Добра вядома, што структура эліт істотна ўплывае на характэр палітычнага рэжыму і на працэс яго трансфармацыіі. У адпаведнасці з канцэпцыяй Хіглі, вылучаюцца маналітныя эліты, якім уласціва высокая інтэграцыя і нізкая дыферэнцыяцыя структурных элементаў (камуністычныя краіны). Супрацьлеглым варыянтам арганізацыі з’яўляецца кансэнсусная эліта, для якой уласціва высокая дыферэнцыяцыя і высокая інтэграцыя складовых частак (дэмакратычныя краіны). Для падзеленай эліты істотнымі прыкметамі з’яўляюцца нізкая інтэграцыя і нізкая дыферэнцыяцыя ўдзельнікаў (некаторыя пераходныя краіны). Калі назіраецца высокая дыферэнцыяцыя, але нізкая інтэграцыя структурных элементаў, можна казаць пра фрагментаваную эліту (іншыя пераходныя краіны, напрыклад, такія, што вядуць грамадзянскія войны). Нарэшце, ў вельмі абмежаваным колькасці прыкладаў узнікаюць атамізаваныя эліты, без дыферэнцыяціі і інтэграцыі структурных элементаў. Структура эліт у Рэспубліцы Беларусь будзе разглядацца на падставе падыхода расійскага палітолага Гельмана, які першым паспрабаваў адаптаваць канцэпцыю Хіглі для аналіза трансфармацыі палітычных рэжымаў у пастсавецкіх краінах.[1]
Гельман справядліва падкрэслівае, што «калі актары (розныя сегменты эліт) выбіраюць дэмакратыю, яны робяць гэта не дзеля саіх ідэялагічных прыхільнасцяў (хаця для некаторых з іх срава выглядае менавіта такім чынам), а таму, што яны перакананыя ў тым, што дэмакратыя павялічыць іх кантроль над рэсурсамі ўлады лепш, чым кожны іншы палітычны рэжым».[2]
Што ж уплывае наіснаванне той альбо іншай структуры эліт у пастсавецкіх краінах? У першую чаргу, гэта — наступствы старога парадку, савецкай сістэмы кіравання. Савецкі рэжым стымуляваў развіцце двух асноўных інстытутаў, якія па-рознаму праяўлялі сябе ў розных рэспубліках СССР. Сістэма кіравання ўключала ў сябе два тыпы арганізацый: 1) агульнанацыянальныя эксртэрытарыяльныя міністэрствы і ведамствы; 2) шматузроўневыя аддзяленні камуністычнай партыі, якія адказвалі за кіраванне на адпаведных тэрыторыях. У савецкі час першыя ў асноўным займаліся цяжкой прамысловасцю, энэргетыкай, камунікацыяй і транспартам, а другія адказвалі за сельскую гаспадарку, лёгкую прамысловасць і сацыяльную сферу. У розных частках СССР камбінацыя гэтых інстытутаў прывяла да фармавання рэгіянальных, альбо сектаральных элітных сетак, якія атрымалі назву месніцтва і ведамаствасці. Першая тэндэнцыя працавала на дыферэнцыяцыю сегментаў эліты, а другая — на яе інтэграцыю.
У той час як уздзеянне апошняга працэсу, было ўласцівым толькі Расійскай Федэрацыі, якая атрымала ў спадчыну амаль усе агульнанацыянальныя структуры савецкай сістэмы кіравання, уплыў месніцтва ў розных рэспубліках былога СССР быў розным. У Таджыкістане паўстала падзеленная эліта, але паколькі дыферэнцыяцыя там была дастаткова вялікай, структура эліты знаходзілася на мяжы пераўтварэння ў фрагментаваную. На думку Гельмана, «атсутнасць і ведамаствасці, і месніцтва, альбо існаванне атамізаванай эліты было характэрным толькі для адной краіны былога СССР пасля яго распаду: для Рэспублікі Беларусь».[3]
Наступствы мінулага парадку не з’яляюцца адзіным чыннікам, які вызначаў траекторыю трансфармацыі палітычных рэжымаў на пастсавецкай прасторы. Змены адбываліся ў атачэнні рэжыма. З цягам часу яны вялі да падвышэння альбо паніжэння кошту рэсурсаў, якія былі даступнымі для палітычных актараў. Акрамя таго дзейнічалі і ўнутраныя фактары змены рэжымаў, якія ўплывалі на набор палітычных магчымасцяў і вызначаліся інтэграцыяй эліт (здольнасцю да ўзгодненых дзеянняў) і дыферэнцыяцыяй эліт (аўтаноміяй складовых частак у адносінах паміж сабой і ў дачыненнях з дзяржавай). Аб’ем і адносны кошт рэсурсаў уплывае на стратэгіі паводзінаў эліт, сярод якіх можна вылучыць імкненне да падаўлення і імкненне да кааперацыі.[4] Напрыклад, дэмакратыя становіцца магчымай толькі тады, калі кошт рэпрэсій з боку кіруючай эліты ў дачыннені да апазіцыі пераўзыходзіць кошт цярпімасці да апанентаў рэжыму.
Баланс рэсурсаў і кошт стратэгіі эліты ўплываюць на магчымыя сцэнары паводзінаў эліты. Калі падаўленне танней за кааперацыю, а рэсурсы размеркавны прыкладна аднолькавым чынам, можа пачацца вайна ўсіх супраць усіх (гіпатэтычная гобсаўская сітуацыя, сцэнар грамадзянскай вайны). Калі назіраецца аднабаковае назапашванне рэсурсаў у аднаго актара, а кошт стратэгіі застаецца як у папярэднім выпадку, тады найбольш верагодным сцэнарам канфлікту эліт становіцца — пераможца атрымлівае ўсё. Ён вядзе да з’яўлення дамінуючага актара (харызматычнага лідэра, партыі-гегемона, альбо клану). Калі дамінуючы актар здольны замацаваць сваё панаванне з дапамогай інстытуцыйных гарантый статус-кво, палітычны рэжым дасягае ўстойлівай раўнавагі (кансалідацыі – заўвага аўтара). Такія змены рэжыма вядуць да з’яўлення аўтарытарнай сітуацыі. Калі кошт падаўлення становіцца вышэйшым за кошт кааперацыі, а сімпатыі дамінуючага актара мяняюцца, ён можа прапанаваць падпарадкаваным актарам так званае картэльнае пагадненне, калі дамінуючы актар дзеліцца часткай сваіх рэсурсаў з падначаленымі, якія яшчэ не ў стане ўзняцца на бунт супраць яго. У кароткатэрміновым плане такія пагадненні вядуць да фармавання нестабільных гібрыдных рэжымаў. Нарэшце, барацьба па правілах, альбо інстытуцыйны кампраміс узнікае толькі пры пэўных умовах — калі баланс рэсурсаў роўны, а кошт падаўлення адносна высокі.[5]
У дадзеным тэксце прадстаўлены толькі высновы аўтарскага даследвання. Больш падрабязную яе версію можна будзе прачытаць у калектыўнай манаграфіі Трансфармацыя палітычных рэжымаў у краінах памежжа пад рэдакцыяй доктара палітычных навук Юрыя Мацыеўскага.
Структура эліт і характэр рэжыму ў Беларусі ў 1985–1994 гг.
Яшчэ ў савецкія часы сфармаваліся групоўкі эліты, паміж якімі вялася канкурэнтная барацьба за ўплыў. Як і ў УССР, у БССР сельская гаспадарка, лёгкая і харчовая прамысловасць знаходзіліся пад кантролем рэспубліканскіх уладаў, у той час як цяжкая прамысловвасць кіравалася саюзнымі галіновымі міністэрствамі.[6] Гэта стварала неблагія магчымасці для развіцця месніцтва, якое, згодна з Гельманам, адыгрывае важную ролю ў станаўленні першасных элітных сетак у пастсавецкую эпоху. На іх наяўнасць і адноснае развіцце ў савецкі час звяртае ўвагу цэлы шэраг беларускіх даследчыкаў, напрыклад палітолаг Шаўцоў. Пры К. Мазураве і П. Машэраве ў 60-70-я гг. зфармаваўся так званы партызанскі клан, калі на вышэйшыя партыйныя і дзяржаўныя пасады вылучаліся людзі, якіх лідэры рэспублікі ведалі па сумеснай партызанскай барацьбе ў гады другой сусветнай вайны. Затым надыйшоў час для гомельскага клана, прадстаўнікамі якога былі Т. Кісялёў і А. Малафееў (кіраваў ЦК апошнім). М. Слюнькова неабходна назваць прадстаўніком мінскай партыйнай арганізацыі, з ім рэспубліка сустрэла перабудову, а Я. Сакалова — брэсцкай[7]. Ні першы, ні другі не здолелі стварыць устойлівыя аб’яднанні эліты вакол сябе з-за адной простай прычыны: ім не хапіла для гэтага часу. Як мы бачым, за гады перабудовы былі заменены тры вышэйшых партыйных кіраўніка, што сведчыла не толькі пра слабасць камуністычнай партыйнай арганізацыі ў Беларусі, але пра жорсткую непублічную барацьбу за ўладу ўнутры кіруючай эліты.
Прыведзеныя дадзеныя дазваляюць не пагадзіцца з путктам гледжання Гельмана, які спасылаючыся на саветолага Урбана, пісаў: «у савецкі перыяд Беларусь дэманстравала высока цэнтралізаваную сістэму кіравання, у межах якой не маглі скласціся ні месніцтва, ні ведамаснасць: да распаду СССР тут не склаліся ні ўплывовыя лакальныя элітныя сеткі, ні моцныя аўтаномныя элітныя актары… Правал путчу ў жніўні 1991 г. выклікаў і крах усёй мінулай беларускай эліты: яна згубіла асноўныя актывы савецкіх часоў, у той жа час усталяванне кантролю над іншымі актывамі было для яе вельмі складанай задачай».[8]
Што ж уяўляла сабой структура эліт у Беларусі ў 1988–1991 гг., у адпаведнасці з канцэпцыяй Хіглі? Яна, на нашу думку, нагадвала расійскі варыянт 1991–1993 гг., то бок была падзеленай. Нагадаю, што такая сітуацыя ўзнікае тады, калі пад уздзеяннем месніцтва ўзмацняецца дыферэнцыяцыя палітычных і эканамічных актараў. Асноўнымі антаганістамі ў змаганні сегментаў эліты выступалі ЦК КПБ і аргкамітэт па стварэнню БНФ, створаны ў 1988 г. і набыўшы легітымнасць на з’ездзе ў Вільні ў 1989 г. Яны моцна адрозніваліся не толькі сваім бачаннем эканамічных і палітычных рэформ, але і стаўленнем да незалежнасці краіны. Таму палітычная перамога Фронта, магла азначаць не толькі пераўтварэнне яго ў дамінуючага палітычнага актара, але гаратнавала б дзяржаўны суверэнітэн і еўрапейскую будучыню Беларусі. Суадносіны сілаў, без сумневу, былі не на карысць БНФ. Ён мог забяспечыць сабе толькі мабілізацыю часткі насельніцтва сталіцы і некаторых буйных гарадоў на негвалтоўныя масавыя акцыі. Аднак, нягледзячы на значны перавес сілаў, КПБ не здолела іх задзейнічаць цалкам. Кошт падаўлення праціўніка для гэтай арганізацыі апынуўся надзвычай высокім пасля красавіцкіх страйкаў беларускіх працоўных у 1991 г. Нават у першыя дні путчу ў Маскве на вуліцах і плошчах Мінска не было танкаў і іншай ваеннай тэхнікі, ваенных наогул, нягледзячы на тое, что ЦК КПБ цалкам падтрымаў путчыстаў. Акрамя страху ўласнага народу, стрымлівала беларускіх камуністаў таксама і нечаканая хуткая перамога Б. Ельцына ў Маскве і яго рашучыя дзеянні супраць КПСС у Расіі.[9]
Пасля фактычнага дасягнення дзяржаўнай незалежнасці на надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 г. пачаўся новы этап канфлікта эліт. Ён завяршыўся восенню 1992 г. Эліта заставалася падзеленай, але зараз з’явіўся адзін пункт у парадку дня, які быў агульным і для сяброў БНФ, і для прадстаўнікоў экс-камуністычнай наменклатуры: адстойванне незалежнасці дзяржавы. Яны па-ранейшаму сур’ёзна разыходіліся па пытаннях эканамічных і палітычных рэформ, свайму бачанню знешняй палітыкі, але былі адзінымі ў падтрымцы дзяржаўнага суверэнітэту. Былыя камуністы ў той час усур’ёз былі занепакоены ўплывам перамогшых расійскіх «дэмакратаў» на Рэспубліку Беларусь. Яны сталі згаворлівымі ў перамовах з БНФ, які імкнуўся да заканадаўчага забеспячэння рэальнага суверэнітэту краіны.
Змены стаўлення эліт да незалежнасці стварыла ўмовы для нефармальнага картэльнага пагаднення паміж В. Кебічам і З. Пазьняком. У беларускай паліталагічнай літаратуры яно атрымала назву кансэнсуса Кебіча.[10] Вячаслаў Кебіч — старшыня Савета Міністраў абапіраўся на наменклатурную большасць дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, менавіта ён пераняў асноўныя ўладныя рэсурсы ў краіне пасля падаўлення жнівеньскага путчу. На выбарах 1990 г. камуністы забяспечылі сабе 86% дэпутатскіх месцаў. Праўда, не ўсе яны пагадзіліся працаваць у партыйнай групе ў парламенце. Больш надзейнай апорай кіраўніка ўрада былі тыя дэпутаты, якія сумяшчалі сваю дзейнасць у Вярхоўным Савеце з працай у структурах выканаўчай улады ў цэнтры і на месцах. Яны сфармавалі дэпутацкую групу Беларусьі займалі першае месца па колькасці дэпутатаў. Другім уладным рэсурсам Кебіча быў сам Савет міністраў і выканаўчыя камітэты на месцах.
Чыста гіпатэтычна З. Пазьняк мог прапанаваць свайму візаві часовае прыпыненне акцый пратэсту і творчы патэнцыял фракцыі Апазіцыя БНФ, якая распрацавала вялікую колькасць законапраектаў, частка з якіх была прынята Вярхоўным Саветам у 1991–1992 гг. Яны былі накіраваны на беларусізацыю грамадскага жыцця, рынкавыя рэформы эканомікі, дэмакратызацыю палітычнай сістэмы. Беларускі народны фронт адмовіўся дэлегаваць сваіх сяброў у склад урада (іх кааптацыі) і захоўваў статус парламенцкай апазіцыі.[11] У гэты перыяд кошт падаўлення праціўніка ўрадам успрымаўся як вельмі высокі (ён узрос пасля дасягнення суверэнітэту). У сваю чаргу, кошт кааперацыі Фронта з камуністычнай наменклатурай быў ніжэйшым, чым кошт іх падаўлення і ператварэння сябе ў дамінуючага палітычнага актара. БНФ быў яшчэ маладой і недастаткова дасведчанай арганізацыяй, якая абапіралася на Дэмакратычную плынь у парламенце, колькасць сяброў якой вырасла з 67 да 100 чалавек. Кіраўніцтва БНФ разлічвала таксама на падтрымку сваіх ініцыятываў новым спікерам парламента С. Шушкевічам. Гэтая пасада ў Рэспубліцы Беларусь разглядалася аналагічнай пасадзе кіраўніка дзяржавы.
Нефармальнае картэльнае пагадненне эліт было парушана ўрадам В. Кебіча восенню 1992 г. Гэтаму папярэднічалі важныя палітычныя падзеі. Парламент адмовіўся прыняць новы Закон Аб выбарах, ініцыяваны БНФ (у адпаведнасці з ім, 50% дэпутатаў павінны былі абірацца па аднамандатных акругах, а іншыя 50% па партыйных спісах). Для таго каб вырашыць гэтае вельмі важнае для краіны пытанне, Беларускі народны фронт ініцыяваў правядзенне рэферэндума аб роспуску Вярхоўнага Савета. Гэтую ініцыятыву адразу падтрымала толькі недаўна створаная Аб’яднаная дэмакратычная партыя (АДПБ), у той час, як Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ), Сялянская партыя, Нацыянал-дэмакратычная партыя і афіцыйныя прафсаюзы выступілі з рэзкай крытыкай З. Пазьняка і ідэі рэферэндуму. Яны сфармавалі ў ВС блок Новая Беларусь, які разглядаў С. Шушкевіча новым лідэрам дэмакратычных сіл. Тым не менш, ініцыятыва Фронта была з поспехам рэалізавана. У тэрмін было сабрана болей за 450 000 подпісаў у падтрымку рэферэндума. У красавіку 1992 г. ЦВК дало пазітыўнае заключэнне па гэтаму пытанню. У сітуацыі што склалася, спікеру парламета трэба было ўключыць гэта пытанне ў парадак дня сэсіі, а тая павінна была прызначыць дату рэферэндума. Замест гэтага С. Шушкевіч распусціў дэпутатаў на канікулы, а восеньская сэсія практычна пахавала народную ініцыятыву, парушыўшы Закон Аб рэферэндуме.
Усе гэта сведчыла аб расколе ў стане дэмакратычных сіл па стратэгічна важным пытанні. Спікер парламента С. Шушкевіч думаў, што можна працягваць картэльнае пагадненне эліт. Лідэр апазіцыі БНФ З. Пазьняк лічыў, што час яго сыйшоў і неабходна праз новыя дэмакратычныя выбары Вярхоўнага Савета забяспечыць перамогу сапраўдным прыхільнікам незалежнасці краіны. Разам з тым, гэта стала сігналам экс-камуністычнай наменклатуры аб фрагментацыі контр-эліты. Яна магла прэтэндаваць на вяртанне сабе статусу дамінуючага палітычнага актара, таму что зараз кошт падаўлення апазіцыі для яе рэзка панізіўся.
Неўзабаве яна зрабіла такую спробу. Першым гэта адчуў на сабе С. Шушкевіч. У пачатке 1994 г. Вярхоўны Савет прагаласаў за вотум недаверу спікеру. Новым старшынем ВС стаў генерал міліцыі ў адстаўцы М. Грыб, які ў рэкордныя тэрміны забяспечыў прыняцце дэпутатамі парламента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з пасадай «моцнага прэзідэнта». Прэзідэнцкая рэспубліка ў краіне будавадалася пад прэм’ера В. Кебіча. Каб дапамагчы прэм’еру выйграць выбары быў створаны Народны рух Беларусі (НРБ), які разглядаў сябе галоўнай альтэрнатывай БНФ.[12] Нарэшце, менавіта В. Кебіча на прэзідэнцкіх выбарах падтрымлівала кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, апошні, але не апошні па значэнню чыннік для забеспячэння перамогі ва ўмовах нашай краіны.
Аднак усе спробы экс-камуністычнай наменклатуры вярнуць сабе статус дамінуючага палітычнага актара на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. закончыліся няўдачай. Перад гэтым структура эліт павінна была дэградаваць да атамізаванага стану, калі не эліты, а мала каму вядомы палітык, на якога не працавала ніводная сур’ёзная арганізацыя дасягнуў поспеху.[13] Дэпутат Вярхоўнага Савета XIIсклікання Аляксандр Лукашэнка набыў сабе пэўную вядомасць, дзякуючы працы старшыні часовай парламенцкай камісіі па раследаванню злоўжыванняў уладай службовымі асобамі і скандальна вядомай справаздачы ў снежні 1993 г. Работа каміссіі ўвесь час знаходзілася ў цэнтры ўвагі СМІ, а сам дэпутат рэгулярна сустракаўся з выбаршчыкамі і працоўнымі калектывамі.
На нашу думку, спрацаваў цэлы шэраг фактараў, дастаткова выпадковых, якія і дазволілі не прадстаўніку эліты/контр-эліты стаць дамінуючым палітычным актарам у нашай краіне менавіта ў 1994 г.
Па-першае, першыя выбары прэзідэнта прыйшліся на год, калі эканамічны крызіс у Беларусі дасягнуў сваіх пікавых пакажчыкаў, калі падзенне вытворчасці складала 35%, узровень інфляцыі дасягнуў 40-50% у месяц, а абменны курс беларускага рубля знізіўся ў некалькі разоў. Менавіта ў такіх выключных умовах, запатрабаванай для большасці людзей стаў не падзел уладаў, які вынікаў з Канстытуцыі прэзідэнцкай рэспублікі, а моцная ўлада, якая магла «навесці парадак». Такая патрэба ў найбольшай ступені была ўласціва для найменш абароненых групаў насельніцтва, якія тады колькасна пераважалі над іншымі групамі грамадства, яны і аказалі поўную падтрымку А. Лукашэнку, для якога навядзенне парадку і пакаранне чыноўнікаў было адным з галоўных лозунгаў кампаніі. З гэтым звязаны і славуты папулізм дэпутата ад Шклова, па гэтаму пакажчыку ён пераўзыходзіў усіх канкурэнтаў.
Па-другое, выбарам папярэднічаў раскол у кіруючай наменклатуры нават больш сур’ёзны, чым раскол апазіцыі. НРБ фактычна перастаў існаваць, калі ў сакавіку 1994 г. пленум ПКБ вылучыў В. Новікава ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Камуністы крытыкавалі В. Кебіча, за тое, што урад як быццам ажыццяўляе надзвычай правы палітычны курс. Аграрная партыя тады вырашыла падтрымаць аднаго са сваіх кіраўнікоў — А. Дубко. На В. Кебіча з партый працаваў толькі БНПК, але яе сілаў было недастаткова. Дэмакратычная апазіцыя ішла двума калонамі: за З. Пазняка праводзіў кампанію БНФ, за С. Шушкевіча АДПБ, БСДГ і Свабодныя прафсаюзы.
Па-трэцяе, В. Кебіч імкліва губляў папулярнасць на фоне надзвычай вострага эканамічнага крызіса. Ягонай адзінай казырнай картай было тое, што кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі да апошняга моманта рабіла стаўку на перамогу гэтага палітыка. Прычыны такой пазіцыі крамля зразумелыя: менавіта тагачасны беларускі прэм’ер абяцаў далучыць Рэспубліку Беларусь да рублёвай зоны Расійскай Федэрацыі. Аднак і гэтая карта апынулася бітай, калі старшыня Нацыянальнага банка РБ С. Багданкевіч адмовіўся паставіць свой подпіс пад тэкстам пагаднення, таму што яно супярэчыла многім артыкулам нядаўна прынятай Канстытуцыі.
Па-чацвертае, чыннік няпэўнасці, які, як вядома, становіцца максімальным пры атамізацыі сегментаў эліты таксама прысутнічаў. Нечаканым для кіраўніка ўрада стаў пераход яшчэ пад час кампаніі многіх удзельнікаў яго выбаврчага штаба на бок найбольш моцнага канкурэнта — А. Лукашенкі.
Працяг будзе
[1] See: HigleyJ., Gunter R. (eds) Elites and Democratic Consolidation in Latin America and Southern Europe. Cambridge: UniversityPress, 1992; HigleyJ., OksanB., JulieG., Political Elites Integration and Differentiation in Russia // Elites and Democratic Development in Russia. London: Routledge, p. 11-28.
[2] Гельман В.Из огня да в полымя? Динамика постсоветских режимов в сравнительной перспективе// Полис, 2007, № , с. 2
[3] Гельман В. Пазнач. твор, с. 7. З высновай аўтара адносна Беларусі я не згодзен. У нашай краіне існавалі арганізаваныя элементы эліты, якія вялі паміж сабой канкурэнтную барацьбу за доступ да рэсурсаў улады. Падрабязней пра гэта можна прачытаць ніжэй.
[4] Там сама, с. 3.
[5] Гл.: Гельман В. Пазнач. твор, с. 7.
[6] Гл.: Еўдакімаў П. Міністэрствы Беларускай ССР // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя.Т.7. Мінск: Акадэмія навук, 1973, с. 212.
[7] Гл.: Иоффе Э. От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР. Минск: Беларусь, 2008.
[8] Гельман В. Пазнач. твор, с. 9. Немагчыма пагадзіцца і з некарэктнай крытыкай аўтарам беларускай апазіцыі, якую прадстаўляў тады Беларускі народны фронт (БНФ), у яго быў цалкам дастатковы мабілізацыйны патэнцыял, прысутнічалі папулярныя лідэры, якія кіраваліся не нацыяналістычнай, а нацыянал-дэмакратычнай ідэялогіяй, атрымаўшай падтрымку значнай часткі насельніцтва краіны.
[9] Гл.: Пазьняк З., Сэсія незалежнасьці // Радыё Свабода.23.08.2011; КПБ было не ў стане задзейнічаць свой патэнцыял яшчэ і таму, што ў 1991 г. рэзка знізіўся грамадскі давер да гэтай арганізацыі. Згодна з дадзенымі аднаго з апытанняў, с сакавіка па лістапад узровень падтрымкі гэтай партыіі знізіўся ў 10 разоў — Гл.: Зенчанка С., Смяховіч М. Палітычныя партыі: удзел у грамадскім жыцці // Гісторыя беларускай дзярдаўнасці.Кн.2. Мінск: Беларуская навука, 2012, с. 503.
[10] Казакевіч А., Чатыры карпарацыі беларускай эліты // Эўропа, нацыя і Расея ў меркаваньнях беларускай эліты. Warsaw: StefanBatoryFoundation, 2007, c. 243.
[11] У сакавіку 1992 г. узніклі і інстытуцыйныя падставы для картэльнага пагаднення беларускіх эліт. Маецца на ўвазе згода З. Пазьняка ўвайсці ў так званы Антыкрызісны камітэт разам з В. Кебічам і С. Шушкевічам. Ён імкнуўся атрымаць ад улады пэўныя гарантыі абароны дзяржаўнага суверэнітэту, якім пагражала Расія. Уступлене наменклатуры ў дыялог з нацыянальнымі сіламі можна было патлумачыць іх жаданнем не ўдзельнічаць у палітыцы шокавай тэрапіі, якую праводзіў урад Ельцына — Гайдара. Але дзейнасць гэтай структуры апынулася непрацяглай. — Гл.: Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі 1795-2002, Мінск: Энцыклапедыкс, 2003, с. 403.
[12] У Народны рух сярод іншых уваходзілі дзве партыі-праекты(пад выбары): Беларускі навукова-вытворчы кангрэс (БНВК) і Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя, у хуткім часе памяняўшая назву на Аграрная партыя (АП), а таксама Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ). Яна ўжо тады не была масавай арганізацыяй і аб’ядноўвала каля 18 000 чалавек. У Рух увайшоў і цэлы шэраг рускамоўных грамадскіх арганізацый, фармальных і не здольных да мабілізацыі істотнай падтрымкі.
[13] Гл.: Гельман В. Пазнач. твор, с. 9.