Рэлігійная сфера: спакой перад завірухай
Наталля Васiлевiч
Рэзюмэ
У 2016 годзе палітыка кантролю над рэлігійнай сферай працягвалася, улады ўсё радзей ужываюць супраць рэлігійных супольнасцяў брутальны ціск і рэпрэсіі, галоўным чынам абмяжоўваючы дзейнасць рэлігійных арганізацый бюракратычным спосабам. На пачатку года традыцыйна адбываецца канфлікт Упаўнаважанага па справах рэлігій з кіраўніцтвам Рымска-Каталіцкага касцёла з прычыны незадаволенасці дзяржаўных органаў кадравай палітыкай апошняга. У Праваслаўнай царкве, асабліва гэта датычыць Мінскай епархіі, працягваюцца кадравыя і структурныя змены, ліквідуецца буйная арганізацыя «Выдавецтва Беларускага экзархата».
У лютым адбываецца сустрэча Папы Рымскага Францыска і Патрыярха Маскоўскага Кірыла ў Гаване, а ў чэрвені на Крыце праходзіць Святы і Вялікі сабор Праваслаўнай царквы.
Тэндэнцыі:
- дзяржава не ідзе на лібералізацыю заканадаўства ў галіне свабоды сумлення і дзейнасці рэлігійных арганізацый, захоўваючы паўнамоцтвы санкцыянавання і кантролю;
- кіраванне рэлігійнай сферай адбываецца галоўным чынам праз бюракратычныя механізмы без узнікнення ачагоў напружання і рэзкай незадаволенасці;
- у Беларускай Праваслаўнай царкве ў значнай ступені завяршаецца структурнае і кадравае перафарматаванне, і кіраванне ўваходзіць у руцінную фазу;
- Рымска-Каталіцкая царква выбудоўвае межы ўласнай аўтаноміі ў дачыненні да дзяржавы.
Заканадаўства і інстытуцыі: нормы не мяняць, міласць дазваляць
Праваабаронцы нязменна крытыкуюць беларускае заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі і рэгулявання дзейнасці рэлігійных арганізацый. Калі ў 2015 годзе Беларусь праходзіла разгляд у межах другога цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду (УПА) ААН, праваабарончыя арганізацыі выступілі з альтэрнатыўным дакладам,1 дзе былі адзначаныя сур’ёзныя праблемы ў сферы свабоды рэлігіі, у тым ліку патрабаванне абавязковай рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі і існаванне крымінальнай адказнасці за дзеянне без рэгістрацыі; абмежаванне на рэлігійную дзейнасць замежных грамадзян і iнш.
Хаця ў межах УПА Беларусь прыняла рэкамендацыю Святога прастола аб неабходнасці «прыняць меры да недапушчэння абмежаванняў у сферы свабоды рэлігіі і перакананняў і забяспечыць больш строгае выканане права на свабоднае выражэнне меркаванняў і свабоду асацыяцыі», ніякія змены заканадаўства і праваўжывальнай практыкі ў гэтай сферы не былі ўключаны ў прыняты Саветам міністраў ў кастрычніку 2016 года Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Рэспублікай Беларусь па выніках праходжання другога цыкла УПА ў Радзе ААН па правах чалавека, і рэкамедацый, адрасаваных Беларусі дамоўнымі органамі па правах чалавека, на 2016–2019 гады.2 Адзіным мерапрыемствам, прапанаваным ўрадам у сувязі з прынятай рэкамендацыяй у сферы рэлігіі, стала распрацоўка і выкананне адукацыйных праграм для журналістаў па прасоўванні ідэй міжканфесійнага міру і згоды і правядзенне тэматычнага творчага конкурсу (п.58).
Выпадкі брутальных рэпрэсій за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў зафіксаваны адзінкавыя: за ўдзел у начной малітве без дазволу Мінгарвыканкама былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці члены адной з хрысціянскіх абшчын у Мінску.3 Напружанне датычна санкцыянавання рэлігійных мерапрыемстваў цягам 2015 і 2016 гадоў часткова здымаецца: улады самі прапаноўваюць рэлігійным арганізацыям у арэнду буйныя дзяржаўныя аб’екты, пабудаваныя да Чэмпіянату свету па хакеі. «Чыжоўка-арэна», напрыклад, прыняла шырокамаштабныя хрысціянскія грамадска-рэлігійныя мерапрыемствы «Глабальны лідарскі саміт» і «Малітва за Беларусь».
Што датычыць правоў замежных грамадзян, то ўладамі была створаная канфліктная сітуацыя ў дачыненні да каталіцкага касцёла: Упаўнаважаны беспадстаўна адмовіўся ад узгаднення дзейнасці трох рымска-каталіцкіх святароў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы. Аднак пасля распаўсюду заявы курыі Мінска-Магілёўскай архіепархіі РКЦ пастанова пра неўзгадненне была адменена.
Пратэстанцкія рэлігійныя аб’яднанні таксама адзначаюць адноснае пацяпленне: у Беларусь быў дапушчаны шведскі прапаведнік Карл Густаў Севярын, які не мог уехаць у краіну цягам як мінімум 15 гадоў і з удзелам якога ўвесну 2016 года была праведзеная вялікая канферэнцыя. Таксама без праблем двойчы прайшоў візіт будысцкага ламы Оле Нідала.
Нягледзячы на тое, што ў канкрэтных выпадках дзяржаўныя ўлады могуць ісці рэлігійным супольнасцям насустрач і дазваляць правядзенне масавых мерапрыемстваў ці дапускаць да служэння замежных рэлігійных дзеячаў, самі нормы, якія рэгулююць такія аспекты дзейнасці рэлігійных арганізацый, прадугледжваюць санкцыянавальную функцыю дзяржаўных органаў, змяшчаюць акцэнт у забеспячэнні гэтых правоў як тых, што належаць рэлігійнай арганізацыі, на функцыю «дазваляць» ці «забараняць» як права, якое належыць дзяржаўным органам. Гэта ставіць рэлігійныя арганізацыі ў залежнасць і пад узмоцнены кантроль дзяржавы.
Праваслаўная царква: больш сцен, менш мастоў
У 2016 годзе адбылася адна з самых грандыёзных падзей у жыцці сусветнага праваслаўя– у чэрвені на Крыце прайшоў Святы і Вялікі сабор Праваслаўнай царквы, які рыхтаваўся амаль стагоддзе. Ад Беларускага Экзархата ў дэлегацыю РПЦ быў уключаны архіепіскап Наваградскі Гурый, былы кіраўнік справамі Беларускага Экзархата. За два тыдні да адкрыцця пасяджэнняў Сабора Сінод РПЦ прыняў рашэнне не браць удзелу ў саборы, але настойваць на перанясенні мерапрыемства на больш познія даты. Падобныя рашэнні былі прынятыя таксама Сінодамі Антыяхійскай, Грузінскай і Балгарскай праваслаўных цэркваў, але, нягледзячы на гэта, Сабор адбыўся з удзелам дэлегацый дзесяці памесных цэркваў і прыняў шэраг дакументаў, рэцэпцыя якіх праходзіць цяпер як сярод тых цэркваў, якія даслалі свае дэлегацыі на Сабор, так і сярод тых, якія адмовіліся ад удзелу.
Калі ўкраінскія ўлады паспрабавалі выкарыстаць Сабор як нагоду для закліку кананічнага вырашэння праблемы падзеленага ўкраінскага праваслаўя, і ў такім аспекце тэматыка Сабору прысутнічала ў фокусе ўкраінскай медыяпрасторы, то для беларускіх уладаў, грамадства і царкоўнага асяроддзя Сабор прайшоў практычна незаўважным. У перадсаборны час у РПЦ (у Расіі і ва Украіне) з’явіліся антысаборныя, антыэкуменічныя рухі, аднак у Беларусі пашырэння такіх не назіраецца.
З большай увагай, аднак, паставіліся беларускія праваслаўныя вернікі да сустрэчы Папы Рымскага Францыска і Патрыярха Маскоўскага Кірыла ў Гаване ў лютым. Нягледзячы на тое, што сустрэча насіла галоўным чынам дыпламатычны характар, былі выпадкі пратэстаў антыкаталіцкіх і антыэкуменічных сіл, аднак не масавыя. У лютым, пасля гаванскай сустрэчы, у знак выражэння непрызнання легітымнасці перастаў памінаць Патрыярха Кірыла ігумен Амвросій (Тарасюк), дабрачынны аднаго з манастыроў у Навагрудскай епархіі. У снежні ён афіцыйна перапыніў літургічныя стасункі з мясцовым епіскапам Гурыем, а таксама звярнуўся з заклікам да вернікаў таксама аддаляцца ад малітоўных стасункаў з ерэтыкамі. Да Тарасюка былі выкарыстаныя даволі мяккія меры– 23 снежня царкоўны суд адхіліў яго ад служэння тэрмінам на адзін год.
Заслугоўвае ўвагі рэакцыя Сіноду Беларускай Праваслаўнай царквы, выказаная Мітрапалітам Паўлам, на падрыхтаваны ў снежні праект пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі». У гэтым праекце сярод іншых патрабаванняў да вонкавага выгляду медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў (п.7) утрымлівалася забарона на дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных сімвалаў. У сваім лісце на імя міністра аховы здароўя Мітрапаліт Павел аргументаваў сваю пазіцыю супраць такога патрабавання правам на свабоднае выяўленне сваіх рэлігійных перакананняў, якое гарантуецца Канстытуцыяй (арт.33) і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення» (арт.5). Апроч гэтага, ён спаслаўся на праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам аховы здароўя і БПЦ, падпісаную ў 2003 годзе, а таксама на пагрозу супярэчанняў на рэлігійнай глебе ў грамадстве і пратэстаў вернікаў.4 У выніку з праекта пастановы забарона на дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці была выдалена.
Фактычна, упершыню, хоць і не ў самым прынцыповым пытанні, у царквы атрымалася эфектыўна паўплываць на заканадаўчую норму. Варта адзначыць, што калі падобная справа разглядалася ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека (Эвейда і інш. супраць Вялікабрытаніі),5 то ў выпадку медсястры Чаплін, якой медыцынская ўстанова не дазваляла насіць рэлігійны сімвал – нацельны крыжык, – Еўрапейскі суд прызнаў, што парушэння свабоды рэлігіі ў дадзеным выпадку не было, паколькі спецыфіка медыцынскай дзейнасці мае на ўвазе неабходнасць прытрымлівацца пэўных санітарных і гігіенічных правілаў, таму любыя дадатковыя аксесуары могуць быць абмежаваныя для нашэння ў межах нейкай установы.
Яшчэ адна вартая ўвагі падзея – арышт рэзананснага святара Канстанціна Бурыкіна. Гэты святар «са свастыкамі», які ў ранейшыя часы апекаваўся расейскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі і дагэтуль захоўваў з імі сувязі, а ў апошнія гады таксама ўзначальваў федэрацыю па паўэрліфтынгу, быў арыштаваны і змешчаны пад варту.6 Ён падазраецца ў захоўванні боепрыпасаў. У той жа дзень ён быў забаронены царкоўным кіраўніцтвам у служэнні.
Кадравае і арганізацыйнае перафарматаванне ў Беларускім Экзархаце працягваецца, і тыя незалежныя праекты, што існавалі ў папярэднія гады, усё больш згортваюцца. Ад кіраўніцтва Свята-Міхайлаўскім брацтвам, якое дзейнічае ў Крупецкім храме і праводзіла шэраг самастойных праектаў, пераважна прарасейскага і традыцыяналістычнага характару, адводзіцца стваральнік і шматгадовы лідар А.Дзіхціеўскі. Фактычна перастае існаваць міжнародны экуменічна-адукацыйны кірунак, якім раней займаўся Хрысціянска-адукацыйны цэнтр пад кіраўніцтвам Р.Даўгялы, пасля звальнення якога цэнтр канцэнтруецца на менш маштабных праектах лакальнага характару.
Выдавецтва Беларускага Экзархату пасля змены кіраўніцтва (У.Грозава) з шэрагу прычын так і не здолела выйсці на прыбытковую самастойную дзейнасць і фактычна было далучана да Свята-Елізавецінскага манастыра. Аднак выдавецтва, у адрозненне ад многіх іншых праектаў, не толькі не пацярпела з прыходам новага кіраўніцтва, але здолела нарасціць магутнасці, выявіўшы значную жыццяздольнасць і ўстойлівасць, відавочна, дзякуючы вялікай колькасці (некалькі тысяч чалавек) працаўладкаваных там людзей, лаяльных да непасрэднага кіраўніцтва манастыра.
Ключавым клопатам кіраўніцтва царквы стала будаўніцтва новага адміністрацыйнага цэнтра БПЦ па вул. Вызвалення (фактычна — пашырэнне ўзведзенага яшчэ ў 1980-я гады будынка Мінскага епархіяльнага ўпраўлення), дзеля чаго спатрэбілася б знесці дамы №6, 6а і 8, якія ўключаныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, хаця і знаходзяцца ў аварыйным стане. У красавіку Міністэрства культуры адмовіла Мітрапаліту Паўлу ў запыце на выключэнне гэтых будынкаў са спісу.7 Тым не менш менавіта ўзвядзенне комплексу стала галоўнай тэмай абмеркавання снежаньскага агульнага сходу Мінскай епархіі, і ў прынятым выніковым дакуменце адзначаецца «ўхваленне стану работ па праектаванні і падрыхтоўцы будаўніцтва ў межах вуліц Ракаўскай і Вызвалення новага храма і шматфункцыянальнага духоўна-асветніцкага комплексу будынкаў Мінскай Экзархіі».8 Менавіта будаўніцтва гэтага комплексу абяцае стаць адным з галоўных сюжэтаў унутранага жыцця БПЦ на будучыя гады.
Рымска-Каталіцкі касцёл: выбудоўванне межаў
Пацяпленне стасункаў паміж беларускім рэжымам і Рымска-Каталіцкім касцёлам, якое адбылося пасля візіту ў Беларусь кардынала Бертоне ў 2008 годзе, не спраўдзіла многіх абяцанняў і чаканняў. З 2008 года памяняліся тры нунцыі: на змену Марціну Відовічу прыйшоў ініцыятыўны Клаўдыё Гуджэроці, а ў 2016 годзе быў прызначаны новы нунцый– Габор Пінтэр. Так і не адбылося візіту Папы Рымскага ў Беларусь (хаця, па заявах кіраўнікоў РКЦ, візіт з кожным днём набліжаецца), так і не быў заключаны канкардат – пагадненне з Ватыканам. Сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага (прэзідэнт А.Лукашэнка неаднаразова выказваў пажаданне, каб такая падзея прайшла ў Беларусі) нарэшце адбылася – і не на беларускай зямлі, а на Кубе. І цяпер гэткая пакуль неймаверная сустрэча, хай бы і адбылася ў нашай краіне, не будзе настолькі эксклюзіўнай, каб прыцягнуць сусветную ўвагу.
З года ў год паўтараецца сюжэт з «наездамі» Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на каталікоў. Гэта звязана з незадаволенасцю дзяржаўных уладаў кадравай палітыкай Касцёла, што выклікае публічную крытыку, а таксама маніпуляцыі з дазволам на служэнне святароў-замежнікаў. Нягледзячы на тое, што колькасць замежных святароў з кожным годам скарачаецца (напрыклад, з 2012 да 2016 года іх колькасць паменшылася са 146 да 120 чалавек), кадравая палітыка РКЦ у Беларусі застаецца прадметам крытыкі, і па сваёй стылістыцы і манеры закіды да кіраўніцтва буйной канфесіі маюць незбалансаваны і грубы характар, з ужываннем такіх азначэнняў да дзейнасці святароў, як «дэструктыўная работа сярод насельніцтва».
Кіраўніцтва РКЦ адрэагавала на «наезды» хаця і спакойна, але жорстка. Па канфліктнай сітуацыі з выказваннямі Упаўнаважанага Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі прыняла заяву, у якой настойліва падкрэсліваецца аўтаномія Касцёла ў дачыненні да дзяржавы датычна вызначэння сваёй кадравай і адукацыйнай палітыкі: гэта «выключна ўнутраная справа Касцёла».9 Такія меры забяспечылі тое, што больш падобных скандальных выказванняў з боку Упаўнаважанага не было. Што датычыць сітуацыі з непрацягам дазволу на служэнне тром святарам, курыя Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі таксама выступіла з паведамленнем,10 імкнучыся прыцягнуць грамадскую ўвагу да нематываванай адмовы з боку дзяржаўных уладаў, і ў выніку ціск меў свой плён: Упаўнаважаны вымушаны быў пагадзіцца на дазвол.
Абедзве сітуацыі дэманструюць, што пазіцыянаванне рэлігійнай арганізацыяй сваёй аўтаноміі, у пэўным сэнсе – суверэнітэту, змушаюць дзяржаву ісці на саступкі. Хаця такая аўтаномія не падмацоўваецца функцыянаваннем прававога поля: па-ранейшаму многія паўнамоцтвы па прыняцці кадравых рашэнняў залежаць ад волі дзяржаўных органаў. Але ў канкрэтных выпадках Рымска-Каталіцкі касцёл навучыўся адбудоўваць межы сваёй аўтаноміі, штораз рэагуючы на іх перасячэнне з боку ўладаў. Рэлігійная арганізацыя, такім чынам, становіцца ў пазіцыю грамадзянскай супольнасці.
Цяпер стаіць задача вызначыцца ў стасунках з грамадзянскай супольнасцю: менавіта тут у РКЦ узнікла канфліктная сітуацыя вакол зялёнай зоны Котаўка ў Мінску, дзе каталіцкаму прыходу быў вылучаны ўчастак для будаўніцтва. Але экалагічныя арганізацыі і мясцовыя жыхары арганізавалі пратэст, і ў выніку каталіцкі прыход вымушаны быў змяніць месца будоўлі храма.
Заключэнне
Дзяржава і далей будзе імкнуцца захоўваць кантроль над дзейнасцю рэлігійных арганізацый, асабліва ва ўмовах нарастання сацыяльнай нестабільнасці. Тым не менш магчымасць бязвізавага ўезду і пяцідзённага знаходжання ў Беларусі дапаможа прапаведнікам больш інтэнсіўна наведваць нашую краіну ў межах кароткачасовых візітаў, кантраляваць якія ў дзяржавы рэсурсаў будзе недастаткова.
БПЦ будзе весці перамовы і супрацьстаянне з дзяржавай па фінансавых і маёмасных пытаннях. У той жа час каталіцкая царква будзе ўзмацняць сваю пазіцыю ў дачыненні да ўладаў і спрабаваць скарыстацца слабасцю рэжыму, каб нарэшце дабіцца ад яго – цяпер ужо на сваіх умовах– абяцанага канкардату і візіту ў Беларусь Папы Рымскага.