Парламент: змены без наступстваў?

Андрэй Казакевiч

Рэзюмэ

Асноўны палітычны плён года для парламента засведчылі заўважныя змены палітычнай структуры ў выніку выбараў верасня 2016 года. Упершыню з 2000 года дэпутатамі сталі прадстаўнік апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Палітычныя партыі атрымалі рэкорднае прадстаўніцтва з выбараў 1995 года. Таксама ўпершыню з 2004 года значна змянілася ўзроставая структура дэпутацкага корпуса на карысць дэпутатаў ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў, што можа азначаць адыход ад мадэлі, па якой парламент выступае месцам завяршэння адміністрацыйнай і палітычнай кар’еры. Павялічылася прадстаўніцтва вытворчага сектара пры скарачэнні колькасці прадстаўнікоў вертыкалі.

Пры гэтым цяжка казаць пра рэальныя палітычныя наступствы такіх змен. Калі гэтыя змены і былі накіраваны на павелічэнне палітычнага плюралізму, то, як і многія іншыя спробы рэформаў у Беларусі, не былі паслядоўнымі і перакрываліся контрмерамі. Партыйнае прадстаўніцтва засталося нязначным і недастатковым для калектыўнай палітычнай дзейнасці. Большасць палітычных арганізацый (партыі і «Белая Русь») не прадстаўлены ў парламенце лідарамі/кіраўнікамі. На кіраўнічых пасадах дамінуюць прадстаўнікі выканаўчай вертыкалі.

У парламенце не ўтвараліся дэпутацкія групы як асноўная праява калектыўнай палітычнай актыўнасці. Цалкам верагодна, што эксперыменты на стадыі фармавання палаты не будуць мець наступстваў на этапе палітычнай рэалізацыі. Выбары таксама паказваюць нявызначаны палітычны профіль «Белай Русі», уплыў самой арганізацыі на дэпутацкі корпус не прасочваецца.

Тэндэнцыі:

Палітычная структура

З выбараў 2000 года адбывалася крытычнае падзенне прадстаўніцтва фармальных партыйных структур у парламенце, тэндэнцыя мела ўстойлівы характар, і мінімум партыйнага прадстаўніцтва быў дасягнуты па выніках выбараў 2012 года (дзве партыі, якія прадстаўлялі 5 дэпутатаў). Цалкам мяняючы тэндэнцыю апошніх пятнаццаці гадоў, па выніках выбараў 2016 партыйнае прадстаўніцтва значна вырасла, дасягнуўшы свайго максімуму з выбараў 1995 года. Пры гэтым адбылася актывізацыя некалькіх лаяльных уладзе партый, якія інтэнсіўна праводзілі кампанію і даказвалі сваю сацыяльную і палітычную перспектыўнасць.

Як ужо адзначалася, па выніках выбараў 2012 года ў парламент патрапіла толькі пяць прадстаўнікоў палітычных партый. Па выніках выбараў 2016 года іх колькасць вырасла да 16 чалавек, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам за ўсю гісторыю выбараў у Палату прадстаўнікоў з 2000 года. Акрамя гэтага, рэкордна павялічыліся колькасць і спектр прадстаўленых партый. Калі з 2004 года іх колькасць вагалася паміж 2–3, то зараз вырасла да 5, прычым упершыню афіцыйна прадстаўлена апазіцыйная Аб’яднаная грамадзянская партыя. Пры гэтым мадэляванне плюралізму ўсё адно засталося ў «тэставым» рэжыме, бо ніводная партыя не прадстаўленая ў колькасці, дастатковай для фармавання нават дэпутацкай групы, не кажучы пра арганізаваны ўплыў на заканатворчы працэс.

Найбольшае прадстаўніцтва атрымала Камуністычная партыя Беларусі (КПБ, 8 мандатаў), што ўкладаецца ў тэндэнцыю з 2000 года, па якой менавіта гэта партыя заўсёды здабывала найбольшую колькасць месцаў у параўнанні з іншымі. Па тры мандаты атрымалі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) і Беларуская патрыятычная партыя (БПП). Адпаведна па адным мандаце прыпадае на Ліберальна-дэмакратычную партыю (ЛДП) і Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП).

Калі разглядаць павелічэнне прадстаўніцтва партый як мадэляванне палітычнага плюралізму, то дамінантныя пазіцыі аддадзеныя леваму спектру (КПБ, РППС, БПП), пры гэтым БПП адначасова выступае і як фармальна прарасійская палітычная структура. Правы спектр у яго апазіцыйнай і неапазіцыйнай формах мінімальна прадстаўлены ЛДП і АГП. Цікава, што на выбарах 2000 года, калі таксама адбываліся спробы мадэлявання беларускай версіі кантраляванага плюралізму, з усяго апазіцыйнага спектра менавіта былыя прадстаўнікі АГП былі дапушчаны ў парламент.

Па выніках выбараў 2016 года парламенцкія мандаты атрымалі 68 прадстаўнікоў «Белай Русі»,1 такім чынам прадстаўніцтва арганізацыі практычна не змянілася (па выніках выбараў 2012 іх было 67) і знаходзіцца на ўзроўні вышэй за 60%. Нягледзячы на такія трывалыя пазіцыі, факт дамінавання «Белай Русі» ў парламенце не з’яўляецца простым для інтэрпрэтацыі. Арганізацыя так і не трансфармавалася ў палітычную партыю, і яе значэнне ды вага ў палітычнай сістэме застаюцца пад пытаннем. Калі ў ПП мінулага склікання члены Рэспубліканскага савету «Белай Русі» займалі пасады намесніка старшыні ПП і старшыняў некалькіх пастаянных камісій, то зараз кіраўніцтва арганізацыі ў парламенце не прадстаўлена.

Таксама паказальным з’яўляецца факт, што на пасяджэнні «Белай Русі» ў лістападзе 2016 года, дзе былі абмеркаваны вынікі парламенцкай кампаніі, дэпутацкі корпус быў прадстаўлены шараговым дэпутатам Валерыем Курсевічам. На пасяджэнні прэзідыума арганізацыі 15 снежня 2016 года, якое падводзіла вынік працы арганізацыі за год, парламент таксама быў прадстаўлены шараговым дэпутатам.2 Адсутнасць кіраўніцтва парламента на ключавых пасяджэннях арганізацыі, якая фармальна дамінуе ў парламенце, ставіць праблему палітычнай ролі «Белай Русі».

Падобна, што «Белая Русь» на дадзены момант выступае не палітычным суб’ектам, але сервіснай арганізацыяй, асноўнай функцыяй якой з’яўляецца праца з кадрамі. Па аналогіі з БРСМ для моладзі прысутнасць у шэрагах «Белай Русі» можа спрыяць далейшай палітычнай ці адміністрацыйнай кар’еры, але гэта не значыць уплывовасці і істотнай палітычнай вагі самой арганізацыі.

З пачатку дзейнасці Палаты прадстаўнікоў шостага склікання не было інфармацыі пра стварэнне дэпутацкіх груп і іншай заўважнай палітычнай самаарганізацыі парламентарыяў. Гэта азначае працяг сфармаванай на пачатку 2000-х бюракратычнай мадэлі дзейнасці дэпутатаў выключна па пастаянных камісіях і тэматычных працоўных групах. Палітычная самаарганізацыя дэпутатаў у выглядзе дэпутацкіх груп адсутнічае ў беларускім парламенце з 2004 года. Праўда, адразу пасля выбараў 2012 года была створаная дэпутацкая група «Ініцыятыва». На момант фармавання група ўключала 21 дэпутата і мела Мінскую вобласць у якасці рэгіянальнай асновы, але ніякай заўважнай дзейнасці пасля свайго стварэння не праводзіла.

Дэманстрацыяй палітычнай абмежаванасці парламента з’яўляецца таксама тое, што ў ім практычна не прадстаўлены лідары партый і арганізацый. З пяці партый толькі БПП прадстаўленая кіраўніком. Кіраўнікі АГП і ЛДП не патрапілі ў парламент, а лідар РППС быў вымушаны зняць сваю кандыдатуру. Першы сакратар КПБ у выбарах не ўдзельнічаў, як і кіраўніцтва «Белай Русі».

Абнаўленне складу

Па выніках выбараў 2016 года свае мандаты захавала крыху больш за 24% дэпутатаў. У параўнанні з папярэднімі гадамі гэта можна лічыць сярэднім паказчыкам, які вышэй за вынікі выбараў 2012 года (19.1%), але ніжэй за ўсе папярэднія выбары ў ПП, па выніках якіх доля пераабраных дэпутатаў вагалася ў межах 27–40% (табл. 1).

  2000 2004 2008 2012 2016
Доля пераабраных 33.6 40.0 27.3 19.1 24.5
Табліца 1. Доля дэпутатаў, пераабраных на новы тэрмін, ад агульнага складу дэпутацкага корпуса, %

Вынікі выбараў паказваюць, што мадэль, паводле якой фармуецца ПП, прадугледжвае захаванне мандатаў для каля 1/4 дэпутатаў і абранне каля 3/4 новых. Мадэль склалася з 2008 года, застаецца дастаткова ўстойлівай і прадугледжвае істотнае абнаўленне дэпутацкага корпуса.

Узроставая і галіновая структура дэпутацкага корпуса

Істотныя змены адбыліся ва ўзроставай структуры ПП. Упершыню з 2000 года доля дэпутатаў ва ўзросце ад 51 да 60 (умоўна пенсійны і перадпенсійны ўзрост) значна скарацілася. Калі з 2004 года яна складала большасць ці нават значную большасць дэпутацкага корпуса (49–62%), то па выніках выбараў 2016 года іх доля ўпала да 46.4%. У той жа час доля дэпутатаў у сярэдзіне сваёй кар’еры значна вырасла — да 39.1%. Гэта ўпершыню з 2004 года дэманструе спробу значна амаладзіць дэпутацкі корпус. Акрамя іншага, наступствам тэндэнцыі можа быць адыход ад мадэлі ПП як месца завяршэння адміністрацыйнай і палітычнай кар’еры.

Галіновая структура новага дэпутацкага корпуса ў цэлым падобная да мінулых скліканняў. Асноўныя змены тычыліся прадстаўніцтва выканаўчых структур і вытворчай сферы. Калі па выніках выбараў 2012 года сярод новаабраных дэпутатаў самай вялікай групай былі чыноўнікі вертыкалі (21 з 89 дэпутатаў), то па выніках выбараў 2016 года іх колькасць знізілася да 16 чал., у сваю чаргу колькасць выхадцаў з вытворчай сферы вырасла з 15 да 22 чал. Пры гэтым колькасць новаабраных дэпутатаў са сферы адукацыі, аховы здароўя, сілавых структур і грамадскіх арганізацый практычна не змянілася ў параўнанні з выбарамі 2012 года. Рост ці зніжэнне прадстаўніцтва складае не больш за 1–2 дэпутаты.

Змены ў кіраўніцтве

Старшынёй Палаты прадстаўнікоў быў зноў абраны Уладзімір Андрэйчанка, які займае гэту пасаду з 2008 года, а да гэтага, з 1994 года, узначальваў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт. Намеснікам старшыні стаў новаабраны дэпутат Баляслаў Пірштук, які з 2007 года займаў пасаду намесніка старшыні Гомельскага выканаўчага камітэта. Такім чынам, дзейснае вышэйшае кіраўніцтва ПП паходзіць з вертыкалі, што крыху адрознівае яго ад парламента мінулага склікання, у якім пасаду намесніка старшыні займаў Віктар Гумінскі з ваенным пачаткам кар’еры і васьмігадовым досведам дэпутацкай дзейнасці да прызначэння на пасаду.

Адбылося істотнае абнаўленне кіраўніцтва пастаянных камісій. З 14 старшынь свае пасады захавалі толькі два чалавекі, што збольшага адпавядае прапорцыі абнаўлення дэпутацкага складу (Андрэй Наўмовіч, камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ; Людміла Дабрыніна, камісія па бюджэце). Яшчэ два дэпутаты сталі старшынямі камісій, маючы досвед працы ў іх раней (камісія па эканамічнай палітыцы, камісія па заканадаўстве). Астатнія камісіі ўзначалілі новаабраныя дэпутаты.

Сярод дзесяці новых старшынь чатыры паходзяць з выканаўчых структур (тры з рэгіянальнага і адзін з нацыянальнага ўзроўню). Калі разгледзець усіх старшыняў камісій як групу, улічваючы кар’ерны досвед да абрання ў ПП, то прадстаўнікі вертыкалі займаюць 7 з 14 пазіцый.

Міжнародная дзейнасць

Парламент традыцыйна выконвае дапаможную ролю ў правядзенні знешняй палітыкі Беларусі. Роля парламента не вызначальная, але важная для агучвання пазіцыі беларускага кіраўніцтва на міжнародным узроўні, для ўплыву на дыскусіі па беларускім пытанні, падтрымання кантактаў з палітыкамі і чыноўнікамі розных краін і міжнародных арганізацый.

У 2016 годзе ў міжнародных кантактах парламента ў цэлым заходні вектар дамінаваў над традыцыйным постсавецкім кірункам знешнепалітычнай актыўнасці. Найбольш актыўна кантакты развіваліся з Польшчай. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі, узначаленая тагачасным намеснікам старшыні ПП Віктарам Гумінскім, двойчы наведала Польшчу: 14–16 красавіка, а таксама 30 жніўня — 1 верасня. У апошнім выпадку прадстаўнікі беларускага парламента прынялі ўдзел у сустрэчы спікераў парламентаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У сваю чаргу ў жніўні і снежні 2016 года дэлегацыя польскага Сейма наведала Беларусь.

У 2016 годзе прадстаўнікі ПП таксама прымалі парламенцкія дэлегацыі рознага ўзроўню з Румыніі і Балгарыі (красавік), Латвіі (травень), Францыі (чэрвень). Кіраўніцтва беларускага парламента таксама правяло сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскага рэгіёна Сардынія (люты), кіраўніком МЗС Балгарыі (красавік) і некаторыя іншыя. Візіты беларускіх парламенцкіх дэлегацый адбыліся ў Чэхію (сакавік) і Латвію (чэрвень). Акрамя гэтага, беларускія дэпутаты ажыццяўлялі кантакты з ПА АБСЕ, дэлегацыямі Еўрасаюза, парламенцкай дэлегацыяй канферэнцыі Балтыйскага мора, ініцыятывай «Усходняе партнёрства».

На гэтым фоне кантакты з краінамі постсавецкай прасторы не былі інтэнсіўнымі. Узаемадачыненні з расійскімі парламентарыямі ў межах Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі праходзілі ў планавым рэжыме, і нават юбілейны характар некаторых пасяджэнняў істотна не ўплываў на іх фармат.

Актыўна развіваліся кантакты з Грузіяй. Дэлегацыя грузінскіх парламентарыяў наведала Беларусь у лютым, у сакавіку адбылася сустрэча з урадавай дэлегацыяй. Таксама прадстаўнікі ПП прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя незалежнасці Грузіі. У чэрвені адбылася сустрэча з дэпутатамі Малдовы, а ў лістападзе візіт у Казахстан.

У 2016 годзе таксама адбываліся кантакты з азіяцкімі краінамі (В’етнам, Тайланд, Афганістан, Аман, КНР, Малайзія, Інданезія, Філіпіны). Да таго ж Нацыянальны сход Беларусі быў акрэдытаваны ў якасці пастаяннага назіральніка пры розных органах Лацінаамерыканскага парламента, а таксама ажыццяўляў кантакты з прадстаўнікамі Кубы і Эквадора.

На працягу года беларускія парламентарыі прымалі ўдзел у працы разнастайных міжнародных і рэгіянальных парламенцкіх структур: сусветнай Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя і іншых.

Заключэнне

У 2016 годзе развіццё парламента вызначалася некаторымі заўважнымі зменамі ў прынцыпах фармавання і асцярожным эксперыментам з палітычным плюралізмам: павышэннем партыйнага прадстаўніцтва, прадстаўніцтва апазіцыі, амаладжэннем дэпутацкага корпуса, павелічэннем прадстаўніцтва вытворчай сферы.

Тым не менш цяжка сказаць, ці пацягнуць гэтыя змены за сабой трансфармацыю функцый і ролі парламента. Цалкам верагодна, што яны застануцца выключна фармальнымі. Прынамсі, у дзейнасці парламента не заўважны рост калектыўнай палітычнай актыўнасці, а сама дзейнасць мае, як і раней, не палітычны, але бюракратычны характар.

У заканадаўчым працэсе парламент паслядоўна трымаецца вызначанай ролі, якая прадугледжвае дапрацоўку і прыняцце законапраектаў, распрацаваных урадам ці Адміністрацыяй прэзідэнта. Актыўнасць саміх дэпутатаў у ініцыяванні новых законаў нязначная. Пры гэтым у апошнія гады крыху павялічылася роля парламента ў знешняй палітыцы і камунікацыі з грамадскімі структурамі.