Выбары прэзідэнта: фон, працэс і наступствы
Пётр Рудкоўскі
Рэзюмэ
Прэзідэнцкая кампанія 2020 года стала для беларускага рэжыму вельмі затратнай як на ўнутранай, так і міжнароднай арэне. Неабходнасць пастаянна мяняць і адаптоўваць сцэнар пастановачных выбараў спарадзіла масу супярэчнасцей, якія немагчыма было схаваць. У той жа час апанентам рэжыму ўдалося займець вялікі козыр – шырокае адчуванне ў пратэснай частцы грамадства, што іх большасць.
Жорсткія рэпрэсіі і рытарычная лаяльнасць у стасунку да Расіі дазваляюць уладам выйграць час, але ніяк не ліквідуюць прычыну крызісу – шырокую запатрабаванасць у грамадстве на новы сацыяльны кантракт і абурэнне маштабамі насілля і хлусні.
Тэндэнцыі:
- выбух і пераход пратэсных настрояў у латэнтны стан, якія ў любы момант могуць выбухнуць занава;
- абвастрэнне пачуцця несправядлівасці;
- рост дэфіцыту ўнутранай і міжнароднай легітымнасці рэжыму;
- інтэнсіфікацыя рэпрэсій дзеля захавання бачнасці грамадскага спакою на бліжэйшы час;
- тэсціраванне рэжымам ідэі канстытуцыйнай рэформы і стварэння партыі ўлады.
Прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе праходзілі на фоне павышанага попыту ў грамадстве на новы сацыяльны кантракт, у прыватнасці новую культуру дзяржаўнага менеджменту і большы ўдзел грамадзян у прыняцці палітычных рашэнняў. Фактарамі паўстання такога попыту сталі змены ў адукацыйнай ды эканамічнай структуры насельніцтва, а таксама падзенне патэрналісцкіх настрояў. На ўсё гэта наклаўся крызіс даверу да такіх ключавых для легітымацыі ўлады інстытуцый, як Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК)1 і дзяржаўныя СМІ.
Дзяржаўныя ўлады ў нейкай ступені ўлоўлівалі гэтыя настроі, аб чым сведчаць спроба змяніць імідж сілавых структур, асцярожная эканамічная лібералізацыя і агульнае абяцанне канстытуцыйнай рэформы, якое агучвалася ад пачатку 2019 года. Але касметычныя рэформы ды абстрактныя размовы пра канстытуцыйныя перамены ў неакрэсленай будучыні ўжо не задавальнялі грамадства. А да больш глыбокіх, структурных, змен беларуская аўтарытарная сістэма не была гатовая.
Перадвыбарная тактыка ўладаў
Як было заўважана вышэй, дзяржаўная ўлада, а дакладней яе інтэлектуальная праслойка, мела свядомасць, што грамадства змяняецца і адсутнасць рэформаў пагражае самой сістэме. Гэта была адна з прычын, паводле якіх у 2015–2016 гадах быў узяты курс на эканамічную лібералізацыю. Па меры набліжэння выбараў (спачатку – парламенцкіх у лістападзе 2019 года, а пазней – прэзідэнцкіх у 2020-м) улады ўзяліся за адзін з найбольш распаўсюджаных раздражняльнікаў для грамадства: свавольства праваахоўных органаў.
Піяр-кампанія па “ачалавечанні” міліцыі распачалася ў чэрвені 2019 года, калі на месца Ігара Шуневіча міністрам унутраных спраў быў прызначаны Юрый Караеў. Адной з задач новага міністра было выправіць імідж праваахоўных структур: пераадолець асацыяванне гэтых структур выключна з карнымі функцыямі і павысіць давер да іх з боку грамадскасці.
Аднак, па меры набліжэння выбарчага года, на кампанію па ачалавечанні іміджу праваахоўнікаў наклаўся шэраг мер па прывядзенні гэтых структур “у баявую гатоўнасць” на выпадак палітычнай актывізацыі грамадства. У выніку трэнд на ачалавечанне іміджу праваахоўных органаў паступова трансфармаваўся ў сваю супрацьлегласць – узмацненне рэпрэсіўна-карных функцый гэтых жа органаў.
Чарговы тактычны перадвыбарны ход уладаў палягаў у разыгрыванні незалежніцкай карты. У снежні 2019 года дзяржаўныя СМІ паведамілі, што “палова беларусаў выступае не за саюзніцкія, а за партнёрскія адносіны з Расіяй”.2 У траўні 2020 года ў ходзе палемікі з асноўнымі патэнцыйнымі апанентамі А. Лукашэнкі – Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім і Валерыем Цапкалам3 – дзяржаўная прапаганда вуснамі гісторыка-ідэолага Ігара Марзалюка акцэнтавала пагрозу для суверэнітэту і нацыянальнай тоеснасці.4 Падобныя акцэнты з’яўляліся таксама і ў выказваннях самога Аляксандра Лукашэнкі ды высокапастаўленых чыноўнікаў.5
Пікам разыгрывання антырасійскай/незалежніцкай карты стала затрыманне напрыканцы ліпеня 33 байцоў «Групы Вагнера» – неафіцыйнага прыватнага ваеннага фарміравання, якое функцыянуе пад пратэкцыяй Крамля. (Неўзабаве пасля выбараў усе байцы былі адпушчаныя на волю, а А. Лукашэнка праз свайго сына прынёс прабачэнні.)
Чарговым тактычным ходам уладаў стаў перанос даты Паслання прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Звычайна гэтае мерапрыемства праводзілася ў другой палове красавіка або на пачатку траўня. У 2020 годзе яно адбылося не ў звычны час, а ў першы дзень датэрміновага галасавання: 4 жніўня. Паколькі вядзенне тыповай выбарчай кампаніі – сустрэча з выбарцамі, удзел у дэбатах і г. д. – А. Лукашэнка лічыць ніжэйшым за свой гонар, цягам апошніх 20 год агітацыя ў яго выпадку маскіравалася пад выкананне “дзяжурных” прэзідэнцкіх абавязкаў. У 2020 годзе было вырашана максімальна задзейнічаць такі агітацыйны рэсурс, як пасланне прэзідэнта.
Іншыя перадвыбарныя тактычныя прыёмы – трыманне апазіцыі ў няпэўнасці наконт даты выбараў, запуск спарынг-кандыдатаў дзеля дэзарыентацыі апазіцыйна настроеных выбарцаў, палоханне грамадства тэрактамі або вайной – у той ці іншай меры прымяняліся ад 2001 года ў ходзе прэзідэнцкіх кампаній. Розніца з 2020 годам была такая, што ніколі раней асноўны спарынг-кандыдат не мусіў здымаць сваю кандыдатуру на карысць дзеючага прэзідэнта і рэпрэсіі не запускаліся ўжо на этапе збору подпісаў і з такой інтэнсіўнасцю.
У 2020 годзе найбольш сур’ёзныя апаненты А. Лукашэнкі6 былі зняволеныя цягам паўтара месяца з моманту абвяшчэння даты выбараў. Цягам перадвыбарнай кампаніі было больш за 1200 выпадкаў адвольнага затрымання, ўзбуджаны 23 палітычна матываваныя крымінальныя справы.7 Па стане на канец сакавіка 2021 года, колькасць крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэсту перавысіла 700 адз. Адміністрацыйныя арышты і штрафы за 2020 год атрымалі 33 тыс. чалавек.8
Чатырнаццатага ліпеня ўлады зарэгістравалі пяцярых кандыдатаў у прэзідэнты: сустаршыню кампаніі “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева, юрыстку і палітыка Ганну Канапацкую, дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, перакладчыцу і хатнюю гаспадыню Святлану Ціханоўскую і бізнесоўца Сяргея Чэрачня. У ходзе фармавання складу кандыдатаў у прэзідэнты найменшую ролю гралі працэдурна-юрыдычныя крытэры. Сведчаць аб гэтым камічныя сітуацыі, калі Цэнтрвыбаркам прызнаваў сапраўднымі болей подпісаў на карысць некаторых прэтэндэнтаў, чым самі яны агучвалі. Так, Ганна Канапацкая заяўляла, што сабрала 110 тыс. подпісаў, а ЦВК прызнаў ёй ажно 146 тыс. сабраных подпісаў. Такі ж самы кур’ёз здарыўся і ў выпадку С. Чэрачня. Тлумачэнне гэтых нестыковак памылкамі прэтэндэнтаў гучыць надзвычай контрінтуітыўна: крайне неверагодна, што палітыкі памыліліся ў сіле электаральнай падтрымкі на некарысць сабе.
Склад кандыдатаў у прэзідэнты быў хутчэй за ўсё сфармаваны паводле наступных крытэраў: (а) каб выключыць вядомых і моцных кандыдатаў (Святлану Ціханоўскую на той момант улады лічылі малавядомай і слабой); (б) каб дэзарыентаваць апазіцыйна настроеных выбарцаў; (в) каб спарадзіць карысны для Лукашэнкі эфект візуальнай экспазіцыі ў выбарчых інфарматарах. Пад апошнім маецца на ўвазе размяшчэнне ў выбарчых спісах і аб’явах прозвішча і фотаздымка А. Лукашэнкі пасярэдзіне, прычым такім чынам, што ён апынаўся паміж дзвюма жаночымі фігурамі (Канапацкая і Ціханоўская). Само з’яўленне прозвішча Аляксандра Лукашэнкі менавіта ў гэтым месцы было прадыктаванае алфавітным парадкам рускай і беларускай моў, таму вонкава гэта выглядала як звычайная выпадковасць.
Апазіцыя: правал планавання і поспех спантаннасці
Падрыхтоўка беларускай апазіцыі да прэзідэнцкіх выбараў пачалася яшчэ ў лютым 2019 года, калі правацэнтрысцкая кааліцыя9 заявіла пра вылучэнне адзінага кандыдата шляхам праймерыз. На пачатку 2020 года была распрацаваная працэдура вылучэння: кандыдат ад кааліцыі павінен быў атрымаць найбольшую падтрымку ў рэгіёнах і ў ходзе інтэрнэт-галасавання. У лютым пяць прэтэндэнтаў – Павел Севярынец (БХД), Юры Губарэвіч (“За Свабоду”), Вольга Кавалькова (БХД, у праймерыз вылучалася самастойна), Мікалай Казлоў (АГП) і Аляксей Янукевіч (БНФ) – распачалі падарожжы па рэгіёнах.
Не прайшло і месяца, як унутры кааліцыйнай групы паўстаў канфлікт вакол таго, ці можна лічыць галасы дзяржаўных чыноўнікаў, якія на пэўным этапе пачалі масава прыходзіць на сустрэчы апазіцыянераў, “голасам народа”. На гэта наклалася спрэчка наконт таго, ці варта ўвогуле працягваць падарожжы па рэгіёнах ва ўмовах пандэміі. У выніку ідэя праймерыз правалілася цалкам.
Правал праймерыз, відавочна, расслабіў лукашэнкаўскія службы. Рэшта справы, на іх думку, павінна была пайсці па прывычным шаблоне: нейтралізацыя апазіцыйных цяжкавікоў, пропуск у лік кандыдатаў у прэзідэнты малавядомых апазіцыянераў або/і спарынг-кандыдатаў, прапагандысцкая праца па падтрымліванні ўражання безальтэрнатыўнасці ды кропкавыя рэпрэсіўна-прэвентыўныя меры. Мінулагоднія выбары, аднак, прыпаднеслі ўладам некалькі “чорных лебедзяў” – сукупнасць абставін, якія немагчыма было прадбачыць і якія сур’ёзна парушылі першапачатковыя планы.
Першым “чорным лебедзем” стала рашэнне старшыні Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі і былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы ўдзельнічаць у выбарчай гонцы. Абодва мелі вялікі стаж працы ўнутры дзяржаўнай і бізнес-сістэмы; абодва з шырокай сеткай міжнародных кантактаў, перадусім расійскіх (неўралгічны пункт для рэжыму); абодва ўспрымаліся вышэйшым чынавенствам як носьбіты новай якасці менеджменту, які быў ужо даўно запатрабаваны ўнутры дзяржсістэмы; абодва дастаткова заможныя, каб фінансаваць сваю кампанію самастойна, без замежных грантаў.
Чарговы “чорны лебедзь” з’явіўся тады, калі 15 ліпеня тры штабы – Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай – аб’ядналіся і сфармулявалі простую і зразумелую міні-праграму: правядзенне сумленных і справядлівых выбараў і вяртанне Беларусі на шлях дэмакратыі. На першы план вышлі тры жанчыны: Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі, Вераніка Цапкала, жонка Валерыя Цапкалы, і сама Святлана Ціханоўская як цэнтральная фігура.
Для лукашэнкаўскіх паліттэхнолагаў жаночае трыа павінна было стаць зручным аб’ектам гумарыстычна-іранічных каментароў, якія адцягвалі б увагу ад сур’ёзных тэм і разгружалі напружаную перадвыбарчую атмасферу. Насамрэч жаночы штаб не толькі аб’яднаў вакол сябе пратэсны электарат, але і мабілізаваў многіх грамадзян, якія раней былі апалітычнымі. Уладам зноў прыйшлося адаптоўваць сцэнар, і зноў са шматлікімі пабочнымі эфектамі.
Узмоцнены ціск на мясцовыя выбарчы камісіі прывёў да таго, што некаторыя старшыні камісій арганізоўвалі “генеральныя рэпетыцыі” па падліку бюлетэняў і агучванні “правільных”, загадзя падрыхтаваных вынікаў галасавання. Такога тыпу дзеянні, у сваю чаргу, неслі новыя рызыкі: падвержаныя выкрыццю дапытлівых грамадзян, яны пачыналі функцыянаваць як трыгер да больш энергічнага процідзеяння сістэме фальсіфікацый.10
Спроба задушыць паслявыбарчы пратэст нечуванай жорсткасцю яшчэ больш ускладніла сітуацыю. Катаванні ў следчых ізалятарах і забойствы некалькіх дэманстрантаў ускалыхнулі раней апалітычныя або лаяльныя сегменты: медыкаў, чынавенства, дзяржаўных журналістаў, сілавікоў, цэрквы, працоўныя калектывы.
Міжнародны рэзананс, нават нягледзячы на лаяльную пазіцыю Крамля, быў і застаецца крайне некамфортны для рэжыму. Большасць краін і арганізацый заходняга свету не прызнала легітымнасць пераабрання Лукашэнкі. Былі ўведзеныя санкцыі – спачатку персанальныя, пазней эканамічныя. З дзяржаўных структур пачаўся масавы адток прафесіяналаў (і працягваецца да часу напісання артыкула); эканамічная стабільнасць рэжыму аказалася пад пагрозай.
Наступствы: барацьба з сімптомамі
У поствыбарны перыяд улады, пасля некаторых ваганняў, абралі бескампрамісна рэпрэсіўны сцэнар пераадолення палітычнага крызісу. У міжнароднай палітыцы радыкальна змянілася пазіцыя ў стасунку да Расіі: на перадвыбарным этапе Расія пазіцыянавалася як асноўная крыніца пагрозы, пасля выбараў “развіццё саюзніцкіх адносін з Расіяй” стала галоўным прыярытэтам.
Апроч інтэнсіфікацыі рэпрэсій і разыгрывання прарасійскай карты рэжым пачаў тэсціраваць дзве стратэгічныя ідэі: стварэнне партыі ўлады і канстытуцыйная рэформа. Беларусь – адна з нямногіх аўтакратый, якая пакуль што функцыянуе без партыі ўлады. Хоць да гэтага часу рэжыму ўдавалася рэпрадукавацца, але ўсё ж на фоне палітычнага крызісу ў атачэнні Лукашэнкі ўзмацняецца перакананне, што без партыі ўлады яны могуць цалкам страціць кантроль над грамадствам і наменклатурай.
Што да канстытуцыйнай рэформы, дык тут заўважаюцца ваганні наконт глыбіні такой рэформы і кіравання наступствамі. Па ўсёй бачнасці, разглядаюцца тры опцыі: (а) перавесці дыскусію вакол канстытуцыі ў “апалітычнае” рэчышча – традыцыйныя каштоўнасці, смяротнае пакаранне і пад., – пакінуўшы структуру дзяржаўнай улады такой, якая яна ёсць; (б) паслабіць інстытут прэзідэнцтва, прызнаўшы пры гэтым канстытуцыйны статус Усебеларускаму народнаму сходу і надаўшы яму рэальныя ўладныя паўнамоцтвы, паводле аналогіі з Усеагульным народным кангрэсам у Лівіі ў часы Муамара Кадафі; (в) паслабіць інстытут прэзідэнцтва на карысць парламента, урада, судовай сістэмы і мясцовага самакіравання.
Выбар опцыі ўпіраецца ў дылему Лукашэнкі: сыходзіць з пасады прэзідэнта цягам найбліжэйшых 3–4 гадоў ці не сыходзіць. У выпадку сыходу найбольш прымальнай для яго з’яўляецца опцыя (б) або (в). У выпадку заставання на пасадзе прэзідэнта, безумоўна, найбольш прывабнай для яго застаецца опцыя (а). Паколькі Лукашэнку не ўласціва прымаць ключавыя рашэнні на доўгатэрміновую перспектыву, рашэнне наконт яго сыходу і, суадносна, напрамку канстытуцыйнай рэформы будзе да апошняга моманту ў падвешаным стане. Адна з функцый размоў пра «канстытуцыйную рэформу» на дадзены момант – культываваць процівагу для ідэі трансферу ўлады і выйграць час.
Заключэнне
Леташняя прэзідэнцкая кампанія стала для рэжыму вельмі затратнай як на ўнутранай, так і міжнароднай сцэне. Неабходнасць пастаянна мяняць і адаптоўваць сцэнар пастановачных выбараў спарадзіў масу супярэчнасцей, якія немагчыма схаваць. У той жа час апанентам рэжыму ўдалося цягам гэтай кампаніі займець вялікі козыр – шырокае адчуванне прыхільнікаў перамен, што іх большасць.
Каб паспяхова перазапусціцца, рэжыму трэба заручыцца падтрымкай прафесіяналаў: у галіне эканомікі, ІТ, менеджменту, дыпламатыі, юрыспрудэнцыі. У некаторых аўтарытарных краінах такое атрымоўвалася: у Сінгапуры, Тайвані ці Паўднёвай Карэі аўтакраты ў свой час здолелі знайсці баланс паміж лаяльнасцю і прафесіяналізмам у кадравай палітыцы. Беларускаму ж рэжыму, які мае за сабой доўгую гісторыю навязвання сацыяльнага кантракту з дапамогай рэпрэсій і які прывык функцыянаваць у камандна-адміністрацыйным фармаце, гэта наўрад ці ўдасца.