1. Вялікае мастацтва штампу

Заштампаванасьць не была ў пашане ў новачаснай «аўтарскай» дыктатуры. Банальнасьць ганілі, цкавалі, труцілі ў элітных часопісах; з клішэ зьдзекаваліся, выстаўлялі ля ганебнага слупа, мазалі дзёгцем — і ўрачыста валялі ў пёрах.

Папялушку-штампоўку закідвалі памідорамі, выстаўлялі за дзьверы мастацкіх палацаў, штурхалі, — у лепшым выпадку шкадавалі — і чакалі прыйсьця жаданага «аўтара», які разбурыць «аўтаматызаваны прыём» [1].

Але ёсьць тэрыторыя, дзе небарака — законная каралева, дзе яе шануюць і ёй захапляюцца, дзе заштампаванасьць вядзе рэй.

Культавае кіно — гэта трыюмф штампаў, сьвята сэрца, нязмушаная й свабодная радасьць прыватнага гледача.

«Калі на сцэну бессаромна ўрываюцца ўсе архетыпы, адкрываюцца гамэраўскія глыбіні. Два клішэ сьмешныя. Сто клішэ хвалююць. Таму што мы невыразна чуем, як клішэ размаўляюць паміж сабою, сьвяткуючы сустрэчу. Як боль сустракаецца на вяршыні з асалодай і верх вычварэньня пераходзіць у містычную энэргію, так за мяжой банальнасьці высьвечваецца веліч. Нешта гаворыць замест рэжысэра, ” — з натхненьнем пісаў Умбэрта Эка пра фільм „Касабланка“ [2].

«Ноч жывых мерцьвякоў» і «Бесклапотны яздок», «Прыгоды Бураціна» і «Зорныя войны», «Белае сонца пустыні» і «Супэрмегеры», «Попел і дыямэнт», «Твін Пікс», «Кіно пра Рокі Хорара», «У джазе толькі дзяўчынкі», «Вітаю, я ваша цёця!», «Напад памідораў-забойцаў», «Іронія лёсу» і «Бягун па лязу брытвы», — культавыя фільмы шматкроць пераглядаюцца ў шырокіх і вузкіх колах, парасьцяганыя на цытаты, паабрасталі фальклёрам, аўкцыёнамі, старонкамі ў сеціве й адданымі фан-гурткамі [3].

Штамп — сэрца культавага кіно. Гэта можа быць наўмыснай трэшавай бутафорыяй — ад безнадзейнага няўмельства («Плян 9 з далёкага космасу» Эда Вуда), ці ад зацятага хуліганства (фільмы студыі «Трома»). Гэта можа стацца нахабнай жанраваю празьмернасьцю, што канвульсуе іроніяй — як у «Жывой мерцьвячыне» Пітэра Джэксана (газонакасілка, кроў па калена).

Нарэшце, штамп малімоніцца ў дзіўных дэкарацыях з экзатычнымі дэталямі — як у кіно эўракульту (Бава, Арджэнта) — і асобных амэрыканскіх карцінах. Голуб вылятае з рукі памерлага — дзікі штамп, але памерлы — андроід у гатычна-кібэрпанкаўскіх інтэр’ерах («Бягун па лязу брытвы»). І штамп замаўляе асалоду.

Калі формула добрага кіно: «Глядач атрымлівае тое, чаго жадае, але ня так, як жадае», кепскага кіно: «глядач не атрымлівае нічога», то культавае кіно: «глядач атрымлівае тое, чаго жадае — і ў празьмернасьці».

Штамп перанасычаецца, разбухае, яго зашмат — гэта карнавальны гратэск жанру, экстаз правілаў, фініш.

Народжанае дзіця папраўляе неразумных бацькоў, якія няправільна ўспамянулі любімую казку. Ён сам раскажа яе — каб там было ўсё: і цмокі, і рыцары, і прынцэсы, і Кашчэі, і суседзкая дзяўчынка з банцікам, і ведзьма-выхавацелька, і тэлевізар з вампірамі, і марозіва з газіроўкай.

Кепскае кіно беднае — там нічога ня будзе.

2. Палітыка па-за межамі карнавалу

Бедная й палітыка, хаця яна ўся пабудавана на штампах. Прапаганда і агітацыя, таварышы лёзунгі, агрэсіўна-галодныя дыктаркі ў тэлевізары…

Палітыка — фрыгідная, бо прыстукнутая ўладай. Штампы навязьлівыя і злыя, кусьлівыя — і ня здольныя на самастойнае існаваньне. Прамыўкі мазгоў, пяціхвілінкі нянавісьці, гадзіны экстазу пад кіраўніцтвам «самага дарагога».

Штамп на штампе, рыкі й зыкі, папаўторныя, нахабныя, вязкія — дзеля ўлады, пад кіраўніцтвам улады, у імя ўлады.

Штампы — якія згубілі ганаровае права штампамі звацца.

Штамп сапраўдны — празьмерны ў сваёй неабавязковасьці, цешыць вульгарнасьцю й свабодай, не хавае нязграбнасьці й выклікае замілаваньне. Ён не прымушае, не абавязвае, не прагне чужога (бо даўно пакрадзены сам), ня злыднічае ганарлівым аўтарствам — і дурэе ад уласнае зьдзіцянеласьці.

Культавы штамп — гэта сьвята свабоды, якую баяцца ўладары.

Аўтарытарная палітыка, якая сама прэцца на культ, варожая да культавых штампаў — якія любяць жыцьцё прыватнае й нязмушаныя суполкі фанаў.

Але ёсьць часы, калі палітычны штамп стаецца культавым, зьбірае натоўпы — і людзі самі аддаюць сваё сэрца шаламу прыхадню.

Калі палітычны штамп яшчэ не забранзавеў, ці калі згубіў сваю моц — такое й адбываецца.

a) Харызма злодзея і аўра маразматыка

Палітычны авантурнік, які дарываецца да ўлады (былы калгасьнік ці партыя-экстрэмістка) маюць нерастрачаную харызму злодзея. Робін Гуд, які карае яйкагаловых, перасьледуе «вашывых блохаў» рынку й дыстрыб’юцыі — і вешае на слупах абвесткі пра танцы ў вясковым клюбе (з абавязковым мардабоем пасьля) — гэта сьвежы, жывы й брутальны штамп. Культавы для мэтавай аўдыторыі, якая гатовая голымі рукамі прыдушыць усіх, хто не падзяляе фанацкіх звычак.

Але, калі штамп стаецца абавязковым, спускаецца зьверху па разнарадцы, тычыцца ўсіх і кожнага — і не пакідае ніякай вольнай прасторы, распачынаецца покрыш штампу.

Культ любові — праз стомленую абыякавасьць — разраджаецца культам нянавісьці, каранаваную аўрай маразматыка.

Брывасты камуністычны Генсэк, які хрыпеў і кашляў, спарадзіў незьлічоную колькасьць анэкдотаў — палюбоўных у сваіх кпінах і зьдзеках.

І гэта лёс кожнага аўтарытарнага штампу, які стаўся татальным.

b) Дэмакратыя і сатыра

Сучасная палітыка існуе толькі, як дадатак да культавага — кіно, тэатру, тэлевізійнага шоў ці коміксу. Акторы стаюцца губэрнатарамі, порназоркі ідуць у парлямэнт, а скандальнага мастака спрабуць залучыць у партыйныя сьпісы.

Дэмакратыя чэрпае сілы на памежных тэрыторыях, але не спрабуе іх скарыць.

Моц дэмакратыі — у ейным стаўленьні да сатыры. Тэлевізійным лялькам дазволена кпіць з прэзыдэнтаў і першых міністраў, фэльетаністы знушчаюцца з самых сур’ёзных фразаў высокіх асобаў, а нахабныя аніматары прапануюць кіраўніку краіны агучыць прыдуркаватага двайніка.

Сатыра — нязмушаная, вольная, неабавязковая — ёсьць тым культавым штампам, які дазваляе палітыку выглядаць чалавечным — і стрымлівае яго. Гэта вэлюм культу, здольны ажывіць і ўквеціць фарбамі самага прэснага чынушу (хаця яму падобныя размалёўкі не даспадобы).

Любая атака на культавыя штампы, спроба іх зьнішчыць і прызначыць сябе прыводзіць да «эміграцыі» фанаў на свабодныя тэрыторыі ўяўленьня. Дыктатарскі штамп набывае адценьне маразму — і непазьбежна захлынаецца ў карнавале, спароджаным ім самім.

[1] Паводле фармалістаў, кожны мастацкі прыём спачатку новы, потым «аўтаматызуецца» й стаецца нуднай банальнасьцю — адылі разбураецца «дэзаўтаматызацыяй» і новым прыёмам.

[2] Эко У. «Касабланка», или Воскрешение богов //Киноведческие записки. — 2000 — № 45.

[3]Самутина Н. Культовое кино: даже зритель имеет право на свободу // Логос. — 2002. № 5-6.

Обсудить публикацию