Дэмакратычныя сілы: Святлана Ціханоўская захоўвае лідарства, ідэя нацыянальнага дыялогу павісла ў паветры

Аляксандр Класкоўскi

Рэзюмэ

У 2025 годзе камандзе Святланы Ціханоўскай удалося захаваць вядучыя пазіцыі ў беларускіх дэмакратычных сілах. Пры гэтым пяцігоддзе пачатку масавых пратэстаў 2020 года стала псіхалагічнай адзнакай, якая паспрыяла ўзмацненню крытыкі на адрас дэмлідара, яе паплечнікаў і іх стратэгіі. Выхад з-за кратаў пры канцы года Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай стварыў перадумовы для ўзмацнення лагеру прыхільнікаў гнуткай лініі ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Тэндэнцыі

“Бязвыбары”-2025: кампанія без апазіцыі

Дваццаць шостага студзеня 2025 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія апазіцыя назвала “бязвыбарамі”. Кампанія, што ладзілася пасля ліквідацыі ўсіх апазіцыйных партый, у атмасферы жорсткіх рэпрэсій, прайшла без удзелу апанентаў улады (калі не лічыць псеўдаапазіцыянеркі Ганны Канапацкай, якую Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) зарэгістравала кандыдаткай і якой у выніку “намалявала” мізэрную долю галасоў). Не было магчымасцяў і для незалежнага назірання.

Ва ўмовах жорсткага здушэння рэжымам любой палітычнай альтэрнатывы дэмсілы апрыёры не маглі выпрацаваць на гэту кампанію нейкую моцную стратэгію. Праціўнікам рэжыму, якія ўсё ж вырашаць (або будуць змушаныя) пайсці на выбарчыя ўчасткі, было прапанавана1 “выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу”. Натуральна, што гэта ніяк не паўплывала на лічбы, абнародаваныя ЦВК. Падлічыць рэальную колькасць тых, хто выказаў такім чынам свой пратэст, у штабоў беларускай палітычнай эміграцыі не было магчымасці.

Асноўныя высілкі былі скіраваны на тое, каб дэлегітымаваць афіцыйныя вынікі “бязвыбараў” як у вачах саміх беларусаў, так і на міжнароднай арэне. На гэта была скіравана шырокая кампанія пратэстаў і ініцыятыў па-за межамі краіны. У прыватнасці, 26 студзеня, у якасці сімвалічнай альтэрнатывы выбарчаму фарсу, у Варшаве адбыліся форум і марш “Беларусы годныя лепшага”. Дэмсілы запісалі ў свой актыў тое, што Еўрасаюз, дзясяткі краін, шэраг міжнародных арганізацый не прызналі вынікі выбараў 2025 года.

Разам з тым сюжэт гэтай імітацыйнай электаральнай кампаніі падкрэсліў, наколькі абмежаваным стаў уплыў замежных штабоў дэмсілаў на працэсы ўнутры Беларусі. Не змаглі сябе праявіць у межах гэтай кампаніі і прадэмакратычна настроеныя грамадзяне, рэшткі разгромленых палітычных структур унутры краіны.

Утрыманне Беларусі ў міжнародным парадку дня

У гэтых умовах праца ОСЦ, АПК, Каардынацыйнай рады (КР), шэрагу іншых структур, згуртаваных вакол Ціханоўскай, канцэнтравалася на тым, каб утрымаць Беларусь у міжнародным парадку дня, спрыяць узмацненню санкцыйнага ціску на рэжым, вызваленню палітычных вязняў, адвакатаваць інтарэсы беларусаў (легалізацыя за мяжой, захаванне і пашырэнне мабільнасці тых, хто ўнутры краіны). На пытаннях прапаноў для ўвядзення заходнімі дзяржавамі ды міжнароднымі структурамі санкцый супраць Мінска, прыцягнення Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці (у прыватнасці, за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый) факусавалася найперш Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам.

У жніўні ў Варшаве на канферэнцыі “Новая Беларусь – 2025” была прынятая рэзалюцыя “Еўрапейскі выбар Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты інтэграцыі ў Еўрасаюз”2, якая пацвердзіла курс дэмсілаў на тое, каб у будучыні краіна ўвайшла ў Еўразвяз. Аднак у цяперашніх рэаліях гэты курс выглядае дэкларатыўным. У апанентаў рэжыму вельмі абмежаваны арсенал сродкаў, каб супрацьстаяць узмацненню залежнасці Беларусі ад Масквы, росту прарасійскіх настрояў у грамадстве.

Хаця Святлана Ціханоўская і яе паплечнікі заклікаюць Захад не ставіць знак роўнасці паміж рэжымам Лукашэнкі і беларускім народам, а Еўрасаюз на словах падтрымлівае еўрапейскі выбар беларусаў, на практыцы ва ўмовах расійска-украінскай вайны, у якой беларускі рэжым выступае суагрэсарам, у мысленні палітычных элітаў Еўропы пераважвае логіка сек’юрытызацыі, жаданне адгарадзіцца ад Беларусі жалезнай заслонай. На думку шэрагу палітычных дзеячаў і аналітыкаў, педаляванне мэйнстрымам дэмсілаў стратэгіі бескампраміснага ціску на рэжым спрыяе паглыбленню ізаляцыі ўсяго грамадства ад дэмакратычнага свету і нават страце суверэнітэту. У прыватнасці, такога меркавання прытрымліваецца3 ветэран апазіцыі, лідар руху “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк.

Убудаванне ў гульню Трампа на беларускім трэку

Напачатку ў ОСЦ і АПК разлічвалі, што з прыходам да ўлады Трампа ЗША, як заявіў у студзені 2025 года намеснік Ціханоўскай у АПК П. Латушка, “захаваюць пазіцыю па непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі”. Але насуперак такога кшталту спадзяванням Белы дом распачаў перамовы з кіраўніком рэжыму. Пры гэтым Трамп назваў яго “глыбокапаважаным прэзідэнтам”, падарыў запінкі, раз за разам дэманстраваў іншыя знакі павагі.

Пайшоў працэс паэтапнага вызвалення палітзняволеных у абмен на зняцце часткі амерыканскіх санкцый. Пры гэтым рэпрэсіі ў краіне працягваліся, а памілаваных вязняў Лукашэнка фактычна дэпартаваў. Іначай кажучы, не было прыкметаў таго, што на шляху да так званай вялікай угоды Вашынгтон патрабуе ад Мінска сістэмных зменаў.

Тым не меней С. Ціханоўская і яе паплечнікі палічылі за лепшае не разгортваць крытыку новай палітыкі Вашынгтона на беларускім кірунку, а ўбудавацца ў яе фарватар. Прадстаўнікі дэмсілаў падкрэслівалі, што шчыльна кантактуюць з камандай Трампа, якая вядзе перамовы з Мінскам. Была арганізавана вялікая праца, звязаная з прыёмам былых палітзняволеных, вывезеных пры дапамозе амерыканскіх дыпламатаў за мяжу. Задача дэмсіл палягае на тым, каб “забяспечыць вызваленых дапамогай – юрыдычнай, псіхалагічнай і медыцынскай; вырашаць пытанні з легалізацыяй і дакументамі”, адзначыла Ціханоўская ў верасні.

Пры гэтым Ціханоўская і яе паплечнікі працягвалі даводзіць амерыканскаму боку, што варта дамагацца ад Лукашэнкі, каб ён спыніў рэпрэсіі, практыку прымусовага вывазу памілаваных за мяжу. Прабівалася і прыхаваная крытыка на адрас кіраўніка ЗША. У інтэрв’ю4 выданню Politico Святлана Ціханоўская заклікала Трампа: “Не нармалізуйце сітуацыю, калі людзей вызваляюць за нейкія саступкі з вашага боку, змякчэнне санкцый або публічную ўвагу. Лукашэнку трэба караць, а не ўзнагароджваць”.

У рэшце рэшт каманда Ціханоўскай выпрацавала кампрамісную формулу: амерыканскія санкцыі – за вызваленне людзей, еўрапейскія – за вызваленне краіны, то-бок сістэмныя змены ў Беларусі. Рэфрэнам загучаў заклік да палітыкаў Еўропы не дубляваць падыход ЗША, працягваць стратэгію ціску на рэжым.

Значнай падзеяй для дэмсілаў стаў выхад з-за кратаў у чэрвені 2025 года Сяргея Ціханоўскага. У выніку пяці гадоў зняволення, збольшага ў рэжыме інкамунікада, яго палітычная свядомасць нібы закансервавалася ў рэаліях 2020 года. Таму абвешчаны ім намер “нанесці магутны ўдар па лукашызме” цягам трох тыдняў выглядаў наіўна. Ціханоўскі не здолеў сабраць на гэта грошы, потым страціў значную частку спешна сабранай каманды і ў выніку з’ехаў у ЗША наводзіць масты з тамтэйшымі палітыкамі і вывучаць англійскую мову. Выказаная ім ідэя “фінляндызацыі” Беларусі выклікала моцную крытыку з боку шэрагу апазіцыйных актараў.

Такім чынам, Сяргей Ціханоўскі не здолеў двойчы ўвайсці ў тую самую раку, зноў стаць папулярным лідарам, згуртаваць вакол сябе аднадумцаў. Усё звялося да нефармальнага альянсу з былым рэстаратарам Вадзімам Пракоп’евым, адным з крытыкаў Святланы Ціханоўскай.

Гэты сюжэт лішні раз падкрэсліў, наколькі істотна змяніліся магчымасці барацьбы за перамены ў Беларусі пасля 2020 года, а таксама настрой саміх прыхільнікаў перамен.

Круглы стол з уладай: утопія ці ідэя на выраст?

З сярэдзіны года ОСЦ і АПК пачалі актыўна прасоўваць ідэю нацыянальнага дыялогу, адным з этапаў якога мусіць стаць круглы стол з уладамі. Пятнаццатага ліпеня на 107-м семінары Роўз-Рот у Бруселі Святлана Ціханоўская заявіла: “Многія людзі ў сістэме Лукашэнкі, наменклатура, падтрымліваюць наш курс і не хочуць, каб Беларусь стала Расіяй. Мы прапануем ім круглы стол, такі, які быў у Польшчы ў 1989 годзе”.

Некаторыя аналітыкі раскрытыкавалі гэту паралель, адзначыўшы, што цяперашняя беларуская сітуацыя кардынальна адрозніваецца ад польскай таго часу. Тым не меней сама ідэя стала рэфрэнам у вуснах Ціханоўскай і яе паплечнікаў. Дзявятага жніўня АПК афіцыйна выступіў з ініцыятывай правесці нацыянальны дыялог для мірнага вырашэння глыбокага палітычнага і грамадскага крызісу ў Беларусі.

Чаму гэту прапанову сталі ўзмоцнена піярыць? Па-першае, можна меркаваць, што гэта стала вынікам пошуку канструктыўнага канцэпту, які б дапаўняў лозунг нарошчвання ціску на рэжым. Па-другое, відавочна, з’явілася надзея прабіць дарогу гэтай ідэі пры дапамозе ЗША.

Спробы ўбудавацца такім чынам у перамовы Вашынгтона з Мінскам рэзка раскрытыкаваў кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Паводле яго слоў, “на сённяшні дзень няма ніякіх аб’ектыўных прычын для Лукашэнкі пачынаць дыялог са Святланай Ціханоўскай”. Яшчэ болей: такія спробы, на думку Кавалеўскага, могуць зашкодзіць працэсу вызвалення палітзняволеных. У сваю чаргу, палітычны аглядальнік “Радыё Свабода” Валер Карбалевіч канстатаваў: “Пакуль ідэя круглага стала выглядае як прыгожая мара”.

Ва ўсякім разе, да канца года так і не з’явілася прыкмет таго, што Вашынгтон на перамовах з Лукашэнкам лабіруе прапанову круглага стала. І гэта тэма ў рыторыцы дэмсілаў прыкметна сцішылася. Зрэшты, палітолаг Пётра Рудкоўскі ацаніў ідэю станоўча: “Вядомая прыказка “Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”– гэта сутнасць стратэгічнага мыслення. Ідэя круглага стала – адзін са сцэнароў перамен, то-бок адны з “калёсаў”, якія неабходна рыхтаваць падчас палітычнай зімы”5.

Бітва ўмоўных “галубоў” з умоўнымі “ястрабамі”

Цягам 2025 года ў дэмсілах разгортвалася дыскусія паміж прыхільнікамі ўмоўна жорсткага і ўмоўна гнуткага падыходаў у дачыненні да існуючага рэжыму ў Беларусі. Жорсткі падыход – ціснуць, пакуль улады не пойдуць на сістэмныя змены – увасабляла каманда Ціханоўскай, найболей палымяна пракламаваў яго П. Латушка.

Гнуткі падыход – ісці на пэўныя кампрамісы з рэжымам, найперш дзеля вызвалення палітычных вязняў – артыкулявалі згаданы вышэй Валер Кавалеўскі і ягоныя паплечнікі па Кааліцыі за вызваленне палітвязняў у Беларусі (былая прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, актывістка Анастасія Касцюгова, сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітзняволеных, сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч), прадстаўнікі каманды Віктара Бабарыкі (выканаўчы сакратар КР Іван Краўцоў ды іншыя). Паказальна, што раней В. Кавалеўскі і В. Гарбунова сышлі з каманды Ціханоўскай – наколькі можна меркаваць, менавіта праз рознагалоссі ў згаданых пытаннях.

У сакавіку на сустрэчы з Фолькерам Цюркам, вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека, В. Кавалеўскі заявіў, што вызваленне беларускіх палітзняволеных “патрабуе адыходу ад нерэалістычных, максімалісцкіх патрабаванняў і ультыматумаў”.

У сваю чаргу, П. Латушка артыкуляваў пазіцыю, што ніякіх угодаў з Лукашэнкам нельга заключаць да таго часу, пакуль “ён не пойдзе на рэальныя ўнутрыпалітычныя змены ў інтарэсах беларускага грамадства”. У жніўні на канферэнцыі “Новая Беларусь – 2025” Латушка даў такі адказ тым крытыкам, якія лічаць мэты дэмсілаў занадта амбіцыйнымі: “Хто прайграў свой бой, хто адмовіўся ад сваіх мэтаў, хто сам сабе панізіў планку, той выбывае. Марафон не для ўсіх, ваша права – адысці з дыстанцыі, але не спрабуйце тармазіць або спыняць астатніх”.

Між тым нечаканая палітыка Вашынгтона на беларускім трэку надала імпэту і аргументаў акурат прыхільнікам гнуткай кампраміснай лініі. Маўляў, максімалісцкая стратэгія ціску да пераможнага канца за пяць гадоў не вызваліла ніводнага палітвязня, а вось калі каманда Трампа стала спалучаць пугу з пернікам, то працэс пайшоў.

Выхад з-за кратаў у снежні Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, яркіх фігур 2020 года, стварыў перадумовы для ўзмацнення менавіта “галубінага” крыла. Напачатку 2026 года М. Калеснікава ў інтэрв’ю Financial Times6 выступіла за дыялог Еўропы з беларускімі ўладамі: “Як чалавек з еўрапейскім менталітэтам я не разумею, чаму Еўропа не пачала размаўляць з Лукашэнкам раней за ЗША”. Першыя палітычныя дэкларацыі Віктара Бабарыкі ў “Фэйсбуку” таксама прадэманстравалі яго схільнасць да адносна мяккай рыторыкі, імкненне ўвогуле абысці пытанне санкцый.

Шэраг аналітыкаў сталі прагназаваць, што ў Берліне, куды пераехалі Бабарыка і Калеснікава, можа паўстаць яшчэ адзін цэнтр дэмсілаў, у звязку з чым канкурэнцыя ў іх асяроддзі абвострыцца. На момант напісання гэтых радкоў абвесткі пра стварэнне такой структуры не было. Пры гэтым В. Бабарыка даў зразумець, што хоча надаць імпульс праекту сваёй партыі “Разам”.

Каманда Ціханоўскай зрабіла шэраг крокаў, якія відавочна мелі на мэце знайсці паразуменне з “бабарыканцамі”, прадухіліць магчымую канфрантацыю з імі. Дэмлідарка і яе паплечнікі правялі сустрэчы з Бабарыкам і Калеснікавай, “абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты, крокі ва ўмацаванні дэмакратычных сілаў і ўзмацненні адзінства, паляпшэнні каардынацыі на міжнароднай арэне”. Паводле інсайдарскай інфармацыі, каманда Ціханоўскай разглядае магчымасць пэўнага рэдызайну дэмсілаў з мэтай інтэграваць у іх склад найперш В. Бабарыку ў нейкім амплуа, адпаведным яго палітычнай вазе.

Высновы

Цягам 2025 года Святлана Ціханоўская заставалася бясспрэчным лідарам дэмсілаў, нягледзячы на тое што шэраг апанентаў спрабавалі ставіць пытанне яе легітымнасці ў звязку з пяцігоддзем пасля выбараў 2020 года. С.Ціханоўскай і яе атачэнню ўдалося захаваць высокі ўзровень кантактаў з заходнімі палітычнымі актарамі.

Мэйнстрым дэмсілаў, згуртаваны вакол Ціханоўскай, па-ранейшаму вызнаваў стратэгію ўзмацнення ціску на рэжым з мэтай дамагчыся сістэмных саступак з яго боку, але ўзмацніліся пазіцыі крытыкаў такога бескампраміснага падыходу.

Адной з самых вострых для дэмсілаў засталася праблема ўздзеяння на беларусаў унутры краіны ў кантэксце працягу рэпрэсій і дэпалітызацыі грамадства.

Прагноз

З вялікай імавернасцю дзякуючы высілкам дыпламатыі ЗША працягнецца працэс вызвалення палітвязняў. Дэмсілы будуць падкрэсліваць сваю датычнасць да гэтага працэсу, працаваць у нішы прыёму вызваленых за мяжой, дапамогі ім.

У святле новай беларускай палітыкі Кіева будуць актыўна развівацца адносіны дэмсілаў з украінскімі ўладамі.

Удзел беларусаў у галасаванні на прызначаных на травень 2026 года выбарах у КР не стане масавым, паколькі гэта структура перажывае працяглы крызіс. Яна не змагла стварыць сабе моцны прывабны імідж сярод шырокага кола прыхільнікаў перамен.

У выпадку, калі будзе дасягнуты мір (перамір’е) паміж Расіяй і Украінай, ва ўмоўнай фракцыі “галубоў” у дэмсілах могуць з’явіцца дадатковыя аргументы, каб агітаваць Еўропу за болей гнуткую палітыку ў дачыненні да Мінска, за перамовы з беларускімі ўладамі.

Каманда Святланы Ціханоўскай паспрабуе інтэграваць у свае шэрагі Віктара Бабарыку, каб пазбегнуць стварэння канкуруючага цэнтра палітычнай эміграцыі.

Ідэя круглага стала з уладай не мае шанцаў рэалізавацца да часу моцнага крызісу рэжыму. Такі крызіс можа быць справакаваны, у прыватнасці, фізічным сыходам Лукашэнкі. Але ў такім выпадку ўзрастае і небяспека радыкальных дзеянняў Крамля з мэтай паставіць на чале Беларусі сваю марыянетку ці ўвогуле яе інкарпараваць.