Працяг.
Пачатак гл.Структура эліт у Беларусі
Новы прэзідэнт як рацыянальны палітык узважваў свае шансы на працяг знаходжання пры ўладзе і ўмацаванне такой улады. Ён абапіраўся на значную перавагу электаральных і адміністрацыйных рэсурсаў. Але гэтага было мала. Два гады спатрэбіліся А. Лукашэнку для ўсталявання поўнага ўласнага кантролю над мясцовымі адміністрацыямі, сродкамі масавай інфармацыі і для падаўлення апазіцыі.
Структура эліт і змены рэжыма ў 1994–2001 гг.
Два ўказы прэзідэнта № 476 ад 20 лістапада 1995 г. і № 519 ад 26 снежня 1995 г. прывялі да фактычнага прызначэння кіраўнікоў выканкамаў мясцовых саветаў кіраўнікамі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў. Узнікла знамітая прэзідэнцкая вертыкаль улады, начале з прэзідэнтам краіны. Менавіта ён прызначае старшыняў Мінскага гарвыканкама і старшыняў усіх абласных выканаўчых камітэтаў. Кіраўнікі абласцей, у сваю чаргу, прызначаюць кіраўнікоў раёнаў і г. д. Выканкамы таксама перасталі быць падсправаздачнымі мясцовым саветам, абіраемым грамадзянамі. У Канстытуцыі 1996 г. такі стан рэчаў, які дэ-факта ліквідаваў мясцовае самакіраванне ў Беларусі, быў замацаваны ў артыкуле 119 [1].
Ужо ў канцы 1994 г. у Беларусі быў дадзены старт працяглай кампаніі барацьбы «народнага прэзідэнта» з незалежнымі журналістамі і органамі друку. 20 снежня 1994 г. буйнейшыя газеты краіны выйшлі з белымі плямамі, замест даклада дэпутата ад фракцыі БНФ С. Антончыка аб карупцыі ў структурах прэзідэнцкай адміністрацыі, які быў забаронены прэзідэнтам да друку. Пасля гэтага выпадка новы ўрад прымусіў дзяржаўныя друкарні разарваць дамовы з васьмю найбольш папулярнымі незалежнымі газэтамі, што прывяло да прыпынення іх выхаду ў свет. Паралельна А. Лукашэнка зрабіў больш жорсткім кантроль над электроннымі СМІ з дапамогай кадравых прызначэнняў асабіста давераных яму асоб.
У Рэспубліцы Беларусь само слова «апазіцыя» пры А. Лукашэнку стала набываць рэзка адмоўны сэнс. Дзяржава мусіла весці з ёй непрымірымую барацьбу, а не заключаць кампрамісы. Уноч з 12 на 13 красавіка 1995 г. спецслужбы па загаду прэзідэнта збілі ў будынку парламента дэпутатаў апазіцыі БНФ, якія ў знак пратэсту супраць падрыхтоўкі рэферэндума аб дзяржаўнай мове і сімволіцы абвесцілі галадоўку. У жніўні 1995 г. машыністы электрацягнікоў мінскага метро спынілі працу, патрабуючы падвышэння заробку. Прэзідэнт убачыў у гэтым факце змову з удзелам польскай Салідарнасці. Па яго загаду затрымалі і кінулі за краты 20 чалавек ініцыятараў страйку, у тым ліку дэпутата парламента С. Антончыка. Усе ўдзельнікі пратэсту былі звольнены з працы, а дзейнасць Свабоднага прафсаюза была забаронена.
Нецярпіпасць прэзідэнта распаўсюджвалася не толькі на нацыянальную і дэмакратычную апазіцыю. Палітычнае поле ў краіне апынулася рэструктураваным не па ідэалагічнаму падзелу, а ў адпаведнасці з прынцыпам: «за» альбо «супраць» самаго А. Лукашэнкі. Гэта тлумачыць нам вострыя супярэчнасці паміж ім і ідэалагічна блізкімі прэзідэнту камуністамі і аграрыямі, якія складалі большасць у Вярхоўным Савеце XIIIсклікання, абраным у 1995 г. пасля працяглай і цяжкой кампаніі. Асноўным сродкам барацьбы з апазіцыяй і ўмацавання асабістай улады выступалі плебісцыты.
Першы, спалучаны з першым турам парламенцкіх выбараў 1995 г., дазволіў прэзідэнту нанесці ўдар па нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі: узняць статус рускай мовы, зрабіўшы яе другой дзяржаўнай; вярнуць старую некалькі мадэрнізаваную савецкую сімволіку ў якасці дзяржаўнай. Прэзідэнт таксама атрымаў права роспуску парламента, што супярэчыла важнейшым прынцыпам прэзідэнцкай рэспублікі, замацаваным у Канстытуцыі 1994 г. [2] Другі плебісцыт ў лістападзе 1996 г. ужо павінен быў паўнамоцтвы ўсіх іншыя галінаў ўлады, акрамя прэзідэнта, зрабіці неістотнымі.
У 1996 г. А. Лукашэнка мог абаперціся на прэзідэнцкую вертыкаль і дзяржаўных чыноўнікаў як групу ў цэлым, таму што яна залежыла выключна ад яго ласкі. Адміністрацыя прэзідэнта ўзяла пад свой кантроль электронныя СМІ і асноўныя шматтыражныя газеты краіны. Апазіцыя была расколата. У парламент не патрапілі прадстаўнікі БНФ. Лідэр Фронту З. Пазняк быў вымушаны з’ехаць за мяжу, каб пазбегнуць арышту, а то і забойства. Спікер парламента С. Шарэцкі не валодаў харызмай і многімі якасцямі палітычнага лідэра. Ён асудзіў масавую дэманстрацыю апазіцыі ў Мінску 26 красавіка ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС і тым самам рэзка скараціў мабілізацыйны патэнцыял парламента. Абараняць яго ў лістападзе прыйшло не шмат людзей. Нарэшце, А. Лукашэнка змог разлічваць на падтрымку з боку кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, таму што менавіта ён паставіў свой подпіс пад дамовай аб стварэнні супольнасці двух дзяржаў. Вялікая перавага сілаў на баку дамінуючага актара — прэзідэнта краіны — рэзка паднізіла для яго кошт падаўлення апазіцыі ў парламенце і Канстытуцыйным судзе, што дазволіла фальсіфікаваць вынікі рэферэндума і распусціць сам Вярхоўны савет у лістападзе 1996 г. У краіне ўзнік аўтарытарны рэжым асабістай улады.
Калі казаць пра структуру эліт, у 1996 г. яна стала маналітнай, то бок з высокай інтэграцыяй элітных сегментаў вакол прэзідэнта і нізкай дыферэнцыяцыяй (аўтаноміяй) такіх сегментаў. Аднак парадаксальным чынам сам дамінуючы палітычны актар у Беларусі перыядычна разбураў інтэграцыю эліты, таму што меў патрэбу ў папулізме як спосабе ажыццяўлення панавання, рэгулярнай мабілізацыі насельніцтва на барацьбу супраць усёй «сукупнасці начальства», з якім ён сябе не асацыяваў. Гэта, бузумоўна, негатыўна ўплывала на дасягненне рэжымам Лукашэнкі стану раўнавагі (кансалідацыі).
У 1996 г. аўтарытарны палітычны рэжым у Рэспубліцы Беларусь не мог разглядацца як кансалідаваны таксама таму, што ў грамадстве заставаліся важныя цэнтры супраціўлення персаналісцкай уладзе: ашмёткі не да канца разгромленага парламента, новыя лідэры апазіцыі (В. Ганчар і Г. Карпенка), якія займалі адкрыта скептычныя пазіцыі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы. Засцерагаўся А. Лукашэнка і цалкам магчымай фронды бюракратыі, якая цярпела ад папулізму вярхоўнай улады. Таму дасягннене рэжымам стану раўнавагі зацягнулася да 2001 г. і новых выбараў кіраўніка дзяржавы (у выніку рэферэндума 1996 г. прэзідэнт прыпісаў сабе два дадатковых гады паўнамоцтваў).
У 1999 г. шырокая апазіцыя (ад БНФ да ПКБ уключна) правяла кампанію альтэрнатыўных выбараў прэзідэнта. Нягледзячы на тое, што на яе першых этапах Вярхоўны Савет валодаў ініцыятывай, кампанія пацярпела паражэнне. Кідалася ў вочы істотная перавага рэсурсаў у кіраўніка дзяржавы. На яго працавалі вертыкаль улады, сілавыя структуры, дзяржаўныя СМІ. Апазіцыя не была адзінай: адзін з яе перспектыўных лідэраў Г. Карпенка не браў у ёй удзел. Мабілізацыйны патэнцыял ВС быў нязначным. Ускосным наступствам кампаніі стаў раскол буйнейшай апазіцыйнай партыі БНФ на КХП БНФ і ПБНФ. Узмацніліся і рэпрэсіі супраць няўрадавых арганізацый і партый. Самым моцным ударам па апазіцыі стала яе фізічнае вынішчэнне: у прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. не маглі браць удзел ні выкрадзены В.Ганчар, ні памершы пры нявысветленых абставінах Г. Карпенка.
На другіх выбарах прэзідэнта ў 2001 г. А. Лукашэнка здолеў пазбегнуць фронды чыноўнікаў прывентыўнымі мерамі (палітычнымі працэсамі супраць В. Лявонава і Т. Віннікавай — двух найбольш незалежных прадстаўнікоў цэнтральнай эліты і заменай пяці рэгіянальных кіраўнікоў з сямі на прадстаўнікоў шклоўска-магілеўскага «клану». Акрамя таго, як адзначае Сіліцкі, істотна ўзрасла падтрымка беларускага рэжыма з боку кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Атрыманне эканамічных прэферэнцый было «аплочана істотнымі саступкамі Мінска ў ваеннай і палітычнай сферах, і нават абяцаннем прэзідэнта далучыць Беларусь да Расіі» [3].
Такім чынам, кансалідацыя аўтарытарызма ў Беларусі, альбо дасягненне ім стану раўнавагі, была здзейснена толькі пасля другіх прэзідэнцкіх выбараў, а не пасля канстытуцыйнага рэферэндума, як памылкова лічыць Сіліцкі, Гельман і некаторыя іншыя палітолагі [4]. Менавіта тады рэзка ўзрос кошт супраціву іншых сегментаў эліты, які цягнуў за сабой не толькі страту ўлады, але і свабоды, калі не жыцця. Выкраданні Ю. Захарэнкі і В. Ганчара, а таксама судовыя працэсы над В. Лявонавым і Т. Віннікавай, рыхтаваліся ўладамі спецыяльна да прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., на якіх А. Лукашэнку нічога не заставалася, як атрымліваць «элегантную перамогу» над не вельмі папулярным прафсаюзным лідэрам — У. Ганчарыкам — адзіным кандыдатам дэмакратычных сіл.
[1] Гл.: Артыкул 119 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1996 года, с. 36.
[2] Існуюць вялікія сумневы ў тым, што вынікі дадзенага волевыяўлення з’яўляюцца сапраўднымі. Як ужо адзначалася вышэй, яны былі спалучаны з першым турам выбараў у Вярхоўны Савет, якія ў вельмі многіх акругах не адбыліся. Было абрана толькі 119 дэпутатаў з 260 з-за нізкай яўкі. Аднак рэферэндум паўсюль адбыўся, з удзелам 65% выбаршчыкаў. — гл.: Звязда, 1995, 16 мая.
[3] Сіліцкі В. Эканамічная палітыка Лукашэнкі // Беларуска-расійская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы.Мн.: Энцыклапедыкс, 2002, с. 64.
[4] See: Silitski V. Preempting Democracy: The Case of Belarus // Journal of Democracy.2005, vol. 16 (4); Гельман В. Пазнач. твор, с. 10.