Рэальнасьць — гэта тое, у чым мы ўдзельнічаем. Словам і думкай, учынкам ці занядбаньнем. Мы можам кідаць камяні і можам зьбіраць іх, можам абдымаць — і можам ухіляцца ад абдымкаў, можам гаварыць і можам маўчаць.
Але вось чалавек, які пакутуе на трызьненьні, ён уцягнуты ва ўласныя галюцынацыі — і мы гэтую рэальнасьць не падзяляем. Дык чым тады ёсьць рэальнасьць?
Адказ, які напрошваецца: рэальнасьць — гэта тое, у чым маем удзел ня толькі мы, але й іншыя. Але, хаця супольнае сацыяльнае дзеяньне й выглядае слушным, такое тлумачэньне малаважнае. Сацыяльнае найчасьцей перабольшваецца– яму аддаецца тэрыторыя, што аніяк не належыць.
Возьмем манаха ў пустыні. Рэальнасьць, дакладней, істоты, зь якімі ён сутыкаецца зусім не з чалавечае грамады. Калі гэты прыклад не даспадобы, ёсьць чалавек на зямлі. Адзін. На самотнае высьпе.
Вядома, ягоныя ўчынкі — дый прылады, якімі ён карыстаецца й якія стварае — зьнітаваныя з далёкай чалавечаюталакой. Але зоркі над галавой не прысабечыць аніякая суполка й аніякі дзяяч. (Згодна зь цікавымантропным прынцыпам фізычныя канстанты падагнаныя акурат так, што прадугледжваюць назіральніка, здольнага іх адкрыць. Але няма ніякай гарантыі, што іхнім адкрывальнікам будзе менавіта самотнік на высьпе — дыйзастаецца пытаньне пра стваральніка падгонкі).
Зямля й неба былі да роду людзкога. Сёньня з падачы адэптаў сацыяльнай татальнасьці нават выкапаныя парэшткі няшчасных дыплядокаў і велацэроптэраў абвяшчаюцца ўсяго толькі змовай белых мужчынаў, якія прагнуць кантраляваць жаночае цела. Хаця самі сканалыя істоты — загадзя непадкантрольныя чымсьці змовам.
Зрэшты, непадкантрольнасьць. Менавіта гэты чыньнік дазваляе людзкім групам не губляць рэальнасьці ад убачанага й прапанаванага іхнімі чальцамі. Якім бы ні быў дыктатар, што перарабіў грамадзтва на свой капыл, застаюцца непадкантрольныя моманты, якія дазваляюць вярнуцца й працьверазець. Як бы ні вычвараліся групоўкі ў кантрольна-адстрэльных цэтліках (клясаў, расаў ці гендэраў) — заўжды застанецца нешта, што ім не ўчапіць.
І якімі бы ні былі ўласныя інтэнцыі думаньніка — іхняе спраўджваньне адбываецца праз непадкантрольнасьць — непрадказальную творчасьць — грамады.
Існуюць розныя варыянты ўдзелу — і розныя ступені непадкантрольнасьці.
Калі падлетак грае ў сецевую кампутарную гульню разам зь сябрамі, гэта высокі ўзровень удзелу, але гэты ўдзел акрэсьлены маніторам. А непадкантрольнасьць — хаця й узмоцненая выпадковасьцю й інтэракцыяй — не скасуе жалезных гульнёвых правілаў, усталяваных праграмістамі.
Калі ўдзельнікі перанясуць гульню, скажам, у лес — непадкантрольнасьць ужо вырвецца на свабоду: пэўныя здольнасьцізаменіць уяўленьне; аксэсуары гульцы створаць самі, ці прыдумаюць новыя — роўна, як і правілы.
Нарэшце, калі гульня разгарнецца на плошчах і вуліцах, непадкантрольнасьцьусьцешыцца багацейшым спажыткам: да ўдзелу далучацца мінакі са сваімі намерамі й жаданьнямі.
Тут заўважны й трэці чыньнік, што вызначае рэальнасьць. Адказнасьць. Рэальнасьць — гэта тое, за што мы адказваем. Ёсьць адказнасьць юрыдычная (цялесна-юрыдычная: яе нязручна адмаўляць нават выкрывалам паўсюдных змоваў); ёсьць адказнасьць сумленьня; і ёсьць адказнасьць суцэльнага чалавека — на Апошнім Судзе, дзе кожны — і ўсё людзтва выракуецца на жыцьцё вечнае ці на сьмерць.
І хаця ў кожнага свая неад’емная адказнасьць, маецца не набор незьнітаваных рэальнасьцяў, а іхняя іерархія.
Так што мы звычайна называем рэальнасьцю, як такой?
Рэальнасьць — гэта тое максымальна непадкантрольнае, у якім мы напоўніцу ўдзельнічаем і за што ў найбольшай ступені адказваем.
Але з усіх асобных і калектыўных лёсаў вылучаецца адзін, які зьнітоўвае ўсе іх разам — і ёсьцека падмуркам рэальнасьці.
Дзьве тысячы гадоў таму ў ціхай стаенцы нарадзілася Дзіця. Уся гісторыя сьвету сыходзіцца ў гэтае кропцы: ад Вялікага выбуху да кропляў расы на зялёнай траве, ад новых галяктыкаў — ды ўздыху старога, які шчэ толькі падлетак. Людзі й народы, якія былі — і якія прыйдуць — у гэтай гісторыі, бо ўцелавіўся Бог, які адзін Існы.
Рэальнасьць — гэта тое, у чым удзельнічае Бог.Богаўвасабленьне, крыжовая ахвяра і ўваскрасеньне Хрыста — гэта непераўзыходны ўдзел, з ціхмянай пакорай, у самым сэрцы штодзённасьці.
У гэтым удзеле — адказнасьць за ўвесь людзкі род, за жывых і памерлых, і за ўвесь пашкоджаны сьвет. У зямным жыцьці Хрыста — непадкантрольнасьць Айца, а таксама іншая, людзкая непадкантрольнасьць — недасканалая, бо людзі здольныя ня толькі сьледаваць — згодна сваёй волі, але й здраджваць.
І што цяпер для нас? Сярод розных непадкантрольнасьцяў і ўдзелаў, ступень рэальнасьці для нас вызначаецца тым, наколькі мы далучаныя да Божага ўдзелу. А ў падмурку рэальнасьці два словы: «Хрыстос уваскрос!»
Ад нашага стаўленьня да гэтага залежыць ня толькі наш лёс, але й лёс рэальнасьці.
Боская прысутнасьць непадкантрольная — і мы да таго ж вольныя ад яе ўцякаць.
І хаця ёсьць небясьпечная ілюзія — калі групоўка ці чалавек прагне схапіць Бога і, сыходзячы з самавольнае хэнці, абвясьціць пра ўзорную рэальнасьць, — гэта ня мы ловім, але Хрыстос сам абірае свой Касьцёл дый сваіх вучняў для ловаў, Ён сам вырашае дзе быць, каму зьяўляцца і што сапраўднае.
Наш удзел — у супрацы, і ў гэтым — наша адказнасьць.
Бо толькі ў Хрысьце можна жыць у рэальнасьці, можна быць рэальным — і толькі разам з Богам можна рэальнасьць ствараць.