/Пераключыць канал/

Безь люстэрка

«Пойди туда, не знаю куда, найди то, не знаю что»

«Свет мой, зеркальце, скажи и всю правду доложи: Кто на свете всех мудрее, всех румяней и белее?»

Тэарэтыкі кіно здаўна параўноўвалі кіно зь люстэркам, у якім дзіўным чынам адбіваюцца Рэальнае, Уяўнае і Сымбалічнае. Празь люстэрка экрану чалавек знаходзіць сябе, атаясамліваецца зь цьмянымі сьценямі — і адасабляецца ад рэчаіснасьці.

Тэлевізія зьмяніла расклад сілаў. Люстэрка ня проста прыйшло ў кожны дом, але шчэ і пачало пераўтвараць саміх абываталяў у адбіткі экранных фікцый. Але заўжды былі гледачы й люстэркі.

Большасьць людзей Беларусі не знаходзяць сябе на тэлевізійным экране. Ёсьць «шчасьлівыя калгасьнікі», сусальныя пэнсіянэры, «самыя знакамітыя сьпевакі», якіх мала хто ведае, і хакей з лыжамі, якія за 12 гадоў дасталі й мёртвых. У менскім доме можа ісьці і 18, і 25 каналаў, але ніводзін зь іх не паказвае сацыяльныя групы, якія й складаюць хрыбет краіны: прадпрымальнікі, навукоўцы, настаўнікі, эканамісты, беларускія палітыкі, студэнты, «белыя каўнерыкі», праграмісты. (Затое ёсьць экзальтаваныя «вучылкі», «каналізацыйна-трунарныя» акадэмікі і выкрывальнікі шматлікіх змоваў.)

Пераключыце канал — і вы даведаецеся пра тайны эгіпецкіх мумій, адчуеце сябе вадалазам у зяпе акулы і паспачуваеце расейскаму кілеру. Але беларуская прастора на хатнім экране ёсьць толькі дадатак да лыжнага гардэробу.

Тэлевізія па прыродзе сваёй мазаічна, але з гэтай мазаікі чалавек складае сабе люстэрка. Для беларускіх гледачоў такога люстэрка няма.

І тады чалавек складае чужую мазаіку і глядзіцца ў чужоелюстэрка. «Гэта не пра нас, а пра замежнага палітыка», «такіх экзатычных жывёлаў побач няма», «гэта ня я, а мая суседка», «так думаюць у вёсцы, а не ў горадзе», нарэшце, «яны — а не мы…»

Чужынская, нудная і дыскамфортная тэлевізійная мазаіка. Твару ніяк ня выявіцца.

Але ня толькі самыя актыўныя групы беларускага насельніцтва пазбаўленые люстэрка. Безь люстэрка засталіся і «вусы» — хаця толькі іх і паказваюць, дый толькі пра іх і памоўка.

Рэжым, як старая і стомленая куртызанка, просіць: «Свет мой, зеркальце, скажи…», але люстэрка, ўшчэнт разьбітае, дэградавала ў прапагандовых войнах — і толькі здольнае натужна імітаваць хрыплыя найвышэйшыя пажаданьні. Пустая рама ўтрапёна рапартуе: «Ты! Ты! Ты!» — але ніхто ня ведае вынікаў.

Прышлае застаецца адкрытым.

Каб люстэрка зьявілася — трэба праявіць твар.

19 сакавіка — на Кастрычніцкай плошчы…