? Представляя коллективу «Беларусьфильма» нового гендиректора, министр культуры П. Латушко заявил, что киностудия должна вернуть авторитет белорусскому кино и добиться признания за рубежом. Чем белорусский кинематограф может завоевать авторитет и международное признание? Что нужно для этого сделать, кроме смены руководства «Беларусьфильма»?
Андрэй Расінскі: Аўтарытэт і міжнароднае прызнанне беларускае кіно можа заваяваць, па-першае, сваім адметным позіркам. Гэта позірк культуры, якая знаходзіцца на разломе. Культуры, багатай праваслаўнай спадчынай і каталіцкаю дысцыплінай; культуры — ад Полацка да Вялікага Княства — са шматмоўем, войнамі, закалотамі. Культуры, што памятае пра паўстанні, партызанку, цуды, фальклёрныя дзівосы і велічныя постаці.
Беларуская культура — гэта культура франціра, памежжа — і яна сама здольная спараджаць новыя кінажанры й абнаўляць старыя. Першыя ластаўкі ўжо з’явіліся: бульба-хорар Андрэя Кудзіненкі «Масакра». Вельмі спадзяюся, што бульба-хорар будзе развівацца надалей.
Натуральным для Беларусі будзе й такі жанр, як вэстэрн. Пры гэтым падзеі вэстэрну могуць разгортвацца ў 20-ыя гады ХХ стагоддзя — ці ў часы Вялікага Княства падчас чарговай вайны.
Жаночыя гісторыі пра Барбару Радзівіл ці Саламею Русецкую — падстава для беларускіх меладрамаў.
Здымаць беларускія фільмы ёсць каму: ёсць рэжысёры (Кудзіненка, Колбышаў, Канановіч), ёсць сцэнарысты (Качан, Курэйчык) — справа за кінакампаніяй. Новы дырэктар кінастудыі Алег Сільвановіч добра ведае кіно і ведае, як здымаюцца фільмы. Ён не абцяжараны савецкімі забабонамі і слушна кажа пра кіно, якое мусіць зацікавіць шырокага гледача.
Але — і тут другі чыннік. Сістэма беларускай кінавытворчасці да нядаўняга часу — гэта архаічны бюракратычны апарат, аніяк не прыстасаваны да сучаснага рынку. Было заяўлены прадусарства дый падатковыя ільготы — тое, што зрабіць трэба было яшчэ пазаўчора. Ільготны рэжым кінавытворчасці прыводзіць, нарэшце, да з’яўленне адметнае кінашколы (як гэта адбылося ў Румыніі; а пра звышпаспяховую ў кінематаграфічным плане Чэхію я, увогуле, не кажу). Для маленькае Беларусі гэта шанец.
І тут на гульню ўплываюць эканамічныя й палітычныя моманты. Беларуская эканоміка калапсуе. Палітычны рэжым абвальваецца; укладанне якісьці грошай становіцца рызыкоўным (хаця кіно само па сабе — рызыкоўная штука; а фільмы здымалі й падчас крызісаў). Зрэшты, наступныя падзеі могуць прыцягнуць увагу да Беларусі (і нават выклікаць моду на беларускую тэму). Выглядае толькі, што краіна ўжо ідзе не па шляху Чэхіі, а Румыніі.