Удзельнікі размовы:

Артур Фінькевіч, актывіст арганізацыі «Малады фронт».
Аляксандр Тамковіч, публіцыст

5 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі наконт прысуду палітвязьню Артуру Фінькевічу. Судзьдзя прыняў рашэньне вызваліць Фінькевіча з СІЗА.

Аляксандр Тамковіч: Вінушую вас з вызваленьнем. Пачнем з пачатку?

Артур Фінькевіч: Усяго за маё пакуль кароткае жыццё затрыманняў было каля 80. Калі за гэта не давалі «сутак» (з 16 да 18 гадоў) міліцыя затрымлівала мяне амаль кожны месяц. Зараз значна складаней, таму што амаль у любым выпадку будзе адміністрацыйны арышт. Аднак нікога гэта не спыняе. Той прэсінг, які ёсць з боку ўладаў, наадварот сведчыць яшчэ больш за тое, што мы рухаемся ў правільным накірунку і робім добрую справу. На жаль, 31 студзеня 2006 года ноччу, калі я пісаў на плоце «Мы хочам новага» затрымалі, як высветлілася пазней, «па-даросламу».

А.Т.: А чаму пісаў сам, бо на той момант, наколькі мне вядома, вы былі адным з кіраўнікоў структуры, якая рабіла такія графіці?

А.Ф.: Тлумачыцца ўсё даволі проста. Ёсць правіла — калі кіраўнік не можа належным чынам нешта арганізаваць, ён павінен браць «ногі ў рукі» і выконваць ўсё сам. Так у той раз і атрымалася. Я банальна да гэнага часу нічым падобным не займаўся, таму ніякага досведу не меў. За некалькі дзён да акцыі зняў спецыяльна офіс, прынёс туды некалькі скрыняў з фарбамі. Бліжэй да поўначы да мяне туды павінны былі прыйсці людзі, але я вырашыў дзве гадзіны папрацаваць самастойна. Узяў з сабой каля 10 балонаў. У апошнім было ўжо на дне, калі мяне нечакана затрымалі аўтаматчыкі з Дэпартамента аховы. Паклалі на асфальт. Я падумаў пра 15 сутак, бо гэта за апошнія паўгады было ўжо звыклым. Прывезлі ў райадзел. Потым некалькі сутак вазілі ў ізалятар часовага затрымання і назад. А затым узбудзілі крымінальную справу. На мой погляд, пры непасрэдным удзеле мэра Мінска Паўлава. Я ўжо быў на Валадарцы, калі пачуў як менавіта па гэтым факце ён выступае па радыё. Нейкія прозвішчы не называліся, але словы выкарыстоўваліся даволі жорсткія — вырадкі і т. п. Тое ж потым самае казалі маёй маці, якая прыходзіла забіраць мае рэчы (тэлефон і адзенне).

Яна не жыве з маім бацькам з тых часоў, калі мне было 7 год. Як асоба я сфарміраваўся без яго, таму да такога факта стаўлюся даволі спакойна. Ён жыве ў суседнім доме.

На Валадарцы прасядзеў усю выбарчую кампанію. Відавочна, што мяне проста вырашылі такім чынам часова «зачысціць». Каб не удзельнічаў у агітацыю і не хадзіў на плошчу.

Знаходжанне за кратамі не было нечым экстраардынарным. Я ўжо ведаў, што гэта такое. Бывала сядзеў па трыццаць сутак запар. Адбывалася так. Калі да сканчэння першых 15 сутак застаецца некалькі гадзінаў, мяне вязуць у суд іншага раёну, і «выпісваюць» яшчэ 15 сутак.

Суд адбыўся 10 мая. Я ведаў пра справу «Партнёрства», чытаў пра тое, што крымінальная справа ўзбуджана і на «Малады фронт», але спадзяваўся на нешта ўмоўнае. Судзілі па трэцяй частцы артыкула 218, што азначае сапсаванне маёмасці ў асабліва буйных памерах і хуліганства.

А.Т.: «Асабліва буйны памер» гэта колькі?

А.Ф.: Тое, што я напісаў на бетонным плоце ацанілі ў 36 мільёнаў беларускіх рублёў. Не ведаю, чым яны карысталіся, але мне пагражала ад сямі да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі. Безумоўна, я не разлічваў на такія тэрміны, але не разлічваў і на тое, што пайду з зала суда на волю. Далі два гады абмежавання волі, якую больш называюць «хіміяй». З чым цалкам не згодны многія юрысты, бо па сутнасці тут ніякага злачынства не было. Факты палітычных графіці я не адмаўляю, але нічога крымінальнага няма.

Часова адпусцілі. Ужо праз два дні я сустракаў свайго сябра Зміцера Дашкевіча, які адбываў чарговыя «суткі» за «Чарнобыльскі шлях». Праз некалькі дзён разам пайшлі на суд над нашым знаёмым выкладчыкам Педагагічнага універсітэта, якога выключылі за падтрымку Мілінкевіча. Не дайшлі да будынку суда метраў трыццаць. Нас забралі. Быццам бы за лаянку. На наступны дзень у тым жа судзе далі па 15 сутак. Выйшлі і падтрымалі галадоўку «Маладога фронту», а праз тры тыдні я ўжо ехаў у Магілёў на «хімію». Ехаў з нейкай радасцю, бо гэта не Крупкі, Бярэзіна альбо Мар’іна Горка — цывільны абласны горад. 29 чэрвеня 2006 года зразумеў, што памыліўся. Гэта самая рэжымная «хімія» з 53, якія ёсць у Беларусі.Ва ўсіх сэнсах паказальная ўстанова, дзе самы высокі адсотак тых, хто адтуль пасля «хіміі» ідзе ў калонію за ўхіленне ад адбыцця пакарання і розныя парушэнні.

Літаральна на другі дзень кіраўнікі адміністрацыі сказалі, што я буду хутка сядзець у калоніі. Засмяяўся. На што параілі быць уважлівым, бо ў мяне могуць знайсці наркотыкі. І пасыпаліся розныя парушэнні. Як кажуць, не адкуль.

Пасылалі на такую працу, дзе было лепш ўсё кантраляваць і ў любы момант ізаляваць. Той жа Мілінкевіч наведваў мяне некалькі разоў, а паразмаўляць з ім я смог толькі аднойчы. На ганку камендатуры, 15 мінут, у прысутнасці кіраўніка ўстановы. Апошні, як бывалы цэнзар, прыслухваўся да кожнага майго слова. І то, гэта было ў самым пачатку. У іншых выпадках вывозілі за межы горада, ці проста «каталі» на службовай машыне. Працаваў у розных месцах — у дзіцячым садку, на будоўлі, на заводзе, дзе вырабляюць бардзюры. Словам, там, дзе я не мог застацца адзін. Давалі ў прытык часу на дарогу, каб не было магчымасці куды-небудзь зайсці і купіць прадуктаў наведаць касцёл, або лазню.

А.Т.: Дык вы каталік?

А.Ф.: Не. Проста ў Магілёве на маім маршруты не было царквы, а часу яе шукаць не давалі, вось і прыходзілася заходзіць у касцёл. Там больш, што там браў шлюб Зянон Пазьняк. Гэта адзін з самых вядомых касцёлаў Беларусі. І самы вялікі. Да і Бог агульны. На жаль, заходзіць туды даводзілася вельмі рэдка.Толькі тады, калі выпадала нейкім чынам перахітрыць адміністрацыю.

Бывала, не выходзіў з камендатуры месяцамі. Своеасаблівы хатні арышт.

Што тычыцца людзей, якія там адбывалі пакаранне, то яны сядзелі за дробязі: нехта скраў курыцу, нехта пабіўся.і г. д. Кантынгент розны. У асноўным з Магілёву і Бабруйску.

Памагаў пісаць розныя скаргі на дзеянні кіраўніцтва, якое парушае правы асуджаных, кепскія бытавыя ўмовы. Напрыклад, часам па тры-чатыры месяцы ў нас не працаваў душ. Адміністрацыя аб гэтым хутка даведвалася, на людзей прачыналі ціснуць і тыя адмаўляліся ад сваіх слоў. Звычайна, «крайнім» у такіх выпадках аказваўся я.

Прыязджалі прадстаўнікі дыпламатычных місіяў. Размаўлялі. Зразумела, толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў адміністрацыі, прадстаўнікоў упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці і кэдэбэшнай тэлекамеры.

А.Т.: А ў вас была магчымасць хоць з кім-небудзь пагаварыць без сведак у пагонах?

А.Ф.: Толькі з маці.

Звычайна, калі ёсць такая патрэба, усіх выпускаюць на цэлы дзень. Мяне ж выпусцілі толькі адзін раз і толькі на некалькі гадзін.

Перад дыпламатамі было вельмі сорамна за хамства некаторых службоўцаў. Амбасадараў Вялікабрытаніі і Славаччыны нахабна выпіхнулі з будынка камендатуры. Для нейкага маёра не ўзровень тое, што пасля размовы са мной, яны паедуць сустракацца з Магілёўскім губернатарам Батурай. Той лічыць сябе больш галоўнымі і важнымі, чым прадстаўнікі іншых краін.Падобныя нетактычныя паводзіны, акрамя як хамствам, і назваць цяжка.

Пастаянныя здзекі — рыхтуй куртку з тоўстага вельвету, яна хутка табе спатрэбіцца. Так у калоніях называюць фуфайку.

Прэсінг быў амаль усе 24 гадзіны ў суткі. Напрыклад, калі баліць сэрца і ты, пасля адбою, выйшаў за валідолам да суседзяў, гэта ўжо парушэнне. 3-4 такіх парушэння і — зона.

За час «хіміі» мяне наведала вельмі многа людзей, за што ім шчыры дзякуй. Першым часам гарачаю ежу прыносілі ледзь не кожны дзень. Па такіх момантах пачынаеш разумець, што гэта і ёсць беларуская салідарнасць У Магілёве жыве 400 тысяч і колькасць дэмакратычна-настроенага насельніцтва там даволі высокая. Безумоўна, не кожны можа выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту, але ўлады не падтрымліваюць даволі многія.

26 кастрычніка 2007 года мяне перавялі ў чацвёрты магілёўскі следчы ізалятар. Што было крышачку нечаканым. За «парушэнні» узбудзілі крымінальную справу па артыкулу № 415 — ухіленне ад адбыцця пакарання. Другімі словамі, зрабілі тое, што абяцалі адразу. Да суду прасядзеў там два месяцы, а 20 снежня ён адбыўся.

У мяне быў кепскі стан здароў’я. Па сутнасці не мог даваць паказанні, але суддзя (для мяне гэта было дзіўным) адмовілася адкладаць разгляд крымінальнай справы, матывуючы гэта тым, што ў яе ўсё размеркавана да канца месяца. Не гледзячы на ўсё, беларуская Феміда працуе без збояў. Нават хуткую дапамогу выклікалі — моцна падняўся ціск. Давалі розныя лекі, нават калолі. Потым я паглядзеў чым — дімедрол. І гэта чалавеку, які дае ў судзе паказанні! Напрыканцы па сутнасці ўвогуле ўжо не мог стаяць на нагах. Прысудзілі паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Шчыра кажучы, я не здзівіўся, бо рабіць гэта ў сённяшняй Беларусі проста безсэнсоўна. За кратамі можа аказацца абсалютна любы. Хутка будуць судзіць толькі за тое, што ты не жыраф.

Ужо ў гэтым годзе, 5 лютага, у абласным судзе разгледзелі маю касацыйную скаргу. І нечакана адпусцілі.

А.Т.: А чым вы займаецеся зараз?

А.Ф.: Ездім па рэгіёнам. Рыхтаваліся да традыцыйнай акцыі ў Дзень святога Валенціна.

А.Т.: Гэта ўжо які раз?

А.Ф.: Адзінаццаты. З такой акцыі «Малады фронт» і пачынаўся.

А.Т.: Просьба параўнаць тое, што было раней, да «хіміі», з тым, што адбывае зараз?

А.Ф.: Грамадства змянілася.

Яно стала больш крытычным да ўлады. Але ў гэтым няма заслугі дэмакратаў. Працэс ідзе незалежна, а не таму, што нашые аб’яднаныя дэмакратычныя сілы такія цудоўныя і добрым чынам чымсьці займаюцца. І не з таго, што нешта адбываецца на Карла Маркса 38. Ідзе нікому не падкантрольны працэс. Так, на яго нейкім чынам можна ўплываць, але гэта, на жаль, ніхто не робіць. Перакананы, сённяшні тэрмін дзеючы прэзідэнт на сваёй пасадзе не дасядзіць. Падробнае проста вітае ў паветры. Усё жадае змен.

А.Т.: Можа так уплывае эканоміка?

А.Ф.: Не толькі. Канешне, эканоміка — дастаткова моцны фактар, але не галоўны. Грамадства стамілася ад гэтай улады. Асноўнае ў галіне маралі і псіхалогіі і адсутнасці духоўнасці.

А.Т.: А чаму «Малады фронт» ідзе за Мілінкевічам?

А.Ф.: На дадзены момант для любога нармальнага нацыянальна-арыянтаванага чалавека ёсць адзіны лідэр. Не толькі аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але і ўсяго грамадства. Ім з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч. І так, на мой погляд, павінна быць. Іншых варыянтаў у нас няма. Гэта палітычная аксіёма.

Обсудить публикацию