Рэлігійная сфера: «ціхія» формы ціску i «кіраваная ўстойлівасць»
Наталля Васілевіч
Рэзюмэ
У 2025 годзе рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да рэлігійных супольнасцяў працягвалася, у тым ліку праз пераслед святароў і вернікаў, хаця яны сталі менш заўважнымі ў публічнай прасторы. Галоўнай асаблівасцю і новым кантэкстам стала завяршэнне працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, які стварыў на іх дадатковы ціск праз непразрыстыя працэдуры дзяржаўнага кантролю, узмацняючы залежнасць ад улады, павышаючы трывожнасць і стымулюючы ўнутраную самацэнзуру.
Рэлігійныя арганізацыі ўсё часцей дзейнічалі ў рэжыме выжывання і дзеля захавання хаця б абмежаванай прасторы дзейнасці мінімізавалі палітычную бачнасць, пазбягалі трыгераў для кантролю і ішлі на вымушаныя кампрамісы.
Тэндэнцыi:
- адміністратыўная залежнасць як новая «норма»: перарэгістрацыя замацавала асіметрыю паміж дзяржавай і супольнасцямі;
- рэпрэсіі «цішэюць», але пашыраюцца: пераслед працягваецца, аднак усё часцей застаецца па-за публічным полем і закранае шырэйшы круг;
- самацэнзура і дэпалітызацыя як стратэгія выжывання: супольнасці ўтрымліваюць унутраную пазіцыю, але скарачаюць знешнія публічныя жэсты і выказванні;
- зніжэнне назіральнасці рэлігійнага поля: звужэнне крыніц і рызыкі для інфарматараў.
Перарэгістрацыя: не татальная «зачыстка», а ўдар па ўразлівых
Ключавой адміністрацыйнай падзеяй 2025 года стала завяршэнне перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый у адпаведнасці з новай рэдакцыяй закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” (прыняты 30 снежня 2023 года). Тэрмін падачы дакументаў на перарэгістрацыю скончыўся 5 ліпеня 2025 года. Пры гэтым пасля завяршэння працэдуры дзяржава не забяспечыла поўнай публічнасці вынікаў: апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савміне Беларусі дагэтуль не прадставіў свежай сукупнай статыстыкі пра канфесійную сітуацыю пасля перарэгістрацыі.
Адзінай афіцыйнай інфармацыяй пра колькасць рэлігійных арганізацый стаў даклад Упаўнаважанага для бягучага цыкла Універсальнага перыядычнага агляда ў Камітэце па правах чалавека ААН (п. 208)1. Паводле прамежкавых дадзеных у дакладзе, колькасць рэлігійных абшчын скарацілася да 3257 (на 4 %).
Адсутнасць адзінай афіцыйнай статыстыкі сама па сабе стала фактарам няпэўнасці. Там, дзе няма ясных і празрыстых вынікаў, узрастае залежнасць ад нефармальных сігналаў: “што можа быць інтэрпрэтавана як нелаяльнасць”? У гэтым сэнсе перарэгістрацыя выступіла не толькі юрыдычнай працэдурай, але і інструментам дысцыплінавання рэлігійнага асяроддзя. Рэлігійныя арганізацыі, якія сутыкаліся з праблемамі, звязанымі з перарэгістрацыяй з палітычных прычынаў, фактычна не агучвалі гэтыя праблемы публічна.
Так, напрыклад, найбольш пацярпелая ад рэпрэсій за перыяд палітычнага крызісу Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква не паведамляла публічна ні пра праблемы з перарэгістрацыяй, ні пра кропкавы пераслед святароў і актыўных вернікаў, відавочна, кіруючыся імкненнем не ставіць сябе ў яшчэ больш уразлівую пазіцыю.
Нягледзячы на маўчанне цэнтральных органаў, частка аблвыканкамаў пачала абнаўляць рэгіянальныя рэестры. Гэта дазваляе зразумець, у якіх рэгіёнах і якія канфесіі скараціліся, а таксама тое, што ў шэрагу абласцей асобныя канфесійныя групы фактычна спынілі дзейнасць.
Агляд даступных дадзеных падрыхтавала “Хрысціянская візія”2. Так, у Гродзенскай вобласці з 520 рэлігійных арганізацый 16 канфесій, якія дзейнічалі да перарэгістрацыі, засталося 483 арганізацыі 14 канфесій; у Віцебскай з 525 абшчын 18 канфесій засталося 492 рэлігійныя абшчыны 17 канфесій; у Гомельскай з 422 рэлігійных арганізацый 16 канфесій захавалася 380 рэлігійных абшчын 15 канфесій; у Магілёўскай з 298 абшчын 20 канфесій засталося толькі 237 абшчын 17 канфесій.
Частка ліквідацый мела “натуральныя” прычыны: некаторыя рыма-каталіцкія парафіі ў Магілёўскай вобласці існавалі “на паперы”, але фактычна не функцыянавалі з-за недахопу вернікаў; у некаторых супольнасцях колькасць прыхаджан скарацілася праз смерць і міграцыю; часам абшчыны рэгістраваліся пры мінімальна магчымай колькасці вернікаў у надзеі на рост, які не адбыўся. Гэта, аднак, не адмяняе таго, што перарэгістрацыя найбольш балюча адбілася на малалікіх, рэгіянальных і арганізацыйна слабейшых супольнасцях, для якіх фармальныя патрабаванні і адміністрацыйная ўвага маюць значна вышэйшую цану.
Пры гэтым, у адрозненне ад сітуацыі з палітычнымі партыямі, НДА і іншымі формамі грамадзянскай арганізаванасці, у рэлігійнай сферы не адбылося аднамомантнай татальнай ліквідацыі. Гэта дазваляе сцвярджаць, што рэлігійная супольнасць застаецца адным з найбольш устойлівых і структурна развітых сегментаў грамадзянскай прасторы ўнутры Беларусі. Але ўстойлівасць тут аплачваецца ростам залежнасці, трывогі і самакантролю.
Рэпрэсіі сістэмныя, але менш бачныя
З пачатку палітычнага крызісу 2020 года рэпрэсіі ў Беларусі носяць сістэмны характар, і 2025 год не стаў выключэннем. Адна з ключавых зменаў апошніх гадоў – страта рэлігійнай сферай ранейшага частковага “імунітэту”: калі ў мінулыя перыяды найбольш рэгулярна з рэпрэсіўнымі мерамі сутыкаліся пераважна пратэстанцкія дэнамінацыі, то пасля 2020 года пераслед закрануў і праваслаўных, і каталіцкіх святароў, у тым ліку публічных і высокапастаўленых. У 2025 годзе тэндэнцыя захавалася, але набыла шэраг асаблівасцяў.
Па-першае, рэпрэсіі характарызуюцца назапашвальным эфектам: тыя, хто раней сутыкаўся з пераследам, так і застаюцца пад павышаным кантролем, а кола тых, каго яны закранаюць, паступова пашыраецца – ад найбольш актыўных і публічных да менш прыкметных і адносна дэпалітызаваных. Часта рэпрэсіі адбываюцца каскадным чынам: пры затрыманні аднаго чалавека вызначаецца сетка ягоных кантактаў, і рэпрэсіі пашыраюцца далей таксама і на гэтую сетку. Асобна варта адзначыць “каскадны эфект” экстрэмісцкага заканадаўства: прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі аднаго рэсурсу часта цягне далейшыя прызнанні звязаных каналаў і профіляў; крымінальная справа супраць аднаго ўдзельніка сеткі можа прывесці да прызнання ўсёй групы “экстрэмісцкім фармаваннем” і, адпаведна, да росту рызык для іншых.
Па-другое, значная частка публічнага прадэмакратычнага і антываеннага духавенства і рэлігійнага актыву да гэтага часу ўжо выехала за мяжу або знаходзілася ў зняволенні. Таму рэпрэсіі ўсё часцей праяўляліся не праз гучныя кейсы, а праз “ціхія” формы ціску, якія цяжэй фіксаваць і публічна апісваць.
Па-трэцяе, частка тых, хто застаўся ў Беларусі пасля перыяду публічнай актыўнасці, трапіла пад асаблівы нагляд і кантроль, у тым ліку праз прымус да “супрацоўніцтва” з органамі бяспекі як альтэрнатыву крымінальным ці адміністрацыйным справам. Прымусовая вярбоўка становіцца ўсё больш пашыранай формай ціска на духавенства і рэлігійных актывістаў, разбурае давер унутры супольнасцяў.
Па-чацвёртае, многія, хто не быў публічным актывістам у час масавых пратэстаў, яшчэ больш “сышлі ў цень”.
Па-пятае, стала менш магчымасцяў для маніторынгу пераследу: зніклі ці скараціліся публікацыі “пакаяльных відэа”, раскладаў судовых паседжанняў, судовых рашэнняў; з-за пераследу і эміграцыі праваабаронцаў і адвакатаў пагоршылася магчымасць адсочваць справы; прызнанне праваабарончых ініцыятыў “экстрэмісцкімі фармаваннямі” зрабіла перадачу інфармацыі такім праектам дадатковай крыніцай рызыкі. Да таго ж, нават сутыкаючыся з пераследам, людзі выбіралі непублічнасць, каб не павышаць рызыкі для сябе і сваіх супольнасцяў.
Паводле маніторынгу “Хрысціянскай візіі”, у 2025 годзе асноўнымі падставамі пераследу прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці былі справы, звязаныя з удзелам у пратэстах 2020 года, матэрыялы ў тэлефоне, прызнаныя “экстрэмісцкімі” (у тым ліку выяўленыя падчас кантролю на мяжы), дапамога палітвязням, а таксама перадача інфармацыі ў незалежныя маніторынгавыя праекты. Завочныя пераследы за мяжой найчасцей былі звязаныя з інтэрв’ю незалежным СМІ, удзелам у дзейнасці арганізацый, прызнаных “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, і публічнымі выказваннямі.3
У выніку, рэпрэсіі не “зніклі”, але сталі менш бачнымі – у тым ліку таму, што публічнасць усё часцей успрымаецца як фактар павелічэння рызыкі.
Патэнцыял рэлігійных арганізацый і іх стратэгіі выжывання
Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, рэлігійныя арганізацыі і супольнасці працягваюць захоўваць прастору для незалежнага жыцця, рэалізуючы місіянерскія, сацыяльныя, адукацыйныя і культурніцкія праекты. Ва ўмовах адміністрацыйнага ціску і фонавых рэпрэсій такія асяродкі і асобы вымушаны мінімізаваць рызыкі і трыгеры для дзяржаўных органаў кантролю, часта рэалізуючы сваю дзейнасць без медыйнага прасоўвання, нават напаўпадпольна, ставячы прыярытэтам бяспеку.
Акрамя таго, ва ўсіх канфесіях існуе пратэстнае ядро і сеткі ўзаемнай падтрымкі, але яны максімальна заканспіраваныя, дзейнасць жа па прасоўваннi парадку дня, звязанага з патэнцыйна небяспечнымі тэмамі, аформлена ў дэпалітызаваную і нейтральную форму. Праз гэта адбываецца і адваротны эфект: нават нейтральныя і дэпалітызаваныя мерапрыемствы разглядаюцца органамі кантролю як патэнцыйна небяспечныя, дэпалітызацыя перастае разглядаецца як дастатковы маркер лаяльнасці.
Правядзенне мерапрыемстваў і рэалізацыя праектаў застаюцца «незаўважнымі» незалежнай медыя-супольнасцю, каб не ставіць удзельнікаў і арганізатараў ва ўмовы рызыкі. Таму ствараецца ўражанне, нібыта ў рэлігійным полі Беларусі не адбываецца нічога значнага і цікавага. Пры гэтым падзеі, звязаныя з праявамі лаяльнасці ці падтрымкі рэжыму, займаюць сваё пратакольнае месца на медыя-рэсурсах, а гэта прыводзіць да перакосу рэпрэзентацый у медыя розных аспектаў жыцця рэлігійнай супольнасці, недаацэнкі іх патэнцыяла, пераацэнкі лаяльнасці.
З боку ўладаў адбываецца інструменталізацыя рэлігійных супольнасцяў і прымусова-добраахвотная мабілізацыя падтрымкі з іх боку. На розных узроўнях святароў уключаюць у ідэалагічныя мерапрыемствы, праўладных святароў запрашаюць выступаць у прапагандысцкіх сродках масавай інфармацыі.
Удзел у такіх мерапрыемствах можа разглядацца і як “зорная гадзіна” для асабліва адыёзных рэлігійных дзеячаў, якія робяць на сваёй лаяльнасці сацыяльны капітал, так і насуперак іх уласным перакананням – з прагматыкі выжывання, каб захаваць магчымасць адносна спакойна існаваць і дзейнічаць. Асабліва такая “прагматыка ўдзелу” як спосаб знізіць рызыкі для супольнасці інтэнсіфікавалася падчас перыяду рэгістрацыі.
БПЦ: бліжэй да Лукашэнкі, чым да Масквы
У 2025 годзе падтрымка расійскай агрэсіі ў беларускім праваслаўным асяроддзі ў значнай ступені сыходзіла ад тых самых актараў, якія праявілі сябе ў 2020 годзе як цэнтры падтрымкі беларускага рэжыму. Найперш гаворка пра два жаночыя манастыры: Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску пад духоўным кіраўніцтвам протапрэсвітэра Андрэя Лемяшонка і манастыр Нараджэння Багародзіцы ў Гродне пад кіраўніцтвам ігуменні Гаўрыілы (Глухавай). Чацвертага лістапада 2025 года ў Маскве Уладзімір Пуцін узнагародзіў менавіта іх медалём Пушкіна.
Свята-Елісавецінскі манастыр пры гэтым выступае адным з найбольш заўважных інстытуцыйных цэнтраў падтрымкі вайны: праз зборы і “гуманітарныя” ініцыятывы, якія фактычна абслугоўваюць патрэбы расійскага войска і акупацыйнай інфраструктуры.4 А Гаўрыіла Глухава была адзінай прадстаўніцай з боку рэлігійных арганізацый, якая ўдзельнічала ва Усебеларускім народным сходзе.
На фоне гэтага важна адзначыць, што праваенная лаяльнасць не вычэрпваецца асобнымі “актывістскімі вузламі”. Паралельна ў Беларусі працягваецца агульная мілітарызацыя дзяцей і моладзі, дзе да “патрыятычнага выхавання” далучаюцца дзяржаўныя структуры, сілавыя інстытуты і ў шэрагу выпадкаў – царкоўныя прадстаўнікі (у тым ліку праз супрацоўніцтва БПЦ з установамі адукацыі, клубамі і праектамі выхаваўчай працы).
У 2025 годзе БПЦ не дэманстравала тых формаў ідэалагічнай гістэрыі і мілітарысцкай радыкалізацыі, якія ў асобных сегментах Расійскай Праваслаўнай Царквы ў Расіі сталі прыкметным феноменам. Мітрапаліт Веніямін захоўвае лаяльнасць да маскоўскага царкоўнага кіраўніцтва і ў публічнай прасторы ўстрымліваецца ад падтрымкі Украіны, аднак у беларускіх прыходах не чытаецца малітва з прашэннем “аб перамозе Святой”, уведзеная ў РПЦ і выкарыстанне якой у Расіі стала прадметам канфлікту і магчымых царкоўных санкцый у выпадку адмовы.
Такая стрыманая практыка выклікала раздражненне ў часткі радыкалізаваных расійскіх царкоўных актывістаў: на адмову ад “малітвы” яны накіроўвалі скаргі Патрыярху Кірылу і патрабавалі “дысцыплінарных мераў”, абвінавачваючы беларускі бок у “схаваным пацыфізме”. Аднак у цэлым гэты канфлікт заставаўся абмежаваным і не перайшоў у адкрытае супрацьстаянне паміж БПЦ і РПЦ.
Адным з нешматлікіх пунктаў напружання паміж РПЦ і БПЦ стала пытанне саманазвы апошняй. З пачатку 1990-х у публічным і афіцыйным ужытку замацаваўся назоў “Беларуская Праваслаўная Царква” як выражэнне лакальнай ідэнтычнасці ў межах агульнай структуры. У ліпені 2025 года Сінод Маскоўскага Патрыярхату аказаў выразны ціск на Мінск, патрабуючы паслядоўна і выключна выкарыстоўваць пазначэнне “Беларускі Экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы” і публічна падкрэсліваць прыналежнасць да Маскоўскага Патрыярхату. Гэта запусціла хвалю перайменаванняў і карэкціроўкі афіцыйных тытулаў і подпісаў; нават на афіцыйным сайце Царквы некаторы час было відаць, што ішоў пошук межаў магчымай саступкі. У выніку быў абраны кампраміс: традыцыйны назоў “Беларуская Праваслаўная Царква” захаваўся, але стаў суправаджацца ўдакладненнем “(Экзархат Маскоўскага Патрыярхату)” у дужках.
Каталіцкі касцёл і ўзрастанне ролі Святога Пасаду
2025 год стаў пераломным для ватыканска-беларускіх сюжэтаў: 21 красавіка памёр Папа Францішак, а ўжо 8 мая канклаў абраў новага пантыфіка – Льва XIV. Адметна, што на пахавальную імшу Святы Пасад запрасіў не толькі прадстаўнікоў беларускага рэжыму, але таксама і лідэрку дэмакратычных сілаў Беларусі Святлану Ціханоўскую.
На гэтым фоне кантакты паміж афіцыйным Мінскам і Святым Пасадам набылі больш выразны дыпламатычны фармат і пачалі выкарыстоўвацца рэжымам як канал міжнароднага манеўру. Сімвалам гэтай інтэнсіфікацыі стала інстытуцыяналізацыя адносін: яшчэ ў снежні 2024 года было прынята рашэнне пра адкрыццё амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе, а 27 сакавіка 2025 года першым паслом Беларусі пры Святым Пасадзе быў прызначаны Юрый Амбразевіч.
У 2025 годзе ў Беларусь быў прызначаны і новы апостальскі нунцый – арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа; 26 чэрвеня ў Мінску адбылася ягоная першая афіцыйная сустрэча з каталіцкімі біскупамі Беларусі. Асоба новага нунцыя ў кантэксце палітычнага крызісу ў Беларусі адметная ягоным досведам працы ў Венесуэле, адной з ключавых аўтарытарных крызісных зон, дзе Святы Пасад на працягу апошніх гадоў падтрымліваў палітычна адчувальны дыялог і вылучаў гуманітарны парадак дня, у тым ліку тэму палітычных зняволеных і магчымых вызваленняў як элемента “жэстаў даверу”. Гэта робіць яго прызначэнне значным не толькі ў царкоўным, але і ў дыпламатычна-гуманітарным вымярэнні: нунцый з такім профілем павялічвае здольнасць Святога Пасаду весці асцярожны, але выніковы дыялог у сітуацыі, калі ўнутраная царкоўная праблематыка непазбежна пераплецена з пытаннямі бяспекі, рэпрэсій і міжнародных перамоваў.
Тым не менш былы палітвязень Андрэй Крылоў, які перасякаўся з палітзняволеным ксяндзом Генрыхам Акалатовічам у зняволенні, сцвярджаў, што святару прапаноўвалі “свабоду” ў абмен на ўдзел у правакацыі, якая мела на мэце скампраметаваць апостальскага нунцыя ў Беларусі: падкінуць таму флэшку з кампраматам. Гэта сведчыць пра тое, што ў дыпламатычных стасунках са Святым Пасадам рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму абапіраецца на ціск.
Тэма магчымага папскага візіту выкарыстоўвалася як важны публічны маркер “нармалізацыі”: у кастрычніку 2025 года арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падчас аўдыенцыі ў Ватыкане ўручыў Папу Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь “ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў Беларусі”. Афіцыйна запрасіў Папу ў Беларусь і Аляксандр Лукашэнка, аднак яшчэ адна пратакольная ўмова – згода на візіт з боку Патрыярха Маскоўскага Кірыла так і не была атрыманая, адпаведна, пакуль падобны візіт носіць не рэалістычны, а гіпатэтычны характар.5
Найбольш адчувальны вынік гэтай дыпламатыі выявіўся ў гуманітарным вымярэнні: 20 лістапада 2025 года былі вызваленыя палітзняволеныя каталіцкія святары ксёндз Генрых Акалатовіч і ксёндз Анджэй Юхневіч – на фоне ватыканскіх кантактаў і пасля кастрычніцкага візіту папскага пасланніка. Спецыяльным пасланнікам Папы, які наведаў Беларусь 24–27 кастрычніка, стаў кардынал Клаўдыё Гуджэроці. Падчас візіту Гуджэроці правёў сустрэчу з Лукашэнкам, і на сённяшні момант кардынал, які быў нунцыем у Беларусі падчас палітычнага крызісу, звязанага з выбарамі 2010 года, застаецца найбольш эфектыўным перамоўшчыкам з рэжымам з боку рэлігійных арганізацый.6
Заключэнне
Актуальныя тэндэнцыі паказваюць, што ў 2026 годзе рэлігійная сфера Беларусі, хутчэй за ўсё, працягне існаваць у мадэлі “кіраванай устойлівасці” – калі інстытуцыйнае жыццё захоўваецца, але ў межах жорсткай асіметрыі і пастаяннага самакантролю.
Па-першае, адміністратыўная залежнасць, замацаваная перарэгістрацыяй, будзе прайгравацца праз практыку праверак, узгадненняў і нефармальных патрабаванняў лаяльнасці. Нават пасля завяршэння юрыдычнага этапу будзе захоўвацца ўспрыманне, што статус уразлівы, а дзейнасць па-за рэгістрацыяй – крыміналізаваная. Рэпрэсіі, верагодна, застануцца сістэмным фонам, але ў “ціхіх” формах. Гэта азначае далейшае разыходжанне паміж рэальным маштабам пераследу і тым, што вядома публічна.
Па-другое, паглыбіцца стратэгія выжывання: зніжэнне публічнай бачнасці, самацэнзура, асцярожнасць у кантактах і трансгранічнай камунікацыі. Унутры супольнасцяў будзе захоўвацца маральнае напружанне паміж патрэбай сведчыць і патрэбай абараняць людзей і інстытуцыі.
Па-трэцяе, у высокай ступені рэлігійнае поле будзе залежаць ад знешняга кантэксту – найперш ад дынамікі вайны ва Украіне і міжнароднай сітуацыі. Магчымыя “вокны магчымасцяў” могуць адкрывацца не як вынік унутранай лібералізацыі, а як вытворнае ад знешнепалітычных разлікаў і змены балансу рызык.