/без Беларусі/

Папса як ударная сіла старасьці

«А ты такой холодный, как айсберг в океане…»

Алла Пугачёва

«Встречайте нашу новую звёздочку!»

Егор Хрусталёв

«А вот и я!»

Л. И. Брежнев

Якую музыку слухаў Генэральны сакратар ЦК КПСС, лаўрэат Ленінскай прэміі, маршал Л.І.Брэжнеў? Пэўна, ня «Бітлз» і ня «Ролінг Стоўнз».

Рокавыя рытмы для маладых. Яны й слухалі: забароненыя «Пінк Флойд», «Акцэпт» і «Лэд Зэпэлін».

Сёньняшнія бацькі са зьдзіўленьнем знаходзяць у сваіх дзяцей плыткі ня толькі «НРМ» ці «Рамштайна», але знаёмую «Мэталіку» дый запісы «Наўцілуса». Нічога дзіўнага. У маладосьці свая музыка — і яна пазачасная.

Але, як існуе «мэлёдыя» маладосьці, так існуе й музыка заўсёднае старасьці.

Росквіт яе адбыўся ў 70-ыя. Тагачасная папса маскавалася пад бадзёрасьць — але з нараджэньня была старэчай, ці, прынамсі, сьпелай дый стомленай. Песьні Пугачовай, Лявонцьева, П’ехі, не гаворачы ўжо пра Талкунову ці Лешчанку, — гэта пажады жанчыны, якая шмат пажыла, шмат бачыла, але ўсё яшчэ «гарыць сэрцам». (Варта адзначыць, што падобныя інтанацыі назіраліся й на Захадзе.)

1. Калі музыка маладосьці — гэта пратэст і нонканфармізм, то музыка старасьці — згода з грамадзтвам ці абыякавасьць да яго.

2. Музыка маладосьці заўжды грамадзянскае — нат тады, калі сьпяваецца пра каханьне. Музыка старасьці — прыватная, нат калі сьпявак не жадае «расставацца з камсамолам» (і абяцае быць «вечна маладым»).

3. Паводзіны музыкаў таксама розьняцца. Джон Ленан і Ёка Она праводзяць у ложку «дэманстрацыю за мір», а сэксуальная дысыдэнтка Пугачова ўцякае ў прыватны сьвет. І як бы скандальна не выглядала актрыса, сёньня яна зьяўляецца той, кім была насамрэч: найлепшай адвакаткай савецкага рэжыму — у яго апошняй маразматычнае стадыі.

4. Нарэшце, для музыкі маладосьці вельмі важны сэнс — і тэксты песень, контракультурная «крытычная рацыянальнасьць» — нат з воклікам гэві-мэталю. А для старэчай папсы галоўнае — пачуцьцёвасьць, інтымная залагоджаная сьлязьлівасьць, гарантаваная абяздумленай інтанацыяй.

Сёньняшнія канцэрты «За Беларусь!» — гэта нараджэньне й вяртаньне старэчай папсы ў краіну. Няхай нікога не засмучае «грамадзянская» скірававанасьць гэтай акцыі (канцэрты агітуюць за Лукашэнку). Галоўнае — пачуцьцёва-прыватны шэпт, залагоджанасьць і казённа-бадзёрая «стабільнасьць» для непублічнага чалавека.

Так падзабытая зорка Ілона Бранявіцкая падзялілася самым інтымным: на «Славянскім базары» ў Віцебску яе пацалаваў Аляксандар Рыгоравіч. Увогуле, расейская папса — ударная сіла канцэртаў (засьвяціліся Стас П’еха, Валерыя, абяцаюць Міладзэ. Падобны дэсант быў у Януковіча — не дапамагло).

90% першага канцэрту складалі тутэйшыя клоны расейскай папсы. Нат «эўрадзетка» Ксенія Сітнік сьпявала рускую народную.

Сучасная папса Расеі застаецца «старэчай» музыкай — і найяскравейшы доказ гэтаму навагоднія «Старыя песьні пра галоўнае» (правільней іх назваць «Галоўнай песьняй пра старое»). Беларускія копіі паўтараюць «старэчыя» рысы папсы расейскай і дадаюць да гэтага нішчымную стэрыльнасьць і беднасьць. (Сэксуальная фронда рызыкоўная, бо месца галоўнага аб’екту даўно занятае.)

Саша Нэма й Жанэт, PrimaVera і Паліна Смолава — не запамінаюцца анічым, але пнуцца адпавядаць мэлёдыям старасьці: прыватнасьць, канфармізм, «бываласьць» дый «бадзёрасьць» сэрца. Нават тэатар «Хрыстафор» працуе на галоўную тэму («Мяне ніхто ня любіць, у мяне глісты!»).

Але камэра ня здольная схаваць шматлікія засьцярожаныя — і мардатыя — твары чыноўнікаў, якім раздалі квіткі на лепшыя месцы. Роўна як ня здольная тэлевізія забясьпечыць і карцінку суцэльнага маладзёвага захапленьня, бо колькі ні паказваць адзін замылены кадар, заўзятараў ад гэтага болей ня стане.

Папсовы афіцыёз — гэта музыка старасьці. Яна не разьлічаная на маладзёвую аўдыторыю, якімі бы маладымі не здаваліся выканаўцы. Каб атрымаць водгук, такая музыка павінна стацца ня толькі больш прафэсійнай, але мусіць і дачакацца, каб ейныя слухачы састарэлі.

Каб жаданьні сьцяліся ад духоўнага дэфіцыту, каб вочы патухлі ад гадоў цынізму, а бабіна восень знайшла неспатоленае лібіда.

Але для духоўнае старасьці недастаткова ні 12 гадоў рэжыму, ні «братэрскіх» ін’екцый сканалых зорак, ні навязьлівых курсаў ідэалёгіі — і ні прыкрых канцэртаў «За Лукашэнка — без Беларусі».