Візыт эквадорскага міністра замежных справаў, гандлю і інтэграцыі ў Мінск кладзецца ў агульную тэндэнцыю спробаў беларускай дзяржавы выйсьці на новыя рынкі і новых партнэраў. Яна выразна абазначылася сёлета адкрыцьцём пры канцы лета пасольстваў у Інданэзіі і Таджыкістане ды рашэньнямі адкрыць прадстаўніцтвы таксама ў Фінляндыі і Нігерыі. Разам з тым Лацінская Амэрыка заўжды была больш складаным для беларускага боку рэгіёнам, чым, скажам, Блізкі і Далёкі Ўсход — перш за ўсё з прычыны геаграфічнай аддаленасьці.
Доўгі час беларуская прысутнасьць у рэгіёне была абмежаваная Кубай. Малы рынак гэтай краіны забясьпечваў толькі абмежаваныя магчымасьці для беларускага гандлю, а няпростае міжнароднае становішча Кубы не спрыяла таму, каб празь яе Беларусь магла наладзіць стасункі зь іншымі краінамі. Другое пасольства было адчыненае ў Аргентыне, але ў эканамічным пляне эфэктыўнасьць была невысокай, прынамсі ў гандлі з Аргентынай Беларусь стабільна мела значнае адмоўнае сальда. Разам з тым гандаль наладжваўся і незалежна ад палітычных рашэньняў — з Бразыліяй. Як і ў выпадку многіх іншых краінаў сьвету, зь якімі Беларусь мае значны тавараабарот, фармаваўся ён за кошт калійных угнаеньняў.
Па волі Чавэса…
Увогуле да сярэдзіны 2000-х гадоў стасункі з Лацінскай Амэрыкай былі хіба што крыху лепшымі за практычна няісныя стасункі з Афрыкай (на поўдзень ад Сахары). Справа выправілася толькі з актывізацыяй у сярэдзіне 2000-х беларуска-вэнэсуэльскіх дачыненьняў, якія сапраўды разгарнуліся па самых розных напрамках, а не абмежаваліся вузкімі сфэрамі вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва ці паставак калійных угнаеньняў. Добра кантралюючы дзяржапарат, прэзыдэнт Чавэс змог забясьпечыць прыход беларускіх прадпрыемстваў і арганізацыяў на цалкам новы для іх рынак.
Гэта было ўнікальным шанцам для беларускага боку, які, праўда, можа страціць свае пазыцыі ў Вэнэсуэле, калі ўлада там зьменіцца, а беларускі бок не напрацуе да таго часу адпаведнай базы для ўстойлівай працы ў краіне і ня зможа выйсьці на рынак з канкурэнтаздольнымі прапановамі. Па аналёгіі зь Іракам можна сказаць, што шанцы застацца/вярнуцца ў краіну пасьля зьмены рэжыму ўсё-ткі могуць быць — хаця ў выпадку з Вэнэсуэлай справа ўскладняецца тым, што беларускія прадпрыемствы і арганізацыі найперш задзейнічаныя перадусім у праграме сацыялістычнай мадэрнізацыі краю, якая можа быць згорнута ў выпадку прыходу да ўлады несацыялістычнага ўраду. Разам з тым, Вэнэсуэла валодае, па найноўшых дадзеных, самымі буйнымі запасамі нафты ў сьвеце, і дзеля таго ня можа заставацца па-за ўвагай будучых беларускіх урадаў.
Менавіта Вэнэсуэла, праўдападобна, спрыяла выхаду Беларусі на кантакты з Балівіяй зь яе цяперашнім таксама левым кіраўніцтвам. Падтрымка Чавэса сапраўды можа мець істотнае значэньне, бо дазваляе Менску выкарыстоўваць сувязі Вэнэсуэлы ў рэгіёне, дзе Беларусь практычна невядомая. Ёсьць усе падставы меркаваць, што Вэнэсуэла дапамагла і ў наладжаваньні стасункаў з Эквадорам, балазе Чавэс мае добрыя адносіны з эквадорскім кіраўніцтвам.
Пра што прамаўчаў Лукашэнка?
Аднак беларускі бок ня зможа паўтарыць вэнэсуэльскі сцэнар у Эквадоры. Найперш таму, што тамтэйшы ўрад ня мае такіх магістральных праграмаў нацыянальнага разьвіцьця, да якіх магла б далучыцца Беларусь, і няма нават тэарэтычна такой палітычнай волі, на якую магло б абаперціся беларуска-эквадорскае супрацоўніцтва. На гэта накладаецца магутны адмоўны чыньнік аддаленасьці Эквадору, які знаходзіцца на ціхаакіянскім узбярэжжы Лацінскай Амэрыкі, што робіць яго адной з самых аддаленых ад Беларусі краінаў сьвету. У выніку пэрспэктывы супрацы выглядаюць досыць сьціплымі. Гандляваць калійнымі ды азотнымі угнаеньнямі Беларусь зможа, бо перш за ўсё калійныя солі — гэта добры тавар бадай што для ўсяго сьвету, і Менск сапраўды валодае моцнымі пазыцыямі на гэтым рынку.
Праўда, якраз з збытам угнаеньняў у беларускага ўрада бяды няма. Вырашаць трэба хутчэй праблему пошуку рынкаў для беларускага машынабудаваньня ды іншых галінаў прамысловасьці. І ў гэтым сэнсе Эквадор пакуль быў малаважным рынкам. На сустрэчы з эквадорскім міністрам Лукашэнка з «задавальненьнем» адцеміў, што таваразварот летась склаў амаль 40 мільёнаў даляраў, аднак не прызнаўся, што апошнія гады гандаль ішоў з пастаянным адмоўным сальда — і гэта наўрад ці можна лічыць дасягненьнем для Беларусі. Прыкладам, летась беларусы прадалі ў Эквадор на 12,1 млн. даляраў, а купілі адтуль тавараў на 26,5 млн. Для 2009 году паказьнікі склалі адпаведна 8,8 млн. і 25,4 млн. даляраў, для 2008 — 28,4 млн. і 32,8 млн. Як зазвычай, пра гэта дзяржаўныя СМІ маўчаць.
Разам з тым, беларускае кіраўніцтва ў сваім прасоўваньні на рынкі лацінаамэрыканскіх краінаў можа спадзявацца на амбіцыі вэнэсуэльскага кіраўніка, які не хавае сваіх памкненьняў да задзіночаньня лацінаамэрыканскіх (дый ня толькі) краін у «антыімпэрыялістычнай» барацьбе за тыя ці іншыя мэты. Эквадор падтрымаў быў ужо некаторыя крокі Чавэса ў гэтым напрамку. Таму беларускія падрадчыкі цалкам маглі б далучыцца да практычнай рэалізацыі нейкіх праектаў лацінаамэрыканскай супрацы, гарантавана фінансаваных Вэнэсуэлай.
А такія амбіцыі ў беларускага лідэра ёсьць. Анягож, яшчэ ўлетку 2006 году ён абвесьціў, маўляў, у разьвіваным сьвеце трэба «ня толькі актыўней прасоўваць традыцыйныя віды прадукцыі, але і падлучацца да рэалізацыі буйных рэгіянальных праектаў. Такіх, прыкладам, як будаўніцтва Панлацінаамэрыканскага газаправоду або газаправоду Іран — Пакістан — Індыя, рэканструкцыя Панамскага канала, засваеньне паўночна-заходніх раёнаў Кітая».
Зрэшты варта адцеміць, што Лукашэнка пазьбягае празьмернай палітызацыі сваіх адносінаў. Ён можа гучна крытыкаваць аднапалярны сьвет, двудушнасьць ЗША і Эўропы, але пры тым не сьпяшаецца ў Чавэсаў «сусьветны зьвяз» ды не захацеў зьвязваць сябе абавязаньнямі таксама ў рамках падтрымліванага Чавэсам трохбаковага супрацоўніцтва Вэнэсуэла-Сырыя-Беларусь.
Ідэалёгія ня ёсьць ключавым чыньнікам для беларускага кіраўніка. Гэта засьведчыла ня толькі ягонае адначасовае сяброўства з Кадафі і Катарам, які спрыяў зрынаньню Кадафі. Гэта засьведчана і тым, што Беларусь у Лацінскай Амэрыцы шукала партнэраў без якой-кольвечы ідэалягічнай перадузятасьці — надзвычай позна ўсталяваўшы стасункі з Вэнэсуэлай, мала кантактуючы зь левымі і папулісцкімі ўрадамі Бразыліі, Балівіі, Эквадора ці Аргентыны ў мінулыя гады.
Беларусь аб\`ектыўна мае патрэбу ў шматвэктарнай палітыцы, але вэктары яе павінны быць збалянсаваныя. Гэтага няма ў сёньняшняй палітыцы і галоўнай прычынай прычынай можа быць нават не ідэалягічная ці іншая перадузятасьць, а неэфэктыўнае фармаваньне і рэалізацыя замежнай палітыкі краіны. Гэта зьвязана не з адсутнасьцю экспэртнай базы — якая паступова зьяўляецца ў Беларусі, за савецкім часам абмежаванай у сваіх кантактох з сьветам — а з закрытасьцю і непразрыстасьцю ўсяго дзяржапарату ў Беларусі, адсутнасьцю крытычнага абмеркаваньня палітычных пытаньняў у СМІ.
На жаль, поўнаму ўсхваленьню супрацы з Трэцім сьветам часам адпавядае поўнае ачарненьне яе ў апанэнтаў сучаснага беларускага рэжыму. Між тым з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў многія напрамкі вонкавай палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў прынцыпе зьяўляюцца слушнымі. Гэта прызнаюць і некаторыя прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычных сілаў, у прыватнасьці, паводле Костусева, «сёньняшнія ўлады прыйшлі да таго, што выконваюць першасную праграму Партыі БНФ пачатку 90-х. Нават нафта ў краіну цяпер пастаўляецца па шляхах, якія былі акрэсьленыя апазыцыяй БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка». Але любое прынцыпова правільнае стратэгічнае рашэньне можа быць зьведзенае на нішто праз выбар хібнай тактыкі і нядбайнае выкананьне.