Гендарны стан Беларусі: дзяржаўная імітацыя і грамадская актыўнасьць
Уладзіслаў Іваноў
Рэзюмэ
Афіцыйнае гендарнае разьвіцьцё краіны спыненае ці замарожанае ў выніку палітыкі масіўных санкцыяў супраць нелегітымнага рэжыму. Пры гэтым мінімізаваныя, запалоханыя, спыненыя і зачышчаныя рэжымам гендарныя праграмы і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і ейнага гендарнага сэгмэнту. Гвалтоўная стратэгія аўтарытарнай дзяржавы па-просту зрабіла немагчымым абвешчаны ў самым канцы 2020 году пягіцгадовы Нацыянальны плян па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці ў краіне. Сукупна дзеянні дзяржавы адносна прафілактыкі хатняга гвалту прынеслі болей шкоды, чым карысці.
Тэндэнцыі:
- iмітацыя рэалізацыі Нацыянальнага пляну дзеяньня па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці ў Беларусі на 2021–2025. Афіцыйныя крыніцы адпачутку рапартуюць пра дасягнутыя поспехі і ігнаруюць праблемы. Партнёраў з грамадзянскай супольнасці, з якімі была запланаваная супраца, ліквідуюць;
- зачыстка грамадзянскай супольнасьці Беларусі, у тым ліку ягонага гендарнага сэгмэнту, азначыла адсутнасьць усякага маніторынгу індыкатараў гендарнай няроўнасьці ў краіне;
- замаруджваньне/замарозка афіцыйнай супрацы Беларусі і Захаду, у тым ліку ў гендарным разьвіцьці;
- прадэмакратычнае змаганьне паслабленай і істотна мінімізаванай грамадзянскай супольнасьці ў 2021 годзе мела выразны жаночы твар, многія небясьпечныя ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці адбывалася дзякуючы жанчынам.
Афіцыйнае гендарнае поле: немажлівасьць Нацыянальнага пляну дзеяньня па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці на 2021–2025 гг.
Паводле афіцыйных зьвестак на 2021 год, у Беларусі распачалася рэалізацыя новага Нацыянальнага пляну дзеяньня па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці на бліжэйшыя пяць год. Дадзены плян зьяўляецца часткай міжнароднай супрацы з ААН у сацыяльным і гендарным разьвіцьці. У Пляне заяўленыя ў тым ліку разьвіцьцё інстытуцыйнага мэханізму па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці; забясьпячэньне гендарна-арыентаванай аховы здароўя; супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і і гандлю людзьмі; інфармацыйна-асьветніцкае суправаджэньне мераў, накіраваных на забясьпячэньне гендарнай роўнасьці.1
Афіцыйныя справаздачы і артыкулы, якія апісваюць разьвіцьцё пляну, ужо падаюць станоўчую дынаміку за 2021 год. Так, у газэце “Звязда” за 04.03.2022 падаецца, што “гендарная роўнасьць забясьпечаная, і жанчыны ўсё актыўней рэалізоўваюць сябе”. Сярод іншых дасягненняў – павялічэньне колькасьці дэпутатак Нацыянальнага сходу ад 30 да 35%, актыўны ўдзел жанчынаў у грамадскім жыцці праз 140-тысячны Беларускі саюз жанчынаў, вырашэньне праблемы жаногага аблічча беспрацоўя.2
Цалкам іншую карціну дэманструюць справаздачы беларускіх праваабаронцаў, сьведчаньні журналістаў і сьведак гвалту, а таксама справаздачы спэцдакладніцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн: зьніжэньне ролі жанчыны ў прыняцьці рашэньняў; гвалт і згвалтаванні ў дачыненьні да пратэстовак; жаночае аблічча кавіду, неабароненасьць беларускіх жанчынаў і мужчынаў ад кавіду; павялічэньне колькасьці хатняга гвалту ва ўмовах кавіду; ліквідацыя арганізацыяў, асацыяцыяў грамадзянскай супольнасьці, адказных за гендарнае разьвіцьцё і дасягненьня роўнасьці; эканамічнае зьбядненьне насельніцтва, у прыватнасьці жанчынаў.3
Іншым важным крокам для ацэнкі эфэктыўнай публічнай гендарнай палітыкі зьяўялецца абавязковая ўмова – супраца з незалежнымі экспэрт-к-амі і мясцовай грамадзянскай супольнасьцью. У Нацыянальным пляне на 2021–2025 гады беларускія ўлады заявілі аб супрацы з “Гендарнымі пэрспэктывамі” і іншымі арганізацыямі з боку грамадзянскай супольнасьці. Аднак летам 2021 года у офісе “Гендарных пэрспэктываў” адбыўся вобшук, а восенню Вярхоўны суд ліквідаваў арганізацыю.
Вынішчэньне асноўных незалежных актараў грамадзянскай супольнасьці, задзейнічаных у Пляне гендарнай роўнасьці, падкрэслівае пераважна дэкляратыўны і бутафорны характар палітыкі непрызнанага афіцыйнага Менска ў шматлікіх сфэрах і, у прыватнасьці, у гендарнай. Рэжым дэманструе неразуменьне, неадчувальнасьць публічнай гендарнай позвы дня і простае выкарыстаньне дадзенай тэмы на міжнароднай арэне не з мэтай вырашэньня рэальных праблемаў і дасягненьня рэальных гендарных зрухаў, а выключна прыцягненьня ў краіну зьнешняй фінансавай падтрымкі з боку ААН і іншых міжнародных структураў. Якраз гэта і зьяўляецца адной з прычынаў, чаму Беларусь не заўсёды трапляе ў справаздачы і рэйтынгі краінаў з улікам разьвіцьця гендарнага індэксу. Альбо падчас аналізу і складаньня гендарнага індэксу Беларусь па некаторых паказальніках не прадастаўляе інфармацыі (напрыклад, статыстыкі наконт хатняга гвалту, долі жанчынаў у службе вышэйшага і сярэдняга зьвяна і г. д.).4
Хатні гвалт дзяржаўнага маштабу
Дваццаць першага сьнежня 2021 году беларускія парламентарыі ў першым чытанні прынялі законапраект, які прапануе змены ў законы “Аб асновах дзейнасьці прафіляктыкі правапарушэньняў”, “Аб зброі”, “Аб сацыяльным абслугоўваньні” і “Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх”. Згодна з афіцыйным тлумачэннем, “его целью является повышение эффективности профилактики домашнего насилия, уровня защищённости граждан от этого негативного явления”.5
Аднак прапанаваныя змены толькі ўскосна тычацца хатняга гвалту, бо збольшага ахопліваюць прафіляктыку правапарушэньняў наагул. Асобнага закону аб прафіляктыцы хатняга гвалту ў Беларусі дасюль няма, хоць такія распрацоўкі і вяліся. Аднак яшчэ ў 2018 годзе ў працэс умяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які спыніў усе напрацоўкі паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю, назваўшы хатні гвалт “дурасьцю, узятую з Захаду”.
Станоўчым момантам правак можна назваць пашырэньне сьпісу асобаў, гвалт у дачыненьні да якіх будзе кваліфікавацца як хатні, а таксама забарону гвалтаўнікам набываць зброю. Але ў адсутнасьць асобнага закону аб прафіляктыцы хатняга гвалту і асабліва на фоне ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якія займаліся дадзенай тэмай (“Ля Страда” і “Гендарныя пэрспэктывы”), усе гэтыя праўкі застаюцца нязначнымі і выключна касмэтычнымі. Насамрэч, у 2021 годзе рэжым на дзяржаўным узроўні прадэманстраваў хатні гвалт да вялікай часткі беларускага грамадства.
Жаночае аблічча грамадзянскай супольнасьці
Актыўнасьць жанчынаў у пратэстах і ў грамадзянскай супольнасьці наагул цягам 2020–2021 гадоў, і асабліва пашырэньне поля вулічнай публічнай актыўнасьці, дэманструюць незадавальненьне жанчынамі вузкім аўтарытарным афіцыйным публічным полем, якое здаўна прапануе ім дзяржава. Фэномэн жанчынаў у белым ці ў бел-чырвона-белым стаўся рэакцыяй і на фальсіфікацыю выбараў, і на гвалт уладаў, і на заўжды вузкую, рэглямэнтаваную, кантраляваную прапанову з боку ўладаў супрацоўнічаць з жанчынамі грамадзянскай супольнасьці толькі ў праектах, выгадных для дзяржавы, асабліва тых, дзе міжнародныя арганізацыі патрабуюць удзел альтэрнатыўных удзельніцаў і ўдзельнікаў.
Такім парадкам, у сучасных пратэстах чытаецца рэха папярэдніх гадоў, дзесяцігодзьдзяў, ці, як лічыць дасьледніца Нэлі Бэкус, рэха 1989 году,6 водгульле шматлікіх нерэалізаваных нацыянальных і дэмакратычных памкненьняў беларусаў, у тым ліку гендарных. Не зважаючы на тое, што беларускія жаночыя пратэсты пад белым ці, дакладней, бел-чырвона-белым колерам – досыць новая зьява ў краіне і рэгіёне, яны аднак упісваюцца ў сусьветную практыку новых гендарных сацыяльных рухаў, вядомых як рухі салідарнасьці ці эмацыйныя рухі.7
Да асноўнай спэцыфікі беларускіх жаночых белых пратэстаў можна аднесьці спалучэньне адначасова нацыянальнага, прадэмакратычнага і гендарнага пасланьняў, што добра ілюструецца візуальна: жаночыя маршы пачаліся пад белым колерам, але хутка сталіся бел-чырвона-белымі. Камэнтары ўдзельніцаў белых маршаў таксама фіксуюць не толькі гендарную, але і нацыянальную скіраванасьць супольнага дзеяньня. А таксама пад уплывам зьмены рэжыму ад дыктатуры да хунты спэцыфічнай сталася эвалюцыя мясцовых жаночых пратэстаў, якія з масавага сацыяльнага руху, які ахопліваў у 2020 годзе ня толькі Менск, але і іншыя гарады краіны, ператварыліся ў 2021 годзе ў нешта пераходнае паміж пэрформансам і флэш-мобам, якое адбываецца выключна ў сталіцы.
Зрэшты, гендарнае вымярэньне беларускіх пратэстаў на практыцы дэманструе актывізацыю гендарнай палітычнай позвы дня зьнізу, а ня зьверху, то бок больш радыкальным шляхам ва ўмовах аўтарытарызму, бо раней гэтая позва часта заставалася ў тэорыі ці ў выключна дэкляратыўных і малаэфэктыўных афіцыйных нацыянальных плянах па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці, а таму і была проста многім не зразумелая ў самой Беларусі.
Ліквідацыя большай часткі асацыяцыяў грамадзянскай супольнасьці, якая доўжылася цягам усяго 2021 году, мела таксама выразна гендарнае адценьне, бо, па сутнасьці, многія суб’екты грамадзянскай супольнасьці, нават тыя, якія не спэцыялізаваліся на гендарнай тэме, праводзілі на ўзроўні сваіх арганізацыяў гендарны маніторынг, гендарную палітыку, улічвалі гендарныя выклікі. Да ўсяго мэдыйна ў 2021 годзе флэш-мобы жанчынаў ў белым, а таксама вобразы іншых беларускіх жанчынаў за кратамі ці на воле (Ніна Багінская, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Натальля Хершэ, Ганна Севярынец, Юлія Чарняўская ды многія іншыя) працягвалі сымбалізаваць пратэст.
Заключэнне
Гендарны стан Беларусі за 2021 год можна вызначыць як крытычны, катастрафічны як на афіцыйным узроўні, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці. Абвешчаны Нацыянальны плян па забясьпячэньні гендарнай роўнасьці на 2021–2025 застаецца цалкам дэкляратыўным і ня здатным да рэалізацыі ва ўмовах неапраўданага ўзмацненьня жорсткасьці рэжыму, міжнародных санкцыяў і ліквідацыі ўладамі абсалютнай большасьці актараў грамадзянскай супольнасьці. У 2021 годзе ніякай рэальнай гендарнай палітыкі Беларусь не вяла, наадварот, дзяржава зрэагавала на міжнародныя санкцыі цалкам ахвяраваўшы сваімі ўнутранымі партнэрамі – арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, адказнымі за рэалізацыю і экспэртную дзейнасьць у гендарнай сфэры, якія былі амаль вынішчаныя.
Пагоршаньне гендарнай сытуацыі ў краіне праяўляецца да ўсяго на эканамічным, сацыяльна-дэмаграфічным узроўнях, хоць дакладнае іх вымярэньне ў адсутнасьці надзейных дадзеных застаецца немажлівым. Аднак кавідная крыза ва ўсім рэгіёне, а таксама ў Беларусі, мае жаночае аблічча.8 У краіне адсутнічае статыстыка сьмяротнасьці ад кавіду, у тым ліку сьмяротнасьці пажылых жанчынаў.
Акрамя гэтай праблемы і на фоне агульнапалітычнага гвалту, а таксама ў адстутнасьць спэцыялізаванага заканадаўства ў сфэры прафіляктыкі гвалту ўзмацнілася праблема сямейнага гвалту.9 Ну і, зрэшты, краіна зьведвае эканамічнае зьбядненьне насельніцтва і перадусім жанчынаў, як катэгорыі, якая першай сутыкаецца з такімі праблемамі, як беспрацоўе, звальненьні і няроўная аплата працы.
Тым ня менш, на фоне ўсёй пазначанай беспэрспэктыўнасьці застаюцца пэўныя станоўчыя сыгналі. Так, параўнаўчая пэрспэктыва аналізу рухаў жанчынаў у белым у Беларусі з падобнымі рухамі ў іншых аўтарытарных культурах (Куба, Аргентына) дазваляе прагназаваць далейшае існаваньне і функцыянаваньне беларускіх жаночых пратэстаў, бо, напрыклад, кубінскія дамы ў белым па першасьці таксама сутыкаліся з падобнай жорсткасьцю, катастрафічным скаротам маршаў, арыштамі і нават забойствамі з боку ўладаў. Аптымістычным зьяўляецца і тое, што кубінскія дамы ў белым у выніку шматлікіх гадоў пратэстаў паўплывалі на ўлады, якія вызвалілі сотні палітычных дысыдэнтаў.