Рэжым i грамадства: рух у бок таталiтарызацыi i цiхая незадаволенасць
Генадзь Коршунаў
Рэзюмэ
У 2025 годзе не адбылося вялікіх змен у развіцці грамадства, рэжыма і іх стасункаў. Нават прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў студзені 2025 года, фактычна ніяк не паўплывалі на сітуацыю ў краіне. Усе тэндэнцыі гэтага года з’яўляюцца працягам таго, што назапашвалася ў мінулыя часы.
Сучасны стан беларускага грамадства можна вызначыць як глыбокае эмацыйнае адчужэнне ад дзяржавы. Рэпрэсіўны ціск дзяржавы на беларускае грамадства працягваецца, хаця і ў змененым фармаце. Вылучаюцца такія напрамкі, як сістэмная мілітарызацыя сістэмы адукацыі, працяг вайсковай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй і ўключэнне ў практыкі ядзернага шантажу Захаду, а таксама працяг гібрыднай агрэсіі на межах з краінамі Еўрасаюза.
Рэжым пачаў прыхоўваць рэпрэсіі і праз здзелку з Вашынгтонам пайшоў на вызваленне часткі палітвязняў. Зніжэнне паказнікаў рэпрэсій у адных сектарах з’яўляецца наступствам іх зачысткі, у той час як у іншых сферах – асабліва ў персанальным пераследзе грамадзян – маштабы тэрору захоўваюцца.
Тэндэнцыі:
- беларускі рэжым працягвае павольны рух у бок пабудовы таталітарнай дзяржавы;
- рэпрэсіўны ціск дзяржавы на беларускае грамадства працягваецца, хаця і ў змененым фармаце;
- уплыў расійска-украінскай вайны на грамадскую думку пачаў зніжацца;
- расце незадаволенасць дзеяннямі дзяржаўных інстытутаў і эмацыйнае адчужэнне ад дзяржавы;
- вобраз улады паступова ператвараецца з “заступніка” ў “прыгнятальніка”.
Мілітарызацыя як падмурак беларускага таталітарызму
На працягу апошніх гадоў беларускі палітычны рэжым няўхільна трансфармуецца ў бок “класічнага” таталітарызму. Cпецыфіка гэтага працэсу палягае ў тым, што відавочны дэфіцыт глыбокіх ідэалагічных сэнсаў (якія зводзяцца пераважна да культу асобы Аляксандра Лукашэнкі) кампенсуецца маштабнай і прымусовай мілітарызацыяй грамадства. Гэты працэс ахоплівае ўсе ўзроўні сацыяльнага жыцця – ад адукацыі да знешняй палітыкі.
Адным з праяўленняў тэндэнцыі ўзмацнення жорсткасці рэжыму з’яўляецца беспрэцэдэнтнае паглыбленне вайсковай супрацы з Расійскай Федэрацыяй. Беларусь больш не проста эканамічны “тыл” расійскай вайсковай машыны – яна стала непасрэднай пляцоўкай для ядзернай эскалацыі. Ключавой падзеяй стала размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскай тактычнай ядзернай зброі і найноўшага ракетнага комплексу “Арэшнік”. Гэта аўтаматычна робіць беларускія ваенныя аб’екты, і шырэй – Беларусь агулам, легітымнымі мэтамі для магутнага ўдару ў адказ у выпадку канфлікту.
Найбольш трывожным аспектам з’яўляецца татальнае пранікненне вайсковай прапаганды ў сістэму адукацыі. Індактрынацыя пачынаецца ўжо з дзіцячых садкоў, дзе сілавікі (у прыватнасці, АМАП) праводзяць для шасцігадовых дзяцей майстар-класы па зборцы зброі. Фактычна, школа пераўтварылася ў канвеер па выхаванні паслухмяных выканаўцаў, дзе вайсковая дысцыпліна і бяспрэчнае падпарадкаванне загадам выцеснілі крытычнае мысленне і асабістую адказнасць.1
Паралельна з унутранай мілітарызацыяй рэжым працягвае выкарыстоўваць міграцыйныя патокі як гібрыдную зброю супраць заходніх суседзяў. У 2025 годзе шматгадовы крызіс на межах не толькі не сцішыўся, але дасягнуў свайго гістарычнага піку. Паводле статыстыкі, колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы перавысіла 43 тысячы (для параўнання: у 2024-м было каля 36 тыс., а ў 2023-м – 42 тыс.).
Да міграцыйнага ціску дадаліся новыя формы правакацый – масавыя запускі метэабалонаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. У 2025 годзе гэтыя палёты сталі настолькі рэгулярнымі, што пачалі ствараць пагрозу бяспецы палётаў і вымушалі часова спыняць працу аэрапорта ў Вільні. Гэта справакавала жорсткі адказ: Літва часова закрыла мяжу, на што Беларусь адрэагавала затрыманнем сотняў літоўскіх фур, якія застаюцца на тэрыторыі краіны ў якасці закладнікаў эканамічнага і палітычнага канфлікту.
Такiм чынам, беларускі рэжым абраў шлях мілітарызацыі, ператвараючы дзяржаву ў закрыты ваенны лагер, дзе ідэалагічная апрацоўка дзяцей спалучаецца з размяшчэннем расійскай ядзернай зброі. Гэтая палітыка разам з гібрыднымі атакамі на суседзяў разбурае рэгіянальную бяспеку і ставіць пад пагрозу суверэнітэт краіны, робячы яе закладніцай знешніх ваенных авантур.
Працяг рэпрэсій – змена фармату
Падзеі 2025 года ў Беларусі сведчаць пра трансфармацыю дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны. Калі пасляпратэсны перыяд (2020–2023 гады) характарызаваўся публічнасцю распраў – масавымі затрыманнямі пад камерамі, выкарыстаннем “пакаянных відэа” і гучнымі судовымі працэсамі, – то цяперашні этап можна акрэсліць як стратэгію “прыхаваных рэпрэсій”. Гэтая змена фармату не азначае змякчэння рэжыму, а з’яўляецца вынікам адаптацыі ўлады да новых знешнепалітычных умоў і ўнутранай зачысткі грамадскага поля.
Асноўным інструментам прыхавання маштабаў пераследу стала ізаляцыя судовай сістэмы ад грамадства. З 5 сакавіка 2025 года была спыненая публікацыя раскладаў судовых пасяджэнняў, што раней з’яўлялася галоўнай крыніцай для маніторынгу. Разам з закрыццём доступу да банкаў судовых рашэнняў і маўчаннем афіцыйных асоб, гэта стварыла вакуум даных. Для знешняга назіральніка можа скласціся ілюзія “адлігі”, бо праваабаронцам усё цяжэй фіксаваць кожны факт затрымання. Аднак гэтая статыстычная “цішыня” – прамы вынік дзяржаўнай палітыкі па схаванні рэпрэсіўнага ціску, што супала па часе з актывізацыяй непублічных кантактаў паміж афіцыйным Мінскам і адміністрацыяй ЗША.
Феномен вызвалення і гвалтоўная экспатрыяцыя
Важнай падзеяй 2025 года стала вызваленне 342 чалавек з месцаў несвабоды пры садзейнічанні Злучаных Штатаў. Выхад людзей на волю можна толькі вітаць, але гэтым годам вызваленні людзей адбываліся разам з прымусовай экспатрыяцыяй значнай часткі вызваленых палітзняволеных: у 2025 годзе пасля памілавання 189 палітвязняў былі гвалтоўна вывезеныя з Беларусі (шмат хто – без пашпартоў). Такім чынам, улады выкарыстоўваюць вызваленне як інструмент фізічнага выціскання апанентаў з краіны, ператвараючы памілаванне ў форму высылкі.
Сектаральнае “(пера)насычэнне” рэпрэсій
Статыстычныя паказнікі ў розных сферах дэманструюць неаднародную дынаміку, якую трэба разглядаць праз прызму “перанасычанасці рынку” рэпрэсій.
- Грамадзянская супольнасць (НДА): колькасць ліквідаваных арганізацый знізілася з 385 (у 2024 годзе) да 107 (у 2025-м). Гэта не прыкмета лібералізацыі, а вынік таго, што рэжым “зачысціў” амаль усіх нелаяльных. Поле грамадскай актыўнасці стала пустым, таму колькасць новых ліквідацый заканамерна падае.
- Інфармацыйная прастора і “экстрэмізм”: запаволіўся прырост экстрэмісцкіх матэрыялаў і фармаванняў. Судам становіцца складана знаходзіць новыя арганізаваныя аб’екты: доля асабістых старонак у сацсетках сярод прызнаных экстрэмісцкімі вырасла да 44 %. У 2025 годзе экстрэмісцкімі прызнаваліся ўжо не буйныя СМІ ці палітычныя партыі, а адукацыйныя платформы, інтэлектуальныя цэнтры і нават дробныя падструктуры арганізацый, забароненых раней. Гэта сведчыць аб тым, што рэпрэсіўны апарат пачаў “паядаць” дробныя сегменты праз адсутнасць буйных мэтаў.
- Персаналізаваны тэрор: у адрозненне ад арганізацый, чалавечы рэсурс для рэпрэсій застаецца невычэрпным. Менавіта тут назіраецца рост па “экстрэмісцкiм” і “тэрарыстычным” кірункам. У першым выпадку, пасля гадоў зніжэння, у 2025 годзе зафіксаваны прырост на 16 % (1 335 чалавек), у другім – за год рост на 40 % (219 чалавек). Гэта абсалютны максімум за ўсе гады. Прызначэнне чалавека “тэрарыстам” стала зручным інструментам для пазбаўлення грамадзянскіх правоў і ўзмацнення ізаляцыі.
Статыстычная пастка “палітвязняў”
У 2025 годзе таксама знізілася колькасць “афіцыйна прызнаных” палітвязняў: 448 чал. супраць 593 чал. у 2024-м. Аднак эксперты папярэджваюць: гэты паказнік больш не з’яўляецца ўніверсальным індыкатарам жорсткасці. Па-першае, сваякі зняволеных, запалоханыя сілавікамі, усё радзей звяртаюцца да праваабаронцаў. Па-другое, сама працэдура верыфікацыі ва ўмовах інфармацыйнай закрытасці судоў моцна зацягваецца. Рэальная колькасць людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, можа значна перавышаць афіцыйныя лічбы праваабарончых спісаў.
Рэпрэсіўная палітыка перайшла ў фазу сістэмнай кансалідацыі. Рэжым паспяхова спалучае тактычныя саступкі Захаду праз вызваленне часткі людзей з адначасовай іх высылкай. Такім чынам, зніжэнне паказнікаў у адных сектарах з’яўляецца толькі наступствам іх поўнай зачысткі, у той час як у іншых сферах – асабліва ў персанальным пераследзе грамадзян – маштабы тэрору працягваюць расці. Рэпрэсіі застаюцца неад’емнай часткай дзяржаўнага кіравання, змяняючы толькі сваю бачнасць, але не сутнасць.
Вобраз рэжыму змяняецца
Паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну было галоўным геймчэнжэрам у стасунках беларускага грамадства і рэжыма Лукашэнка. Менавіта яно, а дакладней, чаканне ваеннага і эканамічнага апакаліпсіса вызначала дынаміку грамадскай свядомасці працягам некалькіх год.
Аднак праз некалькі гадоў пасля пачатку вайны запыт на бяспеку пачаў змяншацца. Сацыялагічныя дадзеныя паказваюць, што ў 2025 годзе хваляванні наконт удзелу Беларусі ў вайне складалі толькі 28 % (для параўнання: у красавіку 2022 года гэты паказнік складаў 57 %); запыт на бяспеку як на галоўную паслугу ад дзяржавы пачаў згасаць.2
Дэвальвацыя ролі “апекуна”
Каштоўнасць рэжыму як апекуна, гаранта бяспекі і стабільнасці, якая актуалізавалася ў 2020 годзе, стала паступова зніжацца. Эмпірычныя паказчыкі фіксуюць, што грамадства ня ведае, што робіць беларуская ўлада і ў чыіх інтарэсах яна вядзе рэй (палова апытаных перакананыя, што дзяржава найперш абараняе інтарэсы вярхоўнай улады; 23 % увогуле не ведаюць, у чыіх інтарэсах яна дзейнічае).
Вобраз рэжыму становіцца больш дынамічным і супярэчлівым. З аднаго боку, грамадзяне працягваюць ацэньваць бяспеку як каштоўнасць, асабліва жанчыны і маладыя людзі. З другога, павялічваецца ўсведамленне, што крыніцай пагрозы бяспекі ўсё часцей выступае сам рэжым: у 2024 годзе амаль палова беларусаў сцвярджалі, што просты чалавек не абаронены ад самаўпраўства ўлады. У 2025 годзе 42 % назвалі галоўнай задачай дзяржавы “забеспячэнне правоў і свабод грамадзян” – гэтая пазіцыя ўпершыню выйшла на першае месца ў рэйтынгу прыярытэтаў, асабліва сярод мужчын, людзей з вышэйшай адукацыяй і ва ўзросце 45 год і старэй.3
Эканамічная аўтаномія і сацыяльны кантракт
У эканамічным вымярэнні таксама нарастае напружанне. Хоць рэжым працягвае прадстаўляць сябе як гарант стабільнасці, рэальнасць выглядае інакш. З цягам часу ўсё больш людзей лічаць, што іх дабрабыт залежыць ад іх саміх, а не ад дзяржавы; узровень жыцця ў Беларусі ацэньваецца горш, чым у большасці іншых краін; першыя пазіцыі ў спісе галоўных праблем займаюць эканамічныя фактары (табл. 1).
| % | |
|---|---|
| Нізкія заробкі | 49.4 |
| Інфляцыя і рост коштаў | 48.6 |
| Маленькія пенсіі | 33.4 |
| Пагроза ўдзелу ў войнах і міжнародных канфліктах | 27.9 |
| Санкцыі з боку Еўропы і ЗША | 26.2 |
| Якасць медыцынскага абслугоўвання | 25.6 |
| Немагчымасць знайсці добрую працу | 22.3 |
| Высокія тарыфы на камунальныя паслугі | 20.7 |
| Высокі ўзровень эміграцыі з краіны | 20.7 |
| Нізкія тэмпы эканамічнага развіцця | 18.9 |
Табліца 1. ТОП-10 адказаў на пытанне «Што з ніжэй пералічанага вы б пазначылі як найбольш важныя праблемы сучаснай Беларусі?»4
Гэтыя працэсы перакладаюцца ў выразны запыт на палітычныя змены: канкурэнтныя выбары, лібералізацыю, паслабленне кантролю з боку дзяржавы. Пры гэтым толькі 10–14 % выступаюць супраць падобных рэформаў.
Аднак беларусы не дэманструюць надзеі на рэалізацыю сваіх чаканняў. Важна, што запыт на зніжэнне ролі дзяржавы ў жыцці грамадства выглядае не выпадковай рэакцыяй на апошнія падзеі, а вынікам паступовага развіцця сацыяльнай самастойнасці на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Тым не менш існуе сегмент грамадства, які трымаецца за “рэшткі сацыяльнай дзяржавы”. Логіка “хай агрэсар, але выплочвае пенсіі” дазваляе рэжыму захоўваць лаяльнасць часткі насельніцтва. Пры гэтым планка чаканняў значна знізілася: людзі задаволеныя самім фактам існавання бясплатнай медыцыны і адукацыі, хоць і адзначаюць іх нізкую якасць.
“Змова маўчання” як копінг-стратэгія
У грамадскай свядомасці беларускі рэжым шмат у чым пакуль яшчэ застаецца заступнікам, але ўсё часцей ўспрымаецца як крыніца пагроз для бяспекі простага чалавека, то бок як прыгнятальнік. Пазначаныя ўмовы правакуюць жаданне добрай часткі грамадства дыстанцыянавацца ад траўматычнай сітуацыі, “адштурхнуцца” ад яе, каб выжыць, пазбегнуць разбуральных наступстваў і стабілізаваць сваё існаванне. Падобная рэакцыя можа быць апісаная праз мадэль эмацыйна арыентаванай копінг-стратэгіі, якая ў маштабе супольнасцей працуе як стратэгія “змовы маўчання”.
Такая стратэгія праяўляецца ў замоўчванні свайго досведа і адмаўленні выпрацоўваць свае меркаванні па пытаннях, што выходзяць за межы паўсядзённага існавання. У выніку беларусы схільныя хучтэй унікаць палітычных пытанняў, таму значная частка не мае (альбо не выказвае) ўстойлівых сімпатый ні да якой пэўнай эканамічнай стратэгіі, 2/3 беларусаў не могуць адказаць нічога на пытанні ані пра правалы, ані пра поспехі краіны.
Трэба адзначыць, што такая ўстаноўка на замоўчванне траўматычнага досведу апошніх пяці гадоў падтрымліваецца і нават стымулюецца і самім рэжымам (у прыватнасці, праз выкарыстанне “антыэкстрэмісцкага” заканадаўства). Насуперак гэтаму траўматычнаму досведу рэжым працягвае сістэматычна прасоўваць сваю версію выбранай траўмы – так званы генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Сучасны стан беларускага грамадства можна вызначыць як глыбокае эмацыйнае адчужэнне ад дзяржавы. Вобраз улады ператвараецца з “заступніка” ў “прыгнятальніка”, што робіць сацыяльную стабільнасць у краіне крохкай, нягледзячы на вонкавае маўчанне.
Заключэнне
У бліжэйшай перспектыве, калі не з’явіцца новы істотны “геймчэнжэр”, ад рэжыма Лукашэнка варта чакаць працягу прасоўвання ў бок пабудовы таталітарнай дзяржавы і выкарыстання гібрыднай агрэсіі (ад памежнага крызісу да ядзернага шантажа) як інструмента знешнепалітычнай дзейнасці, што будзе яшчэ больш звужаць прастору для дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.
Эканамічныя чыннікі (нізкія заробкі і інфляцыя) застануцца галоўнымі кропкамі патэнцыйнага сацыяльнага незадавальнення, якое ўлады будуць спрабаваць нівеляваць праз прасоўванне “траўмы мінулага” і захаванне рэпрэсіўнага кантроля над грамадствам (хаця па некаторых напрамках рэсурс рэпрэсіўнага ціску ўжо фактычна вычарпаны).
У 2026 годзе эмацыйнае адчужэнне паміж грамадствам і ўладай будзе паглыбляцца. Рэжым усё больш будзе ўспрымацца як прыгнятальнік, а для грамадства асноўнай стратэгіяй выжывання будзе заставацца стратэгія “змовы маўчання”, што будзе ствараць ілюзію стабільнасці пры нарастаючым унутраным напружанні.