Польшча і Беларусь: час “малой стабілізацыі”

Ганна Марыя Дынар

Рэзюмэ

Паляпшэнне адносін Польшчы і Беларусі назіралася чарговы год запар. Падтрымлівалася частата сустрэч прадстаўнікоў улад абедзвюх дзяржаў, развіваліся кантакты на мясцовым узроўні, а таксама эканамічныя і культурныя стасункі. Абедзве дзяржавы стараліся выкарыстоўваць патэнцыял добрасуседства і агульнай гістарычнай спадчыны для развіцця турызму. Насуперак засцярогам, на польска-беларускія стасункі не паўплывалі вучэнні “Захад 2017”. Іх сцэнарый, які прадугледжваў, між іншага, напад з тэрыторыі Польшчы і ўдар у адказ, шырока каментаваўся ў дзяржавах НАТА. Па-ранейшаму выклікам застаюцца нявырашаныя двухбаковыя справы, у тым ліку звязаныя с Саюзам палякаў Беларусі або ўступленнем у сілу малога прыгранічнага руху.

Тэндэнцыі:

Палітычныя адносіны

У 25-ю гадавіну ўсталявання двухбаковых адносін прарываў не здарылася: да візітаў на ўзроўні прэм’ер-міністра ці прэзідэнта не дайшло. 2017 г. можна разглядаць як час “малой стабілізацыі” за кошт вялікай колькасці візітаў на парламенцкім узроўні, міністэрскіх кансультацый і сустрэч рабочых груп.

У 2017 г. захоўвалася дынаміка сустрэч на міжурадавым і міністэрскім узроўнях. 19 студзеня адбылася сустрэча старшыні Савета Рэспублікі РБ Міхаіла Мясніковіча з амбасадарам Польшчы Конрадам Паўлікам. Падчас яе былі падсумаваны вынікі сустрэчы парламенцкіх груп абедзвюх краін у Варшаве ў снежні 2016 г. (гэта быў першы афіцыйны візіт групы беларускіх парламентарыяў у Польшчы). 16 студзеня палітычнае, эканамічнае і трансгранічнае супрацоўніцтва абмяркоўвалі ў Варшаве намеснік міністра замежных спраў Марэк Зялкоўскі і амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў.

27 лютага ў Варшаве адбыліся палітычныя кансультацыі на ўзроўні дырэктараў тэрытарыяльных дэпартаментаў МЗС. 15 сакавіка ў Мінску знаходзіўся намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зялкоўскі, які прыняў удзел у пасяджэнні намеснікаў міністраў краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы. Міністр Зялкоўскі таксама абмеркаваў з міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы. 12 красавіка ў Варшаве адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Беларусі, якая праходзіла ў межах сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства. 20-21 красавіка Беларусь у Мінску міністр аховы здароўя Польшчы Канстанцін Радзівіл сустрэўся са сваім беларускім калегам Валерыем Малашкам. У верасні ў Мінску адбыліся беларуска-польскія кансультацыі міністэрстваў замежных спраў і юстыцыі.

Як і ў папярэднія гады, вялікае значэнне мелі парламенцкія кантакты. Усё часцейшыя сустрэчы беларускіх і польскіх парламентарыяў сведчаць аб росце актыўнасці беларускага парламента на міжнароднай арэне, у тым ліку ў адносінах з Польшчай. Беларускі бок прэтэндуе, напрыклад, на статус назіральніка ў Парламенцкай асамблеі арганізацый дзяржаў Балтыйскага мора.

У 2017 г. Беларусь працягнула ўмацоўваць ваеннае супрацоўніцтва з Польшчай. Гэтаму служылі не толькі сустрэчы чыноўнікаў Міністэрства абароны з паслом Польшчы Конрадам Паўлікам, але і крокі беларускай дыпламатыі напярэдадні вучэнняў “Захад-2017”. Яшчэ ў ліпені беларускі бок запрасіў назіральнікаў з краін АБСЕ. Беларуская дыпламатыя падрабязна інфармавала пра планаваны ход вучэнняў, падкрэсліваючы іх абарончы характар. Аднак шмат спрэчак выклікаў сцэнарый манеўраў, які ўключаў напад на Беларусь з тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама правядзенне контратакі на тэрыторыю ўмоўных праціўнікаў. Вучэнні суправаджаліся дыскусіяй у Польшчы і іншых краінах НАТА на прадмет таго, ці зможа Беларусь захаваць незалежнасць у выпадку магчымага канфлікту Расіі з членамі НАТА. Аднак правядзенне вучэнняў не мела негатыўнага ўплыву на палітычныя і ваенныя адносіны паміж Польшчай і Беларуссю.

У 2017 г. беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у спецыяльных курсах у межах выканання абавязкаў па кантролі над узбраеннямі ў Польшчы і Нямеччыне. 12 студзеня інспектары з Польшчы і Чэхіі наведалі 336-ю рэактыўную артылерыйскую брыгаду, 16-19 лістапада прадстаўнік Польшчы ўдзельнічаў у інспекцыі сухапутных сіл. У маі 2017 г. беларускія вайскоўцы праводзілі інспекцыю ў Польшчы. У ліпені ў Варшаве адбылася сустрэча прадстаўнікоў узброеных сіл Польшчы і Беларусі, галоўнай тэмай якой было супрацоўніцтва ў галіне кантролю над узбраеннямі. Дэлегацыі з Польшчы, Італіі і Вялікабрытаніі правяралі таксама стан гатоўнасці 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якую Беларусь вызначыла для ўдзелу ў міратворчых місіях ААН. У адпаведнасці з палажэннямі Дамовы аб адкрытым небе польска-італьянская інспекцыя зрабіла разведвальны палёт над тэрыторыяй Беларусі. 11-13 верасня польская дэлегацыя правяла ваенную інспекцыю ў Беларусі. У сваю чаргу назіральнікі з Беларусі кантралявалі ход вучэнняў Dragon’17, якія праходзілі на тэрыторыі Польшчы. Беларускія ваенныя ў адпаведнасці з гарантыямі Венскага дакумента 18-22 снежня 2017 г. правялі інспекцыю ў Польшчы.

Згодна з прагнозамі, захаваўся як узровень, так і інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў. Аднак па-ранейшаму не ўдалося вырашыць асабліва важныя для польскага боку пытанні. Сярод іх – уступленне ў сілу пагаднення аб малым прыгранічным руху, рэгістрацыя прызнанага Варшавай Саюза палякаў Беларусі і тэлебачання “Белсат”. Тым не менш, калі не ўзнікнуць нейкія непрадбачаныя палітычныя падзеі, можна чакаць, што двухбаковыя адносіны ў наступныя гады будуць выглядаць гэтак жа, як у 2017 г.

Эканамічнае супрацоўніцтва

Паляпшэнне палітычных узаемаадносін паспрыяла росту тавараабароту паміж Польшчай і Беларуссю і павысіла цікавасць польскіх кампаній да інвестыцый у Беларусі.

У 2017 г. тавараабарот паміж Польшчай і Беларуссю вырас на 19,6% у параўнанні з 2016 г. і склаў USD 2,19 млрд. Польскі экспарт у Беларусь склаў USD 1,125 млрд (рост на 13,2%), а беларускі экспарт – USD 947 млн (рост на 8,7%).1 Беларусь экспартавала ў асноўным калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, драўніну, Польшча – лекі і прадукты харчавання. Аднак беларускія палітыкі не раз адзначалі, што тавараабарот павінен складаць не менш за USD 3-4 млрд.

28 сакавіка 2017 г. Польска-беларуская гандлёва-прамысловая палата і Беларускае нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі падпісалі двухбаковую дамову, што павінна паспрыяць паляпшэнню эканамічных кантактаў Польшчы і Беларусі. 25 кастрычніка ў Мінску прайшло пятае пасяджэнне беларуска-польскай працоўнай групы па гандлі і інвестыцыях, адной з тэм было супрацоўніцтва ў банкаўскім сектары.

У 2017 г. польскія кампаніі распачалі некалькі істотных інвестыцыйных праектаў у Беларусі. 11 мая ў Віцебску была адкрыта фабрыка польскай кампаніі “Modern Expo”, якая вырабляе гандлёвае абсталяванне. Польская кампанія “Unibep” у 2017 г. заключыла дамову на будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў Балбасаве (кошт кантракту EUR 12,8 млн) і прыступіла да рэалізацыі інвестыцый. Дамову на будаўніцтва чыгуначнага пагрузачнага тэрмінала на пераходзе ў Брузгах на EUR 15 млн падпісала кампанія OT Logistics Bel, якая ўваходзіць у склад польскага холдынга “OT Logistics”.

У сакавіку 2017 г. распачаў сваю дзейнасць польска-беларускі Цэнтр IPO (Initial Public Offering). Цэнтр павінен рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць суправаджаць выхад прадпрыемстваў на біржу. А на выставе MILEX-2017, якая праходзіла 20-22 мая, прынялі ўдзел польскія кампаніі ваеннага сектара.

Эканамічныя кантакты пастаянна абмяжоўвалі расійскія санкцыі. Яны ўскладнялі ў першую чаргу развіццё гандлю спажывецкімі прадуктамі, на імпарт якіх з ЕС Расія ўвяла эмбарга. Аднак 2017 год у польска-беларускіх эканамічных адносінах трэба ацаніць станоўча.

Рэгіянальнае супрацоўніцтва

Важным элементам двухбаковых адносін заставалася трансгранічнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва.

На працягу 25 гадоў польска-беларускіх адносін былі падпісаны 83 дамовы аб партнёрскіх адносінах паміж беларускімі і польскімі гарадамі і рэгіёнамі. У 2017 г. супрацоўніцтва пашырылі Віцебская вобласць і Лодзінскае ваяводства. 5-7 кастрычніка ў Баранавічах адбылася чацвёртая сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Польшчы, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі 16 беларускіх і 12 польскіх гарадоў.

Польскае самакіраванне і беларускія мясцовыя ўлады актыўна выкарыстоўвалі магчымасці праграмы “Польшча – Беларусь – Украіна”. У 2017 г. беларускі парламент зацвердзіў рэалізацыю ў межах гэтай праграмы трох праектаў на беларуска-польскай мяжы. У прыватнасці, будаўніцтва дадатковага моста для машын праз раку Свіслач у Бераставіца-Баброўнікі, падтрымка службаў пажарнай бяспекі і мадэрнізацыя дарогі R-16. Адначасова беларускі бок звярнуўся па дадатковую дапамогу з боку ЕС у фінансаванні інфраструктурных праектаў на мяжы Беларусі і Еўрапейскага Саюза.

Беларусь разлічвае на польскія інвестыцыі ў турыстычнай галіне. Указ Прэзідэнта Беларусі № 318 стварыў перадумовы для хуткага развіцця інфраструктуры рэгіёна. Узнікла больш за 50 км новых веладарожак, на мясцовасці праклалі новыя турыстычныя маршруты, развівалася турыстычная база, а турыстаў прывабліваў больш багаты выбар культурных падзей. Змяніўся характар памежнага пераходу Лясная-Рудаўка. У 2017 г. тут перайшлі мяжу 2,6 тысяч чалавек, у той час як у 2016 г. – усяго 200.

Рэгіянальнае супрацоўніцтва падтрымлівае двухбаковыя эканамічныя адносіны, пра што сведчыць, у прыватнасці, беларуска-паморскі рэгіянальны эканамічны форум, які адбыўся 14 верасня ў Мінску.

Аднак для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва (асабліва ў турыстычным вымярэнні), звязанага з магчымасцю бязвізавага ўезду на тэрыторыю часткі Гродзенскай вобласці, будуць патрэбныя змены ў Дагаворы паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча па пытанні пагранічных пераходаў.2 З пункту гледжання Польшчы, дадатковым фактарам, які спрашчае і ўмацоўвае рэгіянальнае партнёрства з Беларуссю, будзе заканчэнне беларускім бокам ратыфікацыі дамовы аб малым прыгранічным руху. Яна спрасціць не толькі асабовыя кантакты, але і дазволіць атрымаць дадатковыя сродкі на развіццё памежнай інфраструктуры, як здаралася ў выпадку з іншымі дамовамі такога роду, падпісанымі дзяржавамі ЕС.

Сацыяльныя і культурныя кантакты

Вялікае значэнне мелі сацыяльныя і культурныя кантакты. Беларусь была адной з краін, якія прынялі ўдзел у Варшаўскіх кніжных кірмашах у лютым і маі. Тэатры з Польшчы прынялі ўдзел у беларускіх “Славянскіх тэатральных сустрэчах” у Гомелі і ў фестывалі “Белая вежа” ў Брэсце. У маі ў Браславе адбылося ўрачыстае адкрыццё польска-беларускай ветразевай школы “Вецер сяброўства”, якая была прафінансаваная са сродкаў Польскай развіццёвай дапамогі.

Згодна з заявай намеснікаў міністраў культуры Васіля Чэрніка і Паўла Левандоўскага, якія ў сакавіку 2017 г. сустрэліся ў Мінску, абедзве дзяржавы плануюць сумеснае святкаванне ў 2020 г. 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца – мастака, графіка, сцэнічнага дэкаратара і педагога.

У лістападзе 2017 г. у Варшаве адбылося дванаццатае пасяджэнне польска-беларускай міжурадавай камісіі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій. Падчас пасяджэння быў разгледжаны конкурс на рэалізацыю сумесных беларуска-польскіх навукова-тэхнічных праектаў. Фінансаванне атрымала 11 заявак у галіне электронікі, машынабудавання і сучасных сельскагаспадарчых тэхналогій. Падчас сустрэчы было падпісана пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Інстытутам ядзерных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і польскім Нацыянальным цэнтрам сінхратроннага выпрамянення SOLARIS. Варта адзначыць, што суб’екты з абедзвюх краін заключылі больш за 50 дамоваў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве.

Польшча і Беларусь сумесна праводзяць рэстаўрацыю ў многіх касцёлах, размешчаных у асноўным на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Варта таксама падкрэсліць важнасць чалавечых кантактаў. Усе консульскія ўстановы Польшчы на тэрыторыі Беларусі ў 2017 г. выдалі 418,6 тыс. віз (рост у параўнанні з 2016 г. на 5,1%). А грамадзяне Польшчы былі ў першых шэрагах людзей, якія выкарыстоўваюць права бязвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі як у Гродзенскай вобласці, так і праз аэрапорт Мінск-2. У 2017 г. на 17% у параўнанні з 2016 годам павялічылася таксама колькасць асоб, якія перасякаюць польска-беларускую мяжу. Польская памежная служба зафіксавала 8 млн 269 тыс. пераходаў.3

Заключэнне

Паляпшэнне палітычных адносін спрыяла культурным, навуковым і сацыяльным сувязям. Аднак над польска-беларускімі адносінамі пастаянна навісае цяжар шматлікіх нявырашаных пытанняў. Частку з іх можна аднесці да двухбаковых пытанняў, рашэнне якіх залежыць толькі ад урадаў абедзвюх краін. Сярод такіх праблем трэба назваць пагадненні аб МПР, урэгуляванне статусу Саюза палякаў Беларусі або тэлебачання “Белсат”.

Частка нявырашаных пытанняў вынікае з палітычнай сітуацыі ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблему бяспекі азмрочвае агрэсіўная расійская палітыка ў дачыненні да Украіны. Гэта, у сваю чаргу, ставіць пад пытанне палітыку бяспекі Беларусі, якая ўваходзіць з Расіяй у Саюзную Дзяржаву і знаходзіцца з гэтай дзяржавай у цесным ваенным, палітычным і эканамічным саюзе. Самае галоўнае – гэта ступень самастойнасці Беларусі ў яе знешняй палітыцы, асабліва ў наладжванні адносін з ЕС і НАТА. Усё гэта абмяжоўвае магчымасці супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі. Таму пошук чарговых сфер для супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю застаецца абмежаваным.