На пачатку 2011 года ў публічнай прасторы з’явілася інфармацыя наконт удзелу Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у парламенскіх выбарах 2012 года з магчымасцю трансфармацыі гэтай палітызаванай грамадскай арганізацыі ў палітычную партыю. Варта зазначыць, што функцыянеры Белай Русі з самага пачатку заснавання кажуць аб трансфармацыі свайго аб’яднання ў партыю і з кожным разам гэтыя выказванні гучаць усё больш адкрыта і ўпэўнена, што павінна сведчыць аб сур’ёзнасці намераў[2]. Шэраг тэндэнцыяў пацвярджаюць жаданне асобных груповак беларускіх эліт рэалізаваць сцэнар «кіраванай» дэмакратыі. З самага пачатку заснавання ў 2004 годзе на Гарадзеншчыне рух Белая Русь настойліва спрабуе сябе ў грамадскіх і палітычных кампаніях усіх узроўняў, стала нарошчваючы свой палітычны патэнцыял і вагу ў грамадстве. Тым не менш, нягледзячы на падрыхтаванасць Белай Русі да трансфармацыі ў партыю ўлады, верагоднасць рэалізацыі гэтага праекта пасля падзей 19 снежня 2010 года зменшылася ў сувязі з тым, што палітычная сістэма Беларусі зазнала значны рэгрэс і прэзідэнт як асноўны гарант стабільнасці існуючага палітычнага рэжыму зноў падкрэсліў сваю выключную значнасць для гэтай сістэмы.Неабходна падкрэсліць, што трансфармацыя грамадскага аб’яднання БР ў палітычную партыю прадугледжвае змену выбарчай сістэмы краіны і пэўнае пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў у палітычнай сістэме.
Як зазначалася, кіраўніцтва Белай Русі ўжо вызначылася аб фармаце ўдзелу гэтага палітызаванага аб’ядання ў парламенскіх выбарах 2012 года, які не адрозніваецца ад папярэдніх палітычных кампаній: вылучэнне кандыдатаў, праца ў выбарчых камісіях, ініцыятыўных групах, даверанымі асобамі, а таксама назіральнікамі. Інтрыгай застаецца статус, у якім будзе ўдзельнічаць гэтая арганізацыі і яе сябры: ці будзе Белая Русь прымаць удзел у парламенскіх выбарах 2012 года як палітычная партыя, або так і застанецца адной з GoNGO, выкарыстоўваемых адміністрацыяй прэзідэнта з мэтай імітацыі ўдзелу ў выбарчым працэсе грамадзянскай супольнасці?
Стабільнасць палітычнай сістэмы
Сітуацыя ў Беларусі пасля 19 снежня 2010 года сведчыць аб тым, што палітычная сістэма, якая склалася падчас кіраўніцтва першага прэзідэнта Беларусі, працягвае заставацца стабільнай і эфектыўнай нават з улікам павелічэння ціску вонкавых актараў як з Захаду так і Усходу па яе трансфармацыі. Дзеючы кіраўнік дзяржавы захоўвае свае пазіцыі ў палітычным працэсе і спрабуе закансерваваць сітуацыю ў краіне, перыядычна павялічваючы ўзровень рэпрэсій, расколваючы беларускае грамадства і супрацьпастаўляючы гэтыя часткі адну супраць другой.
Нягледзячы на тое што пазіцыі Лукашэнкі на апошніх прэзідэнскіх выбарах у параўнанні з мінулымі сталі менш устойлівымі, ён захоўвае значную падтрымку сярод насельніцтва краіны: паводле апытання НІСЭПД за А. Лукашэнка на выбарах 2010 года прагаласавалі 51,1% ад апытаных грамадзян (або 58% з улікам яўкі), а 44,1% грамадзян дагэтуль лічыць, што канцэнтрацыя ўсёй улады ў руках Лукашэнкі ідзе на карысць Беларусі. У той жа час давер грамадзян да Нацыянальнага сходу знаходзіцца на ўзроўні меншым, чым да мясцовых саветаў — 35,7% і 41,2% адпаведна, што падкрэслівае роль гэтага інстутата ў палітычнай сістэме Беларусі[6].
Падобныя лічбы сведчаць аб адсутнасці ўнутраннай запатрабаванасці з боку насельніцтва краіны ў змене палітычнай сістэмы[10]. У дадатак апошнія падзеі на Блізкім Усходзе, дзе адносна ліберальныя рэжымы аўтарытарных кіраўнікоў пацярпелі крах у выніку акцый пратэстаў, з’яўляюцца своеасаблівым папярэджаннем дзеючаму прэзідэнту Беларусі ўстрымацца ад змякчэння палітычнага рэжыму, якое можа прывесці яго да фатальных вынікаў.
Такім чынам дзеяздольнасць аўтарытарнага кіраўніцтва, асноўныя рысы якой былі вызначаны Луканам Уэйем адносна недэмакратычных рэжымаў, падчас гэтых выбараў не зменшылася ў параўнанні з выбарамі пяцігадовай даўніны[13]:
— «прэзідэнская вертыкаль», якая выконвае функцыі партыі ўлады, справілася з пастаўленай задачай па выкананню паказнікаў па ўзроўню народнай падтрымкі кіраўніка дзяржавы;
— iдэалагічны апарат і мясцовая наменклатура, якія адказваюць за агітацыйную кампанію і кантроль за выбарчымі камісіямі, пацвердзілі сваю лаяльнасць А. Лукашэнка;
— рэпрэсіўны апарат першага прэзідэнта здольны за сем хвілін ачысціць вуліцы сталіцы ад апанентаў дзеючага кіраўніка і правесці шырокамаштабную паслявыбарчую кампанію па запалохванню апанентаў і зачысцы грамадзянскай супольнасці;
— нягледзячы на праводзімую ў апошнія гады эканамічную лібералізацыю ў Беларусі працягвае захоўвацца значны дзяржаўны кантроль над эканомікай.
Трываласць сувязяў з Захадам, якая паводле Лукана Уэйя з’яўляецца адным з галоўных фактараў дэмакратызацыі аўтарытарных рэжымаў, на 19 снежня 2010 года была яшчэ недастакова ўстойлівай, каб паўплываць на прыняццё дзеючым кіраўніцтвам рашэння па разгону акцыі пратэсту, арганізаванай апанентамі дзеючага кіраўніка дзяржавы. Наадварот, у кіруючых элітаў Беларусі пераважала меркаванне аб выключнай геапалітычнай значнасці краіны для Захаду, які павінен быў прабачыць асобныя недахопы станаўлення маладой дэмакратыі.
Пры гэтым, на працягу апошніх трох год Беларусь інтэнсіўна наладжвала адносіны з заходнімі партнёрам, значна актывізаваўшы заходні вектар сваёй знешняй палітыкі. Мэты падобнай палітыкі былі выкліканы неабходнасцю змяншэння рызык і пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі праз: празмерную эканамічную залежнасць краіны ад Расіі, у тым ліку ад паставак энэргарэсурсаў і рынкаў збыту беларускай прадукцыі; магчымыя эканамічныя санкцыі з боку заходніх краін.
Аднак пралік беларускіх элітаў наконт геапалітычнай вагі Беларусі для Еўрасаюзам, паводле якога «Захаду болей неабходна дамаўляцца з Беларуссю, чым Беларусі неабходны добрыя адносіны з Захадам» [7], зрабілі магчымымі развіццё падзей пасля 19 снежня каля Дома ўрада, з-за якіх за сем хвілін адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам былі адкінутыя на тры гады назад. Жорсткая рэакцыя Еўрасаюза, які ўсур’ёз разглядае магчымасць увядзення прамых эканамічных санкцый супраць асобных беларускіх прадпрыемстваў, здолее прымусіць беларускае кіраўніцтва болей аб’ектыўна ацаніць рэальную вагу Беларусі для Еўрасаюза, ролю выканання Беларуссю мінімальных дэмакратычных стандартаў ва ўнутрыпалітычным працэсе і дамоўленасцяў з заходнімі партнёрамі.
Адначасова пасля ўскладнення адносінаў з Еўрасаюзам, Расія ў значнай ступені аднавіла свой уплыў на афіцыйны Менск і перахапіла ў ЭЗ тэмп гульні па прыцягненню ў арбіту свайго ўплыва Беларусь. У выніку крызісу ў беларуска-еўрапейскіх адносінах Масква атрымала магчымасць дыктаваць свае ўмовы афіцыйнаму Менску, якія аднак праз пэўны час павінны зноў ускладніць сітуацыю і вярнуць яе у традыцыйны стан гандлёвых войнаў. РФ з’яўляецца ў бліжэйшай перспектыве адзіным верагодным крэдыторам, які можа ўтрымаць беларускую фінансавую сістэму ад краху.
Пры гэтым два фактары з’яўляюцца спрыяльнымі для беларускай дыпламатыі ў справе аднаўлення беларуска-еўрапейскага дыялогу: польскае прэзідэнства ў ЕС у другой палове 2011 года і парламенскія выбары 2012 года. Польшча з’яўляецца адным з галоўных «адвакатаў» актывізацыі палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да ўсходніх суседзяў, у тым ліку адносна Беларусі, і ад поспехаў польскай дыпламатыі на ўсходнім кірунку шмат у чым будзе залежаць вага Польшчы на еўрапейскім кантыненце. Парламенскія выбары, якія павінны адбыцца ў 2012 годзе, прадастаўляюць шанец для беларускага кіраўніцтва спыніць крызіс у беларуска-еўрапейскіх адносінах, зрабіўшы пэўныя саступкі ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і/або працэсу.
Супярэчнасці паміж прэзідэнтам і наменклатурай
Стварэнне дзеючымі кіроўнымі элітамі палітычнай партыі, якая бы адлюстроўвала іх інтарэсы, з’яўляецца аб’ектыўным працэсам. Нават у сённяшніх умовах канцэнтрацыі ўлады ў адных руках існуюць групы наменклатуры, якія хочуць мець больш празрыстыя ўмовы сваёй дзейнасці без жорсткай прывязкі да лаяльнасці асобе дзеючага прэзідэнта. Акрамя таго, нягледзячы на паспяховае ўтрыманне ўлады на працягу апошніх 16 год у чыноўнікаў існуе разуменне таго, што А. Лукашэнка некалі пакіне пасаду і ў выпадку яго раптоўнага сыходу ўся дзяржаўная сістэма, якая трымаецца на асобе харызматычнага лідэра, зазнае крызіс і можа не ўтрымацца ад краху.
Дзяржаўныя службоўцы, асабліва ніжняга і сярэдняга ўзроўняў, з’яўляюцца найбольш зацікаўленымі ў існаванні палітычнага суб’екта, які быў бы здольны пераняць уладу і кантраляваць сітуацыю ў краіне у выпадку сыходу дзеючага прэзідэнта[11]. Развіццё сітуацыі па сцэнару Плошчы можа прынесці да катастрафічных вынікаў у справе захавання ўладных пазіцый сённяшніх палітычных эліт, таму беларуская наменклатура зацікаўлена ў абмежаванай і «кіруемай”трансфармацыі палітычнай сістэмы, змякчэнні канфлікта і расколу ў грамадстве і прадухілення радыкалізацыі апазіцыі. У гэтым знаходзіцца грунтоўнае разыходжанне інтарэсаў дзеючага прэзідэнта і наменклатуры. Асабістая бяспека А. Лукашэнка залежыць ад займаемай пасады і ён будзе рабіць любыя захады па ўтрыманню ўлады ў сваіх руках, што прэзідэнт неаднойчы падкрэсліваў падчас абвастрэння ўнутрыпалітычнай сітуацыі[8]. Адносіны паміж А. Лукашэнка і яго апанентамі ўяўляюць гульню з нулявой сумай, калі пераможца атрымлівае ўсё, таму дзеючы прэзідэнт, як і яго апаненты, не здатныя сесці за стол перамоваў. Іншая сітуацыя складваецца ў адносінах паміж апазіцыяй і наменклатурай, дзе няма такога накалу і жорсткага супрацьстаяння і не выключаецца дыялог паміж гэтымі двума суб’ектамі. Беларуская намеклатура не зацікаўлена ў празмерных рэпрэсіях супраць грамадзян, што ў будучыні можа прывесці да зваротнага эфекту супраць тых чыноўнікаў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях. Частка апазіцыйных сілаў і пераважная колькасць суб’ектаў грамадзянскай супольнасці увесь час імкнуцца навязаць дыялог кіруючым элітам, якія таксама не супраць перамоваў з контрэлітамі, нават з мэтай імітацыі працэсу, што само па сабе някепска і можа прынесці вынікі ў доўгатэрміновай перспектыве па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы.
Сцэнары развіцця аб’яднання «Белая Русь»
Да гэтага часу Рух «Белая Русь» у сваім станаўленні ў якасці палітычнай сілы ужо прайшоў дзве стадыі: 1) эксперыментальны перыяд, які ўключаў заснаванне грамадскага аб’яднання ў 2004 годзе і першыя спробы сілаў у выбарчых кампаніях на Гарадзеншчыне; 2) выхад на нацыянальны ўзровень як грамадскай арганізацыі і ўдзел БР у агульнанацыянальных палітычных кампаніях. Далейшае развіццё гэтага палітызаванага грамадскага аб’яднання залежыць ад шэрагу чыннікаў і можа развівацца па некалькіх кірунках.
Першы сцэнар прадугледжвае запавольванне тэмпаў развіцця БР у выніку ўзмацнення рэпрэсіўнасці рэжыму і супрацьдзеяння прэзідэнта краіны афармлення структуры, якая надае большую палітычную вагу асобным групоўкам наменклатуры. Прэзідэнт разглядае сябе як асобу, што прадстаўляе інтарэсы ўсяго грамадства, у той час як палітычная партыя выяўляе інтарэсы пэўнай групы. А.Лукашэнка ніколі не ўзначаліць падобнага аб’яднання, таму што гэта будзе істотным звужэннем яго электаральнай базы. Для дзеючага кіраўніка дзяржавы адсутнічае неабходнасць у інстытуцыянальным афармленні партыі ўлады, яго легітымнасць базуецца на высокім даверу з боку насельніцтва, якая не патрабуе стварэнне дадатковых палітычных структур.
Акрамя таго, падобная палітызаваная арганізацыя, якая надае пэўныя ўладныя паўнамоцтвы і павялічвае палітычны патэнцыял свайго кіраўніцтва, можа несці пагрозу асабістай уладзе прэзідэнта. Кіраўнік ураду Беларусі з 2003 па 2010 год Сяргей Сідорскі з-за публічнага характару сваёй дзейнасці набыў значную папулярнасць сярод наменклатуры, насельніцтва і часткі апазіцыйных сілаў, для якіх ён можа быць прымальнай асобай у якасці прэзідэнта краіны. Напярэдадні прэзідэнскіх выбараў 2010 года былі шырока распаўсюджаны чуткі пра планы прэм’ер-міністра стаць кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Аднак нават пры ўмове сур’ёзнага жадання С. Сідорскага адважыцца на гэты крок для перамогі над дзеючым прэзідэнтам неабходна значна болей рэсурсаў, чым папулярнасць сярод насельніцтва і наменклатуры, падтрымка апазіцыйных сіл і вонкавых актараў. 112 тыс. сябраў БР і іх прысутнасць амаль у кожнай выбарчай камісіі, у тым ліку ў якасці старшыняў камісій, маглі бы быць фатальнымі для захавання пазіцый дзеючым кіраўніком дзяржавы, аб чым ён інтуітыўна ці свядома можа здагадвацца.
Другі сцэнар з’яўляецца найбольш верагодным і прадугледжвае захаванне існуючага становішча, калі Белая Русь і надалей будзе з’яўляецца рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй, прымаць актыўны ўдзел у грамадскіх і палітычных кампаніях, дэклараваць безумоўную падтрымку дзеючаму прэзідэнту, паступова павялічваць асабовы склад, актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва і набываць досвед палітычнай дзейнасці з доўгатэрміновымі мэтамі. У каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве адміністрацыяй прэзідэнта Белай Русі адводзіцца роля адной з GoNGO, якая павінна дэманстраваць галоўным чынам для вонкавых назіральнікаў удзел грамадзянскай супольнасці у палітычным працэсе. Варта зазначыць, што планы БР на наступную выбарчую кампанію нічым не адрозніваюцца ад папярэдніх кампаній: вылучэнне кандыдатаў, праца ў выбарчых камісіях, ініцыятыўных групах, даверанымі асобамі, а таксама назіральнікамі.
Таксама варта падкрэсліць, што пазіцыі БР стала ўмацоўваюцца ў мясцовых саветах і вертыкалі, парламенце і міністэрствах, банкаўскіх і іншых установах і арганізацыях, якія маюць істотнае значэнне для функцыянавання дзяржаўнай сістэмы, што толькі падкрэслівае доўгатэрміновыя перспектывы выкарыстання патэнцыялу БР як палітычнай партыі пэўнымі групамі сённяшні кіруючых эліт.
Трэці сцэнар развіцця БР прадугледжвае трансфармацыю гэтай палітызаванай грамадскай арганізацыі ў палітычную партыю яшчэ напярэдадні парламенскай кампаніі 2012 года. Аднак гэты варыянт патрабуе змены існуючай выбарчай сістэмы і пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў ў палітычнай сістэме.
Найбольш аптымальны варыянт
Нягледзячы на замарожванне палітычнага працэсу ў краіне пасля прэзідэнскіх выбараў 2010 года існуе шэраг спрыяльных ўмоваў для канчатковага афармлення РГА БР у палітычную партыю:
Паслабленне ролі першага прэзідэнта Беларусі ў палітычнай сістэме, напр. з-за стану здароўя.
Павелічэнне ўплыву ЕС на палітычную сістэму Беларусі і патрабаванне аб рэфармаванні дзеючай сістэмы.
Пры пэўных умовах РФ таксама зацікаўлена ў трансфармацыі палітычнай (і выбарчай) сістэмы ў Беларусі накшталт расійскай і з’яўленні моцнай прарасійскай палітычнай сілы.
Фінансавая сістэма Беларусі знаходзіцца ў сістэмным крызісе. Выратаваць сітуацыю можна толькі рэфармаваннем усёй эканамічнай сістэмы, а ў каротка- і сярэднечасовай перспектыве — залучэннем замежных інвестыцый і пазык. Па ацэнкам незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава для ўтрымання эканомікі ў балансе, Беларусі неабходна прыцягненне замежных інвестыцый у памеры 1,2-1,4 млрд далляраў у месяц [3]. Савет міністраў ужо зацвердзіў план прыватызацыі на 2011–2013 гады [5], дзякуючы якой Беларусь можа атрымаць частку неабходных сродкаў, а таксама праводзяцца перамовы наконт атрымання замежных пазык. Адзіным верагодным крэдыторам беларускай эканомікі на гэты момант з’яўляецца Расія, якая атрымала значныя магчымасці ўплыву на беларускае кіраўніцтва. Аднак без паляпшэння беларуска-еўрапейскіх адносінаў і вырашэння канфлікта паміж ЭЗ і Беларуссю, падставай якога з’яўляецца пагаршэнне дэмакратычнага працэсу ў Беларусі, ураду не выканаць планаў па прыцягненню інвестыцый і пазык у краіну: нават падчас пацяплення стусункаў паміж ЕС і Беларуссю у 2008–2010 гг. трохгадовы план прыватызацыі быў выкананы толькі на 10%[4]. Кіраўніцтва Беларусі зацікаўлена распачаць дыялог з ЭЗ яшчэ і для таго, каб збалансаваць уплыў Расіі і зменшыць яе дыктат.
Значны рэгрэс палітычнага працэсу, які адбыўся ў Беларусі пасля 19 снежня 2010 года, стварае магчымасці для афіцыйнага Менску для максімальна нізкага старту ў перамоўным працэсе з Захадам наконт дэмакратызацыі беларускай сістэмы. Галоўнай умовай пачатку дыялогу ЕС вылучае вызваленне палітвязняў, што адцягвае ўвагу ад праблемы легітымнасці беларускага прэзідэнта і жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Адной з умоваў ЕС па паляпшэнню беларуска-еўрапейскіх адносінаў з’яўляецца змены ў выбарчай сістэмы.
Рэфармаванне выбарчай сістэмы Беларусі можа быць здзейснена на ўзор казахскай або расійскай сістэмы, дзе дэпутаты ніжняй палаты парламента абіраюцца па прапарцыйна-спіскавай сістэме з 7-адсоткавым абмежавальным бар’ерам па агульнанацыянальнай акрузе.
Паводле апытанняў НІСЭПД за апошнія пяць год назіраецца змяншэнне агульнага рэйтынгу даверу як да апазіцыйных партый з 21,4% у 2006 да 16,3% у 2010 годзе, так і праўладных з 35,6% у 2006 годзе да 33,8% у 2010 г.[6]. Сацыялагічны маніторынг, праведзены Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ўлетку 2010 года, вызначае яшчэ меншы ўзровень даверу да палітычных партый у краіне — 9,8% агулам і ад 2,3% да 0,5% у залежнасці ад партыі [9]. Такім чынам, як незалежныя, так і дзяржаўныя сацыёлагі фіксуюць, што падтрымка грамадствам апазіцыйных партый недастатковая для правядзення эфектыўнай выбарчай кампаніі ў парламент і правядзенню сваіх прадстаўнікоў у Нацыянальны сход.
У дадатак адміністрацыя прэзідэнта мае шэраг механізмаў па яшчэ большай мінімізацыі рызыкаў з боку дэмакратычных сіл, якія можна выкарыстоўваць у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі:
Адмова ў рэгістрацыі асобных палітычных партый. За апошнія годы некалькі палітычных партый спрабавалі зарэгістравацца, аднак у іх гэтага не атрымалася: Беларуская хрысціянская дэмакратыя (атрымала адмову ў рэгістрацыі тры разы), Партыя свабоды і прагрэса (атрымала адмову ў рэгістрацыі тры разы) і Беларуская партыя працоўных.
Існаванне партый аднолькавай ідэалагічнай скіраванасці. У Беларусі існуе пятнаццаць палітычных партый, сярод якіх тры маюць у сваёй назве «сацыял-дэмакратычныя» і дзве «БНФ». Высокая ступень фрагментаванасці беларускіх палітычных партый, няздольнасць да кансалідацыі перашкаджае нават ахопу апазіцыйнага электарата. Сталы дэмакратычны электарат на працягу ўсяго прэзідэнства А. Лукашэнкі застаецца на ўзроўні каля 30%, аднак, як зазначалася вышэй, ніводная партыя не мае падтрымкі і паловы гэтых выбарцаў.
Змены ў заканадаўстве, паводле якіх можа быць павялічана колькасць асабістага складу партый. Зараз для дзяржаўнай рэгістрацыі палітычная партыя павінна мець не меней за 1000 сябраў.
Перарэгістрацыя палітычных партый, дзякуючы якой можна скасаваць рэгістрацыю найбольш небяспечных апанентаў.
У свой час партыя ўлады Белая Русь мае ўсе магчымасці адміністрацыйнага, інфармацыйнага, фінансавага і чалавечага рэсурсу для правядзення ўдалай выбарчай кампаніі.
Адміністрацыйны рэсурс. Кіраўніцтва БР атрымала досьвед у арганізацыі і правядзенні агульнанацыянальнай выбарчай кампаніі на новым узроўні праз прызначэнне старшыні БР Радькова кіраўніком выбарчага штабу дзеючага прэзідэнта, што адначасова павялічыла як асабістую вагу былога міністра адукацыі, так і ўзначальваемага ім палітызаванага грамадскага аб’яднання. Пасля правядзення кампаніі Аляксандр Радзькоў быў прызначаны на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, што дазволіла яму атрымаць доступ да яшчэ большых чалавечых і арганізацыйных рэсурсаў дзяржаўных устаноў і арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама іншых праўладных НДА.
Чалавечы рэсурс. Дзеючым кіраўніцтвам БР усё болей надаецца ўвага менавіта палітычнай складовай дзейнасці Белай Русі і ўдзелу актывістаў арганізацыі ў выбарчых кампаніях, на дапамогу якой прыцягваюцца іншыя арганізацыі, якія не маюць перспектыў ператварэння ў палітычныя партыі, як напрыклад, БРСМ. Падчас сустрэчы з актывам БРСМ намеснік адміністрацыі прэзідэнта і старшыня БР А. Радзькоў падкрэсліў аб неабходнасці выкарыстання досведу працы актывістаў гэтай арганізацыі падчас правядзення апошніх прэзідэнскіх выбараў на парламенскіх выбарах 2012 года[1]. Беларуская наменклатура прымяняе савецкі досвед ахопу ідэалагічнай працай грамадяніна з самага дзяцінства, што стварае значныя магчымасці Белай Русі па рэкрутацыі: асабовы склад Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі складае больш за 564 тыс. чалавек, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі каля 500 тыс. чалавек, а Грамадскага рэспубліканскага аб’ядання Белая Русь болей за 112 тыс. чалавек. У 2010 годзе завяршыўся канчатковы ахоп тэрыторыі краіны: колькасць сябраў Белай Русі на Гомельшчыне была падцягнута да колькасці сябраў у іншых абласцях і склала болей за 12 тыс. чалавек (павялічылася за год на 9 тыс. чалавек).
Фінансавы рэсурс.У той час як фінансавае становішча апазіцыйных палітычных партый нашмат больш сціплае і шмат у чым залежыць ад вонкавага фінансавання, аб’яднанне «Белая Русь» працягвае ўмацоўвацца. Арганізацыя з’яўляецца самафінансаванай і не залежыць ад вонкавых датацый, акрамя таго яна павялічвае з кожным годам памер прыбытковай часткі свайго бюджэта: калі ў 2009 годзе сабрана больш за Br2 млрд., дык у 2010 годзе ўжо каля Br3 млрд.[12] Пры гэтым шэраг рэсурсаў, як напрыклад, памяшканне, транспарт, прадастаўляюцца дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі функцыянерам БР бескаштоўна або па зніжаным тарыфам. Гэта дазваляе аб’яднанню праводзіць шматлікія грамадска-палітычныя акцыі, якія фармуюць у насельніцтва станоўчы імідж Белай Русі.
Інфармацыйны рэсурс.Аб’яднанне Белая Русь мае неабмежаваны доступ да агульнанацыянальных і мясцовых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія рэгулярна ў станоўчым свеце асвятляюць дзейнасць гэтай арганізацыі.
Высновы
Стварэнне ў Беларусі партыі ўлады адпавядае інтарэсам асобных груповак беларускай наменклатуры, зацікаўленых ў існаванні палітычнага суб’екта, які здольны пераняць уладу пасля сканчэння эпохі першага прэзідэнта ў Беларусі. З часу свайго заснавання ў 2004 годзе аб’яднанне «Белая Русь» пастаянна павялічвае свой уплыў у грамадска-палітычным жыцці краіны, дзяржаўных органах і усё болей выконвае функцыі палітычнай партыі, актыўна прымаючы ўдзел у кожнай выбарчай кампаніі.
Аднак у бліжэйшай перспектыве праект ператварэння рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у палітычную партыю выглядае як адкладзены і можа быць зноў рэанімаваны ў выніку дзеяння шэрагу чыннікаў, галоўным з якіх з’яўляецца змяншэння ролі лідэрства А. Лукашэнка ў палітычным працэсе. Ператварэнне БР у палітычную партыю можа таксама быць паскорана ў выпадку росту ўнутрыпалітычнай напружанасці з-за нарастаючага эканамічнага крызісу і ажыццяўлення кіраўніцтвам дзяржавы мадэлі «кіраванай» дэмакратыі, выкарыстоўваемай на прасторах СНД. Падобны крок можа быць здзейснены пры ўмове ціску вонкавых актараў і жорсткай абумоўленасці імі эканамічнай дапамогі Беларусі, якая ўжо не ў стане самастойна вырашыць нарастаючыя праблемы ў сваёй эканоміцы.
Пры ўмове трансфармацыі аб’яднання Белая Русь у палітычную партыю і пераходзе да прапарцыйнай выбарчай сістэмы правядзенне парламенскіх выбараў у 2012 год па партыйных спісах гарантуе перамогу гэтай арганізацыі. З улікам высокага прахаднога бар’ера, фрагментаванасці апазіцыйных палітычных сіл і нізкага ўзроўню падтрымкі сярод грамадства іх шанцы патрапіць у Нацыянальны сход знаходзяцца на ўзроўні матэматычнай пагрэшнасці.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніцаў
1. Александр Радьков похвалил БРСМ: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет партал Open.by. — Рэжым доступу: http://news.open.by/country/48435 Дата звароту: 26.03.2011.
2. «Белая Русь» на выборах 2012 года пойдет в парламент: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. — Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/society/2011/03/13/ic_news_116_363097/http://naviny.by/rubrics/society/2011/03/13/ic_news_116_363097/ Дата звароту: 26.03.2011.
3. Будет ли Лукашенко реформировать экономику по сценарию Кремля? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-выданне «Заўтра тваёй краіны. — Рэжым доступу: http://www.zautra.by/art.php?sn_nid=8293&sn_cat=11 Дата звароту: 26.03.2011.
4. В Беларуси за 2008–2010 годы план приватизации выполнен на 10%: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Першы інфармацыйна-даведкавы партал Іnterfax.by. — Рэжым доступу: http://www.interfax.by/news/belarus/86845
5. В Беларуси утверждены планы приватизации на 2011–2013 годы: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Беларускі Інтэрнэт партал. — Рэжым доступу: http://news.tut.by/economics/219376.html Дата звароту: 26.03.2011.
6. Доверие как заемный ресурс: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. — Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/press5.html Дата звароту: 26.03.2011.
7. Кизима С. Выигрыши и проигрыши. Глобальная система международных отношений после августа 2008 года / С. Кизима // Беларуская думка. — 2008. — № 11. — С. 70-75.
8. Лукашэнка можа пусьціць у ход войска: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Радыё Свабода: афіцыйны сайт беларускай службы Радыё Свабода. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/2316160.html Дата звароту: 26.03.2011.
9. Политические партии Беларуси на весах социологии: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. — Рэжым доступу: http://socio.bas-net.by/index.php/publications/reports/item/16-политические-партии-беларуси-на-весах-социологии Дата звароту: 26.03.2011.
10. Президентские выборы-2010: «Пейзаж после битвы»: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. — Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/press1.html Дата звароту: 26.03.2011.
11. Швецов А. Отдалённое эхо будущего диалога: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Наша меркаванне: сайт беларускай экспертнай супольнасці «Наша меркаванне».- Рэжым доступу: http://nmnby.eu/news/analytics/3081.html Дата звароту: 26.03.2011.
12. Численность РОО «Белая Русь» за два года выросла более чем на 30 тыс. человек: партал [Электронны рэсурс] // БЕЛТА: Інтэрнет-сайт Беларускага тэлеграфнага агентства.– Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/all_news/society/Chislennost-ROO-Belaja-Rus-za-dva-goda-vyrosla-bolee-chem-na-30-tys-chelovek_i_545692.html Дата звароту: 26.03.2011.
13. Way Lucan. The Real Causes of the Color Revolutions. Journal of Democracy — Volume 19, Number 3, July 2008, pp. 55-69. E-ISSN: 1086-3214 Print ISSN: 1045-5736