўляюць розныя суб’екты грамадзянскай супольнасці, называюць адвакатаваннем (Jenkins 2006: 297).

Адвакатаваннем займаюцца розныя актары: групы інтарэсаў, кааліцыі арганізацый ці нават асобныя індывіды. Нейкая частка грамадскіх аб’яднанняў ствараецца адмыслова для адвакатыўнай дзейнасці, іншая рэалізуе яе па меры неабходнасці, а некаторыя арганізацыі ўвогуле не займаюцца ёю.Акрамя таго, яно можа цесна перакрыжоўвацца з іншымі функцыямі АГС і праз гэта быць незаўважным. Таму, ў любой краіне досыць цяжка выявіць рэальную колькасць актараў адвакатавання.

Даследнікі адзначаюць цяжкасці з выкарыстаннем традыцыйных падыходаў сацыяльнай навукі для ацэнкі адвакатыўных працэсаў з-за прысутнасці многіх знешніх фактараў, перыядычнай змены стратэгій і працягласці працэсу, а таксама з вызначэннем дакладнага моманту завяршэння кампаній. У недэмакратычных краінах ацэнка прадстаўляецца яшчэ больш складанай з-за існуючай мадэлі ўзаемадзеяння з уладай, якая не толькі абмяжоўвае сферы адвакатыўных ініцыятываў, але і робіць немагчымым рэальныпублічны дыялог.

У межах дадзенага артыкулу мы імкнемся разглядзець, як рэалізуюцца кампаніі па адвакатаванню ў сучаснай Беларусі, у чым палягае іх спецыфіка з улікам палітычнага кантэксту.Мы аналізуем некаторыя значныя кампаніі, робім іх класіфікацыю і вызначаем тэдэнцыі развіцця.У артыкуле спачатку апісваецца кантэкст дзейнасці беларускіх адвакацыйных кампаній, потым ажыццяўляецца іх тыпалагізацыя ды аналіз, вызначаюцца фактары ўплыву на іх паспяховасць.

Метады і матэрыялы

Артыкул падрыхтаваны на падставе даследвання, праведзенага пры напісанні бакалаўрскай працы па тэме адвакатавання на дэпартаменце сацыяльных і палітычных навук ЕГУ. Асноўныя метады даследвання: аналіз другасных дадзеных, паўструктураваныя інтэрв’ю з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, якія праводзілі адвакатыўныя кампаніі ў Беларусі цягам, як мінімум, апошніх пяці год (у перыяд з 2010 па 2015 гг.), а таксама метад вывучэння выпадкаў (case study).Перыяд 2010–2015 гг. абраны як поўны палітыка-дзелавы цыкл. Тэорыя, якая тлумачыць залежнасць стратэгій дзеянняў дзяржавы ад этапу электаральнага цыклу, з’яўляецца падставай для аналізу адвакатыўных кампаній у розных умовах, пачынаючы з 2010 году (пачатку новага электаральнага цыклу) і сканчаючы 2015 годам (амаль фінальнай фазай палітыка-дзелавога цыклу). Акрамя таго, адным з важных матываў для абрання дадзенага перыяду таксама стала ўвядзенне механізму сацыяльнай замовы ў Беларусі ў 2013 годзе, як аднога з прыкладаў адвакатыўнай дзейнасці, які фармальна прадугледжвае існаванне даволі цеснага супрацоўніцтва арганізацый грамадзянскай супольнасці з дзяржавай, у тым ліку ў фінансавым аспекце.

Для правядзення інтэрв’ю [1] на падставе аўтарскай ацэнкі з улікам рэзананснасці, вядомасці і грамадскай значнасцітэм было абрана 10 кампаній.З улікам існуючых тэарэтычных падыходаў, мы ўзялі наступныя крытэры аналізу: ступень дасягнення мэтаў; выкарыстанне механізмаў і сродкаў, дастатковых для дасягнення мэтаў; ўзаемадзеянне актывістаў з прадстаўнікамі ўлады падчас кампаніі; перашкоды, з якімі сутыкаліся арганізатары; змены ў заканадаўстве, прасунутыя кампаніямі; зрух у сацыяльных нормах [2].

Беларуская рэчаіснасць адвакатавання

Адвакатаванне ў Беларусі, як усялякае іншае грамадскае дзеянне, мае сваю спецыфіку, што абумоўлена шматлікімі фактарамі, пачынаючы ад палітычнага рэжыму і сканчаючы арганізацыйным патэнцыяламсаміх актараў адвакатавання. Сярод абмяжоўваючых фактараў — заканадаўчыя, палітычныя і фінансавыя бар’еры: дазваляльны характар рэгістрацыі аргінізацый; забарона дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі; складанасці з рэгістрацыяй замежнага фінансавання; прыроўніванне ананімных ахвяраванняў да замежнай невыплачваемай дапамогі; абмежаванасці спісу мэтаў для атрымання фінансавай дапамогі і доступу да дзяржаўнага фінансавання і інш.

Амерыканскае агенцтва USAID кожны год ацэньвае стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Так, згодна з яго дадзенымі, у перыяд з 2006 па 2013 гг. прававое асяроддзе для трэцяга сектару атрымлівала ніжэйшыя адзнакі па шкале ад 1 да 7 (дзе 1 — пазітыўная, а 7 –адмоўная адзнака).

Табліца 1. Ацэнка адвакатавання і прававога асяроддзя Беларусі агенцтвам USAID

крытэр/год

2010

2011

2012

2013

Прававое асяроддзе

6.9

6.9

6.8

6.8

Адвакатванне

5.9

5.8

5.7

5.5

Крыніца: The CSO Sustainability Index for Central and Eastern Europe and Eurasia, 2013

Разам з тым, як бачна зтабл. 1, паказальнікі Беларусі па адвакатаванню з кожным годам хоць і не моцна, але паляпшаліся. Гэта можна патлумачыць рознамі фактарамі: пашырэннем прасторы для правядзення кампаній, якія не разглядаюцца ўладамі як палітычныя; геапалітычнай сітуацыяй, калі беларуская ўлада імкнецца пазбегнуць іміджа «апошняй дыктатуры Еўропы». Акрамя таго, паляпшэнні могуць быць абумоўлены спецыфікай самой метадалогіі ацэнкі[3].

Можна таксама адзначыць колькасны рост зарэгістраваных арганізацый у Беларусі. Так, з 2011 па 2015 гг. прырост склаў 17 адсоткаў(гл. табл. 2). Аднак у якасным вымярэнні на сённяшні дзень характэрна перавага зарэгістраваных аб’яднанняў спартыўнага характару, у той час як, напрыклад, сфера абароны правоў чалавека амаль не прадстаўлена. Разам з тым, дагэтуль адсотак НДА на ўсё насельніцтва краіны застаецца вельмі нізкім. Так, на 10 тыс. чалавек у Беларусі прыходзіцца 2,7 арганізацыі грамадзянскай супольнасці, што з`яўляецца нізкім паказальнікам у параўнанні з іншымі краінамі. Напрыклад, у Польшчы на 10 тыс. чалавек прыходзіцца 20,6 арганізацый грамадзянскай супольнасці[4].

Табліца 2. Колькасць грамадскіх арганізацый у Беларусі у перыяд 2010–2015гг.

Год

2010

2011

2012

2013

2014

2015

Колькасць арганізацый

2225

2325

2402

2477

2521

2596

Крыніца: Дадзеныя Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь [5]

На падставе вывучэння спецыфікі сферы адвакатавання ў Беларусі, мы лічым, што кампаніі можна ўмоўна падзяліць на два тыпы:

Да адвакатавання з высокім патэнцыялам палітызацыі можна аднесці тыя кампаніі, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца прасоўванне зменаў у бок каштоўнасцяў, якія супярэчаць альбо з’яўляюцца невыгоднымі (ці ацэньваюцца ў такой якасці) існуючаму ў краіне рэжыму. Нізкая ступень палітызацыі характэрна для кампаній, кірунак дзейнасці, каштоўнасці і мэты якіх супадаюць (ці ацэньваюцца такім чынам) з існуючымі ў улады. Такім чынам, да кампаній з нізкай ступенню палітызацыі адносяцца тыя, што рэалізуюцца ў сферах, якія ўяўляюцца прадстаўнікам улады адносна нейтральнымі(напрыклад, сацыяльнай, інфрастуктуры, вырашэння лакальных праблемаў). У той час, як да кампаній з высокай ступенню палітызацыі можна аднесці практычна ўсе выпадкі праваабарончай дзейнасці, пытанні энэргетычнай бяспекі, рэфармавання вайсковай сферы. Гэтыя тэмы відавочна лічацца прынцыповымі для захавання і падтрымкі рэжыму, таму змены ў іх сустракаюць найбольшы супраціў з боку ўлады. Класіфікацыя абраных для даследвання кампаній прадстаўлена ў табліцы 3.

Табліца 3. Спіс прааналізаваных кампаній

Тып кампаніі

З нізкім узроўнем палітызацыі пытанняў

З высокім узроўнем палітызацыі пытанняў

Грамадская кампанія «У абарону беларускіх балотаў»

Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання

Кампанія супраць жорсткага абыходжання з жывёламі

Грамадскі Балонскі камітэт (Балонскі камітэт)

Кампанія па прасоўванню механізма дзяржаўнай сацыльнай замовы ў Беларусі

Кампанія за альтэрнатыўную грамадзянскую службу

Грамадская кампанія «Будзьма Беларусамі» (Будзьма)

Антыядзерная кампанія

Кампанія па паляпшэнню інфраструктуры для раварыстаў

Кампанія па змене праекта закона аб некамерцыйных арганізацыях (НКА)

Неабходна адразу адзначыць, што, як мінімум, адна з вызначаных кампаній («Будзьма») раней уваходзіла ў групу палітызаваных, аднак зараз аднесена да групы непалітызаваных на падставе ацэнкі дзейнасці менавіта ў перыяд 2010–2015 гг. Цяперашняя яе класіфікацыі звязана з агульнапалітычнымі ўмовамі ў краіне: зменай стаўлення дзяржавы да уздымаемых кампаніяй пытанняў беларускай нацыянальнай культуры і свядомасці, на што не ў апошнюю чаргу паўплывала агульная геапалітычная сітуацыя (у прыватнасці, украінскі крызіс).

Кампаніі «па-за палітыкай» (з нізкім патэнцыялам палітызацыі)

Па-першае, калі казаць пра вымярэнне з пункту гледжання часу дзейнасці, дадзеныя кампаніі дабіліся пазітыўных вынікаў у перыяд пасля 2010 г. Разам з тым, пытанні, на якіх яны факусуюцца, спрабавалі вырашаць раней, але непаспяхова. То бок, рэалізацыя мэтаў кампаній адбылася падчас бягучага электаральнага цыклу, што супадае з высновамі USAID наконт паляпшэння ўмоваў для непалітызаванага адвакатавання.

Асаблівасцю кампаній дадзенага тыпу з’яўляецца і адносна лёгкае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў. Верагодна, гэта звязана з сферай адвакатыўнай дзейнасці і нізкім узроўнем ацэнкі праблемы ў якасці палітычнай. Адсутнасць канфлікту паміж дзяржавай і трэцім сектарам уласціва кампаніям у сацыяльных сферах (сацыяльная падтрымка насельніцтва, пабудова інфрастуктуры, а таксама абарона жывёлаў). Так, у выпадку кампаніі па ўвядзенню сацыяльнай замовы адной з прычынаў паспяховасці адвакатыўных дзеянняў стала супадзенне інтарэсаў дзяржавы і грамадскай ініцыятывы. Прадстаўнікі кампаніі на пачатку сфакусаваліся на перакананні чыноўнікаў у выгодзе ўвядзення механізму[6]. Разам з тым, у некаторых выпадках (напрыклад, абарона жывёлаў) дзяржава, зыходзячы з розных падставаў, магла проста не займацца пытаннямі, якія прасоўваюць грамадскія кампаніі, што таксама спрыяла іх поспеху.

Наступнай тэндэнцыяй для кампаній з нізкім патэнцыялам палітызацыі з’яўляецца дэклараванне неактыўнага супрацоўніцтва з міжнароднымі актарамі. Выключэннем у дадзеным выпадку з’яўляецца кампанія па ўвядзенню сацыяльнай замовы, прадстаўнікі якой казалі аб такой супрацы. Дадзеная тэндэнцыя можа тлумачыцца як сапраўдным несупрацоўніцтвам з нагоды адсутнасці неабходнасці, так і нежаданнем дэманстраваць такія сувязі. Характэрна, што ўвогуле непалітызаваныя кампаніі маглі абмежавацца меншымнаборам інструментаў для дасягнення сваіх мэтаў.

Найбольш адметнай тэндэнцыяй для кампаній групы стала фармальнае дасягненне імі сваіх мэтаў. Саміпрадстаўнікі кампаній адзначалі невысокую якасць імплементацыі прынятага заканадаўства альбо палітыкі. Аднак паколькі мэты гэтых кампаній ужо фармальна дасягнутыя, тэндэнцыя, якую можна адзначыць– гэта яшчэ і адносна хуткае іх дасягненне[7].

Хаця прадстаўнікі непалітызаваных кампаній таксама прызнавалі наяўнасць агульных (перш за ўсё, прававых і палітычных) перашкодаўу сваёй дзейнасці, але такіх маштабных праблемаў, як у выпадку кампаній палітызаваных, не называлася[8]. Разам з тым, яны адзначалі невысокі ўзровень змены ў грамадскай думцы і нават узроўню інфармаванасці адносна праблемаў, з якімі яны працуюць. Хаця з гэтай тэндэнцыі ёсць выключэнні. Так, па меркаванню кампаніі «Будзьма», за апошнія гады пазнавальнасць вельмі ўзрасла, разам з цікавасцю да беларускай мовы, гісторыі і культуры. Але гэта можна тлумачыць агульнапалітычным кантэкстам, які, па-сутнасці, ператварыў дзейнасць асветніцкай кампаніі ў прымальную для дзяржавы.

У палітыцы: кампаніі з высокім патэнцыялам палітызацыі

Адвакатыўныя кампаніі з высокім патэнцыялам палітызацыі былі заснаваныя, у асноўным, да 2010 году, але большасць з іх да гэтага часу не дасягнула сваіх мэтаў. Падчас іх рэалізацыі быў выкарыстаны ўвесь спектр магчымых інструментаў і метадаў. Кампаніі актыўна працавалі з мноствам партнёраў, уключаючы замежных, рабілі мультымедыйную прадукцыю, выставы, заангажоўвалі папулярных асобаў для правядзення мерапрыемстваў і г. д. Яны часта ўдзельнічаюць у праектах ЕЗ, атрымліваюць рознага кшталту падтрымку.

Значна адрозніваецца ад кампаній з першай групы сітуацыя па крытэру ўзаемадзеяння з уладамі. У кампаній (асабліва праваабарончага і экалагічнага кірунку) вельмі напружана будуецца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі. У прыватнасці, гэта пацвярджаецца ігранараваннем запытаў, рэгулярнымі адмовамі і забаронамі ў правядзенні мерапрыемтсваў. Узгадваліся рэпрэсіі, як сімвалічныя, так і асабістыя у адносінах да актывістаў кампаній.

Самым важным адрозненнем з’яўляецца аспект дасягнення мэтаў. З пяці прааналізаваных кампаній з дадзенай групы толькі адна(кампанія праваабаронцаў па недапушчэнню змены заканадаўства аб НКА) дасягнула сваёй мэты. Гэты выпадакз`яўляецца выключэннем з тэндэнцыі, якое тлумачыцца тым, што яе ініцыятары не прасоўвалі змены, а займаліся недапушчэннем пагаршэння існуючай сітуацыі для грамадскіх аб`яднанняў (так званым негатыўным адвакатаваннем, накіраваным на тое, каб неспрыяльная норма не была прынятая).

У выніку інтэрв`ю з прадстаўнікамі палітызаваных кампаній высветлілася, што, згодна з іх меркаваннямі, асноўныя перашкоды дзейнасці звязаныя, перш за ўсё, з заканадаўчымі абмежаваннямі і рэпрэсіўнымі практыкамі ў адносінах да грамадскіх актывістаў[9]. Некаторыя рэспандэнты адзначылі преблемы ў працы з грамадствам, асабліва ў змене грамадскага меркавання [10]. Адной з перашкодаў таксама называлася пасіўнасць партнёраў адвакатыўных кампаній.

Апошні крытэр для ацэнкі — зрух у сацыяльных нормах. У адрозненні ад кампаній з нізкім патэнцыялам палітызацыі, тутадзначалася высокая ступень інфармавання грамадства па пытаннях, якімі займаюцца кампаніі, а таксама павышэнне грамадскай падтрымкі кампаніі ў розных формах. Але гэтая тэза патрабуе далейшай праверкі.

Перашкоды ды спрыянні

З улікам існавання цэлага спектру вонкавыхабмежаванняў для адвакатаванняў Беларусі, не менш актуальнай прадстаўляецца праблема ўнутраная, уласцівая самому трэццяму сектару – ўяўленне актывістаў аб немагчымасці пераменаў, што адлюстроўваецца, у тым ліку, ў меншай колькасці інструментаў і метадаў кампаніі. Пошукі і выкарыстанне новых спосабаў уплыву на недэмакратычны рэжым, а не простае прыстасоўванне і дзеянні ў вызначаных ім межах, маглі б быць больш прыарытэтнымі для кампаній на сённяшні дзень.

Разам з тым, дагэтуль не ўсе кампаніі надзяляюць дастатковую ўвагу працы з грамадствам, факусуючы ўвагу на патрабаванні зменаў у заканадаўстве, якія часта немагчымы з нагоды адсутнасці палітычнай волі. З аднаго боку, такая стратэгія дазваляе скіраваць усе намаганні для большай прадуктыўнасці ў адзін кірунак (уплыў на палітычныя эліты), з іншага — праз больш актыўнае ўзаемадзеянне з грамадскай думкай тэма і праблема кампаніі, магла б пашырацца праз СМІ, і, у выніку трапляць ў публічны парадак дню. Канешне, для недэмакратычнага рэжыму ўлік грамадскага меркавання не з`яўляецца прыярытэтам, але, разам з тым, абсалютна ігнараваць добра артыкуляваную грамадскую пазіцыю таксама складана.

Высновы

Такім чынам, можна вызначыць некаторыя агульныя ўмовы адвакатавання ў Беларусі, уключаючы неспрыяльны палітычны кантэкст і шэраг прававых абмежаванняў. Прыкладыпалітызаваных і непалітызаваных кампаній даюць магчымасць пабачыць розніцу і агульныя рысы ў іх правядзенні.

Перш за ўсё, кампаніі з невысокім патэнцыялам палітызацыі пытанняў маюць больш шанцаў на рэалізацыю сваіх мэтаў, нават пры выкарыстанні меншай колькасці інструментаў.

Па-другое, для кампаній, ў дзейнасці якіх улада не бачыць палітычнага кантэксту, ці ўяўленні рэжыма наконт магчымых шляхоў вырашэння праблемы хаця б адносна супадаюць з тымі, што прасоўваюць актывісты, магчыма больш лёгкае ўзаемадзеяннез уладай. У кампаніях, у цэнтры якіх знаходзяцца пытанні палітычныя (ці тыя, што лічацца палітычнымі), магчымасцей супрацоўніцтва значна менш.

Па-трэцяе, актывісты двух тыпаў кампаній па-рознаму ацэньваюць ступень свайго ўплыву на грамадскае меркаванне ў адносінах да пытанняў, па якіх рэалізуюцца адвакатыўныя намаганні. Прадстаўнікі палітызаваных кампаній кажуць, што дабіваюцца пэўных зменаў у адносінах грамадства да тых праблемаў, з якімі яны працуюць. Разам з тым, актывісты кампаній непалітызаваных, але паспяховых з пункту гледжання дасягнення сваіх мэтаў, у большасці адзначаюць невялікія змены. Такія адзнакі выглядаюць досыць цікава, але патрабуюць далейшага колькаснага вывучэння.

У адносінах да фактараў паспяховасці і перашкодаў на шляху рэалізацыі адвакатыўных кампаній можна вызначыць як агульныя– прававыя ды палітычныя, так і суб’ектыўныя фактары недаверу ці нявер’я ў поспех адвакацыі з боку саміх актывістаў, а таксама дастатковасці ці недахопу выкарыстаных інструментаў. Але галоўнай перашкодай ці фактарам, які можа паўплываць на паспяховасць адвакатавання ў Беларусі, з’яўляецца валюнтарыская ацэнка ўладай тэмы і праблемы, з якімі працуюць кампаніі. Як паказвае праведзенае даследванне, больш бяспечнымі і, адпаведна, больш перспектыўнымі з пазіцый адвакацыйных намаганняў, становяцца праблемы сацыяльнай сферы, інфрастуктуры, ці пытанні, якія ўвогуле раней не траплялі ў сферу інтарэсаў улады. Але, разам з тым, прыклад кампаніі «Будзьма» сведчыць аб тым, што ацэнка праблем па крытэру палітызаванасць можа змяняцца ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, у выніку чаго, тэмы, адвакатаванне якіх было раней немагчыма, трапляюць у сферу інтарэсаў і рэжыма адноснага спрыяння для прасоўвання. Аб гэтым сведчаць і прыклады кампаній, якія не маглі дасягнуць сваіх мэтаў да 2010 г., але пад уплывам зменаў у стаўленні з боку ўлады, а таксама выкарыстання больш разнастайнага набору інструментаў, здолелі (прынамсі часткова) дасягнуць сваіх мэтаў цягам апошніх год.


[1] Змест і працягласць (ад 15 да 65 хвілін) інтэрв’ю карэктаваліся ў залежнасці ад ролі прадстаўні-ка/цы кампаніі, з як-ім/ой праводзілася размова, колькасці інфармацыі, якой валода-ў/ла чалавек, а таксама, ад камунікацыйных спецыфік суразмоўцы.Інтэрв’ю праводзіліся ў перыяд 4–16 мая 2015 г.

[2] Апошні крытэр (зрух у сацыяльных нормах) ацэньваўся менавіта на падставе меркаванняў прадстаўнікоў кампаній, паколькі для вызначэння дадзенага паказчыка неабходна выкарыстанне іншых метадаў, у прыватнасці, апытання. Разам з тым, дадзены кірунак уяўляецца цікавым для далейшых даследванняў.

[3] Метадалогія складання дадзенага індэксу заключаееца ў тым, што пад кіраўніцтвам адной арганізацыі ў абранай краіне праводзіцца дыскусія з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый пад мадэратарствам кіруючага аб’яднаня, пасля чаго складаецца агульны індэкс. Кожны год складаецца новая выбарка, якая будуецца па крытэрах ахопу максімальнай колькасці сфераў дзейнасці арганізацый, узроўню дзейнасці. Таксама запрашаюцца прадстаўнікі незалежных і прадзяржаўных арганізацый. Таму паляпшэнне паказальнікаў па пазіцыі «адвакатаванне» у індэксе USAIDможа быць звязана з якасным складам камісіі для ацэнкі.

[4] Polskie organizacje pozarz? dowe. УCivicpedia. [інтэрактыўны].2015 [прагледжана 1 лютага 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://civicpedia.ngo.pl/files/civicpedia.pl/public/FaktyNGO_broszura_full.pdf>

[5] Развитие гражданского общества в Республике Беларусь. Министерство Юстиции Республики Беларусь. [інтэрактыўны].2015 [прагледжана 1 лютага 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.minjust.by/ru/human_rights/new_url_2096957870>

[6] Так, адзін з ініцыятараў распавядае: «И мы стали ездить по городам и взаимодействовать с местными органами власти и говорить им: „вот есть такие нормы, давайте попробуем“. Проводили обучение, возили на стажировки… Не скажу, что всё было легко. До сих пор тяжело… Но с точки зрения того, что это важный и нужный механизм, удалось убедить».

[7] Напрыклад, ініцыятарка кампаніі па ўвядзенню крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі адзначае, што мэта іх кампаніі была дасягнута за год.

[8] Так, каардынатарка адной з кампаній перашкодаў на шляху рэалізацыі кампаніі не адзначыла: «Не было. У нас не было ніякіх перашкодаў. То бок, напэўна, было лёгка мне, бо ёсць некаторы досвед правядзення грамадскіх кампаній».

[9] У прыватнасці, адна з рэспандэнтак адзначала моцны ціск з боку ўладаў на кампамнію: «Проблемы и препятствия в нашей работе мы встречали со стороны властей, которые запрещают те или иные мероприятия, …арестовывают или в иной форме преследуют участников кампании: угрожают, высылают из Беларуси, осуществляют провокации…».

[10] Так, прадстаўнік адной з кампаній кажа: «Я бы сказаў, што, перадусім, гэта грамадскае меркаванне. Цяжэй за ўсё было працаваць з ім. Людзі абсалютна не разумелі навошта гэта патрэбна».

Cпiс крынiц лiтаратуры:

1.Casey, J. Understanding Advocacy: a Primer on the Policy Making Role of Nonprofit Organizations. УBaruch College.[інтэрактыўны] 2011.[прагледжана 21 лютага 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.baruch.cuny.edu/spa/centers-and-institutes/center-for-nonprofit-strategy-and management/documents/Casey_UnderstandingAdvocacyaPrimeronthePolicyMakingRoleofNonoprofitOrganizations.pdf.>

2.Jenkins, J. Craig. Nonprofit Organizations and Policy Advocacy.In Powell, Walter W., and Steinberg, Richard (eds.). The Nonprofit Sector: A Research Handbook, 2nd edition.New Haven; 2006.

3. Hoffer, R. «Human service interest groups in four states: Lessons for effective advocacy». Journal of Community Practice, 7(4), 2000. P. 90-91.

4. Kimberlin, E.S. Policy Practice Advocacy by Nonprofits: Roles and Practices of Core Advocacy Organizations and Direct Service Agencies.Social Economy. [інтэрактыўны] 2010. [прагледжана 21 лютага 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://socialeconomyaz.org/wp-content/uploads/2011/05/51743043.pdf.>

4. Reid, J. E. Understanding the Word «Advocacy». Urban Institute. [інтэрактыўны] 2001.[прагледжана 20 сакавіка 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.urban.org/advocacyresearch/seminar1/Reid.pdf.>

5. Reisman, Jane; and Anne Gienapp. A Guide to Measuring Advocacy and Policy.The Annie E. Casey Foundation. [інтэрактыўны].2010 [прагледжана 31 сакавіка 2015]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.aecf.org/m/resourcedoc/aecf-aguidetomeasuringpolicyandadvocacy-2007.pdf.>

6. Виданова, И. Основы публичной политики для гражданских активистов. Альтэрнатыўная Моладзевая Платформа. [інтэрактыўны].2011 [прагледжана 2 сакавіка 2015].<http://ampby.org/docs/2011/public-policy-vidanova.pdf>.