Дэмакратычныя арганізацыі: гуртаванне вакол Ціханоўскай
Змiцер Кухлей
Рэзюмэ
Kааліцыя палітарганізацый на чале са Святланай Ціханоўскай захавала лідарскія пазіцыі ў дэмакратычным руху. Крызіс у дэмруху быў часова развязаны стварэннем Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) і інтэграцыяй у яго дзейнасць папулярных асобаў. У Кабінеце Ціханоўскай быў узмоцнены сілавы кампанент на запыт прыхільнікаў перамен. Пратэстны рух набыў антываенны характар пасля нападу Крамля на Украіну з абмежаванай мабілізацыяй дэмакратычнага ядра падчас плебісцыту Лукашэнкі.
У палітарганізацыях актывізавалася дыскусія наконт шляхоў дэмакратызацыі Беларусі: ад прымусу кіруючага класа да дыялогу – да змены рэжыму праз нацыянальна-вызвольны рух. Крытыка ў адносінах да кааліцыі Ціханоўскай перыядычна ўзмацнялася са спробамі перафарматаваць уплыў на карысць іншых палітычных цэнтраў. Аднак ні Форуму дэмсіл на чале з Валерыем Цапкала, ні Палку Каліноўскага ў калабарацыі з Зянонам Пазняком не атрымалася перахапіць ініцыятыву.
Партыйнае будаўніцтва ўнутры Беларусі было паступова замарожана, хаця асобныя палітарганізацыі (АГП, БСДП (“Грамада”), аргкамітэты “Разам” Віктара Бабарыкі і “Нашай партыі” Андрэя Дзмітрыева) праводзілі мерапрыемствы для сваіх сімпатызантаў, у тым ліку антываеннага характару.
Тэндэнцыі:
- захаванне лідарства шырокай кааліцыі палітарганізацый на чале са Святланай Ціханоўскай з перыядычнымі выклікамі ад іншых палітычных цэнтраў;
- перавага ўльтыматыўных пазіцый і санкцыйнай рыторыкі ў асяроддзі дэмарганізацый;
- поўнае спыненне публічнай і вулічнай актыўнасці палітарганізацыямі, перавод камунікацыі з сімпатызантамі ў анлайн, а таксама выкарыстанне падпольнага фармату.
Уводзіны
Ва ўмовах аўтарытарнай рэакцыі палітарганізацыі імкнуліся захаваць актыў, а таксама інтэграваць у сваю дзейнасць палітэмігрантаў. Рэжым Лукашэнкі павялічваў цану грамадска-палітычнай актыўнасці, а пераслед пашыраўся не толькі на актывістаў, але і на іншадумцаў. Уплыў дэмсіл на ўнутрыбеларускі парадак дня паступова змяншаўся, у немалой ступені – з прычыны знішчэння ахоўнікамі рэжыма незалежных медыя. Нягледзячы на спробы асобных рэдакцый стварыць інфраструктуру за мяжой, не атрымалася аднавіць іх аўдыторыю да ўзроўню 2020 года.
Доля дзяржпрапаганды і расійскіх медыя у інфармацыйным полі павялічылася, што істотна звузіла медыйны патэнцыял палітарганізацый. Увага дэмсіл канцэнтравалася ў асноўным вакол антываеннай, міжнароднай, рэпрэсіўнай і санкцыйнай тэматык, якія былі запатрабаваны дэмакратычным ядром. Палітарганізацыі паступова сканцэнтравалі ўвагу на кансалідацыі прыхільнікаў еўрапейскага выбару.
Праца дэмсіл з аўдыторыяй унутры Беларусі ўсяляк блакавалася з боку ахоўнікаў рэжыму, у тым ліку з-за разбурэння прававога поля і павелічэння цаны грамадска-палітычнага актывізму. Рыторыка дэмарганізацый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі станавілася ўсё больш жорсткай у адказ на няспынныя рэпрэсіі, саўдзел у вайне ва Украіне і паступовую саступку суверэнітэту Крамлю. На фоне ўзмацнення міжнароднай ізаляцыі рэжыма Лукашэнкі палітарганізацыі павялічвалі ўзровень узаемадачыненняў з кіраўніцтвам заходніх краін.
Плебісцыт Лукашэнкі: антываенная мабілізацыя грамадства
Пасля працяглых дыскусій шырокая кааліцыя дэмсіл на чале са Святланай Ціханоўскай дамовілася аб супольнай стратэгіі мабілізацыі прыхільнікаў перамен на канстытуцыйны рэферендум з псаваннем бюлетэняў. Удзельнікам кампаніі “Перакрэслі рэферэндум” атрымалася дамагчыся поспеху ў данясенні свайго плана да ведама прыхільнікаў пратэсту. Паводле “Народнага апытання”, каля 73% рэспандэнтаў выказалі гатоўнасць удзельнічаць у стратэгіі дзеянняў ад кааліцыі Ціханоўскай.1
Падрыхтоўка да плебісцыта адбывалася разам з узмацненнем рэакцыі ў Беларусі, пашырэннем рэпрэсій і пераследу іншадумцаў. Правядзенне галасавання супала з пачаткам крамлёўскай агрэсіі ва Украіне, што выклікала антываенны характар мабілізацыі.
Частка палітарганізацый – як зарэгістраваныя партыі, гэтак і каманда Віктара Бабарыкі (аргкамітэт партыі “Разам”) – дыстанцыяваліся ад кааліцыі Ціханоўскай з прычыны перспектывы рэпрэсій. Аднак іх падыходы шмат у чым супадалі з прапановамі кампаніі “Перакрэслі рэферэндум”. Сярод асноўных крытыкаў электаральнай кампаніі кааліцыі Ціханоўскай варта зазначыць лідара апазіцыі 1990-х Зянона Пазняка, які заклікаў ігнараваць плебісцыт Лукашэнкі.
Дэмсілы вымушаны былі адмовіцца ад арганізацыі маштабнага назірання з-за рэпрэсій. Апазіцыйныя партыі здолелі вылучыць толькі некалькі дзясяткаў сваіх прадстаўнікоў у выбаркамы.
У асноўны дзень галасавання ў Мінску, Гродне, Магілёве, Жодзіне і некаторых іншых гарадах з’явіліся чэргі каля асобных выбаркамаў. Па закліку Ціханоўскай пратэст набыў антываенны характар, і акцыі працягнуліся на вуліцах Мінска, хаця значна меншыя па масавасці, чым у 2020 годзе. Праваабаронцы пацвердзілі затрыманне болей за 900 маніфестантаў.2
Антываенны дэцэнтралізаваны рух: ініцыятыва дэмсіл
Дэмсілы хутка адрэагавалі на ўварванне Крамля ва Украіну ініцыяваннем антываеннага руху, што рэзанавала з настроямі шырокіх груп насельніцтва. Палітарганізацыям атрымалася ўмацаваць пазіцыі ў грамадстве ў першыя тыдні крамлёўскай агрэсіі. Аўдыторыя незалежных медыя таксама ўзрасла на пачатку вайны, тады як дзяржпрапаганда ўсё болей збліжалася з крамлёўскімі наратывамі.
Пазіцыя дэмсіл перагукалася з антываеннымі настроямі ў грамадстве, што дазволіла рэкрутаваць актывістаў у ініцыятывы негвалтоўнага супраціву (антываенныя графіці, улёткі, акцыі непадпарадкавання), а таксама арганізаваць акты сабатажу на чыгунцы і атакі на анлайн-інфраструктуру дзяржавы, асабліва ў першыя месяцы вайны.
Публічныя акцыі пратэсту былі нешматлікімі і паступова скарачаліся праз жорсткі пераслед. Аднак да канца года сілавікам Лукашэнкі не атрымалася спыніць падпольны рух, нягледзячы на маштабныя рэпрэсіі і карныя аперацыі.
Сілавікі з BYPOL, ініцыятывы “Супраціў” і “Кіберпартызаны” актыўна ўключыліся ў падтрымку падполля супраць расійскай агрэсіі, якое мела дэцэнтралізаваны характар. Згодна з заявамі BYPOL, колькасць ангажаваных у план “Перамога” актывістаў дасягнула 200 тысяч. Антываенны рух набыў формы сабатажу і пашкоджанняў чыгуначнага абсталявання, кібератак на інфраструктуру падтрымкі расійскіх войскаў.
Актывісты падполля і кіберпартызаны правялі некалькі паспяховых акцый на беларускай чыгунцы, што запаволіла перасоўванне расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі ў кірунку Украіны. Рэйкавая вайна была прыпынена пасля вываду большасці расійскай тэхнікі з беларускай тэрыторыі.
Дэмсілы ў супрацы з краўдфандынгавымі ініцыятывамі і дыяспарамі сканцэнтраваліся на падтрымцы бежанцаў і дапамогі для Украіны, у тым ліку добраахвотнікам.
Замежнапалітычныя поспехі: дэмсілы vs рэжым
Дэмсілам атрымалася перадухіліць ці часткова скасаваць многія абмежавальныя меры ў дачыненні да беларусаў з боку еўрапейскіх краін з-за падтрымкі рэжымам Лукашэнкі крамлёўскага ўварвання ва Украіну. Адной з асноўных задач, на якой сканцэнтравалі высілкі палітарганізацыі, было размежаванне рэжыма Лукашэнкі і грамадства ў вачах міжнароднай супольнасці.
Поспехі на міжнародным узроўні звязаны з актыўнай дзейнасцю Святланы Ціханоўскай. На працягу 2021–2022 гадоў дэмлідар зрабіла каля 90 міжнародных паездак і сустрэлася з дзясяткамі кіраўнікоў дзяржаваў і топавымі палітыкамі.
Кааліцыя Ціханоўскай спрабавала пераймаць дыпламатычныя функцыі дзяржавы ў сітуацыі ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, а таксама паступовага пазбаўлення апанентаў кіруючага класа грамадзянскіх і палітычных правоў.
Офіс і Кабінет Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК)3 на чале з Латушкам актывізавалі камунікацыю з заходнімі сталіцамі з прасоўваннем ізаляцыі рэжыма Лукашэнкі і арганізацыі міжнароднага трыбунала за саўдзел у расійскай агрэсіі, а таксама дзеля захавання падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Кааліцыя Ціханоўскай: лідарства ў фармаванні дэмакратычнай павесткі
Кааліцыя палітарганізацый на чале з Ціханоўскай захавала вядучую ролю ў дэмакратычным руху, нягледзячы на перыядычныя выклікі з боку іншых палітарганізацый. Дэмсілы ўзмацнілі супрацоўніцтва і каардынацыю падчас плебісцыту Лукашэнкі ў рамках кампаніі “Перакрэслі рэферэндум”. Аснову альянсу склалі Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАК, а таксама “Голас”, “Сумленныя людзі” і “Зубр”.
Напружанасць сярод дэмсіл і крытыка шырокай кааліцыі на чале з Ціханоўскай паступова ўзрасталі пасля лютаўскага рэфэрэндуму і адыходу грамадства ад шоку з-за крамлёўскай агрэсіі ва Украіне. Крызіс у дэмакратычным асяродку атрымалася разрадзіць за кошт правядзення у жніўні маштабнай канферэнцыі “Новая Беларусь” і стварэння Кабінету Ціханоўскай з інтэграцыяй папулярных лідараў дэмарганізацый, а таксама абнаўлення працэдур прыняцця рашэнняў у шырокай кааліцыі.
У Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) увайшлі такія медыйныя асобы, як кіраўнік НАК Павал Латушка і вайсковец Валерый Сахашчык, а таксама прадстаўнікі BYPOL. У кіраўніцтве кааліцыі Ціханоўскай быў узмоцнены сілавы кампанент на запыт з боку дэмакратычнага ядра. Некаторыя апазіцыйныя лідары, як Зянон Пазняк і Валерый Цапкала, адмовіліся прымаць удзел у Канферэнцыі і сканцэнтраваліся на ўласных палітпраектах.
Кабінет Ціханоўскай атрымаў значны крэдыт даверу, аднак з часам сутыкнуўся з рэпутацыйнымі стратамі пасля шэрагу медыйных скандалаў: у сувязі з расійскім грамадзянствам прадстаўніка па абароне і нацбяспецы Валерыя Сахашчыка, а затым з выхадам са складу Кабінета прадстаўніцы па фінансах і эканоміцы Таццяны Зарэцкай. Адмоўна на рэпутацыі кааліцыі адбіваліся скандалы з бяспекай актывістаў з-за гісторыі з укараненнем агента ГУБАЗіК у ініцыятыву “Чорная кніга Беларусі”.
Каардынацыйная рада паступова страчвала свой уплыў у фармаванні парадку дэмруху. Аднак пасля правядзення канферэнцыі “Новая Беларусь” дэмсілы ініцыявалі чарговы этап рэфармавання з інтэграцыяй больш шырокага прадстаўніцтва ад грамадзянскай супольнасці ў дзейнасць Рады.
У першым паўгоддзі НАК на чале з Паўлам Латушкам каардынавала дзейнасць у рамках шырокай кааліцыі Ціханоўскай, але палітарганізацыя дзейнічала аўтаномна. НАК прыцягвала ўвагу жорсткіх крытыкаў Лукашэнкі, канцэнтравалася на прасоўванні санкцыйнай палітыкі і міжнароднай ізаляцыі рэжыму. Пасля канферэнцыі “Новая Беларусь” лідар НАК Павал Латушка стаў намеснікам кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай.
Кааліцыя Святланы Ціханоўскай неаднаразова прадпрымала захады, каб навязаць больш шчыльныя сувязі з кіраўніцтвам Украіны, аднак з нязначнымі вынікамі. Прадстаўнікі ўкраінскага істэблішменту час ад часу рабілі супярэчлівыя заявы па беларускай тэматыцы, якія часта выклікалі рэзананс сярод нацыянал-дэмакратаў і дэзарыентавалі актывістаў антываеннага руху.
Альтэрнатыўныя палітпраекты
На працягу ўсяго 2022 года крытыка ў адрас Офіса, а затым і АПК перыядычна узмацнялася з боку часткі апазіцыянераў, якія ставілі пад сумнеў лідарства Святланы Ціханоўскай.
У першай палове года вядучую ролю ў дэмакратычным руху спрабаваў перахапіць экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта 2020 Валерый Цапкала, які аб’яднаў частку крытыкаў Офіса Ціханоўскай вакол ініцыятывы “Форум дэмакратычных сіл Беларусі”. Аднак спробы пераразмеркаваць уплыў у дэмруху і канфрантацыйная рыторыка прывялі да адваротных эфектаў і падзення рэйтынгаў апазіцыйнага палітыка сярод дэмакратычнага ядра.
Форуму не атрымалася рэалізаваць маштабны праект “Нацыянальная Рада” з анлайн-галасаваннем і завалодаць ініцыятывай у дэмруху. Палітызацыя беларускага грамадства знаходзіцца ў заняпадзе, а найбольш буйныя мабілізацыйныя ініцыятывы (“Голас”, “Сумленныя людзі”, “Зубр”, дваровыя ініцыятывы і інш.) каардынуюць сваю дзейнасць у рамках кааліцыі Ціханоўскай.
У другой палове 2022 года альтэрнатыўным цэнтрам нацыянал-дэмакратычнага руху спрабавалі стаць добраахвотнікі з Палка Каліноўскага, якія агучылі свае палітычныя амбіцыі.4 Беларускія камбатанты ва Украіне актывізавалі супрацу з “Кіберпартызанамі”, а таксама Зянонам Пазняком. Нягледзячы на значную падтрымку ваяроў сярод прыхільнікаў перамен, заявы аб палітычных амбіцыях выклікалі неадназначную рэакцыю ў асяроддзі грамадзянскай супольнасці. Тым не менш Полк Каліноўскага ўзмацніў свае пазіцыі ў медыйнай павестцы і прытрымліваўся дыстанцыі ад Кабінета Ціханоўскай.
Паступова страчвала свой уплыў у дэмруху каманда аднаго з найбольш рэйтынгавых палітыкаў Віктара Бабарыкі, а развіццё партыйнага праекта “Разам” было прыпынена праз разгортванне рэпрэсій. Тэматыка дыялогу з Лукашэнкам губляла ўплыў на парадак дня, перш за ўсё з прычыны відавочнай адсутнасці намераў весці такі дыялог з боку кіруючага класа і прымусу да поўнай дэпалітызацыі грамадства.
Партыі: унутрыарганізацыйная эміграцыя
Развіццё партыйных праектаў і арганізацыя ўстаноўчых з’ездаў новых партый (“Разам”, “Наша партыя”) былі пастаўлены на паўзу з прычыны неспрыяльных палітычных умоў і бесперапынных рэпрэсій. Да канца года дзейнасць зарэгістраваных партый і палітарганізацый з памяркоўнай крытыкай рэжыму была амаль цалкам паралізавана.
Палітпартыі імкнуліся дыстанцыявацца ад ініцыятыў кааліцыі Ціханоўскай праз перасцярогу жорсткай рэакцыі з боку ахоўнікаў рэжыму. Зарэгістраваныя арганізацыі сканцэнтраваліся на ўнутрыарганізацыйных і адукацыйных мерапрыемствах для сваіх сімпатызантаў, а таксама асцярожна прасоўвалі антываенную тэматыку.
Частка лідараў палітпартый патрапіла пад пераслед і знаходзілася ў вязніцах, як, напрыклад, старшыня БНФ Рыгор Костусеў і лідар АГП Мікалай Казлоў. Экс-кандыдат у прэзідэнты 2020 і лідар “Нашай партыі” Андрэй Дзмітрыеў быў затрыманы на пачатку 2023 года. Значная колькасць актывістаў палітарганізацый былі вымушаныя эміграваць.
Правацэнтрысты час ад часу аднаўлялі супрацу. АГП, БХД і Рух “За свабоду” ў калабарацыі з Ціханоўскай садзейнічалі прыняццю жорсткай рэзалюцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі на з’ездзе найбуйнейшага партыйнага аб’яднання Еўрасаюза – Еўрапейскай народнай партыі.5
Лаялісцкія палітпраекты Юрыя Васкрасенскага і экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай не атрымалі развіцця ў сітуацыі аўтарытарнай рэакцыі і жорсткага падаўлення іншадумства, сілавога прымусу да лаяльнасці рэжыму Лукашэнкі і ідэалагічнай кансалідацыі кіруючага класа.
Высновы
Кааліцыя Святланы Ціханоўскай працягвае вызначаць парадак дня ў пратэстным руху, у тым ліку дзякуючы падтрыманню сталай зваротнай сувязі з дэмакратычным ядром. З іншага боку, сацыяльная база шырокай кааліцыі паступова звужаецца да прыхільнікаў еўрапейскага выбару развіцця краіны. Палітарганізацыі канцэнтруюцца на ўльтыматыўнай і санкцыйнай рыторыцы, што не рэзануе з грамадскім меркаваннем.
Адначасова мабілізацыйныя магчымасці дэмсіл працягваюць скарачацца з прычыны працяглых рэпрэсій, эміграцыі актыва і скарачэння аўдыторыі незалежных медыя. Разам з тым рэзанансныя непапулярныя дзеянні кіруючага класа, як, напрыклад, дазвол Крамлю размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі, ствараюць акно магчымасцяў для дэмсілаў па мабілізацыі грамадства.
Адначасова працягвае павялічвацца роля дэмсілаў у фармаванне парадку дня заходніх сталіц у адносінах да Беларусі.
Палітпартыі ўзмоцняць кааліцыйнае супрацоўніцтва, асабліва ў выпадку страчвання імі афіцыйнага статусу. Некаторыя арганізацыі працягнуць дзейнасць з афармленнем офісаў у замежжы. Частка актывістаў будуць дзейнічаць у межах абноўленага легальнага поля ў выглядзе грамадскіх аб’яднанняў, аргкамітэтаў або далучацца да іншых палітычных праектаў з адпаведнай ідэалогіяй у выпадку захавання ўлады дзеючым кіруючым класам.