Краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі: гандлёвая дыверсіфікацыя насуперак крызісам?
Сяргей Богдан
Рэзюмэ
У 2020 годзк на стасунках Беларусі з развіванымі краінамі адмоўна адбіліся пандэмія і ўнутры- і вонкавапалітычны крызіс пасля жнівеньскіх выбараў прэзідэнта. Гэта прывяло да скарачэння непасрэдных кантактаў, але, паводле афіцыйных звестак, не перашкодзіла дасягнуць пастаўленых задач дыверсіфікацыі вонкавага гандлю. Апроч таго, Мінск у супрацьстаянні з ціскам Захаду ўпершыню змог абаперціся на адкрытую палітычную падтрымку Пекіна, але не атрымаў яе ад астатніх краін “далёкай дугі”.
Праблемы на заходнім напрамку не прывялі да актывізацыі беларускай дыпламатыі ў напрамку колішняга трэцяга свету, а беларускае кіраўніцтва пагарджала гэтым напрамкам нават у сваёй рыторыцы.
Тэндэнцыі:
- спад стасункаў з развіванымі краінамі – апроч Кітая і некаторых блізкаўсходніх дзяржаў;
- дасягненне дыверсіфікацыі беларускіх вонкаваэканамічных сувязяў;
- КНР упершыню выразна аказала палітычную падтрымку беларускаму ўраду ў крызіснай сітуацыі пасля выбараў, але большасць астатніх краін колішняга Трэцяга свету ад таго ўстрымаліся.
Беларускія стасункі з развіванымі краінамі пачалі чэзнуць пры канцы дзесяцігоддзя. 2020 год паставіў на большасці з іх выразны пытальнік. Сваю ролю адыграў і суб’ектыўны чыннік: у значнай ступені стасункі з развіванымі незаходнімі дзяржавамі працягвалі трымацца на актыўнасці вышэйшага кіраўніцтва краіны. Таму абмежаванні кантактаў у звязку з пандэміяй і занятасць кіраўніцтва Беларусі ў выбарчай кампаніі і далейшым палітычным крызісе дадаткова падарвалі гэты палітычны курс.
Нават сама рыторыка пра краіны “далёкай дугі”, якая раней была абавязковым складнікам афіцыйнага дыскурсу беларускіх кіраўнікоў, сышла да мінімуму. Вярнуцца да яе прэзідэнта Лукашэнку не прымусіла і сур’ёзнае пагаршэнне стасункаў з Захадам – заўсёдная прычына шукаць сяброў на іншых напрамках. На чарговай нарадзе па пытаннях вонкавай палітыкі 17 лістапада беларускі лідар абмежаваўся толькі кароткай згадкай пра “шматвектарнасць” беларускай палітыкі.
Геаграфія: КНР і Блізкі Усход
Галоўным партнёрам сярод краін колішняга трэцяга свету, бясспрэчна, быў Кітай, супрацоўніцтва з якім будзе разгледжана ніжэй. Апроч таго, мелі месца толькі некаторыя заўважныя кантакты на Блізкім Усходзе. Беларуская вонкавая палітыка патрапіла спалучыць там узаемадзеянне з варагаваўшымі міжсобку краінамі, працуючы з Турэччынай, з аднаго боку, і Егіптам ды ААЭ, з другога. Візіт 19–20 лютага прэзідэнта Лукашэнкі ў Егіпет не суправаджаўся падпісаннем значных дакументаў, але, зважаючы на цесныя сувязі егіпецкага рэжыму з заможнымі арабскімі манархіямі (здольнымі фінансаваць праекты ў трэціх краінах), быў лагічным крокам.
Мінск таксама працягнуў сваю даўнюю палітыку на развіццё стасункаў з буйным блізкаўсходнім бізнесам. Першага кастрычніка А. Лукашэнка сустрэўся са старшынёй рады дырэктараў буйной эмірацкай кампаніі Emaar Properties Мухамадам Алі аль-Аббарам. Сустрэча, прысвечаная, імаверна, будаўнічым праектам, адбылася ў прысутнасці прэм’ер-міністра, старшыні Мінгарвыканкама і памочніка прэзідэнта па нацбяспецы.
Адносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі сышлі да мінімуму. Напрыклад, гандаль з Венесуэлай ізноў склаў нязначную суму – каля мільёна долараў ЗША (у асноўным беларускі экспарт), нягледзячы на існаванне там беларускага пасольства.
Абмежаваным было і ўзаемадзеянне з Афрыкай, супрацоўніцтва з якой засталося ў кампетэнцыі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта – рашэнне аб такім распадзеле адказнасці было прынятае пазалетась. У лістападзе падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Шэймана было заяўлена пра нейкія зрухі ў продажы тэхнікі, “хай і не маштабныя”. Мінск спрабуе працаваць там з удзелам трэціх бакоў, бо В. Шэйман абвесціў, што рэгіянальныя банкаўскія арганізацыі, з якімі Беларусь супрацоўнічае ў Афрыцы, пачынаюць фінансаваць супольныя праекты.1 Плаціць за гэткія праекты могуць і заможныя трэція краіны Блізкага Усходу, кшталту ААЭ. Пра гэта ўскосна сведчаць звесткі, якія высветліліся пасля арышту ў Конга аднаго з бізнесоўцаў, задзейнічаных у беларуска-афрыканскім супрацоўніцтве.2
Палітыка: хто падтрымаў Мінск пасля выбараў?
У 2020 годзе супрацоўніцтва з Кітаем выйшла на якасна новы ўзровень, бо ўпершыню ў гісторыі стасункаў Мінска і Пекіна апошні высунуў палітычныя аспекты на першы план і прадэманстраваў сваю падтрымку беларускаму кіраўніцтву. Як падкрэслілі беларускія дзяржустановы, старшыня КНР Сі Цзіньпін першым з кіраўнікоў дзяржаў свету павіншаваў 10 жніўня А. Лукашэнку з пераабраннем, апярэдзіўшы і Уладзіміра Пуціна.
Удзячнасць за кітайскую падтрымку ў час крызісу выказваў не толькі сам Лукашэнка. Чацвёртага верасня міністр абароны Віктар Хрэнін падчас супольнага пасяджэння міністраў абароны краін СНД, ШАС і АДКБ у Маскве падзякаваў “вайскова-палітычнаму кіраўніцтву” Кітая, гэтаксама як і Расіі, за гэтую дапамогу.3
Кітайская падтрымка, імаверна, не абмежавалася палітычнымі заявамі, але і ўключала тэхнічныя і кансультацыйныя кампаненты. На гэта ўскосна ўказвае факт тэлефоннае гутаркі 23 лістапада міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з міністрам грамадскай бяспекі КНР Чжаа Кэчжы. Важна, што кітайскія СМІ не толькі першымі абнародавалі факт размовы, але і працытавалі словы свайго міністра, што кітайскі бок выступае рашуча супраць спроб вонкавых сіл справакаваць раскол і хваляванні ў беларускім грамадстве.
Адметна, што, апроч КНР, больш ніводная з краін “далёкай дугі” не наважылася на дэманстрацыю падтрымкі кіраўніцтва Беларусі пасля выбараў. Толькі Турэччына, Венесуэла, В’етнам, Сірыя і Куба (апошняя – са шматзначным тыднёвым прамаруджаннем) даслалі простыя віншаванні – у такім парадку. Гэта сведчыць пра правал палітыкі выбудоўвання салідарнасці з краінамі развіванага свету, пра якую шмат гаварылі ў Мінску з канца 1990-х гадоў.
Зрэшты, гэта і не дзіва, бо беларускае кіраўніцтва таксама трымалася далей ад палітыкі салідарнасці ў сваіх сувязях з незаходнімі і непостсавецкімі краінамі. Пятага траўня прэм’ер-міністр Сяргей Румас узяў удзел у саміце кантактнай групы Руху недалучэння “Аб’яднаўшыся супраць COVID-19”. Ён устрымаўся ад вострых палітычных выказванняў і нават выразнай падтрымкі ідэалогіі гэтага міжнароднага аб’яднання, абмежаваўшыся заклікамі не дапусціць разрыву кааперацыйных сувязей, ланцужкоў паставак, спынення міжнароднага гандлю і інвестыцый, падтрымліваць сацыяльныя гарантыі ды інш.4
Адметна, што і пасля выбараў, калі міжнароднае становішча Мінска рэзка пагоршылася з-за рэакцыі Захаду і заходніх хаўруснікаў на падзеі ў Беларусі, палітычныя аспекты супрацоўніцтва з развіванымі краінамі засталіся адсунутымі ўбок, а прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку загадана было спытаць з МЗС найперш за “эканамічны складнік”, бо галоўная задача прадстаўніцтваў за мяжой – “прасоўваць нашы тавары на ўсіх рынках. Экспарт – галоўнае для работы дыпламатычнага корпуса”.5
Выразнай ілюстрацыяй таго, што нават дэманстрацыйная крытыка ЗША беларускімі ўладамі не вядзе да змен іх рэальнай палітыкі, стала падкрэсліванне МЗС апалітычнага характару стасункаў з вядомым апанентам Вашынгтона на міжнароднай арэне – Іранам. Беларускія дыпламаты падкрэслілі “ўзаемны намер мацаваць беларуска-іранскія адносіны з акцэнтам на супрацоўніцтва ў культурнай, адукацыйнай і сельскагаспадарчай галінах”.6
Стратэгічныя крокі
У жніўні Рада міністраў зазначыла сярод сваіх дасягненняў не толькі павелічэнне дадатнага сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі ў 2020 годзе, але і поспехі ў ажыццяўленні “экспартнай формулы”, паводле якой пастаўкі тавараў і паслуг мусяць прыблізна ў роўных долях ісці на рынкі ЕАЭС, Еўрасаюза і краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Паводле афіцыйных звестак, суадносіны дасягнулі 50, 17 і 33% адпаведна.7 Гэтае здзяйсненне набывае асаблівую адметнасць на тле скарачэння долі беларускага некалійнага экспарту ў выпадку найбуйнейшых рынкаў Кітая і Індыі.
Важнасць дыверсіфікацыі варта падкрэсліць і на ўзроўні ўсёй беларускай эканомікі, і на ўзроўні яе асобных галін. Напрыклад, паводле намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Субоціна, менавіта дзякуючы дыверсіфікацыі экспарту цукру ў напрамку краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі беларуская цукровая прамысловасць змагла змякчыць праблему зніжэння цэнаў і перавытворчасці ў ЕАЭС. У прыватнасці, доля Расіі ў экспарце знізілася амаль удвая (з 73.3% у 2019 годзе да 39.6% у 2020-м). Упершыню беларускія цукровыя заводы рэалізавалі квоту на пастаўкі ў Кітай у памеры 20 тыс. тон. Таксама ўпершыню пастаўкі былі зробленыя ў Афрыку – 8.3 тыс. тон коштам USD 2.5 млн. Разам з тым гэта ўсяго пяць адсоткаў аб’ёму, пастаўленага ў Расійскую Федэрацыю.8
Яшчэ адным сціплым, але стратэгічна важным крокам стала ўпершыню зробленая пры канцы красавіка закупка 87 млн тон нафты ў Саудаўскай Аравіі. Сыравіна праз Клайпеду была дастаўленая ў краіну ў сярэдзіне траўня. Адначасова высветлілася, што Мінск шукае магчымасці для выпрабавання сваёй новай ракеты ў Саудаўскай Аравіі (хаця таксама і ў КНР ды некаторых постсавецкіх дзяржавах).
Гандаль: Кітай перагнаў Украіну
У 2020 годзе Кітай заняў другое (пасля Расіі) месца ў спісе гандлёвых партнёраў Беларусі, памяняўшыся месцамі з Украінай, якая стала трэцяй. Гэта не выклікае эйфарыі сярод беларускіх урадоўцаў, якія прызнаюць існуючыя цяжкасці, і ў сакавіку прэзідэнт Лукашэнка казаў пра пераадоленне пэўнага “перапынку”, які афіцыйныя каментатары спісалі на эпідэмію (хаця той казаў пра неабходнасць “пераадолець пэўнае адставанне” ўвогуле).9
Сапраўды, адмоўнае сальда ў гандлі з Кітаем у 2020 годзе засталося велізарным – USD 3033 млн, – хаця і скарацілася параўнальна з папярэднім годам на 4.1%. Часткова гэта магло быць дасягнута дзякуючы тым палёгкам, якія Пекін у апошні час працягваў даваць беларускім фірмам і якія дазволілі ў 2020 годзе павялічыць экспарт у Кітай да USD 1196 млн (у 2019 годзе – USD 1034 млн). Сваю ролю пры гэтым адыграла і некаторае скарачэнне кітайскага імпарту.
Праблема вялізнага дэфіцыту гандлёвага балансу рэгулярна ўздымалася з беларускага боку, і кітайскі ўрад пэўным чынам на яе рэагавал. Ёсць падставы менавіта ў гэтым кантэксце разглядаць кітайскую дапамогу Беларусі. Напрыклад, у рамках барацьбы з каранавірусам Кітай даслаў у Беларусь 110 тон медычных грузаў і два станкі для вытворчасці масак. Апроч таго, у чэрвені першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў (да пачатку 2020 года пасол у Кітаі) абвесціў: “За 8 гадоў да 2015 года мы агулам атрымалі ад КНР тэхніка-эканамічнай дапамогі ў памеры USD 130 млн. Пачынаючы з 2015 года пасля сустрэчы нашых лідараў мы штогод атрымліваем USD 130 млн тэхніка-эканамічнай дапамогі… Гэта – толькі тэхніка-эканамічная дапамога, не закранаючы інвестыцыі, гандлёва-эканамічную сферу, грамадска-палітычныя аспекты”.10 Новым прыкладам гэтай дапамогі стаў пачатак будаўніцтва 30 чэрвеня ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту, на што Кітай беззваротна вылучыў каля USD 240 млн.
У снежні на пасяджэнні міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве М. Снапкоў адзначыў “станоўчую дынаміку” ў гандлі з Кітаем, дасягнутую дзякуючы змяненню структуры экспарту. Сапраўды, доля калійных угнаенняў у беларускім экспарце знізілася з 81% у 2015 годзе да 43% у 2020 годзе, і нават нягледзячы на ваганні цаны, гэта – дасягненне. Экспарт астатніх тавараў у мінулым годзе склаў USD 443 млн (128%), найперш дзякуючы двухразоваму павелічэнню паставак прадукцыі сельскай гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Гэта стала магчымым дзякуючы і акрэдытацыі для экспарту ў КНР яшчэ 12 беларускіх вытворцаў харчавання, і падаўжэнню акрэдытацыі беларускага малочнага дзіцячага харчавання.11
Варта зазначыць, што ў стасунках з Кітаем Мінск пераследуе менш амбітны курс, чым у адносінах з іншымі краінамі гэтай групы. Напрыклад, кажучы пра прыярытэтныя захады дзеля пашырэння эканамічных сувязяў, беларускія чыноўнікі не толькі абвяшчаюць пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў якасці “новага драйвера экспарту” ды імкнуцца да стварэння на тэрыторыі КНР супольных вытворчасцей для перапрацоўкі беларускай сыравіны. Гэта ўказвае на сціпласць мэт, хаця гэта і крок наперад у параўнанні з простым экспартам сыравіны. Але адметна, што задача экспарту гатовай прадукцыі з высокай доляй даданай вартасці пакуль увогуле не ставіцца, нягледзячы на тое, што ад пачатку развіваныя краіны разглядаліся як самы перспектыўны рынак для вырабаў беларускай прамысловасці.
Пошукі грошай: па пустых сцежках?
Увесну Беларусь пачала працаваць з шэрагам замежных і міжнародных фінансавых структур над пазычаннем грошай для падтрымкі банкаўскай сістэмы краіны ва ўмовах пандэміі. Побач з заходнімі ўстановамі ў гэтым спісе апынуліся Банк развіцця Кітая і таксама дэ-факта кіраваны Кітаем Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый. Ад апошняга Мінск спрабаваў атрымаць USD 350 млн, але да канца года справа не была залагоджаная.
Адзіным вядомым прыкладам прыцягнення сродкаў сталі сакавіцкія дамоўленасці аб атрыманні ад Кувейцкага фонду арабскага эканамічнага развіцця вонкавай дзяржпазыкі на перабудову клінічнай лякарні № 3 ў Гродне на абласны клінічны дыспансер у 2020–2025 гадах. Пазыка тэрмінам на 24 гады склала прыблізна USD 28 млн.12
Складанасці з пошукамі вонкавага фінансавання тлумачаць і заявы, зробленыя 30 лістапада прэм’ер-міністрам Р. Галоўчанкам на пасяджэнні-відэаканферэнцыі Рады кіраўнікоў урадаў дзяржаў – удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), прысвечанай супрацоўніцтву ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. Ён не толькі падтрымаў пашырэнне паўнамоцтваў краін-назіральніц у ШАС і заклікаў да стварэння механізму кансультацый па пытаннях атамнай энергетыкі, але і выказаўся за стварэнне ў рамках ШАС фінансавага інстытута “не залежнага ад рашэнняў і дзеянняў заходніх структур”, які займаўся б крэдытаваннем і выдачай стабілізацыйных пазык.13
Бывай, зброя?
Амаль адсутнічалі і стасункі ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай галінах, якія былі заўважным складнікам адносін з развіванымі краінамі. Самым важным выняткам з гэтай тэндэнцыі зноў аказаўся Кітай. Хаця планавыя беларуска-кітайскія вайсковыя вучэнні і былі скасаваныя, але 14 траўня адбыліся тэлефонныя перамовы міністра абароны Віктара Хрэніна з ягоным кітайскім калегам Вэй Фэнхэ. Пры канцы чэрвеня мінабароны КНР перадала беларускім вайскоўцам медычнае абсталяванне і сродкі індывідуальнай абароны. Таксама беларускія прадстаўнікі бралі ўдзел у супольных мерапрыемствах СНД, ШАС і АДКБ, што дазваляла ім наладжваць стасункі і з кітайскімі калегамі, і з вайскоўцамі іншых краін Азіі.
Адзіным заўважным некітайскім кантактам у дадзенай галіне сталі перамовы ў фармаце відэаканферэнцыі старшыні Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса са старшынёй Прэзідыума абарончай прамысловасці Адміністрацыі прэзідэнта Турэччыны Ісмаілам Дэмірам 17 ліпеня. Ускосныя азнакі ўказваюць на тое, што магло ісціся аб супольных распрацоўках, у тым ліку ў ракетнай галіне.
Заключэнне
Магутныя крызісы 2020 года высветлілі дзівосны характар стасункаў Беларусі з развіванымі краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Нягледзячы на шматгадовыя намаганні, прыкладаў паслядоўна выбудаваных і падтрымліваных узаемінаў няшмат. Нягледзячы на праблемы ў стасунках з Захадам, незаходнія краіны – нават тыя, што самі маюць з Захадам праблемы, – не аказалі Мінску якой-кольвечы заўважнай падтрымкі.
Разам з тым беларускі ўрад дасягнуў дзвюх рэчаў, якія могуць мець фундаментальнае значэнне для будучыні беларускай дзяржавы. Па-першае, практычна даведзена, што магчыма і не зусім устойлівым чынам, але вонкавы гандаль можа быць сур’ёзна дыверсіфікаваны за кошт развіванага свету. Па-другое, Кітай упершыню прадэманстраваў сваю палітычную падтрымку беларускага кіраўніцтва ў крызіснай сітуацыі.
Паколькі стасункі з незаходнімі і не постсавецкімі краінамі былі сродкам аслаблення залежнасці ад сувязяў не толькі з Захадам, але і з Расіяй, то нядаўняя рэвалюцыйная пераарыентацыя Мінска ў бок цяснейшых сувязяў з Масквой можа прывесці да зніжэння актыўнасці беларускага боку ў колішнім трэцім свеце. У Мінска ў любым разе няма шанцаў дамагчыся лепшых вынікаў на гэтым напрамку без перагляду дагэтулешняй палітыкі, выпрацоўкі не проста новых метадаў, але стратэгіі і візіі, падмацаваных больш прафесійным і экспертна забяспечаным падыходам да развіцця такіх стасункаў.
Асобны выпадак – стасункі з КНР, якую – а не Расійскую Федэрацыю – беларускае кіраўніцтва жадала б бачыць сваім дабрадзеем і абаронцам у больш доўгатэрміновай перспектыве. Магчыма, досвед 2020 года падштурхне Мінск да далейшага падмацавання свайго курсу на збліжэнне з Пекінам, пагатоў апошні нарэшце пачаў адказваць узаемнасцю на дэманстрацыю беларускім кіраўніцтвам стратэгічных сімпатый на адрас Кітая.