Ці можна казаць, што ў Рэспубліцы Беларусь на сёння — то бок на люты 2011 году — ёсць скончаная, завершаная партыйная сістэма — наўрад ці. Але ў гэтым няхай разбіраюцца палітолагі, пагатоў гэта іхнае беспасярэдняе заданне. Я ж маю куды больш сціплую мэту — паспрабаваць прасачыць, якімі шляхамі прайшло ўсё тое, што мы цяпер і мянуем «партыйная сістэма Беларусі».
І. Вытокі і папярэднікі
Ідэя партыі як групы аднадумцаў, якіх лучаць супольныя інтарэсы пэўных сацыяльных груп і якія намагаюцца гэтыя інтарэсы бараніць праз удзел у выбарах і заваёву дзяржаўнай улады, узнікла адносна нядаўна, за тым часам, калі гэныя самыя выбары і з’явіліся. Радзіма партый — Вялікая Брытанія, каторая яшчэ ў ХІХ ст. пачала пашыраць выбарчае права на шырокія пласты насельніцтва. Спачатку тут існавалі псеўдапартыйныя згуртаванні торы і вігаў, якія ў ХІХ ст. трансфармаваліся ў кансерватыўную і ліберальную партыі адпаведна. Такім чынам, сфарамавалася дзвюхпартыйная сістэма. У ХХ ст. лібералаў замянілі лейбарысты — партыя, якая выйшла з шырокага работніцкага руху. Зрэшты, гэта ўсё не нашая тэма.
У Рэчы Паспалітай часоў соймавай анархіі таксама існаваў інстытут, які з цягам часу мог пераўтварыцца ў партыю — канфедэрацыі шляхты. Яны ўзнікалі з мэтай абароны шляхецкіх інтарэсаў ад каралеўскіх прэтэнзіяў ці ў якіх іншых мэтах — гэта ўжо глядзелі па сітуацыі. У сяр. ХVІІІ ст. існавала магнацкая групоўка Чартарыйскіх — «Фамілія» — якая мела некаторыя прыкметы партыі. Але ў 1795 г. разам з Рэччу Паспалітай усе гэтыя інстытуты пайшлі на піва да Абрама.
У варунках Расейскага панавання якія-колечы партыі ў класічным сэснсе гэтага слова былі немажлівыя. Затое ў 1860-х гг. пачынаюцьь узнікаць разнастайныя канспіратыўныя групы, якія таксама выяўляюць інтарэсы пэўных пластоў насельніцтва і змагаюцца за ўладу, але не шляхам выбараў — маю на ўвазе народнікаў ды ранніх марксістаў. У 1870-х гг. народнікі з Віцебска (Ратнер, Марчанка) маніліся стварыць «Беларускую народную сацыял-рэвалюцыйную партыю», але ідэя засталася на паперы. Больш рэальнай сталася «Беларуская народная сацыял-рэвалюцыйная група» «Гоман» — заснаваная нібыта ў 1880 г. самім Ігнатам Грынявіцкім, які паходзіў з Бабруйшчыны. «Гоман» праіснала да сяр. 1880-х і запомнілася выданнем аднайменнага часапісу, дзе абгрунтоўвалася нацыянальная ідэя.
Але хутка група знікла, дый у 1890-х гг. на сцэну заміж рэвалюцыйнага народніцтва выходзіць ліберальнае, каторае не лічыць за патрэбнае ствараць разнастайныя антыўрадавыя незаконныя суполкі, пагатоў плёну ад іхнага існавання, апрача пагромаў ды арыштаў, ніхто не пабачыў. Затое з’яўляюцца марксісты — то Бунд (1897 г.) ды РСДРП (1898 г., устаноўчы з’езд эсдэкаў адбыўся ў Менску). У канцы ХІХ ст. паўстаюць і партыі нацыянальных рухаў — ППС (1892 г.), РСЛ (1896 г.) — узнік як адказ на «нацыяналістычную» Літоўскую СДП і пасля аб’яднаўся з СДКП у СДКПіЛ.
Запознены беларускі нацыянальны рух падышоў да стварэння ўласнай палітычнай арганізацыі пазней за суседзяў, у 1901 г. Адбылося гэта ў сталіцы імперыі. На чале новай арганізацыі — Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП) — стаў Вацлаў Іваноўскі. Зазначым, што эпітэт «рэвалюцыйная» быў уведзены ў назоў выняткава як індыкатар паноўных настрояў у студэнцкіх колах — партыя ствараліся менавіта навучэнцамі сталічных ВНУ. Аднак БРП, якая праіснвала да 1903 г., так і не набыла сваёй праграмы, хоць мелася нават правесці з’езд. Такім чынам, партыяй яна так і не стала. Не імкнуўся да гэтага і Іваноўскі, які лічыў, што першачарговая справа — абудзіць народ культурна, заняцца кнігавыдавецкай справай. Пра гэта яскрава засведчыў зварот «Да інтэлігенцыі» (1902 г.), які замяніў БРП праграмны маніфест.
Аднак прыход у БРП маладых дзеячоў у канцы 1902 г. (перадусім братоў Луцкевічаў) заактывізаваў партыйнае жыццё. У снежні быў нават складзены першы нумар беларускага рэвалюцыйнага часопісу «Свабода» (пазначаны як № 1 за 1903). Але наклад часопісу быў знішчаны, і засталося ад яго толькі некалькі матэрыялаў.
Няўдача са «Свабодай», а таксама ідэалагічныя разыходжанні выклікалі ўвесну 1903 г. раскол. Іваноўскі стварыў Круг беларускай народнай прасветы і культуры, які і заняўся рэалізацыяй «праграмы» БРП. Браты Луцкевічы стварылі Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ), якая ў снежні 1903 г. правяла ў Вільні свой І з’езд. На з’ездзе была ўхваленая і праграма партыі.
Каталізатарам развіцця партыі сталася і Расейская рэвалюцыя 1905–1907 гг. Праўда, яшчэ да гэтага часу, у к. 1904 г., да партыі далучыўся колішні Круг Іваноўскага, што выклікала замену назвы на Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), якая сталася сапраўдным беларускім палітычным брэндам. У часе рэвалюцыі БСГ актыўна друкавала ўлёткі, праводзіла мітынгі (разам з іншымі сацыялістамі). Пашырыўся ўплыў партыі на сялян — у сакавіку 1905 г. яна разам з эсэрамі зладзіла сялянскі з’езд, на якім было пастаноўлена пра стварэнне Беларускага сялянскага саюзу. Было і шмат іншага.
Акрамя БСГ, у часе гэтай «завіхуры» паўсталі і іншыя партыі, якія прэтэндавалі на рэпрэззэнтацыю беларусаў. Так, яшчэ напярэдадні рэвалюцыі, у 1904 г., паўстала Сацыялістычная партыя Белай Русі (СПБР). Узнікненне партыі было звязана з дзейнасцю ППС, якая хацела паставіць пад свой кантроль хай і слабую, але ўсё такі небяспечную Грамаду. Перамовіны пра пераход апошняй на «канструктыўную пазіцыю» (то бок прыняцце поглядаў ППС) праваліліся, і тады пэпээсы ініцыявыалі ўтварэнне СПБР. Тая мусіла аб’яднацца з БСГ і такім чынам павярнуць яе на «ісцінны шлях». Але гэтая задума правалілася, СПБР хутка знікла, пакінуўшы па сабе адно некалькі ўлётак, а яеныя лідары з галавой пайшлі ў дзейнасць ППС.
У канцы 1905 г., пасля выдання вядомага маніфесту Міколы ІІ, ствараецца Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі на чале з баронам Э. Ропам. Роп узяў праграму партыі кадэтаў і троху адрэдагаваў яе, дапоўніўшы хрысціянскімі прынцыпамі.
У 1906 г. адбыліся першыя выбары ў дзярждуму Расеі. Сацыялістычныя партыі (у т. л. і БСГ) — іх байкатавалі (ужо ў тым самым годзе яны прызнаюць гэта памылкай і возьмуць удзел у выбарах ІІ Думы. Нічога не нагадвае? Усё такі гісторыя не вучыць). Дэпутаты ад Беларусі спачатку трымаліся кадэтаў (80%), але пасля адышлі ад іх хто куды.
У студзені 1906 г. адбыўся ІІ з’езд, на якім была ўхваленая новая праграма. БСГ была абвешчана ўжо арганізацыяй не толькі беларускага народу, але ўсёй «працоўнай беднаты беларускага краю». У дзяржаўных адносінах тэза пра незалежнасць Беларусі была заменена гоманаўскай ідэяй аўтаноміі.
Другія выбары адбыліся на мяжы 1906–1907 гг. БСГ склала ў Менску блок з іншымі сацыялістамі. Блок перамог, але вынікі выбараў былі ануляваныя. Так Беларусы і не дамагліся прадстаўніцтва для сваёй галоўнай партыі. А ў чэрвені 1907 г. адбыўся пераварот, рэвалюцыя скончылася, БСГ пастанавіла прыпыніць дзейнасць (de-facto яна дзейнічала і надалей — яе актывісты аб’ядналіся ў шматлікія гурткі, кіраўнікі якіх з’яжджаліся ў Вільню на купаллі — аналаг партыйных з’ездаў).
Улетку 1907 г. Раман Скірмунт спрабуе свтарыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі, але праект правальваецца і да канца года яна спыніла сваё існаванне.
Такім чынам, на 1908 г. у свеце не было аніводнай партыі, якая б хаця б мела ў назве слова «беларуская». Але Расеі заставалася нядоўга. Блізілііся новыя «завірухі».
Продолжение следует