Дзякуй Аляксандру Памідораву за фармулёўку

Ці існуе беларускае кіно? Не фармальна «сваё» — не студэнцкі самапальны арт-гаўз, не дурны «бульба-стайл», не прарасейскія сэрыялы. А каб пра нас, пра сёньня, пра тое, што баліць. І да таго на актуальнай кінамове, з пазнавальнымі героямі ды моцным сюжэтам. Правільны адказ — адмоўны. На беларускім кінафронце пасьля спрэчнай «Масакры» ды каньюнктурнага «Вышэй за неба» — цішыня як на могілках. За нас працуюць суседзі: у сеціва нарэшце трапіла мастацкая стужка паляка Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь!». Што за смак застаецца па праглядзе? Тры ў адным. Тры элемэнты экраннай BelarusianDream: попс, патас, прапаганда.

Попс

Найперш: што гэта і для каго? Задуменны інтэлектуальны трып ў багну квазіоруэлаўскай падвоенай сьвядомасьці? Гратэскны памфлет? Палітычная ўлётка? А можа, народнае кіно для спажыўцоў пап-корну?

Першае ўражаньне — самае дакладнае. Варта проста кінуць погляд на трэйлер стужкі ды каляровы постэр з паўаголеным гітарыстам, што узвышаецца над натхнёным тлумам, каб зразумець падставовы мэсыдж аўтараў: будзе гераічная казка пра ракенрольны супраціў крываваму рэжыму. Клясычны расклад, нармалёвая схема народнага посьпеху: маладыя харызматычныя героі праходзяць праз іспыты ды пакуты на шляху да лепшай будучыні. Штосьці ўзгадваецца? Ну, канешне, кожны другі камэрцыйны прадукт — ад старога «Нараджэньня зоркі» і гіппоўскіх «Валасоў» да глямурненькіх «Стыляг» з «Домам Сонца». Дадамо трохі палітыкі (бо «Жыве Беларусь!» ёсьць, як ні круці, палітычным слёганам) — і вось вам адноўлены і папраўлены варыянт поп-канону: прагрэсыўная моладзь будуе новую культуру і праз яе мабілізуе народ на барацьбу. Цікава, што менавіта гэты варыянт ракенрольнага міту ахвоча засвоіла польскае кіно (перад усім, дакументальнае) — і невыпадкова: там свая рэальная ракенрольная рэвалюцыя адбылася дзесьці ў сярэдзіне 1980-х. Былі, дарэчы, спробы знайсьці нешта падобнае і ў Беларусі: польскі дакумэнталіст Міраслаў Дэмбіньскі зрабіў ў 2007-м «Музычную партызанку» — кранальнае макьюмэнтары пра вандроўных беларускіх рокмэнаў, што ў турне па краіне гітарамі змагаюцца з сыстэмай. Такім чынам, легенда мяцежнай маладосьці яшчэ тады сустрэлася з легендай баявога ракенролу. І атрымала ў дадатак казку пра рэвалюцыю. Тры міты ў адным, шыкоўны кактэйль. Менавіта гэтая поп-схема (ад якой сьмешна чакаць «праўдзівасьці») цягам апошняга дзесяцігоддзя замацавалася ў сьвядомасьці зацікаўленых беларускімі справамі суседзяў. І чакала свайго чарговага увасабленьня. Тое, што яе абралі Лукашэвіч з суполкай — ясны сыгнал аб намерах: чакайце гульні на знаёмым полі. Будзе гучна і кранальна. Дзяўчаткі, рыхтуйце насоўкі!

Акрамя гульні з архэтыпамі (і адпаведнымі аватарамі герояў) істотным ёсьць стыль. Поп-прадукт звычайна б’е наўпрост, працуе як сыстэма глядацкіх атракцыёнаў — то бок сьвядома правакуе эмацыйную рэакцыю спажыўца. Няма месца для рэфлексіі і падтэксту. Галоўнае ня думку данесьці, а ўзрушыць. І да таго — не стаміць публіку. Таму ўзорны народны фільм пабудаваны як «амэрыканскія горкі»: напруга, паўза, лірычная сцэна, зноў напруга, зноў лірыка, пік напругі, кульмінацыя, гэпі-энд. Усе ўздыхаюць з палёгкай. І валяць на піва.

З гэтай кропкі погляду «Жыве Беларусь!» — попс, але няправільны. Бо ўвесь ланцужок падзеяў нагадвае не «Непераможных» ці маладзёвыя рамкамы, а клясычныя хронікі пакутаў хрысьціянскіх сьвятых — узыходжаньне да прасьвятленьня. У чым пытаньне? У тым, што абраны аўтарамі фармат «глядацкага» кіно з ягонымі простымі схемамі ды наскрозь пралічанай эфэктнай карцінкай працуе насуперак жаданьню зрабіць высокую драму.

Галоўны канфлікт стужкі — зусім не паміж музыкай-блёгерам Захаркай (Зьміцер «Вінцэнт» Папко) і ягонымі антаганістамі. Больш істотным ёсьць канфлікт паміж рэальнай драмай «чужой» для лукашэнкаўскай краіны сьвядомай моладзі і яе папсовым увасабленьнем.

Патас

Як ні дзіўна, фільму замінае тое, што мусіла б спрыяць: празьмерныя прэтэнзіі на аўтэнтычнасьць. На першых беларускіх праглядах стваральнікі стужкі распавядалі як набывалі сапраўдную вайсковую вопратку, як куплялі у правінцыйных крамах партрэты прэзыдэнта, будавалі «сапраўдныя» вайсковыя прыбіральні і выраблялі помнікі Леніну. Неаднойчы падкрэсьлена, што большасьць падзеяў мае дакумэнтальную падставу. У сеціве друкуюца аўтарскія сьпісы «таго, што насамрэч было».

Але справа зусім ня ў тым, колькі разоў насамрэч вайскоўцы адбіралі ў Франака Вячоркі (у фільме — Захаркі) мабільнік. Праблема ў тым, што і як зроблена з гэтай фактурай. Бо посьпех жыве ня ў ботах з ватоўкамі. А ў выразнасьці, сыстэмнай гармоніі і дасканаласьці аўтарскага выказваньня.

Каб глядач паверыў, адной «праўды» замала. Патрэбная пэўная аўтарская оптыка. Здаецца, нам пашчасьціла: у «Жыве…» іх нават дзьве. Розных, але аднолькава фрагмэнтарных.

Першая — погляд замежніка, вонкавага назіральніка беларускага сюжэту. Турыста. Журналіста. Сябрука. Што тут працуе? Навіны «Белсату», асабістыя кантакты, эўрапейскі інфармацыйны кантэкст — і, натуральна, польскі досьвед канфрантацыі з таталітарнай сыстэмай і культурніцкага нон-канфармізму. Беларусь тут лёгка ўбачыць як малодшага брата, што бяжыць па той самай лесьвіцы — адно спазьняецца на пару прыступак. Тады працуе патас самасьцьвярджэньня нацыі ў змаганьні з навязанай звонку рэпрэсыўнай квазікамуністычнай сыстэмай.

Тут ёсьць лёгіка: каб зразумець штосьці новае, варта параўнаць з вядомым. Але ёсьць і спакуса ў нашым сюжэце «знайсьці» польскі: масавы рух сасьпелых да свабоды людзей. І шчыра экранізаваць польскае беларускае жыцьцё, якога (як у выпадку «Жыве…») насамрэч не існуе.

Другая — оптыка беларускіх аўтсайдэраў, палітычных і культурніцкіх меншасьцяў. Перад усім — той іх часткі, якая дагэтуль займаецца нацыянальным праектам ў амаль клясычнай «адраджэнскай» вэрсіі. Тут таксама працуе свая схема сэнсаў: сёньняшні палітычны рэжым — акупацыйны, лепшая тактыка — змаганьне, мова ёсьць зброяй і знакам годнасьці, сапраўдная культура — баявы андэрграунд, а народ трэба абуджаць і казаць праўду. Будаваць нацыю, якой яшчэ няма. Асабісты досьвед траўматычны, гераічна-лузерскі. І цалкам іншы, партызанскі патас: «краіна ў кратах» (NRM) зачакалася вызваленьня (а таксама — і тлумачэньня ўласнага лёсу). Прыгажуня ў роспачы — і бязь Белага Рыцара. Тады вядучым сюжэтам гэтае story робіцца гадаваньне Рыцараў Нацыі. Тых, хто абудзіць Прыгажуню.

Гэтыя падыходы ня проста розныя — яны слаба сумяшчальныя. Таму супольны праект апынуўся праблемным. Кожны бок настойваў на сваім і ўсё адно фактычна распавёў пра сваё: палякі пра прагу свабоды, беларусы — пра пакуты Рыцараў.

Магчыма і няўмысна — але ўсё адно трапна — тую тэму прапісаў Лявон Вольскі ў зонгу для фільма: «Для генерала краіна — вайна, для сатаніста краіна — труна… Але для большасьці краіны няма!»

Насамрэч — ёсьць. Але яна жыве ня там, дзе шукаюць: бязь нас, паасобку. У пустэчах паміж нашымі казкамі ды легендамі.

Хто ў іх паверыць? Той, хто ня хоча (ці ня можа) бачыць больш складанай (і больш адэкватнай) карцінкі жыцьця (неда)нацыі. Цікаўныя замежнікі, ментальныя «турысты». Альбо сталыя жыхары альтэрнатыўнага палітычна-эстэтычнага гета. Для якіх яно і ёсьць Сусьветам.

Усім іншым стваральнікі «Жыве…» прапануюць чарговую легенду пра прымроенную Беларусь. Ці то «польскую», ці то «змагарскую».

Прапаганда

Канструяваньне сэнсаў ёсьць крэатывам. Праграмаваньне сьвядомасьці ёсьць прапагандай.

У якасьці чарговай «маладзёвай» забаўляльнай (хай сабе нават й праблемнай!) стужкі да фільма Лукашэвіча пытаньняў не было б. Ну рабілі калісьці ў СССР стужкі з амэрыканскага ці францускага жыцьця — і нічога! Гуляліся ў замежжа. Часам нават таленавіта. Але «Жыве Беларусь!» — ня проста камэрцыйны прадукт. Гэта прадукт са звышмэтай. Адзінае, што ніхто з аўтараў ня здольны яе дакладна сфармуляваць.

Кажуць — з большага словамі аднаго са сцэнарыстаў і прамоўтара праекту ў Беларусі Франака Вячоркі — пра неабходнасьць прыцягнуць увагу эўрапейцаў да «беларускага пытаньня». І адначасова — пра неабходнасьць выхаваньня айчыннага глядача. Пра тое, што хацелі зрабіць цікавае якаснае кіно. Пра тое, што хацелі пазначыць поле падставовых праблемаў грамадзтва. Пра супрацьстаяньне лукашыстскай прапагандзе. Пра абуджэньне сьвядомасьці. І так далей — сьпіс можна працягваць.

Але ў суме кожным разам размова ідзе пра пэўную «інтэрвенцыю сэнсаў» ў сьвядомасьць глядача, распаўсюд ды тыражаваньне пэўнага сканструяванага сьветапогляду. А гэта робіць стужку зьявай перад усім не мастацкай, а прапагандыстскай. Пазытыўную рэакцыю ў гэтым кантэксьце выклікае тое, што зроблена «правільна», «па-нашаму». А гэта ўжо матывацыя не эстэтычная, а палітычная.

Часам нават небездакорны фільм здольныя выратаваць арыгінальны стыль, аўтарскі драйв, ці атракцыйны зьмест. Аднак візуальны шэраг у Лукашэвіча шаблённа карцінны, амаль «галівудзкі» (асабліва гэта тычыцца менскіх эпізодаў). Падзеяў няшмат, затое мелядраматызм зашкальвае. Парад шакуючых атракцыёнаў разгортваецца па нарастаючай, ператвараючыся ў самадастатковае хорар-шоу з даволі банальным зьместам.Жахі вайсковага побыту пасьля FullMetalJacket альбо нават «Ста дзён да загаду» — далёка не навіна. Усё астатняе — таксама.

Айчынным «сваім» нічога новага стужка не распавядзе. Айчынныя «чужыя» глядзець яе матывацыяў не маюць. А замежнікі ў чарговы раз атрымаюць наскрозь зацёрты «беларускі трохкутнік»: Чарнобыль, дыктатура, ракенрол.

Па якасьці выкананьня (сцэнар, кастынг, мантаж, музыка і г. д.) «Жыве Беларусь!» аб\`ектыўна няздольная змагацца ў камэрцыйным эўра-пракаце з тэхнічна дасканалымі забаўляльнымі творамі, пазбаўленымі да таго дыдактычна-агітацыйна-мабілізацыйных дадаткаў ў выглядзе навязьлівых закадравых тлумачэньняў, бясконцых садыстскіх атракцыёнаў, «чарнушнай» ахвярнасьці загадкавых жыхароў зь невядомай краіны. Але і ў сьпісы эўрапэйскага праблемнага кіно «Жыве…» таксама трапіць цяжкавата: замінаюць агульная штучнасьць фабулы, плякатны патас, адсутнасьць ўцямных матывацыяў у дзеяньнях герояў, схільнасьць да навязьлівага выцісканьня сьлязы зь гледача і падмена глыбіні кінатэксту суплётам аднамерных карцінак-улётак.

Тады дзе яе месца? Там, дзе яна ўжо ёсьць. На падпольных праглядах, дзе зьбіраюцца «свае», каб падмацаваць перакананьні. У сеціве, дзе няма цэнзуры (але няма і адэкватных крытычных разбораў). На міжнародных акцыях салідарнасьці і падтрымкі — у якасьці «правільнага» і ідэйна вытрыманага блёку культурнай праграмы. Нават на кінафэстах — тых, дзе шануюць ня якасьць твору, а ягоную суадноснаць місіі імпрэзы. Паўсюль, дзе спрацоўвае «правільнасьць» — тая самая камфортная пазнавальнасьць оптыкі.

Трэба цьвяроза бачыць сітуацыю: альянс палітычнага і мастацкага заўсёды вядзе да паразы аднаго з альянтаў. Таму бязь сэнсу абараняць «Жыве Беларусь!» як фільм — па вялікім рахунку, няма там што абараняць. Пасрэднае кіно. А вось як мабільную прэзэнтацыю айчыннай драмы адзначыць можна. Праўда, не ў якасьці мастацкага тэксту. Хутчэй як акт суседзкай салідарнасьці. Прома-тур для краіны, пакуль няздольнай самастойна пра сябе распавесьці з эўрапейскіх экранаў.