Адмінстрацыя прэзідэнта: траўма 2020 года, персаналізацыя ўлады і імітацыя выбараў
Валерый Карбалевіч
Рэзюмэ
Галоўным фактарам, які ўплываў на дзейнасць Адмінiстрацыi прэзідэнта, быў так і не пераадолены “сіндром 2020 году”. І ўся палітыка ўладаў грунтавалася не на вырашэнні актуальных задач і праблем, якія паўсталі перад краінай, а на неабходнасці нейтралізацыі рэальных ці прыдуманых пагроз для рэжыму.
Прэзідэнцкія выбары былі закліканы пераадолець гэты “сіндром”, забяспечыць Лукашэнку новую легітымнасць. Ён, акрамя ўсіх іншых прычынаў, зноў балатаваўся на новы тэрмін, каб даказаць грамадству і эліце, самому сабе сваю сілу, прэзентаваць сябе Пераможцам. Аднак выканаць гэтую задачу ўдалося толькі часткова. Перамога над штучнымі, карыкатурнымі супернікамі не засведчыла ягоную палітычную моц.
Тэндэнцыі
- Унівэрсальны сродак нейтралізацыі пагроз рэжым бачыць у выкарыстанні грубай сілы; працягвалася эвалюцыя аўтарытарнай сістэмы ў таталітарную.
- Крытыка кадравай палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта вынесена Лукашэнкам ў публічную плашчыню.
- Удзел Лукашэнкі ў выбарах азначае, што працэс транзіту ўлады пастаўлены на паўзу, а можа і зусім здымаецца з парадку дня.
- Пасля 2020 году ўлады сталі ўспрымаць выбары як пагрозу, небяспеку, узнік страх перад выбарчым працэсам як такім.
Роля Адміністрацыi прэзідэнта ў сістэме ўлады
У 2025 годзе месца і роля Адміністрацыі прэзідэнта (АП) у палітычнай сыстэме Беларусі не памяняліся. Яны заставаліся тымі жа цягам усіх 30 гадоў лукашэнкаўскага кіравання. У пэўным сэнсе АП можна назваць палітычным цэнтрам беларускай улады. Але толькі ўмоўным цэнтрам. Бо насамрэч АП не выпрацоўвае дзяржаўную палітыку. Яе выпрацоўвае сам Аляксандр Лукашэнка. Асноўная задача АП – быць першым перадатачным звяном ад Лукашэнкі да іншых дзяржаўных інстытутаў.
У кампетэнцыю АП уваходзіць падрыхтоўка дзяржаўных дакументаў ці іх маніторынг на прадмет адпаведнасці генеральнай лініі. У 2025 годзе былі прынятыя дзве дырэктывы: 2 красавіка – Дырэктыва № 11 “Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны”; 9 красавіка – Дырэктыва № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”. У беларускай сістэме ўлады дырэктыва – гэта дакумент вышэйшага дзяржаўнага ўзроўню. За 31 год лукашэнкаўскага кіравання агулам было прынята 12 падобных дакументаў.
Таксама АП арганізоўвае кантроль за выкананнем прынятых Лукашэнкам дакументаў, указанняў, пісьмовых і вусных загадаў. З гэтай справай мінулым годам атрымалася дрэнна. Сам Лукашэнка прызнаў, што цягам 2025 года не выкананая трэць ягоных даручэнняў.
Яшчэ ў сферу функцый АП уваходзяць кадравая палітыка і правядзенне палітычных кампаній (выбараў), аб чым пагаворым далей.
У сярэдзіне 2024 года адбылася поўная замена кіраўніцтва АП. Пасада кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі была вакантнай амаль цэлых паўгода, са студзеня таго года, калі чыноўнік, які яе займаў (Ігар Сяргеенка), пайшоў у дэпутаты.
А. Лукашэнка выбіраў доўга таму, што ў беларускай дзяржаўнай іерархіі кіраўнік АП – гэта фактычна другая фігура па ўладнай вазе пасля самога ўладара. І тут важна, каб у гэтага чыноўніка палітычная лаяльнасць спалучалася з менеджэрскімі здольнасцямі. Да таго ж перад новым кіраўніком АП стаяла вельмі адказная задача: забяспечыць правядзенне прэзідэнцкай кампаніі 2025 года з гарантаваным вынікам.
Дваццаць сёмага чэрвеня 2024 года кіраўніком АП быў прызначаны Дзмітрый Круты. Нельга сказаць, што такі выбар быў нечаканы. Такіх цяжкавагавікоў з менеджэрскімі здольнасьцямі ў лукашэнкаўскім атачэнні не так і шмат. Ён прайшоў усе ступені карʼернай лесвіцы: міністр эканомікі, першы віцэ-прэм’ер, намеснік кіраўніка АП, амбасадар у Расеі.
Неяк на адной з нарадаў Лукашэнка адзначыў, што амбасада Беларусі ў Расеі – гэта другі ўрад Беларусі. Ну, а яго кіраўнік – амбасадар – другі кіраўнік урада. Тым больш што ён захаваў паўнамоцтвы віцэ-прэм’ера. Паколькі, паводле статусу, Дзмітрый Круты быў адказным за расейскі кірунак беларускай палітыкі, то ў яго больш магчымасцяў забяспечыць падтрымку Расеі падчас чарговага перавыбрання Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
А вось другое прышэсце Наталлі Пяткевіч на пасаду першага намесніка кіраўніка АП стала нечаканасцю. Бо яна адказвала за ідэалогію і праваліла прэзідэнцкую кампанію 2010 года, трапіла ў апалу. Цяпер Н. Пяткевіч атрымала шанец рэабілітавацца.
Галоўным фактарам, які ўплываў на ўсю палітыку Беларусі, быў так і не пераадолены “сіндром 2020 года”. Траўма, атрыманая кіраўніцтвам дзяржавы ад тых падзей, аказалася такой глыбокай, што стварыла пэўны псіхалагічны комплекс. Гэта вяло да таго, што любыя праблемы ў краіне кіроўная эліта разглядала з гледзішча бяспекі рэжыму. Лукашэнка паўсюль бачыў пагрозы. І ўся палітыка грунтавалася не на вырашэнні актуальных задач і праблем, якія паўставалі перад краінай, а на неабходнасці нейтралізацыі рэальных ці прыдуманых пагроз.
Унівэрсальны сродак нейтралізацыі пагроз рэжым бачыць у выкарыстанні грубай сілы. Працягвалася эвалюцыя аўтарытарнай сістэмы ў таталітарную. Была ліквідаваная не толькі апазіцыя як інстытут, разбураны структуры грамадзянскай супольнасці, але і забаронена іншадумства як прынцып. Пабудавана класічная паліцэйская дзяржава. Сілавыя структуры сталі асноўным элементам палітычнай сістэмы. Праведзена татальная чыстка дзяржсектара, адтуль працягваюць звальняцца ўсе нелаяльныя людзі.
Палітычныя рэпрэсіі не зменшыліся, як шмат хто прагназаваў. Кансалідацыя рэжыму адбывалася на аснове ідэалагічнага канструкта “народнага адзінства”. Што азначала аб’яднанне прыхільнікаў Лукашэнкі, рэпрэсіі, маргіналізацыю ўсіх апанентаў, якія фактычна выводзіліся за межы паняцця “народ”.
Кадравая палітыка
Як адзначалася вышэй, адной з галоўных задач АП зʼяўляецца падбор і расстаноўка кадраў, прызначэнне чыноўнікаў на высокія пасады. Аднак у 2025 годзе ўпершыню за час лукашэнкаўскага кіравання гэтая функцыя АП была падвергнутая сумневу. Крытыка кадравай палітыкі была вынесена ў публічную плашчыню. Фактычна Лукашэнка выказаў недавер кіраўніцтву АП у гэтым кірунку дзяржаўнай палітыкі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў урад, як і прадугледжана Канстытуцыяй, падаў у адстаўку, і, паводле працэдуры, зноў выбраны прэзідэнт павінен быў фарміраваць згаданы выканаўчы орган. Паводле прынятых правілаў і традыцыі, гэтай справай павінна была займацца АП.
Аднак тут здарылася нечаканасць. Упершыню ў гісторыі Лукашэнка на сустрэчы з даверанымі асобамі аб’явіў аб стварэнні камісіі, якая павінна ўнесці прапановы па фармаваннi новага складу ўрада.1 Потым, падчас сустрэчы з кіраўніцай Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, А. Лукашэнка зноў узгадваў пра гэтую дзіўную камісію. Ён таксама абвесціў, што старшынёй яе прызначаны кіраўнік АП Дзмітрый Круты.
Калі сапраўды гэтая камісія працавала і нешта вырашала, то лагічна было б паслухаць яе высновы, прапановы, перш чым прымаць рашэнні наконт складу новага ўрада. Але нічога падобнага не адбылося. Ва ўсялякім разе ніякай інфармацыі пра яе працу, справаздачу перад Лукашэнкам няма. Так і засталося незразумелым, ці была насамрэч створаная гэтая камісія, ці працавала яна, і ў чым сэнс гэтай гульні.
Дваццатага лістапада Аляксандр Лукашэнка, разглядаючы кадравыя пытанні, адкрыта выказаў кіраўніку АП Дзмітрыю Крутому незадаволенне працай у гэтым кірунку. Ён заявіў: “Ніякага валюнтарызму не павінна быць. Адсябяціны не павінна быць ні ад памочніка, ні ад кіраўніка Адміністрацыі, ні ад іншых асоб. Трэба раіцца, перш чым прапаноўваць на прызначэнне тых ці іншых людзей. Тады не будзем тасаваць гэтую калоду кожны год або праз два-тры гады”2.
Што ж прапануе Лукашэнка, каб вырашыць гэтае пытанне? Ён кажа: “Трэба ўзмацніць у Адміністрацыі Прэзідэнта гэты кірунак. Я нават не ведаю, гэта ваша справа... Можа быць, [стварыць] раду нейкую і іншае”3.
Парада Лукашэнкі – гэта бюракратычная класіка, стандартны адказ чыноўніка на выклік: узмацніць, павысіць, пашырыць і паглыбіць. А яшчэ, як і ў выпадку з фармаваннем урада, – стварыць камісію па праблемнаму пытанню.
Яшчэ адзін прыклад. Здаўна існуе камісія па памілаванню зняволеных пры Лукашэнку на чале з намесніцай кіраўніка АП Вольгай Чупрыс. У 2022 годзе была створаная камісія па вяртанні беларусаў з эміграцыі, якую ўзначальвае былы генеральны пракурор Андрэй Швед. Мінулым годам яе функцыі пашырыліся, яна дае рэкамендацыі Лукашэнку наконт кандыдатур палітвязняў, якіх можна вызваліць. То-бок камісія Шведа дублюе функцыі камісіі Чупрыс. Зноў недавер структуры, якую ўзначальвае намесніца кіраўніка АП?
Акрамя таго, усе гэтыя факты сведчаць пра тое, што працэдурныя моманты, якія, дарэчы, абапіраюцца на Канстытуцыю і заканадаўства, адкінуты, яны ў Беларусі не маюць ніякага значэння. Вырашае воля, жаданне, часта капрыз аднаго чалавека. Маем персаналісцкі рэжым у чыстым выглядзе.
Прэзідэнцкія выбары
Выбары прэзідэнта адбыліся 26 студзеня 2025 года.У Беларусі кожная прэзідэнцкая кампанія мела свае асаблівасці. Выбары 2025 года былі самыя нецікавыя выбары ў гісторыі краіны. Лукашэнка апраўдваўся тым, што, маўляў, нам непатрэбна шоу, як у ЗША.
Галоўны сэнс гэтых выбараў, як іх бачылі ўлады, палягае ў пераадоленні “сіндрому 2020 года”. Улады імкнуліся даказаць, што падчас папярэдняй выбарчай кампаніі здарылася нейкая анамалія, недарэчнасць, а цяпер усё вяртаецца ў норму. І Аляксандр Лукашэнка зноў балатаваўся на новы тэрмін, каб, акрамя іншых прычынаў, даказаць усім, магчыма, і самаму сабе, што той сіндром пераадолены, каб паказаць сваю сілу грамадству і эліце, прэзентаваць сябе Пераможцам.
Удзел Лукашэнкі ў выбарах таксама азначае, што працэс транзіту ўлады пастаўлены на паўзу, адкладваецца. А можа і зусім здымаецца з парадку дня.
Аднак якраз задача “дэманстрацыі Перамогі” вырашаная толькі часткова. Бо пасля 2020 года ўлады сталі ўспрымаць выбары як пагрозу, небяспеку, узнік страх перад выбарчым працэсам як такім. У Лукашэнкі слова “выбары” асацыюецца не з працэсам галасавання, а з рэвалюцыяй, дзяржаўным пераваротам, пратэстамі. Цалкам натуральна, што ў межах такой логікі ўлады разглядалі выбары як ваенную аперацыю. Улады баяліся зданяў 2020 года. Амаль на кожнай нарадзе Лукашэнка ўзгадвае сваіх апанентаў (“збеглых”), тым самым надаючы ім дадатковую суб’ектнасць і сілу.
І вось для нейтралізацыі пратэсту быў мабілізаваны ўвесь дзяржапарат, не толькі сілавыя структуры. Да ўдзелу ў выбарах не дапусцілі апазіцыю, адмянілі галасаванне за мяжой, адмовіліся ад назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ (запрасілі так, каб атрымаць адмову). Засакрэцілі склад выбарчых камісій, таксама колькасны склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў. Сваіх галоўных апанентаў Лукашэнка пасадзіў за краты ці выштурхаў за мяжу.
Пра няўпэўненасць рэжыму сведчыць і той факт, што прэзідэнцкія выбары, насуперак Канстытуцыі, былі прызначаны на паўгода раней тэрміну, прадугледжанага заканадаўствам. Бо, паводле дзейнага Асноўнага Закону Беларусі, прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў. Калі выбары праводзяцца праз чатыры з паловай года пасля папярэдніх, то яны на юрыдычнай мове называюцца “датэрміновымі выбарамі”, якія ў сваю чаргу праводзяцца толькі пры ўмове, калі дзейны прэзідэнт па нейкіх прычынах не можа выконваць свае абавязкі. Улады ніяк не патлумачылі неабходнасць правядзення выбараў на паўгода раней, як і тое, што Лукашэнка зноў балатаваўся на вышэйшую пасаду, насуперак ягоным шматлікім абяцанням не рабіць гэтага.
Верагодна, Лукашэнка, праводзячы выбары раней тэрміну, імкнуўся хутчэй “перагарнуць старонку” у адносінах з Захадам. Не дарэмна ж адбыліся памілаванні 115 палітвязняў, анансаваны новыя вызваленні. Разлік быў на тое, што Захад пойдзе на прызнанне існага рэжыму, адбудзецца легітымізацыя Аляксандра Лукашэнкі і дэлегітымізацыя Святланы Ціханоўскай. Апошняе даволі важна, бо можна будзе казаць заходнім палітыкам, што, маўляў, нават калі вы і лічыце, што яна была выбрана прэзідэнтам, то толькі на пяць гадоў, і яе тэрмін заканчваецца новымі выбарамі. І ўдзел Лукашэнкі ў перамовах аб замірэнні ва Ўкраіне магчымы толькі тады, калі Захад прызнае яго легітымны статус.
Прапагандысцкая кампанія пад лозунгам «Надо!» пачалася як флэшмоб, як запрашэнне Лукашэнкі паўдзельнічаць у выбарах. А потым гэта стала слоганам усёй прэзідэнцкай кампаніі, сэнс якога палягае ў абавязковай падтрымцы цяперашняга ўладара. У самім лозунгу быў закладзены прымус, ён дэтэрмінаваў абавязковы ўдзел, не прадугледжваў ніякай свабоды выбару нават на афіцыёзна-прапагандысцкім узроўні. Гэтыя прэзідэнцкія выбары сталі пэўным рубяжом, які фіксуе эвалюцыю рэжыма, пераход яго ў іншую стадыю.
Дваццаць трэцяга снежня Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Беларусі зарэгістравала пяць кандыдатаў у прэзідэнты: Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Сяргея Сыранкова, Ганну Канапацкую і Аляксандра Хіжняка. Трое з іх прадстаўляюць зарэгістраваныя палітычныя партыі.
Уся перадвыбарчая кампанія была суцэльнай імітацыяй. Напрыклад, імітаваўся збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў. Да адзінкавых пікетаў у гарадах мала хто падыходзіў. Няма паведамленняў, каб чальцы ініцыятыўных груп масава хадзілі па кватэрам дзеля збору подпісаў.
У той жа час вылучэнне некалькіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, заклікана стварыць ілюзію, што цяперашняя кампанія ніяк не адрозніваецца ад папярэдніх. Маўляў, усё, як звычайна, існуе шмат прэтэндэнтаў, яны будуць збіраць подпісы, выступаць па БТ, у бюлетэні для галасавання будзе некалькі прозвішчаў.
Існаванне спарынг-партнёраў, спойлераў Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў, не новая зʼява. Гэтую ролю звычайна выконваў дзяжурны кандыдат Сяргей Гайдукевіч. Але ў яго было іншае амплуа: ён быў патрэбен на выпадак, калі рэальныя апаненты Лукашэнкі раптам знялі б свае кандыдатуры ўжо ў ходзе кампаніі, і той мог застацца адзіным кандыдатам. Гэта магло б разбурыць увесь сцэнар уладаў. Менавіта ў такім разе Гайдукевіч мог бы адыграць ролю штучнай альтэрнатывы.
Ў кампаніі 2025 года роля спойлераў была іншая. Яны меліся стаць нібыта апанентамі Лукашэнкі і адначасова падтрымліваць існы рэжым і ягоную палітыку. Маўляў, я іду кандыдатам у прэзідэнты, каб падтрымаць адзінага і незамянімага правадыра. Такая практыка існуе ў некаторых краінах Цэнтральнай Азіі. Але ў Беларусі дасюль такога не было.
Уладам не ўдалося выпрацаваць нейкую лагічную тактыку, як такіх кандыдатаў падаваць, як іх упісаць у новую канцэпцыю выбарчай кампаніі. Праблема ў тым, што ў простую, зразумелую, у чымсьці прымітыўную кампанію пад слоганам «Надо!», з прапагандай культу асобы Лукашэнкі, улады самі запусцілі вірус, ускладнілі яе тым, што дапусцілі яшчэ некалькі кандыдатаў. У выніку атрымаўся пэўны дысананс, аксюмаран.
Таталітарызм не прадугледжвае нейкага плюралізму, нават фармальнай варыятыўнасці ці разнастайнасці. Тут адзін народ, адзін правадыр. І таму абывацель не разумеў логікі. Калі кандыдатура Лукашэнкі аб’яўляецца адзіна магчымым выбарам народа, ва ўмовах прапагандуемага палітычнага адзінства і згуртаванасці, то ніякай альтэрнатывы не можа быць па вызначэннi. З’яўленьне ў гэтай сістэме нейкіх іншых кандыдатаў – нонсэнс. Тым больш, людзі ведаюць, што за падтрымку другіх прэтэндэнтаў у 2020 годзе шмат грамадзян пакаралі.
Не выпадкова Лукашэнка прызнаў, што “людзі не вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата”4. І каб выйсці з недарэчнай сітуацыі, рэалізаваць першапачатковы сцэнар з некалькімі прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду, сабраць подпісы, улады вымушаны былі ажыццяўляць прымус, задзейнічаць дзяржапарат дзеля падтрымкі іншых кандыдатаў. Вонкава ўсё гэта выглядала даволі камічна.
Што тычыцца зместу ўмоўнай “перадвыбарчай праграмы” Лукашэнкі, то ён немудрагелісты. Ніякіх перамен, робім тое, што рабілі і раней. З’явіліся вялізныя вонкавыя выклікі, заходнія ворагі і іх сатэліты імкнуцца ўцягнуць Беларусь у вайну, таму патрэбная пастаянная мабілізацыя. Але на варце міру і бяспекі стаіць Лукашэнка, таму можаце спаць спакойна. Падчас сустрэчы з насельніцтвам у рэгіёнах ягоныя абяцанні і планы былі больш прыземленыя. Наратывы будучага былі больш падобныя на ўспаміны пра мінулае (аднаўленне праграмы меліярацыі і інш.).
Аляксандр Лукашэнка пачаў святкаваць сваю перамогу на выбарах яшчэ ў асноўны дзень галасавання 26 студзеня, калі сабраў прэсавую канферэнцыю для СМІ. І працягнуў 4 лютага, ужо пасля афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбарчай кампаніі (паводле ЦВК, ён набраў 86.82 % галасоў) падчас сустрэчы з сваімі даверанымі асобамі. Ён не хаваў сваёй радасці, мусіць, ад таго, што не паўтарыліся масавыя пратэсты 2020 года: “Ціха, спакойна прайшлі выбары. Яны (апаненты. – Аўт.) рот раскрыўшы да гэтага часу ходзяць і думаюць, як гэта стала магчыма… Ашаламляльная падтрымка, такога не было ў гісторыі… Лічыце за 90 % насельніцтва нас адназначна падтрымлівае”5.
Колькі ў гэтых словах свядомага піяру, а колькі сапраўднай упэўненасці ў “ашаламляльнай падтрымцы”? Ці верыць Лукашэнка ў тое, што зноў стаў “народным прэзідэнтам”, як ён сам сябе пазіцыянаваў у 1990–2000 гады?
Мяркую, наўрад ці ў яго засталіся ілюзіі наконт народнай любві. Тое, што ён называе “кампрамісам нармальным з народам”, рэалізавалася коштам выштурхоўвання за мяжу каля паўмільёна беларусаў, дзясяткі тысяч прайшлі праз вязніцы. “Адзінства” было дасягнутае шляхам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, якія можна параўнаць з сталінскімі часамі. І ніякай “арыгінальнасці” у гэтых выбарах няма, так адбываецца выбарчы працэс ва ўсіх дыктатарскіх рэжымах.
Невыпадкова інаўгурацыю Лукашэнкі прызначылі на 25 сакавіка – на Дзень Волі. Гэта мела сімвалічнае значэнне – як знак перамогі над палітычнымі праціўнікамі. Аднак перамога была вельмі сумнеўная. На папярэдніх выбарах (акрамя 2020 года) Лукашэнка так ці інакш перамагаў сур’ёзных кандыдатаў. А цяпер перамог штучных, у нечым карыкатурных персанажаў. Што не сведчыць пра яго палітычную моц.
Заключэнне
Такім чынам, працэс пераходу рэжымy Лукашэнкі да новай – таталітарнай – якасці і адпаведныя таталітарныя тэндэнцыі адбываліся пад пільным кантролем Адміністрацыі прэзідэнта. Палітычныя рэпрэсіі, гвалт у шырокім сэнсе сталі галоўнымі сродкамі кансалідацыі ўлады. Узмацненне культа асобы Лукашэнкі, персаналізацыя рэжыма аб’ектыўна вялі да зніжэння статусу ўсіх дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку і самой АП.
Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў выглядзе суцэльнай імітацыі выбарчага працэсу, не змаглі зажывіць траўму 2020 года. Задача ўпісаць фармальных апанентаў Лукашэнкі ў новы канцэпт выбарчай кампаніі аказалася невырашальнай. Вынікам прэзыдэнтскіх выбараў стала прымусовая легітымізацыя існага рэжыму.
Можна прагназаваць, што пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, палітычны рэжым захаваецца ў нязменным выглядзе. Сам уладар будзе імкнуцца падмяняць функцыі іншых органаў улады, найперш Адміністрацыі прэзідэнта, якой ён не давярае. Любыя перамены могуць пачацца толькі пасля адыходу Лукашэнкі.